МАЗАХІ́ЗМ [ад імя аўстр. пісьменніка Л. фон Захер-Мазаха (L.Sacher-Masoch), які апісаў гэту з’яву],
эратычны пасівізм, палавая ненармальнасць, пры якой для дасягнення палавога ўзбуджэння неабходна адчуць фіз. боль ці маральнае ўніжэнне з боку палавога партнёра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́ЗМ (ад грэч. marasmos знясіленне, згасанне),
паступовае згасанне псіхічнай дзейнасці чалавека з агульным знясіленнем і атрафіяй органаў і тканак. Абумоўлена атрафіяй кары галаўнога мозга. Бывае пры старэчай прыдуркаватасці, канчатковай стадыі прагрэсіўнага паралічу і інш. хваробах мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЛТРАНСФЕРА́ЗЫ, трансметылазы,
ферменты класа трансфераз, якія каталізуюць абарачальны перанос метыльнай групы (CH3-групы). Донар CH3-групы — пераважна метыянін, які разам з вытворнымі вітаміну B12 і фоліевай к-ты пры ўдзеле М. ўтварае сістэму пераметыліравання ў жывых арганізмах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТОЗАФАСФА́ТЫ,
складаныя эфіры, утвораныя пентозамі і адным або двума астаткамі фосфарнай кіслаты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот і шэрагу каферментаў, прымаюць удзел у абмене рэчываў, распадзе вугляводаў (пентозафасфатны цыкл) і іх утварэнні ў зялёных раслінах пры фотасінтэзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТО́КА,
другараднае рэчышча (рукаў), якое ўтвараецца пры разгалінаванні ракі астравамі, або кароткі вадацёк прыроднага паходжання, які злучае возера з ракой або 2 возеры. На Беларусі рачныя П. найчасцей трапляюцца на рэках Палесся, паміж азёрамі — у Бел. Паазер’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАСФЕ́РА (ад псеўда... + сфера),
паверхня пастаяннай адмоўнай крывізны, утвораная вярчэннем трактрысы вакол яе асімптоты. Сфера адрозніваецца ад П. пастаяннай дадатнай крывізной. Унутраная геаметрыя (сукупнасць фактаў, атрыманых пры вымярэннях на самой паверхні) П. супадае з Лабачэўскага геаметрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУД,
старажытная адзінка масы ў Беларусі і Расіі. Вядома з 12 ст. У пач. 20 ст. 1 пуд = 40 фунтам = 16 бязменам = = 1280 лотам = 16,38 кг. Афіцыйна выкарыстоўваўся да 1924 пры ўзважванні зерня, мёду, воску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЦЕПЛАЛАКА́ЦЫЯ,
вызначэнне месцазнаходжання наземных, надводных, паветр. і касм. аб’ектаў па іх радыёцеплавым выпрамяненні; від пасіўнай радыёлакацыі. Выяўленне аб’ектаў адбываецца за кошт кантрастнасці іх радыёцеплавога выпрамянення адносна радыёцеплавога выпрамянення фону. Выкарыстоўваецца ў навігацыі, пры саманавядзенні ракет і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАМЕ́РНЫ РУХ,
рух матэрыяльнага пункта ці паступальны рух цвёрдага цела, пры якім модуль скорасці пункта (цела) з цягам часу застаецца пастаянным. Вярчальны рух цвёрдага цела з’яўляецца Р.р., калі ён адбываецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСКАЕ ТКА́ЦТВА,
народнае мастацкае ручное ўзорыстае ткацтва на тэр. Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Вядомае здаўна (у л-ры — з 19 ст.). Тут ткалі посцілкі, дываны, ручнікі. Адметнае ў Верхнядзінскім ткацтве традыц. спалучэнне 2 колераў: чорнага з малінавым, белым, чырвоным ці аранжавым. Разнастайнасць дасягаецца ўзбуйненнем ці здрабненнем асобных матываў, рознымі перапляценнямі нітак пры захаванні адзінага кампазіцыйнага ладу. Тэхніка — перабор, шматрамізная, выбарная; узоры — «у дымкі», «у ромбы» і г.д. З 1967 пры Верхнядзвінскай ф-цы маст. вырабаў працуе цэх маст. ткацтва, дзе ткуць ручнікі, посцілкі, накідкі на крэслы ў традыц. колерах з бел. арнаментам. Матэрыял — лён, віскоза, воўна, чарот (з яго робяць сурвэткі, сумкі).