БАГУШЭ́ЎСКІ (Ян) (1881 — ?),

бел. скульптар. Вучыўся ў Кракаўскай АМ у К.​Ляшчкі, 5 гадоў жыў у Швейцарыі, дзе на яго творчасць паўплываў аўстр. сецэсіён (мадэрн). Багушэўскі — адзін з актыўных членаў культ. аб’яднання «Агніска» (Мінск, 1907), удзельнік маст. выставак, дзе экспанаваліся яго работы «Мінулыя часы», «Галава Буды» і інш., створаныя пад уплывам сімвалізму. У праграмным дакладзе на абмеркаванні маст. выстаўкі (Мінск, 1911) сцвярджаў вял. грамадска-выхаваўчыя магчымасці скульптуры.

А.​К.​Лявонава.

Я.Багушэўскі. Мінулыя часы. 1911.

т. 2, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́ЛЬСКАЯ (Адамовіч) Мар’яна

(1767?, Паставы — ?),

танцоўшчыца. Прыгонная А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне (у Г.​Петынеці) і Паставах (у Ле Ду). У 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Петынеці, выступала ў балеце «Шлюб самнітаў» (1783) і інш. на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. Пасля смерці Тызенгаўза (1785) перададзена каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і ўвайшла як другая салістка ў трупу «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці». У 1789 пакінула сцэну.

Г.​І.​Барышаў.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ГА ((Hugo) Густаў) (1764—1844),

нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,

персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.​К.​Андэрсен, І.​В.​Гётэ, Э.​Сю, П.​Б.​Шэлі, В.​А.​Жукоўскі і інш.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖОНС ((Jones) Ініга) (15.7.1573, Лондан — 21.6.1652),

англійскі архітэктар. Неаднаразова наведваў Італію, дзе вывучаў работы А.Паладыо (да яго трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» выдаў каментарыі ў 1715) і Дж.Віньёлы. У 1615—43 гал. дазорац каралеўскіх будынкаў. Як адзін з буйнейшых прадстаўнікоў англ. паладыянства сцвярджаў у айч. архітэктуры прынцыпы класічнага дойлідства. Яго праект палаца Уайтхал у Лондане (1619—22; пабудавана Банкетная зала), віла каралевы («Куінсхаўс») у Грынвічы (1616—35) адметныя выразнасцю кампазіцыі і высакароднай прастатой формаў.

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ПЛІН ((Joplin) Скот) (24.11.1868, г. Тэксаркана, ЗША — 1.4.1917),

амерыканскі піяніст, кампазітар, джазавы спявак. Атрымаў вядомасць як аўтар і выканаўца фартэпіянных твораў (каля 50) у стылі рэгтайм, які паўплываў на стылістыку музыкі яго балета «Танцавальны рэг» (1902), оперы «Трыманіша» (1911), мюзікла «Калі» (1916) і інш. Сярод інш. твораў інстр. п’есы «Сцяг з кляновым лістом» (1899), «Канферансье», мелодыя якой — вядучая муз. тэма фільма «Афера» (1973) — адрадзіла цікавасць да яго творчасці. Аўтар падручніка «Школа рэгтайма».

т. 6, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ЕЎ (Асман Мусаевіч) (11.10.1916, аул Хурзук Карачаеўскага р-на, Карачаева-Чэркесія — 18.2.1944),

удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1939). З пач. вайны на Зах. фронце, з жн. 1941 у партызанах — камісар групы, атрада, камандзір атрада, 121-га партыз. палка, які пасля гібелі К. названы яго імем. Вёска Сярмяжонка Бялыніцкага р-на перайменавана ў Асман-Касаева, у г.п. Бялынічы ўстаноўлены яго бюст.

А.М.Касаеў.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТАСТА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел дынамікі механізмаў і машын, у якім вызначаюцца рэакцыі элементаў кінематычных пар механізма пры ўмове, што закон яго руху вядомы. Метады К.м. заснаваны на дапушчэнні, што механізм у цэлым і асобныя яго звёны будуць знаходзіцца ў стане раўнавагі, калі да ўсіх знешніх сіл, прыкладзеных да звёнаў, дадаць сілы інерцыі (у адпаведнасці з Д’Аламбера прынцыпам). У К.м. карыстаюцца аналітычнымі і графічнымі метадамі статыкі пры праектаванні новых машын (для разліку іх на трываласць).

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЕЛЕШУКА́ЛЬНІК,

камплект электратэхнічнага абсталявання і прылад для вызначэння трасы і глыбіні залягання падземнага або падводнага кабелю, а таксама месцаў яго пашкоджання. Складаецца з генератара пераменнага току гукавой частаты, узмацняльніка гукавой частаты з антэнай (на ўваходзе) і галаўным тэлефонам (на выхадзе). У працэсе прасоўвання К. па макс. гуку ў тэлефоне вызначаюць трасу кабелю, а па рэзкім аслабленні — месца яго пашкоджання.

Прычапны нажавы кабелеўкладчык: 1, 2 — прапорачны і кабелепракладачны нажы; 3 — касета; 4 — кабель.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕ́Т А́КЦЫЙ,

доля агульнай сумы выпушчаных акцый, якая належыць яе трымальніку (уладальніку) і дае яму права рашаючага голасу на сходзе акц. т-ва, а таксама магчымасць кантраляваць яго дзейнасць, быць фактычным гаспадаром т-ва, распараджацца капіталам (сродкамі) астатніх яго ўдзельнікаў. Тэарэтычна гэта доля (частка) вызначаецца ў памеры 51% ад агульнай сумы акцый, але пры значным распаўсюджанні дробных акцый дастаткова валодаць 20—30% (часам і менш), каб поўнасцю кантраляваць дзейнасць т-ва.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)