кіраўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у краіне. Д.к. у шырокім сэнсе — усе дыпламаты, што працуюць у дыпламат. прадстаўніцтвах у дадзенай краіне, а таксама з пэўнымі абмежаваннямі і члены іх сем’яў: жонка (муж) дыпламата і непаўналетнія дзеці, паводле міжнар. звычаю і дарослыя незамужнія дочкі дыпламата, што пражываюць сумесна з ім і знаходзяцца на яго ўтрыманні. Узначальвае корпус дуаен. Д.к. не з’яўляецца юрыд. асобай ці паліт. утварэннем. Ніякія сумесныя паліт. выступленні з боку Д.к. недапушчальныя: ад яго імя могуць рабіцца калект. заявы выключна па пратакольных, пераважна цырыманіяльных, пытаннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯПАРТА́ЛЬНЫЯ (Diaporthales),
парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў пірэнаміцэтаў. Вядома больш за 450 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. Сапратрофы на раслінных рэштках, некат. — паразіты (пераважна ў канідыяльнай стадыі) пладовых і ягадных культур. На Беларусі адзначаны віды з родаў гнамонія, дыяпортэ, гламерэла, вальса.
Пладовыя целы (перытэцыі) цёмна-бурыя ці чорныя, шчыльныя, скурыстыя, з носікам для выхаду аскаспор, паглыбленыя ў субстрат або строму (міцэліяльнае спляценне). Сумкі булавападобныя або цыліндрычныя, з часовай ножкай, якая потым знікае, у спелых перытэцыях размешчана свабодна ў слізі. Сумкаспоры адна- або двухклетачныя, бясколерныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭАЭРА́ТАР (ад дэ... + грэч. aer паветра),
апарат для выдалення з вады раствораных у ёй газаў (пераважна кіслароду і дыаксіду вугляроду). Звычайна ўстанаўліваюцца на цеплавых і атамных электрастанцыях для дэаэрацыі вады, якая падаецца ў парагенератары і цеплавую сетку, з мэтай недапушчэння карозіі тэхнал. абсталявання. Бываюць тэрмічныя (газы выдаляюцца падагрэвам вады), хім. (з сульфітам натрыю), сталястружачныя (кісларод паглынаецца пры акісленні металу). У струменных тэрмічных Д. вада падаецца ў верхнюю яго частку, дзе распырскваецца, сцякае ўніз і награецца сустрэчнай парай да кіпення; газы і лішкі пары (выпар) выдаляюцца ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАМПАЗЁР (ад франц. décomposer раствараць, драбіць),
апарат для вылучэння крышталічнага гідраксіду алюмінію (гл.Алюмінію злучэнні) з раствору алюмінатаў.
Д. З мех. перамешваннем — стальны цыліндрычны чан (да 0,4 м³), унутры якога круціцца ланцуговая мяшалка, каб падтрымліваць часціцы затраўкі (служаць цэнтрамі крышталізацыі) у завіслым стане. Д. з паветраным перамешваннем (умяшчальнасць да 3000 м³) пашыраны ў вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду). Д. злучаюцца паслядоўна ў секцыі (па 10—15 апаратаў), у галаўныя Д. бесперапынна падаецца затраўка, з хваставых адбіраецца гатовая гідратная пульпа. Выкарыстоўваюцца пераважна ў каляровай металургіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАДУ́НЬ,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Альзініца, за 32 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,43 км², даўж. 1,2 км, найб.шыр. 430 м, найб.глыб. 8,4 м, даўж. берагавой лініі 3,1 км. Пл. вадазбору 20,9 км². Схілы катлавіны выш. 5—16 м, пераважна разараныя. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж берагоў пясчанае. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 100 м. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Братаўна; на У злучана пратокай з воз. Ухвішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРЛЯ́НКА ЧЫРВАНАБРУ́ХАЯ (Bombina bombina),
земнаводнае сям. круглаязычных атр. бясхвостых земнаводных. Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Жыве ў плыткіх і зарослых вадаёмах з глеістым дном, на балотах, у лужынах і інш. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўд., паўд.-зах. і цэнтр. раёнах.
Даўж. цела 3,5—4,5 см (зрэдку да 6), маса 3—10 г. Спіна светла-шэрая, бураватая з цёмнымі плямамі, бруха ярка-аранжавае або чырвонае з сінявата-чорнымі плямамі. Скура з бародаўкамі, што выдзяляюць едкі сакрэт Актыўная днём і вечарам. Карысная. Корміцца воднымі беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́РЫН (Генадзь Лаўрэнцьевіч) (н. 7.6.1946, г. Гомель),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1974). Працуе пераважна ў манум. жывапісе: вітражы «Пераўтварэнне энергіі» (1976, з В.Даўгала) у чытальнай зале Дома культуры г. Новалукомль (Віцебская вобл.), «Хлеб Радзімы» (1982, з Ю.Багушэвічам) у фае Дома культуры саўгаса «Рагінь» Гомельская вобл., размалёўкі ў тэхніцы энкаўстыкі («Партызаны Міншчыны» і інш.) і плафон «Мінск — горад-герой» (1979—82, з Багушэвічам) у холе канферэнц-залы б. Мінскага гаркома КПБ. Аўтар станковых работ «Габеленшчыцы» (1979), «Слова пра родную зямлю» (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛКАВА́ННЕ,
1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.
2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́ЛЬЦЫ,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сосніца, за 38 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,78 км², даўж. 1,9 км, найб.шыр. 720 м, найб.глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 63,5 км². Схілы катлавіны выш. да 7 м (на Пд 15—20 м), пад лесам, на ПнЗ разараныя. Берагі нізкія. Дно плоскае, выслана пераважна пяском і глеямі, у цэнтры — сапрапелем. Зарастае. Упадаюць р. Няклейка і ручай з воз. Сіценец, выцякае р. Жэльцанка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́РА ((Żera) Караль Антоні) (1.9.1743, в. Тварогі Выпыхі, Бельскае ваяв., Польшча — пасля 1798),
польскі пісьменнік. Адукацыю атрымаў у Драгічыне над Бугам (Польшча), потым у Пінску, дзе ў 1765 прыняў духоўны сан. Доўгі час жыў у Сянно. Аўтар зборніка бел., польскіх і лац. фацэцый (анекдотаў) «Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» (распаўсюджваўся ў рукапісах). Многія анекдоты, пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу, запісаны на Беларусі і бел. мове. Па розных копіях зборнік Ж. выдадзены З.Глогерам у Варшаве (1893).