ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ II (? — 11.12.1610),

самазванец, які выдаваў сябе за рас. царэвіча Дзмітрыя, сына Івана IV, што быццам бы выратаваўся пасля маскоўскага паўстання 1606. Стаўленік Рэчы Паспалітай. Асоба І. II не высветлена. Магчыма, быў прыбліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве; паводле інш. звестак — паповіч, настаўнік у Шклове. Улетку 1607 з’явіўся ў Старадубе. З атрадамі шляхты, данскіх казакоў зімой прыйшоў у Арол, летам 1608 падышоў да Масквы, заняў с. Тушына (адсюль мянушка «Тушынскі злодзей»), дзе сфарміраваў урад з рус. баяр і дваран з мітрапалітам Філарэтам, які быў прызначаны патрыярхам. Фактычна тушынскі лагер узначальвалі Я.​Сапега, М.​Ражынскі, Лісоўскі. Да восені 1608 І. II кантраляваў раёны на Пн, У і ПнЗ ад Масквы. Наступленне аб’яднанага руска-шведскага войска вымусіла І. II у снеж. 1609 збегчы ў Калугу. У ліп. 1610 беспаспяхова спрабаваў захапіць Маскву, адступіў у Калугу, дзе быў забіты касімаўскімі татарскімі князямі за забойства ім царэвіча Ураз-Мухамеда (васала рус. цара). Прыхільнікі І. II абвясцілі царом яго сына Івана Дзмітрыевіча, рэшткі тушынскага войска ўзначаліў І.​М.​Заруцкі.

Літ.:

Соловьев С.М. Соч. Кн 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. М., 1997.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.

Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 7, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НДГРЭН ((Lindgren) Астрыд Ганна Эмілія) ( н. 14.11.1907, г. Вімербю, Швецыя),

шведская дзіцячая пісьменніца. Вядомасць прынесла аповесць «Пэпі-Доўгая панчоха» (1945—52, экранізацыя 1968). Аўтар кніг «Знакаміты сышчык Кале Блюмквіст», «Мы ўсе з Бюлербю» (абедзве 1946), «Міо, мой Міо» (1954), «Тры аповесці пра Карлсана, які жыве на даху» (1955—68, экранізацыя 1974), «Расмус-бадзяга» (1956, экранізацыя 1982), «Мы на востраве Сальткрока» (1964), «Браты Львінае Сэрца» (1973, экранізацыя 1977), «Роня, дачка разбойніка» (1981), трылогіі «Эміль з Лёнебергі» (1963—70). У творах узняты праблемы дабра і зла, дэмакратыі і тыраніі, цудоўнага і рэальнага, узаемаадносін дзіцячай асобы з дарослымі. Яны поўныя гумару і ўвасабляюць дзіцячае, непасрэднае ўспрыманне людзей і свету. На бел. мову аповесць «Браты Львінае Сэрца» пераклалі С.​Лузгіна, Т.​Лукша і С.​Мураўёва (1990, 1997). На бел. сцэне ставіліся спектаклі паводле аповесцей Л.: «Малыш і Карлсан, які жыве на даху», «Пэпі-Доўгая панчоха», «Новыя прыгоды Карлсана» (абодва Бел. рэсп. т-р юнага гледача, адпаведна 1969, 1970, 1973), «Міо, мой Міо» (Магілёўскі абл. т-р лялек, 1993).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—5. СПб., 1997—99;

Пеппи Длинный чулок. Мн., 1997.

Літ.:

Брауде Л.Ю. Сказочники Скандинавии. Л., 1974;

Яе ж. Скандинавская литературная сказка. М., 1979.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГЕЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1823—34,

грамадзянскія войны ў Партугаліі паміж прыхільнікамі захавання канстытуцыйнай манархіі (ліберальнае дваранства, буржуазія і інтэлігенцыя, частка сялянства) і паслядоўнікамі абсалютызму (феад. вярхі, падтрыманыя каталіцкай царквой, і сяляне, якія былі пад іх уплывам). Пачаткам М.в. стаў мяцеж у Траз-уж-Монтыш (1823), узняты прыхільнікамі абсалютызму на чале з каралевай Жаакінай (жонкай караля Жуана VI) і прынцам Мігелам Браганскім. У крас. 1824 мігелісты захапілі ўладу, але не здолелі яе ўтрымаць. У 1826 пасля смерці Жуана VI (10 сак.) на трон узышоў яго сын імператар Бразіліі Педру I (у Партугаліі кароль Педру IV), які ў маі 1826 перадаў партугальскі прастол сваёй дачцэ Марыі да Глорыі, а рэгентам у ліп. 1827 прызначыў Мігела Браганскага. 30.6.1828 Мігел Браганскі дамогся ад картэсаў прызнання сябе каралём, пасля чаго картэсы распушчаны. Аднаўленне абсалютызму выклікала шэраг антыўрадавых выступленняў канстытуцыяналістаў пад кіраўніцтвам Педру, які ў крас. 1831 адрокся ад браз. прастола і выехаў у Англію, дзе фарміраваў эмігранцкія атрады. 8—9.7.1832 эмігранты-канстытуцыяналісты высадзіліся ў Порту, у пач. 1833 — у Алгарві; іх падтрымалі брыт. і франц. эскадры. 24.7.1833 канстытуцыяналісты ўзялі Лісабон; неўзабаве мігелісты здаліся. 26.5.1834 у Эвары падпісана пагадненне, паводле якога каралевай зноў стала Марыя да Глорыя. Спроба мігелістаў арганізаваць новую антыўрадавую змову ў 1837 была няўдалай.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,

установа ордэна езуітаў у Мсціславе: у 1690—1711 місія (першая спроба заснаваць місію была зроблена, паводле некат. звестак, у 1616 мсціслаўскім старостам П.​Пацам па загадзе караля Жыгімонта III), у 1711—79 рэзідэнцыя, у 1779—1820 калегіум. У 1691 пры місіі адкрыта ніжэйшая школа. Пасля пераўтварэння школы ў калегіум яго праграма набыла характар сярэдняй навуч. установы, выкладаліся таксама франц., ням. і рус. мовы. У 1725 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, у 1740 — аптэка, меліся канвікт (пансіён) і б-ка. Першыя драўляныя будынкі не захаваліся. У 1730—48 пабудаваны мураваны касцёл Міхаіла Архангела — 3-нефавая мураваная базіліка з трансептам і 2-вежавым гал. фасадам. Цэнтр. неф завершаны масіўнай паўкруглай алтарнай апсідай. 2-ярусныя крылы трансепта ўрэзаны ў высокія бакавыя нефы. Гал. фасад падзелены на 2 ярусы вузкім карнізам і завершаны развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры і чацверыковымі вежамі па баках (верхнія ярусы не зберагліся); (у касцёле знаходзіўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудатворным). У 1764—79 пабудаваны (у 1796 рэканструяваны) 2-павярховы прамавугольны ў плане навуч. корпус, які прылягаў да касцёла з Пд з боку апсіды. У 1820 калегіум закрыты. Будынкі захаваліся. Цяпер тут школа-інтэрнат для глухіх дзяцей.

А.​А.​Ярашэвіч.

Будынак Мсціслаўскага езуіцкага калегіума.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАШЭ́ЎЦЫ,

удзельнікі паліт. гуртка М.В.Петрашэўскага, які існаваў у Пецярбургу ў 1845—49. Мэта — барацьба супраць самадзяржаўя і прыгону. Сярод П. былі дваране і разначынцы: М.А.Спешнеў, Ф.М.Дастаеўскі, А.​В.​Ханыкаў, Дз.​Дз.​Ахшарумаў, М.​А.​Мамбелі, М.​С.​Кашкін і інш. Паліт. погляды П. неаднародныя, але большасць з іх ненавідзела царызм, схілялася да утапічнага сацыялізму, рыхтавалася да надыходу сял. рэвалюцыі. На сходах, т.зв. «пятніцах» Петрашэўскага, абмяркоўваліся пытанні вызвалення сялян з зямлёю без выкупу, замены самадзяржаўя дэмакр. рэспублікай, увядзення адкрытага суда і суда прысяжных, свабоды друку, рэв. прапаганды перадавых сац.-паліт. ідэй у шырокім асяроддзі. Многія П. стаялі на пазіцыях матэрыялізму, былі атэістамі, вялі барацьбу з афіц. ідэалогіяй. У апошні перыяд сваёй дзейнасці П. намагаліся стварыць тайнае т-ва са сваёй праграмай і тактыкай, адкрыць падп. друкарню. 5.5.1849 П. арыштаваны. Да следства прыцягнуты 123 чал., 21 чал. прыгавораны да расстрэлу. Пасля абраду падрыхтоўкі да пакарання смерцю 3.1.1850 была зачытана царская канфірмацыя, паводле якой расстрэл заменены ссылкай на катаржныя работы і ў арыштанцкія роты на розны тэрмін. У 1856 П. амнісціраваны і да пач. 1860-х г. усе (акрамя Петрашэўскага, які да канца жыцця заставаўся ў ссылцы) адноўлены ў грамадз. правах.

Літ.:

Лейкина-Свирская В.Р. Петрашевцы. М., 1965;

Оржеховский И.В. Самодержавие против революционной России (1826—1880 гг.). М., 1982.

К.​Л.​Патаенка.

т. 12, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВІЛЫ ДАРО́ЖНАГА РУ́ХУ,

асноўны нарматыўны акт, які рэгламентуе парадак дарожнага руху і паводзіны яго ўдзельнікаў (вадзіцеляў, пешаходаў і пасажыраў). Выконваюць арганізацыйна-прававыя функцыі кіравання, вызначаюць пералік няспраўнасцей і ўмоў, пры якіх забараняецца эксплуатацыя трансп. сродкаў на дарожна-трансп. сетцы. На Беларусі дзеючыя П.д.р. ўведзены ў 1996.

Дарожны рух — складаны дынамічны працэс, які ўяўляе сабой узаемадзеянне сукупнасці рухомых і нерухомых пешаходаў і розных тыпаў мех. і немех. трансп. сродкаў. П.д.р. садзейнічаюць падтрыманню неабходнай скорасці руху, устанаўліваюць значэнні сігналаў святлафора, знакаў дарожных, дарожнай разметкі і інш. Першыя правілы аўтамаб. руху з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1896), пазней у інш. краінах. У Расіі распрацоўваліся і ўводзіліся мясц. органамі ўлады з 1900-х г. У СССР П.д.р. ўстаноўлены дэкрэтам СНК (1920). У 1940 зацверджаны «Тыпавыя правілы руху па вуліцах гарадоў СССР», на аснове якіх распрацоўваліся П.д.р. на месцах, у т. л. рэспубліканскія. Адзіныя «Правілы руху па вуліцах і дарогах СССР», уведзены ў 1961, у 1965 і 1970. У 1973 уведзены П.д.р. з улікам патрабаванняў Канвенцыі аб дарожным руху і Канвенцыі аб дарожных знаках (1968; Вена), яны змяняліся і дапаўняліся ў 1975, 1976 і 1979. У правілах 1980 улічаны таксама і міжнар. вопыт у галіне аўтамаб. транспарту і дарожнага руху, а таксама дакументы па бяспецы дарожнага руху.

Літ.:

Правила дорожного движения. Мн., 1998.

Дз.​Дз.​Селюкоў.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАРУ́Х,

унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.​Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.​Гельвецый, П.​Гольбах, Д.​Дзідро). І.​Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.​Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.

Літ.:

Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;

Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;

Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;

Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;

Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.

М.​В.​Тараткевіч.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 3—7 ст. на чале з іранскай дынастыяй Сасанідаў. Засн. Ардашырам I, які ў 224 знішчыў Парфянскае царства, у 226/227 каранаваўся царом у г. Ктэсіфон, які зрабіў сталіцай дзяржавы. Яго сын Шапур I [239—272] далучыў да С.дз. вял. вобласці на З і У ад Ірана, вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі. Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў зараастрызм, жрацы якога (магі) аказвалі вял. ўплыў на дзярж. справы, асабліва з часоў Шапура П [309—379]. У канцы 5 ст. С.дз. вяла барацьбу з эфталітамі, у бітве з якімі загінуў цар Пероз [459—484]. Востры сац. крызіс часоў кіравання Кавада I [488—496 і 499—531 ] выклікаў маздакіцкі рух. Пры Хасрове I Анушырване [531—579] унутр. становішча стабілізавалася, краіна падзелена на 4 вобласці: Харасан, Азербайган, Німруз і Харабаран (Месапатамія); усталяваўся падзел грамадства на саслоўі, прывілеяванае становішча сярод якіх займалі магі і воіны (азаты). Пры Хасрове II Парвізе [591—628] С.дз. вяла вайну з Візант. імперыяй (602—628), захапіла Сірыю, Палесціну, Егіпет, б.ч. М. Азіі, але потым сасанідскія войскі пацярпелі паражэнне, і ўсе заваяванні былі страчаны. Вайна знясіліла С.дз. напярэдадні арабскіх заваяванняў. Арабы разбілі войскі С.дз. ў бітвах пры Кадысіі (637) і Нехавендзе (642). Са смерцю цара Ездэгерда III [632—651/652] С.дз. спыніла існаванне, а яе землі ўвайшлі ў склад Арабскага халіфата (гл. Халіфат).

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),

філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.​Лейбніца, разумнае «Я» ў І.​Фіхтэ, панлагізм Г.​Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.​Дэкартам, Лейбніцам, Б.​Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.​Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.​Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.​Вебера, Ю.​Хабермаса, Т.​Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст. тэалагічны Р. (Э.​Жыльсон, Ж.​Марытэн, К.​Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.

Літ.:

Кант И. Критика чистого разума // Соч. М., 1964. Т. 3;

Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Декарт Р. Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)