ЧАЙБАЛСА́Н Харлагійн [8.2.1895, Цэцэнханскі (Усходні) аймак, Манголія — 26.1.1952], мангольскі дзярж.дзеяч. Маршал МНР (1936). Двойчы Герой МНР (1941, 1945). Вучыўся ў вучылішчы пры Іркуцкім настаўніцкім ін-це (1914—17), у ваен. акадэміі ў Маскве (1923—24). Адзін з арганізатараў Манг. нар.-рэв. партыі (МНРП, 1921), неаднаразова выбіраўся чл.ЦК МНРП, яго Прэзідыума і Палітбюро. З 1924 галоўнакамандуючы Манг. нар.-рэв. арміяй (МНРА). З 1928 на кіруючых дзярж. пасадах. З 1939 прэм’ер-міністр МНР. Быў галоўнакамандуючым МНРА пры сумесных аперацыях сав. і манг. войск у час Халхінгольскага канфлікту 1939 і Маньчжурскай аперацыі 1945. У Вял.Айч. вайну адзін з арганізатараў кампаніі па аказанні матэрыяльнай дапамогі Чырв. Арміі, у т. л.танк. калоны «Рэвалюцыйная Манголія» і авіяэскадрыллі «Мангольскі арат». Імем Ч. наз. горад у Манголіі. На Пленуме ЦК МНРП (1988) асуджана яго дзейнасць, якая прывяла да масавых рэпрэсій і беззаконнасці ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУ́ШНІГ (Schuschnigg) Курт фон (14.12.1897, г. Рыва, Італія — 18.11.1977),
дзяржаўны і паліт.дзеяч Аўстрыі. Юрыст. Вучыўся ў Інсбрукскім ун-це. З 1927 дэп.Нац. савета. У 1932—34 міністр юстыцыі, адначасова ў 1933—34 міністр асветы. Пасля забойства Э.Дольфуса з 30.7.1934 федэральны канцлер Аўстрыі, адначасова міністр асветы (1934—36), абароны (1934—38), замежных спраў (1936—38). З 1936 узначальваў Айч. фронт. Пад націскам А.Гітлера і ва ўмовах неспрыяльных унутр. і знешнепаліт. абставін змушаны заключыць аўстра-герм. пагадненні 1936 і 1938, якія прывялі да яго адстаўкі (11.3.1938) і аншлюсу Аўстрыі. У 1941—45 зняволены ў канцлагеры Заксенхаўзен. У 1947—67 жыў у ЗША (з 1948 праф. Каталіцкага ун-та ў г. Сент-Луіс). Аўтар твора «Рэквіем у чырвона-бела-чырвоным» (1978).
Літ.:
Hopfgartner A Kurt Schuschnigg: Ein Mann gegen Hitler. Graz, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯГО́РАЎ Марат Фёдаравіч (н. 18.2.1923, г. Севастопаль, Украіна),
бел. грамадскі дзеяч, журналіст. Д-р філасофіі (1998), праф. (1998). Засл. работнік культуры Рэспублікі Беларусь (1986). Акад.Міжнар. акадэміі інфарм. тэхналогій (2001). Скончыў Маскоўскае ваенна-паліт. вучылішча імя Леніна (1946), БДУ (1961). З 1941 у Сав. Арміі. З 1968 працаваў на Бел. радыё і тэлебачанні, з 1970 нам. дырэктара бюро прапаганды л-ры Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1972 нам. старшыні, з 1991 старшыня Бел. фонду міру, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі міру, з 1992 старшыня Міжнар.гуманіт. няўрадавай арг-цыі «Чарнобыль—помач», з 1996 нам. старшыні «Міжнароднага саюза чарнобыльскіх ініцыятараў». Аўтар аповесцей, апавяданняў, гумарэсак для моладзі і дзяцей, аўтар сцэнарыяў і рэжысёр кінафільмаў «Аперацыя Днепр». «Небяспечныя павароты» (абодва 1968), «Галоўны пост Радзімы» (1969), «За мір на зямлі» (1975), «Калі не мы, то хто...» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНЕ́ВІЧ Фелікс (1762, г. Вільня — 21.5.1848),
кампазітар, скрыпач-віртуоз, дырыжор, педагог, муз.дзеяч. Мяркуюць, што з 1777 працаваў у капэле караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве. З 1784 гастраліраваў па Еўропе, працаваў у капэле герцага Арлеанскага, адначасова ўдасканальваўся ў І.Гайдна, П.Нардзіні, Г.Пуньяні. З 1792 у Вялікабрытаніі, выступаў як скрыпач-канцэртант і кіраўнік аркестра. У 1803 адкрыў краму нот і муз. інструментаў у Ліверпулі. З 1815 працаваў у Шатландыі. Прадстаўнік еўрап.муз. класіцызму. Выкананню ўласцівы эмацыянальнасць, спеўнасць, чысціня інтанацыі, дасканалая тэхніка. Аўтар канцэртаў, у т. л. 5 для скрыпкі, для фп. з аркестрам, смычковых дывертысментаў, трыо, дуэтаў, санат і інш. Адзін з заснавальнікаў (1813) і капельмайстар (1813—15) Лонданскага філарманічнага т-ва. В.А.Моцарт прысвяціў Я. «Andante» для скр. з аркестрам. На Беларусі творы Я. прапагандуюць «Беларуская капэла», ансамбль «Класік-Авангард».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАШЭ́ВІЧ (Jaroszewicz) Пётр (8.10.1909, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 1.9.1992),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Польшчы, ген. дывізіі (1950). Скончыў Нясвіжскае пед. вучылішча (1929), Вышэйшыя настаўніцкія курсы, афіцэрскае вучылішча. Да 1940 настаўнічаў на Палессі, потым у Расіі. Са снеж. 1943 у польскай пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі, якая фарміравалася на Разаншчыне. Да 1945 нам. камандзіра палка, дывізіі, арміі, нам.нач.Гал.паліт. ўпраўлення Войска Польскага, ген. брыгады. Пасля 2-й сусв. вайны віцэ-міністр нац. абароны, чл. Польскай рабочай партыі, з 1948 Польскай аб’яднанай рабочай партыі. З 1950 нам. старшыні Камісіі планавання. З 1952 нам. старшыні, у 1970—80 старшыня СМ Польскай Нар. Рэспублікі (ПНР), адначасова ў 1954—56 міністр горнай прам-сці. Да канца 1970 пастаянны прадстаўнік ПНР у Савеце эканамічнай узаемадапамогі. З 1947 дэп. сейма ПНР. У 1971 наведаў Нясвіж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́РКІН Віктар Іванавіч (9.12.1889, в. Дзякоўскае Тутаеўскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.10.1937),
дзяржаўны дзеячБССР. У 1902—05 чл. арг-цыі анархістаў-камуністаў на Пуцілаўскім з-дзе (Пецярбург). У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце (1915—17). У 1918 старшыня зах.абл.ЧК (г. Смаленск), са студз. 1919 старшыня ЧКБССР, адначасова ў сак.—крас. 1919 старшыня Мінскага гарсавета. З мая 1919 на чэкісцкай рабоце ў Паволжы, з 1921 у сістэме Наркамата шляхоў зносін СССР. З 1935 нач. службы Днепра-дзвінскага параходства ў Гомелі. Дэлегат I з’езда КП(б)Б (снеж. 1918), I Усебел. з’езда Саветаў (лют. 1919). Чл.ЦБКП(б)Б, ЦК КП(б)ЛіБ, ЦВКБССР і Літ.-Бел. ССР. У 1937 арыштаваны і выязной сесіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДАРЭ́НКА Пётр Ціханавіч (3.9.1901, в. Старая Зенькавіна Кармянскага р-на Гомельскай вобл. —28.10.1950),
савецкі ваен.дзеяч. Контр-адмірал (1948). Скончыў школу рулявых і сігнальшчыкаў (1923), Ваенна-марское паліт. вучылішча (1924), Ваенна-паліт. акадэмію імя М.Талмачова (1934). У ВМФ з 1919, з 1920 на караблях Дняпроўскай ваен. флатыліі. Удзельнік грамадз. вайны, сав.-польскай вайны 1920 і падаўлення Кранштацкага паўстання 1921. З 1921 служыў на Чарнаморскім флоце, з 1939 нач.паліт. ўпраўлення Чарнаморскага флоту. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Адэсы, Ачакава, больш за 7 месяцаў знаходзіўся ў акружаным Севастопалі. З 1942 у Волжскай ваен. флатыліі, на Сталінградскім фронце. З 1944 на Каспійскай флатыліі, з 1947 нам.каманд. Чарнаморскім флотам. 29.9.1949 беспадстаўна арыштаваны органамі МДБ і прыгавораны Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР да расстрэлу. У 1954 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЭР, Блейр (Blair) Энтані (Тоні) Чарлз Лінтан (н. 6.5.1953, г. Эдынбург, Вялікабрытанія), дзяржаўны і палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т (1975), да 1983 прыватны адвакат у Лондане. З 1983 дэп. парламента ад Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі, з 1994 яе лідэр. Пад яго кіраўніцтвам лейбарысцкі рух паступова адмаўляецца ад «сацыяліст. атрыбутаў мінулага» (напр., ад ідэі аб прыярытэце грамадскай уласнасці) і перамяшчаецца з левага паліт. фланга краіны да цэнтра. У 1988—97 чл. ценявога кабінета міністраў, у 1997 прэм’ер-міністр і 1-ы лорд-казначэй Лондана. З мая 1997 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Б. асн. ўвагу аддае ўдасканаленню сістэмы падаткаабкладання, скарачэнню колькасці беспрацоўных, паляпшэнню сістэм адукацыі і аховы здароўя; у знешняй палітыцы выступае за ўмацаванне еўрап. бяспекі, цеснае ваен.-паліт. супрацоўніцтва Вялікабрытаніі з НАТО. Падтрымаў ваен. акцыі ЗША ў Югаславіі (1999), Афганістане (2001) і Іраку (2003).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СІЧ (Mesić) Сціпе (н. ў 1935),
дзяржаўны і паліт.дзеяч Харватыі, юрыст. Скончыў Заграбскі ун-т. За ўдзел у «харвацкай вясне» 1971 (выступленні студэнтаў і інтэлігенцыі з патрабаваннем дэмакр. рэформ у тагачаснай Югаславіі) засуджаны на 2 гады турэмнага зняволення. Адзін з заснавальнікаў (1990) і ген. сакратар партыі Харвацкая дэмакратычная садружнасць (ХДС, лідэр — Ф.Туджман), якая выступала за незалежнасць Харватыі. З крас. 1990 кіраўнік урада Харватыі, адначасова з жн. 1990 чл.калект. кіруючага органа — Прэзідыума Югаславіі, з ліп. 1991 яго апошні старшыня. Праводзіў курс на распад Югаславіі, 5.12.1991 адкліканы з Прэзідыума харвацкім парламентам. З 1991 прэм’ер-міністр, з 1994 старшыня ніжняй палаты Сабора (парламента) незалежнай Харватыі. У знак пратэсту супраць аўтарытарных метадаў кіравання прэзідэнта Туджмана выйшаў у 1994 з ХДС і стварыў партыю Незалежныя дэмакраты Харватыі. Прэзідэнт Харватыі з 18.2.2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫБУ́ЛЬСКІ Напалеон (Нікадзім) Восіпавіч (13.9.1854, в. Крываносы Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 26.4.1919),
бел. і польскі фізіёлаг, філосаф, грамадскі дзеяч. Д-р медыцыны (1885). Скончыў Пецярбургскую Ваенна-мед. акадэмію (1880). З 1885 у Польшчы. Працаваў у галіне фізіялогіі ў Ягелонскім ун-це (г. Кракаў); заг. кафедры ў ім (1885), дэкан, рэктар (1904). Чл.АН Польшчы. Адзін з першых выкарыстаў унутрывеннае ўліванне солевых раствораў (1880). У Кракаве стварыў медыцынска-навук. школу. Вызначыў фізіял. ўздзеянне экстрактаў наднырачнікаў (1893—96). Зрабіў вынаходніцтвы і адкрыцці ў фізіялогіі і вызначыў хуткасць кровазвароту і масу крыві пры дапамозе прапанаванага ім прыбора — фотагематометра. Адкрыў уласцівасці адрэналіну, вывучаў гіпноз. Працаваў у гарадской радзе Кракава. Аўтар твораў «Фізіялогія чалавека», «Харчаванне людзей у Галіцыі», трактата па філасофіі «Аб сучасным віталізме і механізме». Пасмяротна адзначаны Камандорскім крыжам Адраджэння Польшчы (1936).