ПРАВАВО́ГА ПАРА́ДКУ ПА́РТЫЯ,
партыя буйных прадпрымальнікаў і землеўладальнікаў у Расіі ў 1905—07. Узнікла ў кастр. 1905. Праграма (ліст. 1905): увядзенне «прававога парадку» (канстытуцыі), «адзінства і непадзельнасць» Рас. імперыі, «моцная дзярж. ўлада», умацаванне аўтарытэту манархіі, скасаванне абшчыннага землеўладання ў вёсцы, забарона забастовак пры паляпшэнні жыцця рабочых і «магчымым скарачэнні рабочага дня». У 1906—07 распалася: частка далучылася да акцябрыстаў, частка да манархістаў.
т. 12, с. 526
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСЯ́ЖНЫ ПАВЕ́РАНЫ,
афіцыйнае найменне адвакатаў у Расійскай імперыі. Уведзены суд. рэформай 1867. П.п. магла быць асоба з вышэйшай юрыд. адукацыяй і практычным стажам работы ў якасці памочніка П.п. або суд. работы. П.п. складалі самакіруючыя карпарацыі, нагляд за дзейнасцю якіх ажыццяўлялі саветы П.п. і суд. палаты, а з 1874 акр. суды (там, дзе саветы П.п. не былі створаны). Гл. таксама Прыватны павераны.
т. 13, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДА́ЛЫ (лац. Vandali),
група старажытнагерманскіх плямён. Спачатку жылі на Скандынаўскім п-ве, у 1—3 ст. займалі раён сярэдняга і верхняга Одэра. На пач. 5 ст. пад націскам вестготаў перасяліліся ў Іспанію. У 429—439 адваявалі ў Рым. імперыі значную частку Паўн. Афрыкі, заснавалі тут сваё каралеўства — адну з самых моцных дзяржаў Міжземнамор’я. У 455 захапілі і разрабавалі Рым (адсюль вандалізм). У 534 дзяржава вандалаў заваявана Візантыяй.
т. 3, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́НСКІ ДАГАВО́Р 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі, сынамі Людовіка Набожнага. Заключаны ў г. Вердэн. Аформіў канчатковы распад Франкскай дзяржавы (пачаўся ў 814). Паводле дагавора ўладанні на З ад Рэйна (Зах.-Франкскае каралеўства, будучая Францыя) атрымаў Карл Лысы, землі на У ад Рэйна (Усх.-Франкскае каралеўства, будучая Германія) — Людовік Нямецкі, а паласу зямлі па левабярэжжы Рэйна (будучая Латарынгія) і Паўн. Італію — старэйшы ўнук Лотар.
т. 4, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НЫ (Antonini),
дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].
Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым. грамадзянства і інш.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА.
Існавала ў ВКЛ у канцы 18 ст. Утворана ў 1793 у час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Паводле рашэння надзвычайнага Гродзенскага сойма 1793 Браслаўскі павет Віленскага ваяв. вылучаны ў асобнае ваяводства з цэнтрам у г. Браслаў (з 1794 — Відзы). Падзелу на паветы не было. Скасавана ў 1795 у час 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Яго тэр. ўвайшла як павет у Віленскую губ. Рас. Імперыі.
т. 3, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАКРА́ТЫЯ (ад грэч. autokrateia самаўладдзе, самадзяржаўе),
сістэма дзярж. кіравання, пры якой адной асобе належыць неабмежаваная вярхоўная ўлада, што не кантралюецца прадстаўнічымі органамі. Аўтакратычнымі былі дэспатычныя манархіі Стараж. Усходу, тыранічнае праўленне ў некаторых стараж.-грэч. дзяржавах, Рымская і Візантыйская імперыі, абсалютныя манархіі новага часу, паліт. рэжымы, вярх. ўлады «лідэраў» тыпу фюрэра, дучэ, каўдзільё. Паняцце «аўтакратыі» выкарыстоўваецца таксама для вызначэння неабмежаваных паўнамоцтваў у якой-н. сферы дзярж. дзейнасці.
т. 2, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭМА́ЛЬ-АД-ДЗІН АЛЬ-АФГАНІ́ (Мухамед Сеід) (1838, с. Асадабад, каля Кабула — 9.3.1897),
мусульманскі рэліг. і паліт. дзеяч, філосаф, пісьменнік, публіцыст. Заснавальнік панісламізму. Заклікаў да мадэрнізацыі ісламу з мэтай паліт. адраджэння халіфата пад эгідай Асманскай імперыі і вызвалення з-пад еўрап. паліт. і культ. ўплыву. У 1883—86 жыў у Зах. Еўропе. Выдаваў у Парыжы газ. «Надзейная апора». Аўтар твораў на перс. мове «Абвяржэнне матэрыялізму».
т. 6, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЯЛЁЎ (Павел Дзмітрыевіч) (19.1.1788, Масква — 26.11.1872),
дзяржаўны дзеяч Рас. імперыі, удзельнік войнаў 1812 і руска-тур. 1828—29. З 1835 нач. V Аддзялення імператарскай канцылярыі («штаба па сялянскай частцы»), з 1837 — 1-ы міністр дзярж. маёмасцей. Прыхільнік абмежавання і лібералізацыі феад.-прыгонніцкіх адносін. У 1830—50 правёў рэформу дзярж. вёскі, ініцыіраваў інвентарную рэформу 1840—50. У 1856 адхілены ад спраў і адпраўлены паслом у Францыю.
т. 8, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКВ’Е́ТЫ,
старажытны народ, продкі сучасных в’етнамцаў (гл. В’еты). У 3 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. насялялі паўн. і цэнтр. раёны В’етнама. Асн. занятак — паліўное земляробства, часткова рыбалоўства. У 3 ст. да н.э. Л. стварылі дзяржаву Аўлак, на культуру якой зрабіў уплыў інд. будызм. У 1 ст. н.э. Аўлак заваяваны войскамі кіт. імперыі Хань. З 3 ст. на аснове Л. пачалося складванне в’етн. народнасці.
т. 9, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)