ВАЛЫ́НЦАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 7—8 ст. у бас. р. Дзясна і Сейм. Назва ад в. Валынцава Сумскай вобл. (Украіна). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на гарадзішчах і селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай і слупавой канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка, пахаванні бескурганныя, урнавыя. Кераміка ў асноўным ляпная, ганчарнай менш за 10%. Сярод знаходак жал. нажы, шылы, касцяныя праколкі, жал. і бронзавыя спражкі, зброя і інш. Большасць даследчыкаў лічыць валынцаўскую культуру славянскай са значным іншакультурным уплывам, што сведчыць пра этн. неаднароднасць яе насельніцтва.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСЛЕ́ПНА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка, за 22 км на У ад г. Гарадок. Пл. 1,96 км², даўж. 3,29 км, найб. шыр. 1,21 км, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 9,9 км. Пл. вадазбору 9,43 км².

Схілы катлавіны выш. 5—10 м, параслі лесам. Берагі пад лесам і хмызняком. 7 астравоў агульнай пл. 7 га. Мелкаводная частка катлавіны вузкая, стромкая, глыбакаводная плоская. Дно выслана глеем і сапрапелем. Злучана пратокай з воз. Вымна. На возеры гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі — гогаля звычайнага.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХАВО́ДКА (Alburnus alburnus),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў Еўропе ад бас. Белага м. на Пн да Каўказа на Пд. Шматлікая ў рэках, азёрах, вадасховішчах, сажалках. На Беларусі звычайная; нар. назва ўклейка, акляя, аклейка, сяляўка, сібіль, верхаплаўка.

Даўж. 9—20 см, маса 10—60 г. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў. Спіна шаравата-блакітная, шэра-зеленаватая, бакі, брушка серабрыста-белыя, бліскучыя. Рот канцавы. Корміцца планктонам, насякомымі, водарасцямі. Знішчае ікру і малявак рыб. Верхаводкамі кормяцца драпежныя рыбы. Палавая спеласць у 2—3 гады. Чародная. Аб’ект промыслу.

Верхаводка.

т. 4, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СЛІЦА,

рака ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., правы прыток Бобрыка 1-га (бас. Прыпяці). Даўж. 41,8 км. Пл. вадазбору 543 км². Пачынаецца асушальнай канавай за 2 км на Пд ад в. Рэчкі, цячэ па зах. частцы нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі — каналы Ліпнікі і Дабраслаўка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, паміж в. Юзафін і в. Новы Двор трапецападобная, шыр. 1—3 км. Пойма двухбаковая, шыр. 300—700 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае (шыр. да 4 м, ніжэй в. Новы Двор да 20 м), абвалавана дамбамі.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТЫ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 15 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 0,2 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,8 м, даўж. берагавой лініі 2,7 км. Пл. вадазбору 3,1 км². Схілы катлавіны разараныя, на У пад хваёвым лесам. Берагі (акрамя паўд. і асобных паўн. участкаў) нізкія, сплавінныя. Да ўсх. і зах. берагоў прымыкае балота. Дно плоскае, выслана сапрапелем. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Зарастае. Сцёк па ручаі ў воз. Снуды.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛАСНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 13 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,25 км², даўж. 1,14 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі 3,33 км. Пл. валазбору 4,35 км². Схілы катлавіны выш. 15—20 м, на Пд і У 3—10 м, парослыя лесам і хмызняком. Берагі высокія, пясчаныя, на ПдЗ і ПнУ месцамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае. Зарастае. На ПнУ упадае ручай з воз. Некалач, на Пд выцякае ручай з воз. Мухна.

т. 4, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНЬ,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 1 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 0,37 км², даўж. 1,29 км, найб. шыр. 470 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,74 км. Пл. вадазбору 22,7 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, парослыя хмызняком. Берагі пераважна нізкія, на Пн сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, высланае сапрапелямі. Востраў пл. 1 га. Расліннасць да глыб. 2 м, займае 45% пл. возера. Злучана пратокай з воз. Асінаўка, на Пд упадае ручай з воз. Кацілава.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЎЧЫН, Воўчына,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р.

Мядзелка, за 12 км на Пн ад г.п. Мядзел. Пл. 0,53 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 450 м, найб. глыб. 32,9 м, даўж. берагавой лініі 4,29 км. Пл. вадазбору 3,68 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на Пн 4—5 м), пад лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагі высокія, у паўн. заліве нізкія, забалочаныя. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная. Надводная расліннасць амаль адсутнічае, падводная высцілае дно да глыб. 4 м. Выцякае ручай у р. Мядзелка.

т. 4, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЧЭГДА,

рака на Пн еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл., правы прыток Паўночнай Дзвіны. Даўж. 1130 км, пл. бас. 121 тыс. км². Пачынаецца на схілах Ціманскага кража. У вярхоўях даліна вузкая, ёсць парогі, ніжэй — шырокая; у пойме шмат праток і старыц. Гал. прытокі: Вым (справа), Сысала (злева).

Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 1160 м³/с. Суднаходная да прыстані Вольдзіна (938 км). Сплаўная. На Вычэгдзе — г. Сыктыўкар, Сольвычагодск, Котлас (у вусці).

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́РНІКАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (н. 23.12.1927, с. Мокша Кіраўскай вобл., Расія),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1958 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя партыі — у рус. класічных операх: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Варлаам і Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна); Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Лаўрэат міжнар. конкурсу вакалістаў імя Р.​Шумана (Берлін, 1956, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1969.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)