здольнасць грамадства ствараць, адэкватна ўспрымаць і ацэньваць мастацтва ўсіх відаў, родаў і жанраў. М.к. як здзейсненая традыцыя ёсць сукупнасць створаных грамадствам маст. каштоўнасцей, іх інтэрпрэтацый і ацэнак у літаратурна-маст. крытыцы, эстэтыцы і грамадскай думцы. Аптымальныя ўмовы творчасці складваюцца тады, калі ўсе падсістэмы і элементы М.к. знаходзяцца ў адносным адзінстве. На пэўных этапах развіцця высокае мастацтва ўзнімаецца над сярэднім узроўнем эстэт. свядомасці і маст. густаў публікі, яго творцы апярэджваюць свой час. Бывае і так, што ўзровень эстэт. свядомасці экспертаў (тэарэтыкаў, крытыкаў) і густы элітарнай публікі апярэджваюць наяўны ўзровень масавай творчасці; у такім выпадку тэорыя і крытыка садзейнічаюць пераадоленню маст. застою. Рэальна ж супярэчлівыя фактары (эканам., паліт., агульнакульт., міжнар.) дзейнічаюць адначасова і ў розных кірунках. У выніку адбору дасягненняў М.к. складваецца маст. спадчына, яна вызначае арыгінальнасць і унікальнасць мастацтва розных народаў і рэгіёнаў.
Першым гістарычным тыпам М.к. была нар. творчасць — фальклор. ужытковае мастацтва, інш. віды этн. культуры. Адзінства мастацтва з рэліг. і нар. абрадамі, з рамяством і штодзённым побытам — прыкмета М.к. стараж. і сярэдневяковых цывілізацый. Гэты сінкрэтызм адлюстроўваўся, напр., у лац. паняцці ars, artis, стараслав. тэрміне «художник», «художество»; яны абазначаюць мастацтва, уменне, майстэрства, рамяство, тэхн. дакладнасць. Паступовае аддзяленне М.к. ад рэлігіі і сферы вытв-сці адбывалася ў эпоху Адраджэння. Пазней (эпохі Асветніцтва, індустрыялізацыі і урбанізацыі) гэты працэс дайшоў да палярызацыі маст. творчасці і утылітарнай вытв-сці, рэлігіі і свецкай культуры, нар. і прафес. мастацтва. Але ў 20 ст. развіццё М.к. пайшло па шляху збліжэння вытворча-утылітарнай і творча-маст. дзейнасці, у выніку якога ўзнік новы від М.к. — дызайн.
У гісторыі бел. М.к. самабытна выявіліся асн.маст. кірункі, метады, стылі, формы навук. і літ.-крытычнай інтэрпрэтацыі мастацтва. Да пашырэння хрысціянства тут фарміраваліся слав. архетыпы этн. культуры (міфалогія, абрады, фальклор, арнамент і ўжытковае мастацтва). У 10—15 ст. складваўся сярэдневяковы тып бел. М.к. на аснове ўсх.-слав. традыцыі, засваення візант.хрысц. варыянта эліністычнай спадчыны, зах.-еўрап.маст. стыляў. У складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай у Беларусі склаліся нацыянальна самабытныя маст. стылі гатычнага, рэнесансавага, барочнага тыпаў (гл.Готыка, Барока). З канца 16 ст. да сярэдзіны 19 ст. чыталіся школьныя і універсітэцкія курсы граматыкі, паэтыкі, рыторыкі і стылістыкі, выдаваліся падручнікі, у якіх аналізаваліся тэарэт. і практычныя праблемы прыгожай пісьменнасці і красамоўства. Сканцэнтраванае ў Віленскім ун-це літ.-знаўства з элементамі тэарэт. эстэтыкі стымулявала станаўленне крытыкі і публіцыстыкі. Пазней у складзе Рас. імперыі (19—20 ст.), у БССР і Зах. Беларусі адбылося станаўленне і развіццё бел.нац. школы маст. культуры ў рэчышчы нац.-адраджэнскага руху (гл.Адраджэнне нацыянальнае).
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). М., 1978;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),
сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.
Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн.чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння 1/3 насельніцтва і 1/2прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.
Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.
Літ.:
Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;
Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;
История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;
Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
найвышэйшая форма развіцця аматарскага тэатр. мастацтва на Беларусі. Існуюць таксама ў інш. краінах СНД і Балтыі. Найменне «народны» надаецца калектывам са стабільным складам удзельнікаў, паўнацэнным у маст. адносінах рэпертуарам, скіраваным на развіццё бел.нац. драматургіі, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв.маст. культуры, якія рэгулярна выступаюць перад насельніцтвам. На Беларусі існуюць з 1959. Працуюць на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры (гар. — ГПК, ГДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, розных цэнтрах і інш. на чале з прафес. рэжысёрамі. У сваёй дзейнасці карыстаюцца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Творчую і метадычную дапамогу Н.т. аказваюць абл. метадычныя цэнтры нар. творчасці, навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел.ін-т праблем культуры, прафес. т-ры і інш. Н.т. ўмоўна падзяляюць на драм., муз.-драм., т-ры юнага гледача, тэатры-студыі, паэтычныя (чытальнікаў), агітбрыгады (якія з 1990-х г. пераўтвараюцца ў т-ры мініяцюр, сатыр., маладзёжныя) і інш. Узніклі і новыя формы — Н.т. гульнявыя; песні, музыкі і гульні; т-ры моды. На Беларусі (2000) 121 Н.т., у т. л. 71 драм., 12 агітбрыгад, 10 т-раў мініяцюр, 6 тэатраў-студый, 4 т-ры пантамімы, 3 маладзёжныя, 2 т-ры юнага гледача і інш. Сярод іх: т-ры Баранавіцкага (з 1959) і Івацэвіцкага (з 1994) ГДК, песні, музыкі і гульні «Крынічка» Кобрынскага ГДК (з 1993), тэатры-студыі «Раёк» Брэсцкага абл. цэнтра маладзёжнай творчасці (з 1996), «Дыяген» Пінскага ГДК (з 1959), т-ры «Сінтэз» Віцебскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1977), «Пошук» (з 1992) і мініяцюр «Балаган» (з 1993) Лепельскага РДК, «Ідучыя на смех» Падсвільскага ГДК Глыбоцкага р-на (з 1996), «Фанограф» Гарадоцкага РДК (з 1986), «Пілігрым» Полацкага ГДК (з 1979), Веткаўскага ГДК (з 1985), Рагачоўскага ГДК (з 1962), сатыры і гумару «Ком-Ікс» Мазырскага ГДК (з 1997), «Спадчына» ПК Светлагорскага ВА «Хімвалакно» (з 1977), драмы і камедыі Ваўкавыскага ГДК (з 1985), Мастоўскага РДК (з 1995), «Валянцін» (з 1997) і мініяцюр «Серпанцін» (з 1994) Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу; «Відарыс» Барысаўскага ГПК (з 1959), драмы і камедыі імя У.Галубка Слуцкага ГДК (з 1961), гульнявы «Капыльскія пацехі» Капыльскага раённага цэнтра культуры (з 1990), мініяцюр Дома культуры Барысаўскага ВА «Экран» (з 1983); «На доўгім бродзе» Палаца культуры трактарнага з-да (з 1963), чытальнікаў «Жывое слова» Бел.пед. ун-та (з 1977), «Жывая планета» Рэсп. Палаца культуры «Юнацтва» (з 1989) і пантамімы «Рух» Рэсп. ПК Бел.т-ва глухіх (з 1973), агітбрыгада «Панацэя» лячэбнага ф-та мед. ін-та (з 1980; усе г. Мінск). Гл. таксама Народныя самадзейныя калектывы.
А.А.Скарына.
Да арт.Народныя тэатры. Сцэны са спектакляў: «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча. Ваўкавыскі тэатр драмы і камедыі гарадскога Дома культуры (злева); «Дзень нараджэння інфанты» паводле О.Уайльда. Брэсцкі тэатр-студыя «Раёк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЛО́ДКА,
баявы карабель, здольны апускацца і працяглы час дзейнічаць ў падводным становішчы. Прызначаны для знішчэння караблёў і суднаў праціўніка, паражэння яго наземных аб’ектаў, пастаноўкі мінных загарод, вядзення разведкі, высадкі дыверсійных груп і выканання інш. задач, што патрабуюць скрытнасці і раптоўнасці. Існуюць таксама П.л. для навук. даследаванняў.
Першы эскіз праекта П.л. зрабіў Леанарда да Вінчы. Спробы пабудовы П.л. зроблены ў Вялікабрытаніі галандскім вучоным К. ван Дрэбелем (1620), у Расіі Я.Ніканавым (1724), у Паўн. Амерыцы Д.Бушнелем (1776), у Францыі Р.Фултанам (1801), у Германіі В.Баўэрам (1850). Мінскі дваранін К.Г.Чарноўскі прапанаваў праект метал. П.л. з перыскопам (1829), які рэалізаваў К.А.Шыльдэр (1834). Да пач. 20 ст. многія марскія дзяржавы пачалі буд-ва баявых П.л. Шырока выкарыстоўваліся ў 1-ю і 2-ю сусв. войны (гл.Падводная вайна).
П.л. мае стальны герметычны абцякальны корпус цыгара-, шара- ці кроплепадобнай формы Бывае аднакорпуснай (без лёгкага корпуса), паўтаракорпуснай (лёгкім корпусам часткова ахопліваецца моцны корпус) і двухкорпуснай (моцны корпус ахоплены лёгкім корпусам). Моцны корпус здольны вытрымаць вонкавы ціск вады на вял. глыбіні. Пл. ўнутры падзелена воданепранікальнымі перагародкамі на 4—8 адсекаў. У моцным корпусе размяшчаюцца экіпаж, зброя, механізмы, розныя сістэмы і ўстройствы, паліва, запасы прэснай вады і інш. Лёгкі корпус служыць для надання П.л. абцякальных абводаў, размяшчэння цыстэрнаў, трубаправодаў, якарных і інш. прыстасаванняў. Для апускання П.л. баластныя цыстэрны запаўняюць вадой, для ўсплывання іх прадзімаюць сціснутым паветрам. Пл. пад вадой кіруюць верт. (па напрамку) і гарыз. (па глыбіні) рулямі. Паводле гал.энергет. установак Пл падзяляюцца на атамныя і дызельныя (дызель-акумулятарныя). Атамная мае ядз.энергет. ўстаноўку, можа знаходзіцца пад вадой некалькі месяцаў; дызельная ў надводным стане рухаецца з дапамогай дызеляў, пад вадой — электрарухавікоў, што сілкуюцца ад акумулятарных батарэй. Для сачэння за гарызонтам, вадой і паветрам П.л. мае перыскоп. Паводле асн. ўзбраення П.л. падзяляюцца на тарпедныя, ракетныя (з міжкантынент. балістычнымі або крылатымі) і ракетна-тарпедныя, паводле прызначэння — на стратэг. і шматмэтавыя. Аснашчаны гідраэлектроннай, радыёэлектроннай, радыёлакацыйнай і інш. апаратурамі. Дызельныя Пл. (водазмяшчэнне да 10 тыс. тон) маюць глыбіню апускання да 300 м, скорасць руху пад вадой 20 вузлоў (37 км/гадз); атамныя стратэг. (водазмяшчэнне да 26 тыс.т) — глыбіня апускання да 500 м і больш, скорасць руху пад вадой да 36 вузлоў (да 66,7 км/гадз). Гал. кірункі развіцця і ўдасканалення П.л.: павелічэнне глыбіні апускання, скорасці ходу, далёкасці і аўтаномнасці падводнага плавання, зніжэнне шуму, удасканаленне ўзбраення, радыёэлектроннага абсталявання і інш. П.л. знаходзяцца на ўзбраенні ЗША, Расіі, Кітая і інш.
Л.А.Пенязь, В.М.Пташнік.
Атамная падводная лодка «Акула» (Расія).Разрэз атамнай ракетнай падводнай лодкі тыпу «Агайо» (ЗША): 1 — баластныя цыстэрны; 2 — адсек галоўных і дапаможных агрэгатаў; 3 — рэактарны адсек; 4 — ракетны адсек; 5 — навігацыйныя прылады; 6 — жылыя памяшканні; 7 — цэнтральны пост; 8 — акумулятарныя батарэі; 9 — тарпедны адсек; 10 — гідраакустычная антэна; 11 — перыскоп і антэна.
навука, якая даследуе працэс мэтанакіраванага развіцця і фарміравання ва ўмовах яе выхавання, адукацыі і навучання; навуч. прадмет сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. устаноў, якія рыхтуюць настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавальнікаў. Вывучае аб’ектыўныя сувязі паміж развіццём асобы і знешнімі фактарамі (выхаванне, асвета, навучанне), распрацоўвае тэорыю і методыку выхавання. Разглядае фарміраванне асобы ў асн. сферах яе жыццядзейнасці (сям’я, калектыў, грамадства і інш.). Уключае пед. навукі: агульную П., пераддашкольную, дашкольную, школьную, сямейную, спецыяльную, параўнальную, вытворчую, прафтэхпадрыхтоўчую, вышэйшай школы, ваенную, спартыўную, інжынерную, сацыяльную, андрагогіку (тэорыя і практыка выхавання і адукацыі дарослых), гісторыю П. і інш.
Як сістэма фарміравання асобы П. пачала складвацца ў стараж. дзяржавах (Грэцыя, Рым, Егіпет, краіны Усходу), калі з’явіліся ўстойлівыя погляды на выхаванне, якія адлюстроўвалі менталітэт народаў, іх сац. склад, характар вытв-сці, погляды на дабро і зло. Як асобная навука вылучылася з сістэмы філас. ведаў у пач. 17 ст. Першае абагульненне пед. вопыту зрабіў Я.А.Каменскі. У працы «Вялікая дыдактыка» ён разгледзеў асн. праблемы адукацыі і выхавання, упершыню падкрэсліў прынцыпы дыдактыкі і асновы прыродазгоднага выхавання дзіцяці, заклаў базіс класна-ўрочнай сістэмы навучання ў школе. Уклад у П. зрабілі Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, І.Г.Песталоці, І.Ф.Гербарт, А.Дыстэрверг і інш.; у Расіі — К.Дз.Ушынскі, В.І.Вадавозаў, М.І.Пірагоў, Дз.Дз.Сямёнаў, В.П.Астрагорскі, П.Ф.Лесгафт, Л.М.Талстой, П.Ф.Капцераў, К.М.Вентцэль і інш.
На Беларусі з развіццём пісьменнасці і ўзнікненнем школ канцэпцыі выхавання і навучання складваліся пад уздзеяннем хрысц. маралі (Ефрасіння Полацкая) і ідэі стараж. філосафаў. Пед. ідэі, заснаваныя на нар. традыцыях, выказвалі М.Гусоўскі, Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі, Л.Зізаній і інш. У 17—18 ст. уклад у развіццё П. зрабілі М.К.Сарбеўскі, К.Нарбут, Я.Снядэцкі і інш. Асветнікі і вучоныя 19 ст. (К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Нікіфароўскі, Е.Раманаў, Я.Карскі і інш.) разглядалі асветніцкія і пед. ідэі як сродак абуджэння самасвядомасці народа. У 20 ст. пэўны ўклад у пед. навуку Беларусі зрабілі Цётка («Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906, і артыкулы пра выхаванне), Я.Колас (падручнікі «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў», 1909, і «Методыка роднае мовы», 1926), П.Я.Панкевіч, У.І.Пічэта, І.І.Замоцін, М.І.Гарэцкі, Д.А.Жарыкаў, М.Я.Байкоў, Л.В.Шашкоў і інш. Развіццё мовы яны разглядалі як частку агульнага падыходу да праблемы грамадскага жыцця. У канцы 20 — пач. 21 ст. арганізацыя набывае грамадска-дзярж. характар; у яе ўключаюцца сям’я, паліт. партыі, канфесіі, грамадскія аб’яднанні. Адраджаюцца гімназіі, ліцэі, каледжы, акадэміі, галіновыя ун-ты. Пытанні тэорыі і практыкі П. распрацоўваюць Нацыянальны інстытут адукацыі, кафедры П. ВНУ, адпаведныя кафедры Рэсп. ін-та прафес. адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, абл. ін-таў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, аддзяленне псіхолага-пед.навук. грамадскага аб’яднання «Бел. акадэмія адукацыі» і інш.
Літ.:
Харламов И.Ф. Педагогика. 5 изд. Мн., 1998;
Вадзінскі Д.І. Асновы педагогікі вышэйшай школы. Мн., 1993;
Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986;
Мещеряков В.П. Братские школы Белоруссии (XVI — первая половина XVII в.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСО́ЎНІКІ,
мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас.маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.Мясаедава, М.Ге, В.Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.Архіпаў, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.Жукоўскі, С.Іванаў, С.Каровін, М.Касаткін, А.Куінджы, І.Левітан, У.Макоўскі, В.Паленаў, І.Пранішнікаў, І.Рэпін, А.Саўрасаў, К.Савіцкі, В.Сурыкаў, В.Сяроў, І.Шышкін, М.Ярашэнка і інш.Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус.рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.Бялінскага і М.Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.Стасава, матэрыяльная падтрымка П.Траццякова.
П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразы рус.нар. казак і паданняў (творчасць В.Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г. жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіццярэаліст. мастацтва.
Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.В.Неўрава.
Літ.:
Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ТРЫКАЎСКІ РАЁН.
Размешчаны на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 43,1 тыс.чал. (2000), гарадскога 36,4%. Сярэдняя шчыльн. 15 чал. на 1 км. Цэнтр — г.Петрыкаў. Уключае г.п.Капаткевічы, 125 сельскіх населеных пунктаў, Капаткевіцкі пасялковы Савет, 16 сельсаветаў: Бабуніцкі, Галубіцкі. Грабаўскі, Камаровіцкі, Капцэвіцкі, Колкаўскі, Конкавіцкі, Лучыцкі, Ляскавіцкі, Муляраўскі, Мышанскі, Навасёлкаўскі, Петрыкаўскі, Пціцкі, Снядзінскі і Чалюшчавіцкі.
Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся, паверхня плоская, забалочаная, 95% яе на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 185 м (каля в. Чалюшчавічы). Уздоўж рэк пясчаныя дзюны і грады. Карысныя выкапні: калійная соль, нафта, буры вугаль, торф, пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18,5 °C Ападкаў 554 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Пціч, Бобрык, Трэмля, Убарць. Воз. Дзікае. Меліярац. каналы: Міхедава-Грабаўскі, Лукіч, Курыціцкі, Галоўчыцкі. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,1%), тарфяна-балотныя (26,9%), поймавыя (алювіяльныя, 19,1%), дзярнова-падзолістыя (13,2%). Пад лесам 56,3% тэр. раёна, у т. л. штучныя хваёвыя насаджэнні (18%). Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя. Пад балотамі 4% тэрыторыі. На тэр. раёна ч.нац. парку Прыпяцкі; біял. заказнікі мясц. значэння: Камаровіцкі, Бобрыкаўскі, Возера Белеў; ахоўныя тарфянікі: Глухі Мох, Снапішча-1, Маркаў Мох, Ліпнікі (частка), Варанецкі Мох, Слабадское, Бажылаў Гул, Касішча, Тапіла. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — геал. агаленне Дарашэвічы, мясц. значэння — паркі: Дарашэвічы, І.Шклярэўскага, дубровы ў Капаткевіцкім, Петрыкаўскім, Кашэвіцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 89,6 тыс.га, з іх асушаных 45,2 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 10 калгасаў, 12 саўгасаў, 9 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і свінагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр. (Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), буд. матэрыялаў (керамзіт, сценавыя блокі, цэгла, сталярныя вырабы і інш.), дрэваапр. (мэбля, сувеніры), камбікормавай, харч. (цэльнамалочныя прадукты, сухое і абястлушчанае малако, масла, казеін, кансервы), кааператыўнай (каўбасныя, хлебабулачныя, кандытарскія, макаронныя вырабы, кісель) прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Гомель—Брэст, аўтадарога Гомель—Кобрын. У раёне 23 сярэднія, 9 базавых, 9 пач., у т. л. школа-садок, 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, Капаткевіцкая дапаможная школа для дзяцей з недахопамі разумовага і фіз.развіцця, Петрыкаўская школа-інтэрнат для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, СПТВ, 2 навучальна-вытв. камбінаты, 2 цэнтры пазашкольнай працы, 2 дамы рамёстваў, клуб «Юны марак», 27 дашкольных устаноў, 50 клубаў, 49 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 8 амбулаторый, 37 фельч.-ак. пунктаў, Пціцкі дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр. Музей В.І.Талаша ў в. Навасёлкі. Помнікі архітэктуры: Успенская царква (1642) у в. Кашэвічы, паркі (19 — пач. 20 ст.) у вёсках Брынёў, Дарашэвічы, Лучыцы, свіран (19 — пач. 20 ст.) у в. Людзвіноў. Мемарыяльны комплекс «Загінуўшым і жывым» (1975) у в. Навасёлкі ў гонар партызан і на ўшанаванне памяці 520 землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. Выдаецца газ. «Петрыкаўскія навіны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НС (ісп. romance),
камерны муз.-паэт. твор для голасу з інстр. суправаджэннем. Тэрмін «Р.» узнік у сярэднявякоўі ў Іспаніі і абазначаў свецкую песню на ісп. мове, у інш. краінах — паэт. твор і жанр вак. музыкі; у многіх мовах Р. і песня тэрміналагічна не адрозніваюцца. Ад песні адрозніваецца больш складаным комплексам выразных сродкаў, кампазіцыйных прыёмаў і муз. структур, выкарыстаннем больш глыбокіх і разнастайных паэт. тэкстаў, больш цеснай сувяззю тэксту з музыкай. Р. можа будавацца паводле прынцыпу адзінага скразнога развіцця, бывае 2- і 3-часткавым, рондападобным, строфікаварыянтным.
Развіццё Р. як сінтэтычнага муз.-паэт. жанру пачалося ў 2-й пал. 18 ст. ў Германіі (К.Бах, М.Агрыкала), Францыі (Э.Мегюль, Н.Далейрак). У Расіі напачатку Р. называлі вак. творы на франц. тэксты. Развіццё нац. форм Р. пачалося ў творчасці А.Дубянскага, В.Казлоўскага. Сярод разнавіднасцей Р. адрозніваюць баркаролу, баладу, элегію, маналог, серэнаду. У 19 ст. Р. — вядучы жанр у творчасці кампазітараў-рамантыкаў: Ф.Шуберта, Р.Шумана, І.Брамса, Х.Вольфа (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ, Ш.Гуно, Ж.Маснэ (Францыя), Б.Сметаны, А.Дворжака (Чэхія), М.Карловіча, К.Шыманоўскага (Польшча), Э.Грыга (Нарвегія), Я.Сібеліуса (Фінляндыя). У Расіі разам з камерна-вак. класікай развіваўся і бытавы Р. (А.Гурылёў, А.Варламаў, А.Аляб’еў, П.Булахаў, А.Дзюбюк); росквіту дасягнуў у творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, А.Барадзіна, М.Рымскага-Корсакава. Стылявое абнаўленне Р. адбылося ў 20 ст. (М.Мяскоўскі, Дз.Шастаковіч, С.Пракоф’еў, Ю.Шапорын. Г.Свірыдаў, С.Сланімскі, В.Гаўрылін і інш.).
У бел. музыцы жанр Р. развіваецца з 1920-х г.Бел. кампазітары пісалі Р. на творы класічнай паэзіі, імкнуліся да вобразна-тэматычнай разнастайнасці. Многія Р. на словы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі кампазітараў М.Аладава, Я.Цікоцкага, Л.Абеліёвіча, П.Падкавырава, А.Багатырова, Р.Пукста, М.Чуркіна, Э.Тырманд, Дз.Лукаса, Г.Вагнера, У.Алоўнікава ўвайшлі ў фонд нац.муз. мастацтва. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся новыя тэндэнцыі ў развіцці Р.: па-новаму вырашаецца праблема сінтэзу музыкі і паэзіі, вядуцца пошукі ў абнаўленні інтанацыйнай мовы, кампазіцыйнай будовы, тэмбрава-тэматычнай сувязі, у якой адбіваюцца элементы натуральнай прасодыі, пераасэнсоўваюцца фалькл. традыцыі (вак. цыклы Г.Гарэлавай «Дзявочыя песні», Л.Шлег «Голас зямлі», Р. Дз.Смольскага, А.Елісеенкава, А.Мдывані, С.Картэса, Шлег, А.Хадоскі, Э.Наско і інш.).
Літ.:
Русский романс. М.; Л., 1930;
Васина-Гроссман В.А. Русский классический романс XIX в. М., 1956;
Яе ж. Мастсра советского романса. 2 изд. М., 1980;
Курышева Т. Камерный вокальный цикл в современной русской советской музыке // Вопросы музыкальной формы. М., 1966. Вып. 1;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Аладова Р.Н. «Детский» камерный вокальный цикл в белорусской музыке 70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1984. Вып. 3;
Алейнікава Э.А. Паэзія М.Багдановіча ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),
мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіццянац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург.развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Да арт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Да арт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Да арт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Да арт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп. мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац.развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Государственный бюджет. Мн., 1995.
М.І.Ткачук.
Табліца 1 Структура даходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %
Крыніцы паступлення
Гады
1993
1994
1995
Акцызы
16,8
11,0
9,1
Падатак на дабаўленую вартасць
29,6
27,2
23,0
Падатак на прыбытак і даходы
22,9
34,2
32,3
Падаткі з насельніцтва
8,2
10,9
10,5
Падатак на паліва
4,5
4,2
3,0
Падатак на нерухомасць
2,9
0,7
0,3
Плата за зямлю
1,6
2,1
0,4
Мытныя пошліны і зборы ад знешнеэканамічных аперацый
0,2
0,3
0,6
Зборы і непадатковыя даходы
1,4
3,8
9,1
Адлічэнні на ахову здароўя
—
28,0
—
Іншыя даходы
11,8
2,8
14,9
Табліца 2 Структура расходаў дзяржаўнага бюджэту Беларусі, %