Ві, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец.шкла, як антысептычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛЯВА́ННЕ (ад лац. granulum зярнятка),
наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам і інш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне і г.д.
Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры і інш.мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў і інш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў і інш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЦКІЯ,
бел. размалёўшчыкі шкла. У 2-й пал. 18 ст. працавалі на шклагутах Радзівілаў.
Мікалай (?—1794). Працаваў на гуце ў Налібаках, з 1739 ва Урэччы. Быў першым размалёўшчыкам па шкле, ствараў эскізы люстэркаў. У 1775—81 працаваў на мануфактуры Хадкевічаў у Чарнобылі, потым ізноў ва Урэччы. Гравіраваў узоры на шкляных пластах і рамах для люстэркаў, аздабляў дробную шкляную пластыку.
Ян (?—?), відаць, сын Мікалая. Да 1744 і пасля 1750 працаваў у Налібаках, паміж імі — ва Урэччы. Быў памочнікам Мікалая, потым першым мастаком. Аздабляў келіхі манаграмамі і гербамі, келіхі накшталт «флейтаў» — гравіраванымі арламі і сардэчкамі, бутэлькі — вайсковай атрыбутыкай і ініцыяламі, уплеценымі ў выцягнуты арнамент. У 1781 дэкарыраваў 190 шкляных прыбораў для Радзівіла (Мацея?), у 1781—84 аздобіў прыборы для караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у т. л. келіх з каралеўскім гербам і манаграмай. У 1784—85 стварыў набор шклянак з гравіраванымі яўр. літарамі.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́МНІЮ ДЫАКСІ́Д, крэменязём,
хімічнае злучэнне крэмнію з кіслародам, SiO2. У крышт. форме бясколернае цвёрдае рэчыва, існуе ў некалькіх паліморфных мадыфікацыях (у прыродзе сустракаюцца ў выглядзе мінералаў): кварц (tпл 1610 °C), трыдыміт (tпл 1680 °C), крыстабаліт (tпл 1723 °C); пры высокім ціску ўтвараюцца кітыт, каэсіт і сцішавіт (шчыльн. 4350 кг/м³, β-кварц мае шчыльн. 2530 кг/м³). Акрамя крышталічнага характэрныя і інш. формы існавання прыроднага крэменязёму: скрытакрышт. (халцэдон), аморфная (апал), тонкадысперсная (трэпел). Расплаўлены SiO2 пры астыванні пераходзіць у шклопадобны стан (гл.Кварцавае шкло).
К.д. не раствараецца ў вадзе, к-тах (акрамя плавікавай), арган. растваральніках. Хімічна ўстойлівы: узаемадзейнічае з фторам і фторыстым вадародам пры награванні (250—400 °C), са шчолачамі і многімі аксідамі пры сплаўленні ўтварае сілікаты. Прыродны К.д. выкарыстоўваюць у вытв-сці сілікатнага шкла, керамікі, абразіваў, бетону, для атрымання крэмнію; сінт. (т. зв. «белая сажа») — як напаўняльнік для гумы; монакрышталі кварца — у радыётэхніцы, акустаоптыцы і акустаэлектроніцы, ювелірнай справе (паўкаштоўныя камяні). Працяглае ўдыханне крэменязёмнага пылу выклікае сілікоз лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ ГО́РАДА О́РШЫ.
Засн. ў 1989 у г. Орша Віцебскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 170 м², 5,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Мае раздзелы: горад старажытны, у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, Рас. імперыі, Орша ў 20 ст. Сярод экспанатаў кераміка, вырабы з косці, шкла, жалеза, ювелірныя вырабы з археал. раскопак аршанскіх стаянак і гарадзішча, Куцеінскага манастыра, макет Аршанскага замка, зброя з месца Аршанскай бітвы 1514, старадрукі 17—19 ст., матэрыялы пра дзейнасць арг-цый РСДРП, эсэраў, сацыяліст. будаўніцтва, паліт. рэпрэсіі 1930-х г., аднаўленне гаспадаркі ў вызваленым ад ням.-фаш. захопнікаў горадзе, пра ўраджэнцаў Аршаншчыны Герояў Сав. Саюза А.Д.Салянікава, М.Д.Сіяніна, пісьменніка У.Караткевіча і інш. Матэрыялы пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху ў раёне ў часы Вял.Айч. вайны экспануюцца ў гар. музеі К.С.Заслонава. У выставачнай зале праводзяцца выстаўкі твораў мастакоў, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Пад адкрытым небам размешчана экспазіцыя «Культавыя камяні Аршаншчыны».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1987 у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 263 м², каля 8,4 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). У 9 залах паказаны гіст. шлях Навагрудка ад стараж. часоў да вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў у 1944. Сярод экспанатаў археал. прылады працы з крэменю, бронзы, жалеза, керамічны посуд, упрыгожанні са шкла, бронзы 10—13 ст., прадметы імпарту з Кіеўскай зямлі, Скандынавіі, краін Зах. Еўропы і Б. Усходу. Экспазіцыя расказвае пра стварэнне ВКЛ, вял. князёў Міндоўга, Войшалка, Вітаўта. Дыярамы, малюнкі, фотакопіі дакументаў і інш. матэрыялы знаёмяць з жыццём горада ва ўмовах магдэбургскага права, войнаў 17—18 ст. Асобныя экспазіцыі прысвечаны дзеячам навукі і культуры Я.Булгаку, Я.Драздовічу, Ф.Еўлашоўскаму, А.Міцкевічу, Я.Чачоту і інш., дзейнасці Навагрудскай беларускай гімназіі, польскай гімназіі імя А.Міцкевіча, т-вабел. школы. Экспазіцыя, прысвечаная Вял.Айч. вайне, расказвае пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. руху, фарміраванняў Арміі Краёвай, яўр.партыз. атрада Бельскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДЫЯ (Normandie),
гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, каля ўзбярэжжа праліва Ла-Манш. У старажытнасці населена кельтамі. Разам з Галіяй раманізавана і з 4 ст. хрысціянізавана. У 6 ст. заваявана франкамі. Пры Каралінгах аб’ект нападзенняў нарманскіх піратаў. У 911 правадыр нарманаў (адсюль назва) Ралон атрымаў Н. ад караля Карла III Праставатага ў якасці леннага ўдзела. Пасля нармандскага заваявання Англіі 1066 Н. — частка англа-нармандскай дзяржавы. У 12 ст. разам з англ. каронай перайшла пад уладу Плантагенетаў. У 1202—04 адваявана франц. каралём Філіпам II Аўгустам (замацавана пагадненнем 1259), але захавала асобныя прывілеі, самакіраванне гарадоў. У Стогадовую вайну 1337—1453 Н. — гал. арэна ваен. дзеянняў. У 1419 заваявана англічанамі. У 1450 вернута Францыі. У 1468 Людовік XI уключыў Н. ў каралеўскі дамен. У 1515 у г. Руан засн. парламент Н. У 16—17 ст. адна з найб. развітых гандл.-прамысл. правінцый Францыі (сукнаробства, выраб палатна, карункаў, шкла, жалеза і інш.). Пасля скасавання ў 1791 гіст.-адм. падзелу Францыі падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЙКА, паянне,
тэхналагічны працэс атрымання нераздымнага злучэння цвёрдых матэрыялаў расплаўленым прыпоем. Пры П. адбываецца ўзаемнае растварэнне і пранікненне асн. матэрыялу і вадкага прыпою, які запаўняе прамежак паміж злучанымі часткамі вырабу і пасля ахаладжэння цвярдзее з утварэннем суцэльнага паянага шва. П. злучаюць вырабы з металаў і іх сплаваў, радзей шкла, керамікі, графіту і інш. матэрыялаў у аўтамабіле- і прыладабудаванні, электроніцы, радыётэхніцы і інш.
Адрозніваюць П. цвёрдымі прыпоямі на аснове серабра, медзі і інш. (т-ра плаўлення 550—1100 °C) і мяккімі прыпоямі на аснове волава, свінцу і інш. (да 400 °C). У адрозненне ад зваркі канцы вырабаў, злучаных П., не аплаўляюцца. Для ачысткі паверхні металаў ад аксідных ці інш. плёнак выкарыстоўваюць флюсы. Для аблягчэння працэсу П. паверхні вырабаў часам папярэдне лудзяць (гл.Луджэнне). Неметалічныя матэрыялы злучаюць прыпоямі з актыўнымі металамі (напр., тытан, цырконій, хром) ці звычайнымі прыпоямі пасля металізацыі. Пры П. вырабы разам з прыпоем награюць у эл.печах, паяльнікамі, паяльнымі лямпамі, газавымі гарэлкамі, інфрачырвонымі і лазернымі прамянямі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
радовішча даламітаў у Віцебскім р-не, каля г.п. Руба, вёсак Вярхоўе, Гралева, Цякава, Койтава, Чырвоны Двор, на правым і левым берагах р.Зах. Дзвіна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі франскага яруса (верхні дэвон). Складаецца з 5 участкаў: Руба і Вярхоўе (адпрацаваныя), Цякава-Койтава (закансервавана), Гралева (распрацоўваецца), Чырванадворскі (рэзервовы). Даламіты шэрыя, жаўтавата-шэрыя, скрытакрышт., моцныя, участкамі трэшчынаватыя, порыстыя, кавернозныя, акварцаваныя, з лінзамі і праслоямі даламітавага пяску і друзу, маюць у сабе аксіду кальцыю CaO 23,8—34,5%, аксіду магнію MgO 14,7—22,6%. Разведаныя запасы (на ўчастках Гралева і Чырванадворскі) 843,7 млн.т, перспектыўныя 389,3 млн.т, астатак разведаных запасаў 748,1 млн.т (2000). Выяўленая магутнасць карыснай тоўшчы 10,5—30,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 22—44 м. У рэчышчы р.Зах. Дзвіна даламіты выходзяць на дзённую паверхню. Даламіты прыдатныя на выраб даламітавай мукі (для вапнавання кіслых глеб), друзу, мінер. парашку для асфальтабетону, напаўняльніка для покрыўнага слоя руберойду і часткова для нізкагатунковага шкла. Радовішча распрацоўваецца акц. т-вам «Даламіт».