від ударнай, сякучай або сякуча-колючай зброі блізкага бою ў старажытнасці і сярэднявеччы ў пяхоце і кавалерыі. Складаецца з клінка (звычайна прамога і двухбаковавострага) і дзяржання (з навершам), адасобленага ад клінка крыжавінай.
Папярэднікі М. — клінкі на касцяной аснове, у якую ўстаўляліся крамянёвыя ўкладышы (вядомы па знаходках эпохі неаліту ў раёне воз. Байкал). Бронзавы М. з’явіўся ў сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. ў краінах Б.Усходу, пазней пашыраны ў Егіпце, Закаўказзі і Зах. Еўропе; жалезны — у пач. 1-га тыс. да н.э. У Еўропе М. спачатку выкарыстоўвалі ў Стараж. Грэцыі ў 16—12 ст. да н.э. (кароткія колючыя і выгнутыя, цяжкія сякучыя). Стараж. рымляне ўзбройвалі кароткімі М. (гладыусамі) пяхоту, доўгімі (спатамі) — конніцу. Найб. тыповымі ўзорамі еўрап. М. былі: гальштацкі, латэнскі, саўрамата-сармацкі, франка-аламанскі, каралінгскі, раманскі. З 13 ст. побач з адназахопнымі ўжываліся паўтарачныя, пазней двухзахопныя дзяржанні. Найб. ранняя прыкмета выкарыстання М. на тэр. Беларусі — касцяная імітацыя крыжавіны гэтай зброі з гарадзішча Пруднікі (9 ст.). У Полацку, Гродне, Навагрудку, Друцку і інш. знойдзены цэлыя або фрагменты М. каралінгскага ўзору, у Друцку, Мінску, Ваўкавыску — раманскага ўзору, каля Старых Дарог і ў Мінску — гатычнага ўзору (знаходкі датуюцца 10—14 ст.). Клеймы на клінках М. 10 ст. сведчаць, што яны маюць зах.-еўрап. паходжанне (полацкі) і, верагодна, паўночнага (гродзенскі). Але даныя даследаванняў па гісторыі металургіі і металаапрацоўкі паказваюць, што на Беларусі ўжо ў той час існавалі сыравіна і тэхнал. магчымасці для вытв-сці ўласных клінкоў. Пісьмовыя крыніцы згадваюць палоннага беларуса Ілью, якога прымусілі працаваць у канцы 14 — пач. 15 ст. ў зброевых майстэрнях тэўтонскіх рыцараў. Мечнікі сустракаюцца ў пераліку цэхавых спецыяльнасцей Беларусі ў 16 ст. і больш познія часы. У 16 ст. ў сувязі з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі М. выйшаў з ужытку ў пяхоце, а ў кавалерыі заменены на палаш, шаблю або шпагу. Як асн. від клінковай зброі М. выкарыстоўваўся ў Польшчы і ВКЛ да 2-й пал. 16 ст. і быў заменены шабляй. Пазней М. захаваўся як цырыманіяльная зброя.
Літ.:
Бехайм В. Энциклопедия оружия: Пер. с нем. СПб., 1995;
Макушнікаў А. Зброя нашчадкаў радзімічаў // Спадчына. 1991. № 2;
Ласкавый Г.В. К истории оружия Белорусского Подвинья в VI—XIII вв. // Полоцкий летописец. 1993. № 1(2);
Краўцэвіч А. Комплекс зброі і рыштунку XIII ст. з-пад Гродна // 3 глыбі вякоў Наш край. Мн., 1992;
Левко О.Н. Средневековая Орша и ее округа. Орша, 1993.
Г.В.Ласкавы.
Да арт.Меч: 1 — драўляная паліца з зубамі акулы і 2 — крамянёвы нож (папярэднікі мяча); 3 — бронзавы меч сярэдзіны 2 ст. да н.э.; 4 — скіфскі меч акінак; 5 — рымскі меч гладыус; 6 — доўгі рымскі меч спата; 7 — двухлязовы жалезны меч са Скандынавіі; 8 — найстаражытнейшы тып еўрапейскіх жалезных мячоў (гальштацкая культура); 9 — меч латэнскай культуры (5—1 ст. да н.э.); 10 — рускі меч 12—13 ст.; 11 — двухлязовы меч з Эфіопіі; 12 — паўднёванямецкі паўтараручны меч 16 ст.; 13 — шатландскі двухручны меч сярэдзіны 16 ст.; 14 — полацкі меч 10 ст. (Полацкі краязнаўчы музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯХА́НАЎ (Георгій Валянцінавіч) (112.1856, с. Гудалаўка, цяпер Краснінскі р-н Ліпецкай вобл., Расія —30.5.1918),
расійскі паліт. дзеяч, тэарэтык сацыялізму, заснавальнік рас.сацыял-дэмакратыі. Вучыўся ў Горным ін-це (С.-Пецярбург, 1874—76). У 1876 чл. народніцкага гуртка «бунтароў» (паслядоўнікаў М.А.Бакуніна). З ліп. 1877 чл. кіраўніцтва «Зямлі і волі». вёў працу сярод рабочых. Пасля расколу «Зямлі і волі» (1879) лідэр «Чорнага перадзелу». У 1879 наведаў Мінск, дзе выдаваліся падп. чорнаперадзельскія газеты «Черный передел», «Зерно» і пракламацыі. З 1880 у эміграцыі; у сваіх ідэйных пошуках паступова схіляўся да марксізму. У 1883 засн. групу «Вызваленне працы», якая набыла ў Жэневе друкарню А.Трусава, прапагандавала марксізм на тэр.Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. У працах «Сацыялізм і палітычная барацьба» (1883) і «Нашы рознагалоссі» (1885) П. з марксісцкіх пазіцый крытыкаваў тэорыю і практыку народніцтва. Тэарэт. распрацоўкі П. высока цаніў Ф.Энгельс. Працы «Анархізм і сацыялізм» (1894), «Да пытання аб развіцці маністычнага погляду на гісторыю» (1895) і «Да пытання аб ролі асобы ў гісторыі» (1898) былі ўкладам у тэорыю гістарычнага матэрыялізму. П. — удзельнік устаноўчага кангрэсу Інтэрнацыянала 2-га (1889, Парыж), чл.Міжнароднага сацыялістычнага бюро (з 1900). У палеміцы з Э.Бернштэйнам адстойваў неабходнасць сацыяліст. рэвалюцыі і магчымасць навук. сацыялізму, але пагаджаўся з ім у тым, што «на блізкае ажыццяўленне сацыялістычнага ідэалу... нельга разлічваць». З 1900 адзін з арганізатараў і чл. рэдакцыі газ.«Искра», актыўны ўдзельнік распрацоўкі праграмы Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП), змагаўся супраць «эканамізму». На 2-м з’ездзе РСДРП (1903) абраны чл. рэдакцыі газ. «Искра» (Цэнтр. органа партыі) і старшынёй Савета партыі. Пасля з’езду адзін з лідэраў меншавікоў. У час рэвалюцыі 1905—07 палемізаваў з бальшавікамі, якія лічылі буржуазію і лібералаў рэакцыйнай сілай, крытыкаваў іх за Снежаньскае ўзбр. паўстанне 1905, якое лічыў непадрыхтаваным, за байкот выбараў у 1-ю Дзярж. думу, адстойваў праграму муніцыпалізацыі зямлі. У час існавання трэццячэрвеньскага палітычнага рэжыму прадказваў паўтарэнне рэвалюцыі ў недалёкім будучым, крытыкаваў «ліквідатараў» (прыхільнікаў ператварэння РСДРП ў легальную рэфармісцкую партыю). У працах «Асноўныя пытанні марксізму» і «Ваяўнічы матэрыялізм» (1908) дапоўніў тэорыю гіст. матэрыялізму палажэннем аб сац.-псіхал. кампаненце грамадскай свядомасці як звяне паміж сац.-паліт. ладам і ідэалаг. надбудовай, адстойваў філас. матэрыялізм, крытыкаваў прыхільнікаў эмпірыякрытыцызму ў кіраўніцтве РСДРП. У 1-ю сусв. вайну стаяў на пазіцыях абаронніцтва і сац.-патрыятызму. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. Выступіў супраць абвешчанага У.І.Леніным у крас. 1917 курсу на сацыяліст. рэвалюцыю. Зыходзячы з марксісцкай тэорыі эканам. эвалюцыі, П. лічыў, што «сацыялістычны лад мае на ўвазе па меншай меры дзве перадумовы: 1) высокую ступень развіцця прадукцыйных сіл...; 2) вельмі высокі ўзровень свядомасці ў працоўным насельніцтве краіны» і таму называў ленінскія планы сацыяліст. пераўладкавання тагачаснай Расіі «несумненнай і вельмі шкоднай утопіяй». Прыхільнік захавання тэр. цэласнасці Расіі і вядзення вайны да пераможнага канца. Цяжка хворы П. узначальваў с.-д. арг-цыю «Адзінства», выступаў як публіцыст у яе газ. «Единство». Кастр. рэвалюцыю 1917 успрыняў адмоўна.
Тв.:
Соч.Т. 1—24. М.; Л., 1923—27;
Философско-литературное наследие Г.В. Плеханова. Т. 1—3. М., 1973—74.
Літ.:
Тютюкин С.В. Г.В.Плеханов: Судьба рус. марксиста. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),
рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.Пугачова, погляды Г.Лейбніца, І.Гердэра, К.Гельвецыя, Д.Дзідро, І.Канта, Ж.Ж.Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.
Тв.:
Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;
Стихотворения. Л., 1975;
Избр. Куйбышев, 1982.
Літ.:
Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;
Кулакова Л.И., Западов В.А. А.Н.Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;
Коммент. Л., 1974;
А.Н.Радищев и литература его времени: Сб. ст.Л., 1977;
Шкуринов П.С. А.Н.Радищев: Философия человека. М., 1988;
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАЛО́ЎСТВА,
здабыўная галіна рыбнай прамысловасці. Сыравінная база — прыродныя рэсурсы акіянаў, мораў, азёр, рэк, вадасховішчаў і сажалак (рыба, малюскі, марскія млекакормячыя, ракападобныя і інш.). Падзяляецца на прамысл. і аматарскае, а па месцы здабычы рыбы і морапрадуктаў — на марское, далёкае ад берагоў, марское прыбярэжнае і азёрна-рачное. Прамысл. Р. грунтуецца на вывучэнні рыбных запасаў, біял. асаблівасцях аб’ектаў промыслу, раёнаў лоўлі, міграцыі рыб і марскіх жывёл. Адзін з найстарэйшых відаў чалавечай дзейнасці. Да эпохі палеаліту і неаліту адносяцца вынаходствы рыбалоўных прылад (кручкі, гарпуны, восці і інш.). З развіццём сельскай гаспадаркі Р. ператварылася ў дапаможную галіну. Формы, спосабы і прылады стараж. Р. амаль усе вядомы і ў наш час. Развіццё прадукцыйных сіл паступова ператварыла здабычу рыбы і морапрадуктаў у промысел, а потым і ў прамысловае Р. Асн. частку ўлову дае акіянскае і марское Р. ў межах кантынент. шэльфа. Да сярэдзіны 20 ст. прыкладна 75% улову прыпадала на паўн.ч.Сусв. акіяна, але ўжо ў 1970-я г. цэнтр Р. перамясціўся ў трапічныя раёны і Паўд. паўшар’е. Матэрыяльна-тэхн. базу складае рыбапрамысл. флот, рыбалоўныя парты, прадпрыемствы па вытв-сці прылад, сродкаў вытв-сці і іх рамонце. Гал. месца належыць тралаваму лову. Выкарыстоўваюцца таксама кашальковы, дрыфтэрны і ярусны лоў. Для павышэння эфектыўнасці распрацаваны метады ўздзеяння на рыбу святлом, электрычнасцю, хім. прэпаратамі і інш. Спалучэнне рыбных помпаў з тралам і нератам прывяло да распрацоўкі гідрамеханізаванай лоўлі бесперапыннага дзеяння. Касм. назіранні дазволілі пашырыць лоўлю ва ўсіх морах і акіянах. У марскім Р. існуюць аўтаномныя і экспедыцыйная формы арганізацыі лоўлі. Неабмежаваная лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў адмоўна адбіваецца на стане сыравінных рэсурсаў, таму парадак лоўлі і здабычы ў адкрытым моры вызначаецца міжнар. пагадненнямі, а ў тэр. водах — нац. заканадаўствам. Значныя страты наносяць браканьерская лоўля рыбы і здабыча марской жывёлы.
У 1998 у свеце вылаўлена 117,2 млн.т рыбы, ракападобных і малюскаў, у т. л. 30,9 млн.т у сажалках і пры выкарыстанні інш. метадаў штучнага развядзення. 10 краін, дзе найб. развіта Р., вылавілі 78,1 млн.т, у т. л. Кітай 38 млн.т, Японія 6 млн.т, Індыя і ЗША па 5,2 млн.т, Расія 4,5 млн.т, Інданезія і Перу па 4,4 млн.т, Чылі 3,6 млн.т, Тайланд 3,5 млн.т, Нарвегія 3,3 млн.т. Ад 1 да 2 млн.т штогод вылоўліваюць Паўд. Карэя, Ісландыя, Філіпіны, Данія, Мексіка, Малайзія, Іспанія, Аргенціна, Бангладэш, Вялікабрытанія, В’етнам, Канада, Тайвань. Значная здабыча (ад 0,5 да 1 млн.т) у Бразіліі, Эквадоры, Францыі, Італіі, Марока, Нідэрландах, Новай Зеландыі. Пакістане, Сенегале, ПАР, Венесуэле і Турцыі. Унутрыкантынент. дзяржавы арганізуюць Р. (акрамя ўнутр. вадаёмаў) у моры на зафрахтаваных або сваіх суднах. У спарт. і рэкрэацыйных мэтах з дапамогай ручных прылад (вуды, спінінгі, перамёты, дарожкі і інш.) развіваецца аматарскае Р.
На Беларусі Р. ажыццяўляюць рыбакамбінаты, сажалкавыя рыбгасы, азёрна-таварныя гаспадаркі, рыбзаводы і інш. Ва ўнутраных вадаёмах Беларусі ўлоў рыбы склаў 13,6 тыс.т (1998). Абмежавана лоўля рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (сцерлядзь, ручаёвая стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, Саўнарком БССР, СНКБССР,
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у 1920—46. Створаны 18.12.1920 паводле дапаўненняў да Канстытуцыі Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі 1919, прынятых Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў у снеж. 1920. Да пастановы Шостага Усебеларускага з’езда Саветаў 1924 (надзвычайнага), прынятай 16.3.1924, абавязкі старшыні ЦВК і СНК, а таксама наркома па замежных справах выконваліся адной асобай. Членамі СНК былі нар. камісары ўсіх наркаматаў, старшыні Савета нар. гаспадаркі і Надзвычайнай камісіі. Пры СНК дзейнічалі пастаянныя камісіі: Эканам. нарада, Камісія заканад. меркаванняў, Дзярж. планавая камісія. Кампетэнцыя і склад СНКБССР мяняліся ў сувязі з утварэннем СССР і зменамі ў дзярж.-прававой пабудове, са стварэннем новых цэнтр. органаў кіравання (наркаматаў і ўпраўленняў) галінамі эканомікі і культуры. СНКБССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва рэспублікай праз наркаматы, выканкомы Саветаў. Ён прымаў пастановы і выдаваў распараджэнні па ўсіх пытаннях, якія не адносіліся выключна да кампетэнцыі Усебел. з’езда Саветаў, ЦВКБССР і яго Прэзідыума. СНК быў адказны перад з’ездам Саветаў і ЦВКБССР. Пастановы СНК аб дзярж. і мясц. бюджэце, падатках, адм.-тэр. падзеле рэспублікі, увядзенні мер аховы парадку ў ёй абавязкова зацвярджаліся Прэзідыумам ЦВК. Старшыня СНКБССР меў права прыпыняць распараджэнні акр. выканаўчых к-таў, нар. камісарыятаў, кіраўнікоў цэнтр. устаноў і ведамстваў, распараджэнні ўпаўнаважаных Нар. камісарыятаў СССР пры СНКБССР з наступным дакладам пра гэта СНКБССР на яго бліжэйшым пасяджэнні. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня ВСНГ, 10 наркомаў, кіраўнік ЦСУ (з правам рашаючага голасу), старшыня ДПУ БССР і 4 упаўнаважаныя нар. камісарыятаў СССР (з правам рашаючага ці дарадчага голасу паводле пастановы ЦВКБССР). Кампетэнцыя і структура нар. камісарыятаў і ўзаемаадносіны паміж іх асобнымі органамі вызначаліся агульным Палажэннем аб асобных камісарыятах. Паводле пастановы IX Усебел. з’езда Саветаў «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР» (22.1.1935) СНКБССР стаў адказным не толькі перад Усебел. з’ездам Саветаў і ЦВКБССР, але і перад Прэзідыумам ЦВК. Пры СНК пакінуты 2 пастаянныя камісіі: Эканам. савет і Дзярж. планавая камісія. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня Дзяржплана, 14 наркомаў (харч., лясной, лёгкай прам-сці, земляробства, збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў, фінансаў, унутр. гандлю, унутр. спраў, юстыцыі, аховы здароўя, асветы, мясц. прам-сці, камунальнай гаспадаркі, сац. забеспячэння), упаўнаважаны К-та нарыхтовак СССР, нач. упраўлення па справах мастацтваў і 8 упаўнаважаных агульнасаюзных наркаматаў (абароны, замежных спраў, знешняга гандлю, шляхоў зносін, сувязі, воднага транспарту, цяжкай і абароннай прам-сці). Паводле указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў Беларускай ССР (гл.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТ’Я́ГА (Santiago),
горад, сталіца Чылі. Знаходзіцца ў цэнтр.ч. краіны, каля падножжа Анд (на выш. каля 540 м), на абодвух берагах р. Мапоча. 5538 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Праходзіць Панамерыканская шаша, вузел чыгунак і аўтадарог. 4 міжнар. аэрапорты. Гал.эканам., культ. і навук. цэнтр краіны. У С. сканцэнтравана каля палавіны апрацоўчай прам-сці краіны. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. эл.-тэхн.; металаапр., хім., тэкст., гарбарна-абутковая, паліграф., харч., фармацэўтычная, гумавая, тэкстыльная. Метрапалітэн. Акадэміі: навук, мовы, гісторыі, прыродазнаўчых навук. 3 ун-ты (найстарэйшы з 1738). Ін-т па вывучэнні Антарктыды. Музеі: Нац. гістарычны, Нац.выяўл. мастацтва і музыкі, сучаснага мастацтва і інш. Тэатры. 2 абсерваторыі. Бат. сад.
Засн. ў 1541 ісп. канкістадорам П. дэ Вальдывія як форт для абароны ад нападаў індзейцаў. У 1647 горад разбураны землетрасеннем. Пасля адбудовы да канца 18 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ісп. каланіяльных улад. У 1738 у С. засн.ун-т. У 1810 адбылося нац.-вызв. паўстанне, задушанае ісп. войскамі У 1818 каля С. рэв. сілы пад камандаваннем ген. Х.Сан-Марціна атрымалі вырашальную перамогу над іспанцамі. З 1818 С. — сталіца незалежнай Чылі.
У 16 ст. горад набыў строга рэгулярную планіроўку, забудаваны аднолькавымі нізкімі і шырокімі дамамі з унутр. дворыкамі. У цэнтры Пласа дэ Армас з будынкамі калан. часу: сабор (1541—1619, перабудаваны ў 1647 і 1679, барока; сучасны будынак — 1780—99, арх, Х.Таэска-і-Рычы, класіцызм), ратуша (1775—1807, арх. Таэска-і-Рычы, М. дэ Хара Кемада) і інш. План развіцця С. (складзены ў 1841—53) прадугледжваў пераважна парадную забудову цэнтра. У 19—20 ст. С. значна вырас, але пераважае невысокая забудова (3—5, у цэнтры 8—12 паверхаў). На У раён віл, садоў, асабнякоў т.зв. каліфарнійскага стылю сярэдзіны 20 ст. Сярод помнікаў: кляштар Сан-Франсіска з касцёлам (1572—1618; партал з матывамі рэнесансу і платэрэска; вежа 1756, арх. П. дэ Мадар’я, перабудавана ў 1860, арх.Ф Вівасета), класіцыстычныя прэзідэнцкі палац Ла Манеда (б. манетны двор; 1780—1805, арх. Таэска-і-Рычы, А.Кабальера), шпіталь Сан-Хуан дэ Дзьёс (1797, арх. Таэска-і-Рычы). На працягу 19 ст. класіцызм перарос у лацінаамер. варыянт. гістарызму і эклектызму: будынкі Нац. кангрэса (1-я пал. 19 ст., арх. А.К.Монт, з 1876 арх. Л.Эно, Э.Келі), ун-та Чылі (1854—74, арх. Эно, Вівасета), муніцыпальнага т-ра (1853, арх. К.Ф.Бруне дэ Бен, зруйнаваны ў 1870; новы будынак 1873, арх. Келі). У духу неаготыкі — саборы Ла Кампаньія (перабудова), Эль Асіла дэль Сальвадор (арх. Х.Т.Гандарыльяс). Асобныя будынкі маюць выразныя рысы мадэрна: палацы трыбуналаў (1905—11, арх. Э.Дуаер, А.Шадэ), прыгожых мастацтваў (1910) і інш. Сярод значных збудаванняў 20 ст.: Мін-васац. забеспячэння (1930-я г., арх. Р.Гансалес Картэс), Эканам. камісія ААН для краін Лац. Амерыкі (1960—66, арх. Э.Дуарт), жылыя комплексы «Гансалес Картэс» (1960—63, арх. С.Гансалес і інш.), тэхнал.ун-т (1962—65, арх. К.Брэшані, Г.Вальдэс і інш.).
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Горад Сант’яга. Раён Сан-Борха.Сант’яга. Прэзідэнцкі палац Ла Манеда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17—19 ст.,
войны паміж Расіяй і Турцыяй за панаванне на Чорным м. і ў раёнах, што прылягаюць да яго; працяг барацьбы Расіі супраць Асманскай імперыі і яе васала — Крымскага ханства. Вайна 1676—81 выклікана агрэсіўнымі дзеяннямі Турцыі ў 2-й пал. 17 ст. У выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1672—76 (гл.Польска-турэцкія войны 17 ст.) Турцыя захапіла Падолію і планавала падпарадкаваць Правабярэжную Украіну. Баявыя дзеянні праходзілі з пераменным поспехам і завяршыліся Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Вайна 1686—1700 пачалася ў выніку далучэння Расіі ў 1686 да антытурэцкай «Свяшчэннай лігі» (Аўстрыя, Рэч Паспалітая, Венецыя). У 1687 і 1689 рас. армія ажыццявіла Крымскія, у 1695—96 Азоўскія паходы. У сувязі з падрыхтоўкай Расіі да вайны супраць Швецыі і заключэннем інш. дзяржавамі на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 міру з Турцыяй рас. ўрад таксама заключыў з ёю Канстанцінопальскі мірны дагавор 1700, паводле якога ч. ўзбярэжжа Азоўскага м. і г. Азоў адышлі да Расіі. Вайна 1710—13 адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21. Турцыя запатрабавала вярнуць Азоў. Пруцкі паход 1711 скончыўся няўдачай для Расіі (страчаны Азоў з прылеглымі раёнамі). Вайна 1735—39 з’явілася вынікам рас.-тур. супярэчнасцей, якія абвастрыліся ў сувязі з рус.-польск. вайной 1733—35 (гл.Польская спадчына). Зачэпкай да ваен. дзеянняў паслужылі набегі крымскіх татар на ўкр. землі і паход крымскага хана на Каўказ. Рас. армія двойчы (май—чэрв. 1736 і май 1737) уваходзіла ў Крым, але адступала з-за эпідэмій і недахопу харчавання. У 1737 на баку Расіі выступіла Аўстрыя, аднак яе войскі пацярпелі шэраг паражэнняў і ў вер. 1739 Аўстрыя заключыла сепаратны мір. Рас. войскі занялі Хацін і Ясы, але пагроза нападу Швецыі прымусіла заключыць з Турцыяй Бялградскі мірны дагавор 1739, паводле якога Расія зноў вярнула сабе Азоў. Вайна 1768—74 была працягам барацьбы Расіі за выхад да Чорнага м. Асманская імперыя імкнулася пашырыць свае ўладанні на Каўказе і Прычарнамор’і і захапіць Астрахань; яна выступала таксама супраць узмацнення рас. ўплыву ў Польшчы, дзе ў 1764 каралеўскі пасад заняў стаўленік Расіі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Зачэпкай да вайны паслужыла адхіленне Расіяй тур. ультыматуму аб вывадзе рас. войск з Польшчы, дзе яны з 1768 вялі ваен. дзеянні супраць Барскай канфедэрацыі. У гэтай вайне больш удала дзейнічалі рас. армія і флот, поспехі якіх прымусілі Турцыю заключыць Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774, паводле якога Расія атрымала Кінбурн, Керч, Енікале — выхад да Чорнага м.Вайна 1787—91 абвешчана Турцыяй у адказ на далучэнне да Расіі Крыма і пераход пад яе апеку Грузіі (гл.Георгіеўскі трактат 1783). З 1788 на баку Расіі ваявала Аўстрыя.
Летам 1789 саюзнікі нанеслі тур. войскам шэраг паражэнняў. У снеж. 1790 рас. войскі занялі Ізмаіл, у 1791 — Анапу, у 1791 перамогу пад Каліякрыяй атрымаў рас. флот. Яскі мірны дагавор 1791 пацвердзіў далучэнне да Расіі Крыма, устанавіў рас.-тур. мяжу па Днястры. Вайну 1806—12 ініцыіравала Турцыя, якая пры падтрымцы Напалеона I імкнулася аднавіць панаванне на Чорным м. У ліст. 1806 рас. войскі занялі Бесарабію, Малдову, Валахію. У снеж. 1806 Турцыя абвясціла вайну Расіі. Перамір’е паміж Турцыяй і Расіяй, заключанае ў жн. 1807, доўжылася да сак. 1809, пасля якога рас. войскі атрымалі шэраг буйных перамог. Гэта прымусіла Турцыю заключыць Бухарэсцкі мірны дагавор 1812, які пацвердзіў далучэнне да Расіі Бесарабіі і Зах. Грузіі. Вайна 1828—29 адбылася ў выніку абвастрэння барацьбы еўрап. дзяржаў за падзел уладанняў Асманскай імперыі, яна актывізавалася ў сувязі з грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыяй 1821—29. Саюзны флот Расіі, Англіі і Францыі ў Наварынскай бітве 1827 разграміў тур. флот. Турцыя абвясціла «свяшчэнную вайну» супраць Расіі. У 1828 рас. войскі занялі Валахію і Малдову, крэпасці на Каўказе Ахалцых, Поці, Баязет; у 1829 перайшлі Балканы, занялі Адрыянопаль і выйшлі на подступы да Стамбула. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 да Расіі адышло каўказскае ўзбярэжжа Чорнага м. (да Батумі) і раён Ахалцыха; Грэцыя атрымала незалежнасць, а Сербія, Малдова і Валахія — аўтаномію. Вайна 1853—56, гл.Крымская вайна 1853—56. Вайна 1877—78 выклікана ўздымам нац.-вызв. руху на Балканах і абвастрэннем міжнар. адносін на Б. Усходзе (гл.Герцагавінска-Баснійскае паўстанне 1875—78, Красавіцкае паўстанне 1876). Імкнучыся аднавіць страчанае ў Крымскай вайне 1853—56 пануючае становішча на Балканах, Расія пад лозунгам «абароны братоў-славян» выступіла супраць Турцыі. На баку Расіі змагаліся рум. войскі і балг. апалчэнцы, Сербія і Чарнагорыя. Летам 1877 рас. армія фарсіравала Дунай, атрад І.У.Гуркі (гл. ў арт.Гуркі) перайшоў Балканы. Пасля гераічнай абароны Шыпкі ў жн. 1877 рас. войскі да студз. 1878 занялі Плеўну, Сафію, узялі ў палон тур. армію (30 тыс.чал.) у раёне Шыпка—Шэйнава і падышлі да Стамбула. На Каўказе рас. армія заняла Карс і выйшла да Эрзурума. У гэтай вайне актыўна ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. 54-ы пях. Мінскі полк адзін з першых фарсіраваў Дунай, вызваліў г. Свіштоў, вызначыўся пад Шыпкай і Шыпкай—Шэйнава. З шэрагу гарадоў Беларусі накіроўваліся добраахвотнікі. Нац.-вызв. рух слав. народаў падтрымалі і бел. рэвалюцыянеры-эмігранты, у т. л. М.К.Судзілоўскі. На карысць балгар і на падтрымку рас. арміі збіралі грошы. Паводле Сан-Стэфанскага міру 1878 (абмежаваны Берлінскім кангрэсам 1878) да Расіі далучаны паўд. Бесарабія, Карс і Батум з акругамі; Румынія, Сербія, Чарнагорыя атрымалі незалежнасць; Балгарыя абвешчана аўтаномным княствам; Боснія і Герцагавіна атрымалі аўтаномію ў межах Турэцкай імперыі. У гонар перамогі на вайск. могілках у Мінску пабудаваны храм-помнік — Мінская царква Аляксандра Неўскага. Ген. М.Дз.Скобелеў выбраны ганаровым грамадзянінам Мінска.
У час Р.-т.в. 17—19 ст. вызначыліся рас. палкаводцы і флатаводцы: Б.К.Мініх, П.А.Румянцаў, Р.А.Пацёмкін, А.В.Сувораў, М.І.Кутузаў, П.І.Баграціён, Ф.Ф.Ушакоў, П.С.Нахімаў і інш.
Літ.:
Смирнов Н.А. Россия и Турция в XVI—XVII вв. Т. 1. М. 1946;
Петров А.Н. Война России с Турцией и польскими конфедератами, 1769—1874. Т. 1—5. СПб., 1866—74;
Яго ж. Вторая турецкая война в царствование императрицы Екатерины II, 1787—1791 Т. 1—2. СПб., 1880;
Яго ж. Война России с Турцией, 1806—1812. Т. 1—3. СПб., 1885—87;
Мегрелидзе Ш.В. Закавказье в русско-турецкой войне 1877—1878 гг. Тбилиси, 1972;
100-летие освобождения Болгарии от османского ига, 1878—1978. М., 1978;
Морской атлас. Т. 3, ч. 1. [М.]. 1958;
Мельцер Д.Б. Из истории белорусско-болгарских связей // Вопросы истории БССР. Мн., 1969. Вып. 37;
Широкорад А.Б. Русско-турецкие войны, 1676—1918 гг.Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас. арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й арміі ген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц. арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв. Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,
частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс.км², нас. 4,6 млн.чал. (1931). Гал.культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс.чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне» («усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл.Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Аленац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ.«Чырвоны сцяг». час.«Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр.час.«Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр.бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел.нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ваБел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ваБел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв.нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.
Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл.Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;
Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.
І.П.Хаўратовіч.
Да арт.Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.Да арт.Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),
Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр. адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Алеідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.