СМІРНО́Ў Сяргей Сяргеевіч (16.9.1895, г. Іванава, Расія — 20.8.1947),
расійскі геолаг-мінералог. Акад.АНСССР (1943, чл.-кар. 1939). Скончыў Петраградскі горны ін-т (1919). У 1919—41 у Геал. к-це, адначасова праф. Ленінградскага горнага ін-та. З 1945 у Ін-це геал. навук АНСССР. Даследаваў рудныя радовішчы Урала, Забайкалля, Д. Усходу і ПнУ Расіі. Навук. працы па мінералогіі рудных радовішчаў і праблемах рудаўтварэння. Стварыў металагенічны кірунак у вучэнні аб карысных выкапнях. Дзярж. прэмія СССР 1946. Яго імем названы гара на п-ве Таймыр, пасёлак, радовішча алавяна-поліметал. руд у Прыморскім краі і мінерал смірнаўскіт.
Тв.:
Избр. труды. М., 1955;
Рудные месторождения и металлогения восточных районов СССР. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАХО́ВІЧ Алесь (Аляксандр Іосіфавіч; 3.7.1907, в. Кашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 7.2.1956),
бел. пісьменнік. Быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1938 у час. «Полымя рэвалюцыі». Друкаваўся з 1928. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Неспакойны гарадок» (1946), «Аповесці і апавяданні» (1952). Аповесці «Пампей Шчупак» (1940) пра калгасную вёску, «Шумяць лясы» (1944) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Раманы «Пад мірным небам» (1947—49) і «Шырокія гарызонты» (1952) пра бел. вёску першых пасляваен. гадоў. Пісаў для дзяцей: зб-кі апавяданняў «Маленькія героі» (1939), «Залаты карп» (1951). На бел. мову пераклаў «Аповесць аб сапраўдным чалавеку» Б.Палявога і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ША Якуб (свецкае імя Ян; 1610, Мінск — 4.3.1685),
бел. грамадскі і рэліг. дзеяч. Д-р тэалогіі. Вучыўся ў мінскай базыльянскай школе, у Пултуску (Польшча), Оламаўцы (Чэхія), Рыме. У 1626 прыняў манаства. Выкладаў філасофію і тэалогію ў базыльянскіх манастырах. З 1652 архіепіскап холмскі. У 1661 выбраны генералам ордэна базыльян. Пісаў пераважна на лац. мове. Аўтар твораў «Уваскрэслы фенікс...», «Аб дзеяннях уніятаў...» (абодва 1646), «Савел і Павел» (1666). Яму прыпісваецца твор «Пра іерэйскія павіннасці» (1670, на стараж.-бел. літ. мове). Творы С. насычаны вытрымкамі з пастаноў, лістоў дзярж. і рэліг. дзеячаў; яны сведчаць пра эрудыцыю і веды аўтара. Некат. яго творы перавыдадзены ў Парыжы і Лейпцыгу ў сярэдзіне 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАРКО́Ў Васіль Восіпавіч (16.3.1889, С.-Пецярбург — 25.8.1970),
расійскі акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1948). Д-р мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1909). Працаваў у т-рах Пецярбурга і Масквы, з 1927 у Маскоўскім Маст.акад. т-ры. Выкладаў у Школе-студыі імя У.Неміровіча-Данчанкі (з 1948 праф.). Валодаў майстэрствам пераўвасаблення, імкнуўся да вастрыні і выразнасці сцэн. малюнка, тонкі псіхалагізм спалучаў з глыбокай эмац. насычанасцю. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Кругасветлаў («Плады асветніцтва» Л.Талстога), Мышлаеўскі («Дні Турбіных» М.Булгакава), Морыс («Глыбокая разведка» А.Крона), Аргон («Тарцюф» Мальера) і інш. Аўтар кніг і артыкулаў аб вучэнні Станіслаўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́РТУСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Адкрыты ў 1632 у г. Дэрпт (цяпер Тарту, Эстонія) паводле загаду шведскага караля Густава II Адольфа аб заснаванні Акадэміі Густавіяна. У сувязі з ваен. дзеяннямі працаваў з перапынкамі да 1710. У 1802 аднавіў дзейнасць (адзіны ў Рас. імперыі ун-т, дзе выкладанне вялося на ням. мове). З 1889 лекцыі чыталіся на рус. мове, з 1.12.1919 — на эстонскай. З 1893 у сувязі з перайменаваннем горада наз. Юр’еўскі, з 1919 — Тартускі. У 2001/02 навуч.г. больш за 15 тыс. студэнтаў і каля 900 выкладчыкаў; ф-ты: тэалагічны, юрыд., мед., філас., біёлага-геагр., фізіка-хім., эканам., матэматыка-інфарм., сац. навук, адукацыі, фіз. культуры. Пры ун-це працуюць 3 каледжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́РПІЦ (Tirpitz) Альфрэд фон (19.3.1849, г. Кюстрын, цяпер Костшын, Польшча — 6.3.1930),
германскі ваенна-марскі і паліт. дзеяч. Грос-адмірал (1911). На флоце з 1865. З 1877 развіваў ням. тарпедную зброю. У 1892—95 нач. штаба гал. камандавання герм.ВМФ. У 1897—1916 статс-сакратар ваенна-марскога ведамства. Падрыхтаваў і ажыццявіў законы аб ваенна-марскім буд-ве 1898, 1900, 1906, 1908 і 1912, што спрыяла ператварэнню Герм. імперыі ў 2-ю (пасля Вялікабрытаніі) вядучую марскую дзяржаву свету. У 1-ю сусв. вайну выступаў за вядзенне Германіяй неабмежаванай падводнай вайны. У 1917 разам з В.Капам заснаваў кансерватыўную Ням.айч. партыю. У 1924—28 дэп. рэйхстага ад Ням. нац.-нар. партыі. Аўтар успамінаў (1919).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКТО́РЫНГ (англ. factoring агент, пасрэднік),
від фін. паслуг, якія робяць камерцыйныя банкі і іх даччыныя фактар-фірмы дробным і сярэднім фірмам. Узнік у 16—17 ст. як аперацыя гандл. пасрэднікаў, потым набыў форму крэдытавання (гл.Крэдыт). Сутнасць Ф.: фактар-фірма, якая мае статус крэдытнай установы, набывае ў кліента правы на спагнанне даўгоў; частку (70—90%) гэтага доўгу вяртае кліенту да надыходу тэрміну яго аплаты даўжніком. Астатнюю частку доўгу за вылікам працэнтаў вяртае пасля пагашэння даўжніком усяго доўгу. У выніку кліент мае магчымасць хутчэй вяртаць даўгі, ажыццяўляць плацяжы. Адрозніваюць адкрыты — канвенцыйны Ф. (даўжнік паведамлены аб удзеле ў пагадненні фактар-фірмы) і закрыты (канфідэнцыяльны). Парадак правядзення і ўлік факторынгавых аперацый у камерцыйных банках рэгламентуецца Нац. банкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРАКТАРЫСТЫ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
алгебраічнае ўраўненнеспец. віду. Х.ў. матрыцы атрымліваюць з дэтэрмінанта дадзенай квадратнай матрыцыA заменай яго дыяганальных элементаў aii на рознасці λ − aii і прыраўноўваннем да нуля выніковага алг. выразу. Ступень Х.ў. роўная парадку матрыцы A, яго карані λ; наз. характарыстычнымі лікамі (уласнымі значэннямі) матрыцы A. Х.ў. дыферэнцыяльнага ўраўнення атрымліваюць з дадзенага лінейнага дыферэнцыяльнага ўраўнення з пастаяннымі каэфіцыентамі заменай шуканай функцыі і яе вытворных адпаведнымі ступенямі λ. Для сістэмы лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў Х.ў. запісваецца з дапамогай дэтэрмінанта і супадае з Х.у. матрыцы, складзенай з каэфіцыентаў дадзенай сістэмы ўраўненняў. Х.ў. выкарыстоўваюцца ў астраноміі (задачы аб т.зв. векавых узбурэннях руху планет — векавое ўраўненне), а таксама пры рашэнні некаторых задач матэматыкі, механікі, фізікі, тэхнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНІ́ЦКІ Яўген Аляксандравіч (26.7.1932, г. Рамны, Украіна — 1.4.1999),
бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-рбіял.н. (1974), праф. (1989). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у БСГА, з 1957 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1966 у Ін-це фотабіялогіі Нац.АН Беларусі (з 1974 заг. лабараторыі). Навук. працы па выкарыстанні люмінесцэнтных бялкоў у практыцы, аб механізмах фотаразбурэння клетак. Распрацаваў люмінесцэнтныя экспрэс-метады дыягностыкі саматычных захворванняў, метад фотарадыяцыйнай тэрапіі пухлін. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Люминесценция и структурная лабильность белков в растворе и клетке. Мн., 1972;
Структура и функции эритроцитарных мембран. Мн., 1981 (разам з А.В.Вараб’ём);
Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989 (разам з К.І.Слабажанінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЯ́К Аркадзь Аляксандравіч (н. 12.7.1955, г. Крамянчуг, Украіна),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (2001). Скончыў БДУ (1977). З 1977 у Ін-це надзейнасці машын, з 1992 у Бел.эканам. ун-це, з 2000 у Міжнар. ін-це прац. і сац. адносін (праф.). Навук. працы па матэм. тэорыі надзейнасці. Пабудаваў тэорыю дамінавання манатонных графаў, распрацаваў універсальныя камбінаторныя метады ў матэм. тэорыі надзейнасці, на аснове якіх вырашаны некалькі адкрытых задач аб алгарытмічнай складанасці вылічэння і ацэнкі паліномаў надзейнасці гіперграфаў з зададзенымі структурнымі ўласцівасцямі.
Тв.:
К гипотезе Литтла о планарных графах // Весці АНБССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1980. № 2;
Структурно-сложные системы с пороговой живучестью // Дискретная математика. 1999. Т. 11, вып. 4.