ЛА́ЗІКА, Лазскае царства,

дзяржава на тэр. Зах. Грузіі ў 2—6 ст. Спачатку залежала ад рымскіх, потым візант. імператараў, якія прызначалі ў Л. правіцелей. Сталіца Л.г. Археаполіс (сучасны Накалакеві). У 4 ст. правіцелі Л. падпарадкавалі насельніцтва Паўн. Калхіды (сванаў, абазгаў, апсілаў). З 523 афіц. рэлігія — хрысціянства. У 6 ст. за валоданне Л. змагаліся Візантыя і Іран. Паводле дагавора 562 Л. засталася ў залежнасці ад Візантыі. У канцы 6 ст. пазбаўлена аўтаноміі. З 8 ст. ў складзе Абхазскага царства.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗІ́НСКІ Міхаіл Леанідавіч

(20.7.1886, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 1.2.1955),

расійскі паэт, перакладчык. Скончыў юрыд. (1909) і гіст.-філал. (1914) ф-ты Пецярбургскага ун-та. Чл. аб’яднання акмеістаў «Цэх паэтаў», рэдактар-выдавец час. «Гиперборей» (1912—13), сакратар час. «Аполлон» (1913—17). У 1914—37 працаваў у Рас. публічнай б-цы, з 1918 адначасова ў выд-ве «Сусветная літаратура». Друкаваўся з 1912. У паэт. зб. «Горная крыніца» (1916) абвостраная ўвага да тэм вечнасці і гармоніі. З 1920-х г. друкаваўся толькі як перакладчык: «Гамлет» У.Шэкспіра, «Дон Кіхот» М.Сервантэса, «Кала Бруньён» Р.Ралана, творы Мальера, Лопэ дэ Вэгі, Р.Кіплінга, Р.Шэрыдана, Фірдаўсі і інш., пераклады якіх захоўваюць нац. асаблівасці і індывід. стыль аўтараў. Найб. значная праца — пераклад «Боскай камедыі» Дантэ (1939—45; Дзярж. прэмія СССР 1946). На рус. мову пераклаў бел. паэму «Тарас на Парнасе».

Тв.:

Багровое светило. М., 1974.

С.Ф.Кузьміна.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗНЯ,

памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся i Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.

У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ Сяргей Георгіевіч

(7.3.1894, с. Пятры, цяпер Лазо Аргееўскага р-на, Малдова — май 1920),

адзін з кіраўнікоў сав. партыз. руху ў Сібіры і Прымор’і ў грамадз. вайну. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це. З 1916 у арміі, скончыў Аляксееўскае пяхотнае вучылішча. У снеж. 1917 нач. ваен. гарнізона і ваен. камендант Іркуцка. У 1918 чл. Цэнтрасібіры, каманд. войскамі Забайкальскага фронту. З вясны 1919 камандаваў партыз. атрадамі Прымор’я. У маі 1920 захоплены і вывезены яп. інтэрвентамі з Уладзівастока, спалены ў паравознай топцы.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ВІЦА,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на аўтадарозе Клімавічы—Касцюковічы. Цэнтр сельсавета. За 6 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 130 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 141 ж., 61 двор (1998).

Вядома з 18 ст. У 1752 заснавана Лазовіцкая езуіцкая рэзідэнцыя. У 1780 у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ.; 115 ж., 23 двары. З 1784 мястэчка, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1861—236 ж., 32 двары, вадзяны млын, сукнавальня, царква, касцёл, малітоўны дом. У 1909 у мястэчку 202 ж., 24 двары, у аднайм. сяле 269 ж., 42 двары, царква, царк.-прыходская школа, вінная крама. З 1924 цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай акругі. У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі Л., пасля вайны адноўлена. У 1972—247 ж., 67 двароў.

Клуб, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).

У.У.Бянько.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ Анатоль Аляксандравіч

(н. 14.9.1936, в. Заронава Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1987), праф. (1994). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1962). З 1988 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (заг. кафедры). Навук. працы па ўдасканаленні племянных і прадукцыйных якасцей буйн. раг. жывёлы, коней, авечак, метадах выкарыстання імунагенет. фактараў у племянной жывёлагадоўлі і кантролі за ўстойлівасцю да захворванняў.

Тв.:

Приусадебное разведение овец и коз. Мн., 1992.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ Уладзімір Міхайлавіч

(н. 14.1.1934, в. Нянькава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1966), праф. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў. З 1961 у БДУ (у 1966—96 нам. дэкана філал. ф-та). У 1981—85 выкладаў бел. мову ў Берлінскім ун-це імя Гумбальта. Даследуе лексіку бел. літ. мовы і жывых нар. гаворак. Аўтар «Слоўніка антонімаў беларускай мовы» (1994), сааўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі» (1989), «Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія» (2-е выд. 1995).

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ Юрый Віктаравіч

(16.1.1931, г. Іжэўск, Удмурція — 3.5.1993),

бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Вучыўся ў тэатр. студыі пры Іванаўскім т-ры муз. камедыі (1947—48), з 1949 артыст гэтага т-ра. У 1970—90 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Майстар камедыйнага вобраза, вострахарактарнага сцэн. малюнка. Сярод лепшых роляў: Сцяпан Крыніцкі, Генерал, Нарэйка («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі), Скамарох («Несцерка» Р.Суруса), Фама («Вольны вецер» І.Дунаеўскага), граф Кутайсаў («Халопка» М.Стрэльнікава), Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Кавалькадас («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Фядот («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Князь Тугавухаўскі («Гора ад розуму» А.Фельзера), барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.Легара), князь Воляпюк, Фраскаці, Філіп, Генерал («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра», «Д’ябальскі наезнік» І.Кальмана), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу) і інш.

Літ.:

Волчок Г. Юрий Лазовский // Тэатр. Мінск. 1980. № 4.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗУ́КА Барыс Андрэевіч

(н. 27.7.1955, в. Рэпеншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1989). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1977), працаваў у ім. З 1996 у Мін-ве культуры Рэспублікі Беларусь, з 1998 прарэктар і заг. кафедры Бел. АМ. Даследуе бел. мастацтва 17—18 ст., тэарэт. праблемы стылю барока. Аўтар вучэбнага дапаможніка «Гісторыя мастацтваў» (1996).

Тв.:

Праблемы стылістыкі выяўленчага мастацтва Беларусі XVII—XVIII стст. // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1993. № 3;

Параўнаўча-тыпалагічнае вывучэнне беларускага мастацтва эпохі барока // Там жа. 1995. № 2;

Беларускае барока: Тэндэнцыі і напрамкі развіцця // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗУРЫ́Т

(ад лац. lazur нябесна-блакітны колер),

мінерал групы фельдшпатоідаў, складаны алюмасілікат кальцыю і натрыю, Na6[AlSiO4]Ca2[SO4]S. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Масіўныя, суцэльныя агрэгаты, рэдка крышталі (дадэкаэдры). Колер ад блакітнага да цёмна-сіняга і зеленавата-сіняга. Бляск шкляны да тлустага. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,4 г/см3. Утвараецца ў магнезіяльных і вапняковых скарнах. Сумесь Л. з кальцытам наз. ляпіс-лазурак. Каштоўны вырабны камень; прыродная сіняя фарба (ультрамарын). Радовішчы ў Расіі, Афганістане, Чылі і інш.

Лазурыт.
Да арт. Лазурыт. Ляпіс-лазурак.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)