Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НІЯ (ад грэч. mania вар’яцтва, шаленства, захопленасць),
маніякальны сіндром, псіхапаталагічны стан, пры якім хворы чалавек нематывавана ўзрушаны, увага няўстойлівая, назіраецца моварухальнае ўзбуджэнне, зменлівы настрой. Найчасцей развіваецца пры эндагенных захворваннях (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз, шызафрэнія), бывае вынікам хвароб галаўнога мозга і інш. У цяжкіх выпадках М. ўзнікаюць галюцынацыі, зацямненне свядомасці. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЗІ́Т (ад мія... + ...іт),
запаленне шкілетных мышцаў чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны; гнойны (напр., флегманозны) і нягнойны (напр., серозны, туберкулёзны і інш.). Асаблівая форма — асіфіцыравальны М., пры якім у тоўшчы мышцаў утвараюцца ўчасткі касцявой тканкі. Суправаджаецца болямі, прыпухласцю, парушэннем функцыі мышцаў. Лячэнне тэрапеўт. і сімптаматычнае (абязбольвальныя сродкі, фізіятэрапія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ШКА,
металарэзны інструмент, якім наразаюць ці накатваюць вонкавую разьбу на балтах, шрубах або інш. дэталях машын. Да найб. пашыраных наразных П. адносяцца разразныя (круглыя, квадратныя, шасцігранныя), суцэльныя круглыя (леркі) і трубчастыя. Накатныя П. складаюцца з дзвюх прамавугольных прызмаў (ці двух ролікаў), профіль рабочай часткі якіх процілеглы профілю разьбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБЛІ́ВЫ ПУНКТу матэматыцы, 1) Асаблівы пункт крывой, зададзенай ураўненнем , пункт M0 (x0, y0), у якім роўныя нулю абедзве першыя частковыя вытворныя функцыі (напр., пачатак каардынат пункт 0). Асаблівы пункт бывае: двайны пры ўмове, што не ўсе другія частковыя вытворныя роўныя нулю; трайны, калі разам з першымі вытворнымі ператвараюцца ў нуль у пункце M0 і ўсе другія вытворныя, але не ўсе трэція вытворныя роўныя нулю; і гэтак далей.
2) Асаблівы пункт дыферэнцыяльнага ўраўнення — пункт, у якім адначасова роўныя нулю лічнік і назоўнік правай часткі ўраўнення
, дзе P і Q — неперарыўна дыферэнцавальныя функцыі (гл.Дыферэнцыяльныя ўраўненні). У залежнасці ад паводзін інтэгральных крывых у наваколлі Асаблівага пункта адрозніваюць: вузел, сядло, фокус, цэнтр і інш. 3) Асаблівы пункт. адназначнай аналітычнай функцыі — пункт, у якім парушаецца аналітычнасць функцыі (гл.Аналітычныя функцыі). Адрозніваюць асаблівы пункт ізаляваны (у наваколлі асаблівага пункта няма іншых асаблівых пунктаў), папраўны (ізаляваны асаблівы пункт з канечным лімітам
), полюс або неістотна асаблівы пункт (ізаляваны асаблівы пункт і
, істотна асаблівы пункт (ліміт не існуе). Для мнагазначных аналітычных функцый паняцце асаблівага пункта больш складанае. Кожны асаблівы пункт з’яўляецца перашкодай пры аналітычным прадаўжэнні ўздоўж крывой, якая праходзіць праз яго.
В.І.Громак.
Асаблівы пункт крывых: а, б — пачатак каардынат (пункт 0); в, г — вузел; д — сядло; е — фокус; ж — цэнтр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬКО́ЎСКІ (Ігнат Антонавіч) (каля 1765, Віцебшчына — 11.1.1832),
бел. публіцыст. З 1783 на дзярж. службе — саветнік Бел. губернскага праўлення, віцебскі губернскі пракурор, віцэ-губернатар. З 1817 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку Мілае каля Віцебска Супрацоўнічаў у рус. часопісах. У «Пісьме з Віцебска» («Сын Отечества», 1813) асуджаў агрэсію Напалеона, услаўляў гіст. подзвіг народаў Расіі ў вайне 1812. У 1831 узнаг. залатым медалём Вольнага эканам.т-ва ў Пецярбургу за конкурсны твор «Адказ на задачу, прапанаваную імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: «Якім чынам лёгка і танна выправіць сялянскія пабудовы або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні?» (выд. 1833), у якім патрабаваў паляпшэння быт. умоў сялян, выказваў каштоўныя думкі па пытаннях сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Публіцыстыка М. вылучаецца эмацыянальнасцю, спавядальнасцю, шырынёй кругагляду. Мяркуюць, што пісаў і па-беларуску, некат. даследчыкі лічаць яго аўтарам «Энеіды навыварат».
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.
Існаваў у 1680—1832 у Оршы. Засн. рэчыцкім стольнікам Войцехам Станіславам Катоўскім. Мураваны касцёл з бакавой вежай-званіцай асвячоны 10.8.1768. Тады ж пабудаваны жылы корпус, у якім пасля закрыцця кляштара размяшчаліся інвалідная каманда, потым арыштанцкі дом, у 1920—30-я г. рамеснае вучылішча. Касцёл знесены ў 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К [ад бі... + лац. col- (con-) з, разам + lateralis бакавы],
правадны пучок сасудаў вышэйшых раслін, у якім да драўніны (ксілемы) з вонкавага і ўнутр. бакоў прылягаюць 2 цяжы лубу (флаэмы). Складаецца з аднаго поўнага калатэральнага пучка і шчыльна прылеглага да яго няпоўнага пучка. Бікалатэральны пучок характэрны для сцёблаў гарбузовых і паслёнавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ТВАННЕ, акамкаванне,
метад атрымання камякоў пылападобнай руды, мінер. угнаенняў ці танказдробненых канцэнтратаў, спяканне якіх ускладнена. Увільготнены матэрыял у вярчальным барабане ці талерчатым гранулятары ператвараецца ў камякі, трываласць якім надаецца хім. спосабам, абпальваннем ці высушваннем. Канчатковы прадукт наз.акатышам. У каляровай металургіі акатваюцца свінцовыя, медныя, нікелевыя канцэнтраты, для жал. рудаў акрамя акатвання выкарыстоўваюць агламерацыю.