АДЗІНАНАЧА́ЛЛЕ,

1) прынцып кіравання, які азначае наданне кіраўніку якога-н. органа, установы, прадпрыемства шырокіх паўнамоцтваў, неабходных для выканання яго функцый, а таксама ўстанаўленне яго персанальнай адказнасці за вынікі працы.

2) Адзінаначалле ва ўзброеных сілах — прынцып кіравання войскамі, пры якім камандзіры (начальнікі) надзелены ўсёй паўнатой распарадчай улады ў адносінах да падначаленых, нясуць асабістую адказнасць за іх жыццё і дзейнасць. Заключаецца ў праве камандзіра асабіста прымаць рашэнні, аддаваць загады, забяспечваць іх выкананне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правамі, якія вызначаны законамі і рэгламентуюцца статутамі воінскімі.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙЗЕРМА́Н (Тэадор Ільіч) (н. 14.5.1914, с. Жоўцень Адэскай вобл.),

расійскі філосаф. Акад. АН СССР (1981, чл.-кар. 1968). Скончыў Маскоўскі ін-т філасофіі, л-ры і гісторыі (1938). Працаваў у МДУ, у Ін-це філасофіі АН СССР. Працы па гісторыі зах.-еўрап. філасофіі, тэорыі гіст.-філас. працэсу: «Праблемы гісторыка-філасофскай навукі» (1969, 2-е выд. 1982), «Асноўныя філасофскія кірункі» (1971), «Крызіс сучаснага ідэалізму» (1972) і інш. Чл. рэдкалегіі і адзін з аўтараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1—6, 1957—65). Дзярж. прэмія СССР 1983.

т. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСЁНЦАЎ (Сяргей Ліпавіч) (н. 15.1.1936, Мінск),

бел. біяфізік. Д-р біял. н. (1985). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1959). З 1966 у Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай фармакалогіі ўзбудлівых мембран, структурных перабудовах і міжмалекулярных узаемадзеяннях у біял. мембранах, механізмах іоннага транспарту ў норме і паталогіі.

Тв.:

Кооперативные переходы белков в клетке. Мн., 1970 (разам з С.​В.​Коневым, Я.​А.​Чарніцкім);

Объёмная регуляция Na​+/H​+-обмена в эритроцитах крысы: эффект валиномицина (у сааўт.) // Биол. мембраны. 1993. Т. 10. № 2.

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БЕЛЬ ((Abel) Нільс Генрык) (5.8.1802, каля г. Ставангер, Нарвегія — 6.4.1829),

нарвежскі матэматык. Скончыў ун-т у Осла (1825), працаваў у ім і ў Інж. школе. Даказаў невырашальнасць у радыкалах агульных алг. ураўненняў вышэй за 4-ю ступень (1824). Адначасова з К.​Якобі заклаў асновы тэорыі эліптычных функцый; даследаваў інтэгралы ад алг. функцый (абелевы інтэгралы). Аўтар даследавання па тэорыі лікаў і радоў. Працы пры жыцці не атрымалі прызнання.

Літ.:

Оре О. Замечательный математик Н.​Х.​Абель: Пер. с англ. М., 1961.

Н.Г.Абель.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕНА́РЫУС (Міхаіл Пятровіч) (19.9.1835, г. Пушкін Ленінградскай вобл. — 16.9.1895),

рус. фізік, заснавальнік кіеўскай навук. школы эксперым. фізікі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). У 1865—90 у Кіеўскім ун-це (з 1866 праф.). Навук. працы ў галіне тэрмаэлектрычнасці і малекулярнай фізікі. Вывеў формулу залежнасці тэрмаэлектрарухальнай сілы ад т-ры спаяў (закон Авенарыуса), першым вызначыў параметры крытычнага стану для многіх рэчываў.

Літ.:

Гольдман А.І. М.П. Авенариус и киевская школа экспериментальной физики // Успехи физ. наук. 1951. Т. 44, вып. 4.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕРБА́Х (Міхаіл Іосіфавіч) (29.5.1872, г. Марыупаль, Украіна — 29.7.1944),

рус. афтальмолаг. Акад. АН СССР (1939). Засл. дз. нав. Расіі (1933). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). Адзін з заснавальнікаў Дзярж. афтальмалагічнага ін-та імя Гельмгольца (1935) і Т-ва вочных урачоў у Маскве. Працы па фізіял. оптыцы, афтальмахірургіі, прафес. пашкоджаннях вачэй, праблемах слепаты, глаўкомы, трахомы і інш. Распрацаваў і ўкараніў на практыцы шэраг аперацый на вачах. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Офтальмологические очерки. М.; Л., 1940;

Главнейшие формы изменения зрительного нерва. М., 1944.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЁМАЎ (Павел Якаўлевіч) (20.10.1907, С.-Пецярбург — 25.3.1994),

бел. вучоны ў галіне механікі. Канд. тэхн. н. (1949), праф. (1971). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1932), дзе і працаваў. З 1945 у Бел. лесатэхн. ін-це. У 1961—83 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па супраціўленні матэрыялаў, тэорыі трываласці матэрыялаў і канструкцый.

Тв.:

Таблицы для расчёта на прочность и жёсткость балок и стержней. Мн., 1959;

Справочное пособие по сопротивлению материалов. 3 изд. Мн., 1970 (разам з М.​М.​Рудзіцыным, М.​І.​Любошыцам).

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПЕ́НЯ (Аляксандр Паўлавіч) (н. 29.1.1939, Мінск),

бел. гідрабіёлаг. Д-р біял. н. (1989). Скончыў БДУ (1961), працуе ў ім. Навук. працы па прадукцыйнай гідрабіялогіі, фарміраванні якасці водаў, самаачышчэнні водных сістэм і паводзінах радыенуклідаў у вадаёмах, біятычным кругавароце пры функцыянаванні водных экасістэм.

Тв.:

Общие основы изучения водных экосистем. Л., 1979 (у сааўт.);

Экологическая система Нарочанских озер. Мн., 1985 (у сааўт.);

Химический состав и энергетическая ценность перифитона в мезотрофном озере (разам з Т.​А.​Макарэвіч, Т.​В.​Жукавай) // Гидробнологический журнал. 1992. Т. 28. № 1.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКАЎ (Сцяпан Рыгоравіч) (27.7.1922, в. Акцябр Жлобінскага р-на Гомельскай вобласці — 10.5.1983),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1973), праф. (1974). Засл. эканаміст Беларусі (1972). Скончыў Усесаюзны завочны ін-т сав. гандлю (1955). З 1951 у Мін-ве сельскай гаспадаркі БССР, з 1955 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Працы па бухгалтарскім уліку, рэвізіі і эканам. аналізе ў сельскай гаспадарцы: «Асновы бухгалтарскага ўліку» (2-е выд., 1970, разам з М.​У.​Дэмбінскім), «Аналіз прыбытку і ўзроўню рэнтабельнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў» (1979) і інш.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТАМ ((Bentham) Джордж) (22.9.1800, Сток, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 10.9.1884),

англійскі батанік і падарожнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1862). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1872), чл. Парыжскай АН (1875). Вучыўся ў Францыі, Вялікабрытаніі. З 1861 праводзіў даследаванні ў бат. садзе ў К’ю (Лондан). Аўтар (разам з Дж.Д.Гукерам) фундаментальнай працы «Роды кветкавых раслін» (т. 1—3, 1862—83), дзе прыведзена апісанне ўсіх вядомых на той час родаў кветкавых раслін. Склаў таксама апісанне флоры Аўстраліі (разам з І.​П.​Мюлерам), Індыі, наваколля Ганконга.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)