«РЭВІ́ЗІЯ ПУ́ШЧАЎ І ПЕРАХО́ДАЎ ЗВЯРЫ́НЫХ У БЫЛЫ́М ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВЕ ЛІТО́ЎСКІМ»
(«Ревизия пущи переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением грамот и привилегий на входы в пущи и на земли, составленная старостою мстибоговским Григорием Богдановичем Воловичем в 1559 г., с прибавлением другой актовой книги, содержащей в себе привилегии, данные дворянам и священникам Пинского повета, составленной в 1554 году»),
выданне гасп.-юрыд. дакументацыі дзярж. і прыватных уладанняў ВКЛ сярэдзіны 16 ст., ажыццёўленае Віленскай археаграфічнай камісіяй (Вільня, 1867). Змяшчае «Реистр списанья и выведанья пущ и переходов звериных», складзены ў 1559 Р.Б.Валовічам па даручэнні вял.кн.ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. У дакуменце дадзена апісанне дзярж. пушчаў у паўн. Украіне, паўд. і зах. Беларусі і Літве з пазначэннем іх межаў на карце (не збераглася). Адзначаны «оступы» — месцы палявання, сёлы ў пушчах, колькасць у іх «службаў» і людзей. Адначасова з правядзеннем апісання была зроблена праверка правоў навакольнай шляхты на валоданне землямі і карыстанне пушчамі. Выданне — каштоўная крыніца пасац.-эканам. гісторыі Беларусі, мае вялізны матэрыял пагіст. геаграфіі, анамастыцы, генеалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРА́Н,
прыём, які выкарыстоўваўся ў паветр., танк. і марскім баях. Паветр. Т. — удар фюзеляжам, крылом або лопасцямі вінта самалёта ў паветр. баі па самалёце праціўніка. Першы паветр. Т. здзейсніў рас. лётчык П.М.Несцераў у 1-ю сусв. вайну. У першы дзень Вял.Айч. вайны лётчык-знішчальнік П.С.Рабцаў тараніў ням. самалёт у небе над Брэстам. Начны Т. упершыню здзейсніў лётчык-знішчальнік В.В.Талаліхін на подступах да Масквы (жн. 1941). Беларус Б.І.Коўзан стаў адзіным у свеце лётчыкам, які тараніў 4 самалёты праціўніка. У гады 2-й сусв. вайны лётчыкі наносілі таксама таранныя ўдары па варожых караблях, калонах з тэхнікай (напр., подзвіг экіпажа самалёта М.Ф.Гастэлы і інш.). Танкавы Т. — удар корпусам танка па борце або карме танка (бронемашыны) праціўніка. Прымяняўся ў выключных выпадках, калі не было магчымасці інш. спосабам знішчыць танк праціўніка. Марскі Т. (таранны ўдар) — удар спец. выступам насавой падводнай часткі карабля (таранам) у борт варожага карабля з мэтай яго затаплення. Выкарыстоўваўся ў вяслярным, ветразева-вяслярным, пазней (у 2-й пал. 19 ст.) у браняносным флоце; у 20 ст. — зрэдку надводнымі караблямі супраць падводных лодак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАГІНЯ́Н Марыэта Сяргееўна (2.4.1888, Масква — 20.3.1982),
армянская і руская пісьменніца. Чл.-кар.АН Арменіі (1950). Герой Сац. Працы (1976). Д-рфілал.н. (1945). Скончыла Вышэйшыя жан. курсы ў Маскве (1911). Друкавалася з 1903. Выдала зб-кі вершаў «Першыя сустрэчы» (1909), «Orientalia» (1913), раманы «Свой лёс» (1918, поўнае выд. 1923), «Прыгоды дамы са свецкіх колаў» (1923), аповесць «Перамена» (1922—23) пра інтэлігенцыю, аповесць «Уваскрэсенне з мёртвых» (1964) пра чэш. кампазітара І.Мыслівечака. Аўтар тэтралогіі пра У.І.Леніна («Сям’я Ульянавых», 1938, 1957; «Першая Усерасійская», 1965; «Білет па гісторыі», 1969; «Чатыры ўрокі ў Леніна», 1970), трылогіі «Мес-Менд» (1924, аднайм. кінафільм 1926). Пісала нарысы: «Урал у абароне» (1944), «Па дарогах пяцігодкі» (1947), «Падарожжа па Савецкай Арменіі» (1950), «Замежныя пісьмы» (1964); літ.-знаўчыя працы: «Тарас Шаўчэнка» (1941), «Эцюды пра Нізамі» (1947), «Гётэ» (1950); успаміны «Чалавек і час» (1971—78) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1972.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1971—75.
Літ.:
Творчество Мариэтты Шагинян: [Сб. ст.]. Л., 1980;
Скорино Л.И. Мариэтта Шагинян — художник. 2 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСУ́ТНАСЦЬ БЕЗ ВЕ́СТАК,
у цывільным праве ўстаноўлены судом факт працяглай (не менш за адзін год) адсутнасці асобы і звестак пра яе ў месцы яе пастаяннага жыхарства. Прызнанне факта адсутнасці без вестак праводзіцца па заяве зацікаўленай фіз. або юрыд. асобы і цягне за сабой пэўныя юрыд. вынікі: над маёмасцю адсутнага ўстанаўліваецца апека, з яго маёмасці выдаецца забеспячэнне асобам, якіх ён паводле закону абавязаны ўтрымліваць, пагашаюцца даўгі па яго абавязацельствах. У выпадку яўкі ці выяўлення месца знаходжання адсутнага суд адмяняе сваё рашэнне аб прызнанні факта адсутнасці без вестак. Гл. таксама Абвяшчэнне памерлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЛІ́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1884—85,
міжнародная канферэнцыя па пытаннях каланіяльных уладанняў у Афрыцы. Склікана па ініцыятыве Германіі, каб перашкодзіць Вялікабрытаніі і Партугаліі захапіць зах.-афр. ўзбярэжжа, у т. л. вусці р. Конга. Удзельнікі (Аўстра-Венгрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Іспанія, Італія, Нідэрланды, Партугалія, Расія, Турцыя, Францыя і Швецыя) фармальна прызналі Конга «свабоднай дзяржавай» на чале збельг. каралём Леапольдам II (акрамя Бельгіі права эксплуатаваць Конга атрымалі і інш. дзяржавы), вызначылі парадак набыцця «незанятых афр. зямель», удакладнілі граніцы партуг. калоніі Анголы, фактычна адобрылі захопы Францыі ў Экватарыяльнай Афрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАКА́ (Broca) Поль (28.6.1824, Сент-Фуа-ла-Гранд, дэпартамент Дардонь, Францыя — 9.7.1880),
французскі анатам і антраполаг; адзін з заснавальнікаў сучаснай антрапалогіі. Ініцыятар стварэння Антрапал.навук.т-ва ў Парыжы (1859). Аўтар прац па параўнальнай анатоміі прыматаў, пытаннях агульнай антрапалогіі, расавых тыпах сучаснага і стараж. насельніцтва Францыі. Распрацаваў дапаможнік па антрапаметрыі і краніяметрыі (1865), пабудаваў шкалы для вызначэння афарбоўкі вачэй, валасоў і скуры, стварыў шэраг антрапаметрычных інструментаў.
Тв.:
Рус.пер. — Общие инструкции для антропологических исследований и наблюдений // Изв. Имп. о-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. М., 1865. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ГЕНЕР (Wegener) Альфрэд Лотар (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),
нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш. каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл.Вегенера гіпотэза (1912).
Тв.:
Рус.пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЦЕР, жак,
традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядомая бел., рус. і інш.слав. народам. Венцер — сеткавы мяшок (куль) на абручах з адной або дзвюма перагародкамі (горламі) унутры. Рыба заплывала ў куль праз адтуліну ў горле. Да мяшка пры ўваходзе прывязвалі адно (аднакрылы венцер) ці два (двухкрылы венцер) сеткавыя крылы (нацягнутыя па вертыкалі на драўляныя планкі), што перагароджвалі шлях рыбе і накіроўвалі яе ў куль. У глухім канцы куль сцягваўся шнурком. Венцер устанаўліваўся ў вадаёме пры дапамозе калкоў. Аднакрылымі венцерамі лавілі рыбу пераважна ў азёрах, двухкрылымі — па цячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЁГРАФ (ад гелія... + ...граф),
1) у метэаралогіі самапісная прылада для рэгістрацыі працягласці сонечнага ззяння. У аснове канструкцыі геліёграфа Кэмпбела—Стокса нерухомы шкляны шар. Ён служыць лінзай і збірае сонечныя промні, якія прапальваюць кардонную стужку, падзеленую на адпаведныя гадзіне і яе часткам адрэзкі. Па даўжыні прапаленай «зайчыкам» (які на працягу дня перамяшчаецца па стужцы) лініі падлічваецца час, калі свяціла Сонца. Існуюць і інш. сістэмы геліёграфа, у т. л.з фатаграфічнай рэгістрацыяй. Як геліёграф могуць выкарыстоўвацца актынографы.
2) У астраноміі тэлескоп, прыстасаваны для фатаграфавання Сонца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФІ́ТЫ [ад гідра... + ...фіт(ы)],
водныя расліны, прымацаваныя да грунту вадаёма і паглыбленыя ў ваду, часта з плаваючым на паверхні лісцем і суквеццямі над вадой (урэчнік, гарлачык і інш.). Як жыццёвая форма гідрафіты адносяцца да крыптафітаў. Растуць па берагах вадаёмаў, па мелкаводдзях, на балотах і забалочаных лугах (т.зв.гелафіты). Адаптаваныя да утылізацыі пажыўных (біягенных) рэчываў, раствораных у водным асяроддзі. У адрозненне ад гідатафітаў іх каранёвая сістэма, мех. тканкі і сасуды, якія праводзяць ваду, добра развітыя. Абагачаюць ваду кіслародам, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння вадаёмаў, з’яўляюцца кормам для жывёл-фітафагаў. Многія гідрафіты — торфаўтваральнікі. Гл. таксама Водныя расліны.