ДУ́ДЗІЧЫ,
вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав. ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.
Базавая школа, б-ка.
т. 6, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАВА,
вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на З ад Мядзела, 180 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).
Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).
т. 7, с. 593
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАШКЕ́ВІЧ (Ануфрый) (1793, г. Шчучын Гродзенскай вобл. — 7.12.1863),
польскі і бел. паэт. Скончыў пав. школу ў Шчучыне, Віленскі і Варшаўскі ун-ты. Канд. (1816), магістр (1821) філасофіі. У 1822—24 працаваў у архіве Радзівілаў у Вільні. Адзін з заснавальнікаў т-ва філаматаў, распрацаваў структуру арг-цыі «прамяністых». Сасланы ў Маскву (працаваў бібліятэкарам ва ун-це, 1825—31), Табольск (1832—60). У 1860 вярнуўся ў Вільню. Пісаў па-польску. У час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік», 1817) змяшчаў сентыментальныя вершы і гіст. думы ў духу рамантызму («Вёска», «Беспадстаўная скарга», «Роздум ля развалін замка Гедзіміна» і інш.). Аўтар вершаванай фалькл.-этнагр. замалёўкі «Ідылія Купала», засн. на бел. нар. вераваннях і абрадах. Збіраў матэрыялы т-ва філаматаў (выдадзены як архіў філаматаў у 1913—34 і ў 1973). Сябраваў з Я.Чачотам, падтрымліваў сувязі з А.Міцкевічам.
У.І.Мархель.
т. 12, с. 334
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШНА,
вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Лепель, 133 км ад Віцебска. 355 ж., 139 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
У ВКЛ прыватнаўласніцкае мястэчка. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, цэнтр воласці Лепельскага пав. У 1886 у П. 128 ж., 14 двароў, пач. школа, валасная ўправа, царква, яўр. малітоўны дом, гарбарня, крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Лепельскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў кастр. 1942 Чашніцкая партыз. брыгада «Дубава» разграміла ў П. гарнізон гітлераўцаў і аднавіла сав. ўладу. Фашысты імкнуліся зноў захапіць П., адбыліся Пышнянскія баі 1943.
І.Ю.Януш.
т. 13, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІН (Анатоль Мікалаевіч) (н. 21.5.1940, Мінск),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1962). У 1965—97 у Ін-це гісторыі Нац.
АН Беларусі. У 1997—2000 нач. аддзела гуманітарных навук Дзярж. вышэйшага атэстацыйнага к-та Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах агр. гісторыі Беларусі 20 ст., саўгасаў і калгасаў, сельскіх рабочых, кулацтва, калектывізацыі, сац. выбухаў, паліт. рэпрэсій, гістарыяграфіі. Адзін з аўтараў калектыўных прац «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 3—4, 1973—75), «Развіццё эканомікі Беларусі ў 1928—1941 гг.» (1975), «Перамога калгаснага ладу ў Беларускай ССР» (1981), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т. 2, 1985).
Тв.:
Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг). Мн., 1979;
Эксперимент: Человек и земля. Мн., 1994;
На ростанях айчыннай гісторыі: Бел, вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб Зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.
т. 14, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАВА,
вёска ў Беларусі, у Багданаўскім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобласці. За 34 км на ПнЗ ад Валожына, 107 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Багданаў. 192 ж., 76 двароў (1995).
Вядома з 2-й пал. 16 ст. як маёнтак Багдана Сапегі. З 1653 уладанне Пацаў, Данілевічаў, Чаховічаў, Рушчыцаў. З 1795 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. Чаховічы залажылі ў вёсцы бат. сад з гадавальнікам баброў. У Багданаве нарадзіўся, пэўны час жыў і працаваў мастак Ф.Рушчыц. У канцы 19 ст. ў Багданаве касцёл, вадзяны млын, сукнавальня, піцейны дом. У пач. 20 ст. ў маёнтку 22 ж., у вёсцы 197. У 1905 за 3 км ад Багданава пачалося буд-ва чыг. станцыі і пасёлка (цяпер пас. Багданаў). У 1921—39 у Польшчы, потым у БССР. У 1960—62 у Ашмянскім, у 1962—65 у Іўеўскім р-нах. Помнік архітэктуры — касцёл (1844).
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЕВА,
вёска ў Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., на р. Мярэя. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдУ ад Дуброўна, 120 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 297 ж., 98 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. як сяло. З 1772 у Копыскім, з 1861 у Горацкім пав. Магілёўскай губ. У 1880 у мястэчку Баева каля 1000 ж., 98 дамоў, валасное праўленне, 2 школы, 2 правасл. царквы, вадзяны млын, багадзельня, 7 крам. З 1919 мястэчка ў Гомельскай, з 1922 валасны цэнтр у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Ляднянскім, з 1931 — у Дубровенскім р-нах. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ў Баеве было 1095 ж., 220 двароў. За час акупацыі (ліп. 1941 — 30.9.1943) ням.-фаш. захопнікі загубілі 110 жыхароў, вёску спалілі.
У Баеве базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАВА, Баркулабава,
вёска ў Беларусі, у Быхаўскім р-не Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад Быхава, 37 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. раз’езда Баркалабава. Прыстань на Дняпры. 519 ж., 227 двароў (1995).
Назва паходзіць ад імя дзісенскага старосты Баркулаба Корсака, які ў 1564 заснаваў тут замак. Потым належала Саламярэцкім, Сапегам і інш. У 16—18 ст. мястэчка. У Баркалабаве створаны Баркулабаўскі летапіс. У 17—20 ст. каля Баркалабава існаваў Баркалабаўскі жаночы манастыр Ушэсця. У 1897 сяло Глухскай вол. Быхаўскага пав., 605 ж. З сак. 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 было 596 ж.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік архітэктуры — царква Казанскай Маці Божай (20 ст.). Каля вёскі стаянка ранняга мезаліту, гарадзішча і селішча ранняга жал. веку і інш.
т. 2, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЯКО́НІ,
вёска ў Беларусі, у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пн ад г.п. Воранава, 145 км ад Гродна, чыг. ст. на лініі Ліда—Вільнюс. 1511 ж., 569 двароў (1995).
У 1-й пал. 17 ст. належалі Я.Чаплінскаму, які ў 1634 заснаваў тут касцёл Яна Хрысціцеля. З 1795 у Рас. імперыі. У 1880-я г. 63 ж. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Лідскага пав. У 1910 каля Беняконяў створана доследная с.-г. станцыя (дзейнічала да 1959). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Воранаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Беняконях 1726 ж., 502 двары. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, 2 бальніцы, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—02).
т. 3, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́, Верхняе Беразіно,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на р. Бярэзіна (прыток Дняпра). Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі Докшыцкай райсельгасхіміі. За 30 км на У ад г. Докшыцы, 157 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Лепель. 577 ж., 262 двары (1995). У вёсцы 2 лясніцтвы, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Каля Беразіно гарадзішча 3—4 ст.
Узнікла не пазней як у 14 ст. ў Харэцкай вол. У розны час належала Манівідам, Судзімонтавічам, Гальшанскім, Чартарыйскім, Тышкевічам, Пацам, Тавянскім. У канцы 16 ст. пры Пацах стала мястэчкам. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. сяло, цэнтр Бярэзінскай вол. Барысаўскага пав. Мінскай губ. У 1897 было 788 ж., 124 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Бягомльскім, з 1960 — у Докшыцкім (у 1962—65 у Глыбоцкім) р-нах. У 1970 у Беразіно 805 ж., 232 двары.
т. 3, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)