складаныя бялкі — імунаглабуліны, якія сінтэзуюцца клеткамі лімфатычнай тканкі чалавека і цеплакроўных жывёл пад уплывам антыгенаў. Здольныя спецыфічна звязвацца з імі ў імунныя комплексы, што забяспечваецца прасторавай узаемадапаўняльнасцю (камплементарнасцю) паверхняў малекул антыцел і антыгена. Дзякуючы рэакцыям звязвання антыцел з антыгенамі адбываецца нейтралізацыя мікробных таксінаў, імабілізацыя і ўстараненне мікраарганізмаў, чужародных арганізму бялкоў і поліцукрыдаў, а таксама ўласных клетак са змененай паверхневай мембранай. Адначасова яна ляжыць у аснове патагенетычнага механізма анафілаксіі, сываратачнай хваробы і аўтаімунных захворванняў. У лабараторнай практыцы рэакцыя выкарыстоўваецца для дыягностыкі хвароб, ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў і асобных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДА (франц. arcade),
шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л.Пабудаваны ў 1886 у Брэсце ў псеўдарускім стылі (арх. Я.Гарбуноў, В.Лорберг, Л.Нікалаі). У Вял.Айч. вайну разбураны. У 1956 адноўлены ў старых параметрах са зменай планіроўкі і кампазіцыі. Цэнтр. аб’ём з 2-светлавым вестыбюлем, заламі чакання, службовымі і дапаможнымі памяшканнямі вылучаны вежай са спічаком. Бакавыя флігелі аб’яднаны з асн. будынкам агульным верхнім поясам і радам квадратных у плане пілонаў. Зала чаканняў упрыгожана смальтавай мазаікай на тэму абароны Брэсцкай крэпасці (1973). Абапал вакзала праходзяць чыг. пуці, пад імі — віядукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЕЎ (Уладзімір Трафімавіч) (н. 14.7.1937, в. Азіна Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. матэматык. Канд.фіз.-матэм.н. (1966), праф. (1993). Скончыў БДУ (1959). З 1979 у Мін-ве вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі Беларусі, з 1988 прарэктар Бел.тэхнал. ун-та. Навук. працы па рыманавай геаметрыі і методыцы выкладання матэматыкі. Адзін з аўтараў «Зборніка задач па дыферэнцыяльнай геаметрыі» (2-е выд. 1979).
Тв.:
Математический словарь высшей школы. 2 изд. М., 1988 (разам з А.Ф.Навумовічам, Н.Ф.Навумовічам);
Основные математические формулы: Справ. 3 изд. Мн., 1995 (з імі ж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСТРЭ́Л,
нарміраваная здабыча дзікіх жывёл з дапамогай агнястрэльнай або механічнай зброі дыстанцыйнага дзеяння. Праводзіцца ў вызначаныя гасп. ці прыродаахоўнымі органамі тэрміны і паводле ўстаноўленых імі нормаў здабычы ў прамысл., старт. і навук. мэтах, а таксама для аздараўлення ці аптымізацыі структуры (селекцыйны адстрэл) папуляцый. Адстрэл відаў, занесеных у Чырвоную кнігу, забаронены. Адстрэл многіх інш. відаў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. прыродаахоўнага заканадаўства, ажыццяўляецца на падставе ўзгодненых квот (напр., адстрэл кітоў) або выдадзеных ліцэнзій (на Беларусі, напр., ліцэнзійная здабыча аленяў, дзікоў і інш. Звяроў). Гл. таксама Паляванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙСКАЯ РА́СА,
тэрмін у заходнееўрапейскай антрапалогіі і расазнаўстве, уведзены ў 19 стагоддзі. Абгрунтоўваў перавагу белай расы, у т. л. існаванне «вышэйшага» расавага тыпу — бялявых арыйцаў, заснавальнікаў вялікай цывілізацыі. Памылковасць тэрміна вынікала з блытаніны паняццяў моўнай і расавай класіфікацыі. У мовазнаўстве арыйскімі называюць індаіранскія мовы, але іх носьбіты не маюць агульных фізічных уласцівасцяў і не ўтвараюць адзінай расы. Тэорыя расавай перавагі, неабходнасці захавання чысціні крыві і пануючага становішча нямецкай нацыі стала асновай ідэалогіі германскіх фашыстаў, выкарыстоўвалася імі для абгрунтавання палітыкі захопу і заняволення іншых народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ЎДА́Р,
раптоўнае ўзрывападобнае разбурэнне гранічна напружанай ч. масіву карыснага выкапня (пласта вугалю, пароды), які прылягае да падземнай горнай вырабаткі. Суправаджаецца выкідам карыснага выкапня ці пароды ў горную вырабатку, моцным гукам і магутнай паветр. хваляй, разбурэннем мацаванняў, машын і абсталявання. Выклікаецца наяўнасцю ў масіве горнай пароды тэктанічных напружанняў, якія пераўзыходзяць па сваёй велічыні гравітацыйныя. Горныя ўдары звычайна адбываюцца пры глыбіні распрацоўкі больш за 200 м. Барацьбу з імі вядуць шляхам паніжэння горнага ціску на вугальны пласт, руднае цела (апераджальная адпрацоўка бяспечных суседніх пластоў, рыхленне ўзрывамі, напампоўванне вады ў пласт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́НБЕ́КЕРЫ (англ. greenbackers ад greenbacks літар. зялёныя спінкі),
удзельнікі фермерскага руху ў ЗША у 1870—80-я г. Выступілі ў 1875 з мэтай захаваць у абарачэнні абясцэненыя папяровыя грошы (т.зв. грынбекі, іх адваротны бок меў зялёны колер, адсюль назва), спадзеючыся заплаціць імі працэнты па даўгах. У 1875—76 створана паліт. партыя грынбекераў, якая пасля аб’яднання з дробнымі гар. прадпрымальнікамі і рабочымі стала называцца Нац. грынбекерска-рабочай партыяй. Пасля паражэння іх кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 1884 партыя перастала існаваць. У 1890-я г. грынбекеры прынялі ўдзел у руху папулістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАСАВЫ́ АПАРА́Т,
сукупнасць анатамічных структур, з дапамогай якіх у чалавека і жывёл з лёгачным дыханнем утвараюцца гукі. Складаецца з галасавых звязак — складкі са злучальнай тканкі на ўнутр. паверхні бакавых сценак гартані. Прамежак паміж імі — галасавая шчыліна. Ва ўтварэнні гукаў удзельнічаюць дыхальныя шляхі (трахея, бронхі), а таксама лёгкія. На адценні гукаў уплываюць глотка, насавая поласць з прыдаткавымі пазухамі, ротавая поласць. Паветра з лёгкіх выходзіць праз галасавую шчыліну, ад гэтага звязкі вібрыруюць і ўтвараюць гукавыя хвалі. Змена шырыні галасавой шчыліны і ступені нацягнутасці галасавых звязак уплывае на вышыню і моц гуку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫ́ДЫ,
дынастыя султанаў, якая правіла на тэр. сучаснага Афганістана і ч. Індыі ў 1148—1206. Паходзілі з роду Суры. Цэнтр заснаванай імі дзяржавы ахопліваў горную вобл. Гур у Афганістане (адсюль назва дынастыі), сталіцамі былі гарады Фірузкух і Газні. Найб. магутнасці дасягнулі ў час. праўлення братоў Гіяс-ад-дзіна Мухамеда [1163—1203] і Шыхаб-ад-дзіна (Муіз-ад-дзіна ці Мухамеда Гуры, правіў у 1203—06), якія заваявалі амаль усе афг. землі, Сінд, Пенджаб, Бенарэс і інш. вобласці і гарады Індыі. Пасля ваен. паражэння Гурыдаў у барацьбе з харэзмшахамі іх дзяржава распалася (1206).