белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 109 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл.Імунітэт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н, лесавік,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́Я (ад мікра... +грэч. spora семя, пасеў),
мікраспароз, стрыгучы лішай, грыбковае захворванне скуры і валасоў чалавека і жывёл. Выклікаецца паразітычнымі грыбкамі роду мікраспорум. У чалавека заражэнне адбываецца ад хворых катоў, сабак, людзей. На скуры валасістай ч. галавы з’яўляюцца буйныя (вотруб’епадобныя) ачагі акруглай формы з выразнымі межамі і абламанымі валасамі, абкружаныя белымі лусачкамі. На гладкай скуры — звычайна чырв. ачагі з прыўзнятым валікам па перыферыі. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл на М. хварэюць каты, сабакі, пушныя звяры, драпежнікі, коні, свінні, малпы, грызуны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,
рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФІРЫ́НЫ,
прыродныя арганічныя пігменты раслін, жывёл і чалавека; вытворныя парфіну (структуры з 4 пірольных кольцаў). Большасць П. у прыродзе — комплексы з металамі. Важнае біял. значэнне мае Fe-комплекс П. (у складзе гемаглабінаў, шэрагу ферментаў) і Mg-комплекс П. (хларафіл і яго аналагі). П. выяўлены таксама ў выдзяленнях жывёл, шалупайках яек і апярэнні птушак, ракавінах малюскаў, нафце і інш. Біясінтэз П. у клетках ажыццяўляецца з гліцыну і бурштынавай кіслаты. Парушэнні абмену П. (у т. л. прыроджаныя) прыводзяць да захворванняў чалавека (напр., да парфірыі скуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕВЕРА́ЦЫЯ (ад лац. perseveratio упартасць),
настойлівае ўзнаўленне ў чалавека якога-н. псіхічнага вобраза, дзеяння, стану (рухаў вобразаў або думак). Адрозніваюць П.: рухальныя (маторныя), сенсорныя (напр., пры некаторых формах эйдэтызму), эмацыянальныя (П. афекту) або інтэлектуальныя. Назіраецца ў паўсядзённым жыцці (у выглядзе памылак дзеянняў, апісак і інш.), асабліва пры стомленасці ці стрэсах, у паталогіі — пры псіхічных захворваннях, пашкоджаннях мозга. Уласна П. як з’явы, у значнай ступені адасобленыя і выпадковыя ў агульным кантэксце псіхічнага жыцця чалавека, трэба адрозніваць ад вядомых у псіхіятрыі idee fixe (неадчэпных думак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСЕЎДАМО́НАС (Psendomonas),
род няспораўтваральных бактэрый сям. псеўдаманад. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў паветры, глебе, марскіх і прэсных вадаёмах, сцёкавых водах, газавых і нафтавых радовішчах. Выяўляюцца на харч. прадуктах, целах жывёл і раслін, таксама ў гнойных ранах і экскрэментах хворых млекакормячых жывёл і чалавека.
Пераважна адзіночныя клеткі ў выглядзе дробных палачак з палярна размешчанымі жгуцікамі. Аэробныя арганізмы, грамадмоўныя, гетэратрофы. Некат. віды сінтэзуюць пігменты, вітаміны, антыбіётыкі або таксіны. Ёсць патагенныя і ўмоўна патагенныя для чалавека, жывёл і раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ МЕДЫЦЫ́НА,
галіна медыцыны, мэтай якой з’яўляецца бяспека і стварэнне аптымальных умоў жыццядзейнасці чалавека на ўсіх стадыях касм. палёту. Вывучае ўздзеянне фактараў касм. палёту (касм. выпраменьванне, бязважкасць, паскарэнне, вібрацыя, ізаляцыя ў замкнутай прасторы і інш.) на арганізм чалавека, распрацоўвае меры па змяншэнні іх шкодных уплываў, прафілактыцы і лячэнні захворванняў, метады адбору, падрыхтоўкі касманаўтаў і адаптацыі іх да зямных умоў пасля палёту. Выкарыстоўвае дасягненні фізіялогіі, псіхафізіялогіі, радыебіялогіі, гігіены, генетыкі і інш.
Зарадзілася ў 1950-я г. на базе авіяц. медыцыны і фізіял. даследаванняў у касмічнай біялогіі. Развіццё К.м. звязана з дасягненнямі ў асваенні касм. прасторы: першым палётам чалавека ў космас (1961), выхадам чалавека ў адкрыты космас (1965), высадкай на паверхню Месяца (1969). У СССР працу па К.м. ўзначальвала Камісія па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы АНСССР і Мін-ва аховы здароўя СССР. Міжнар. арг-цыі ў галіне К.м.: Камітэт па даследаванні касм. прасторы (COSPAR), Акадэмія авіяц. і касм медыцыны, Камітэт біяастранаўтыкі Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі. Даследаванні па К.м. праводзяць Расія, ЗША, Германія, Францыя і інш.
На Беларусі даследаванні ўплыву гіпергравітацыі на механізмы кампенсацыйных рэакцый вестыбулярнага апарату і біяхім. зрухі ад малых доз радыяцыі праводзіліся ў Ін-це фізіялогіі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Космическая биология и медицина. Т. 1—5. М., 1994;
грузінскі пісьменнік. Скончыў Гарыйскую настаўніцкую семінарыю (1882). У 1883—84 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Настаўнічаў. У 1879 выступіў з этнагр. нарысамі, у 1881 — з вершамі. Аўтар эпічных і філас. паэм, вершаў, драм. апавяданняў, нарысаў, публіцыст. і крытычных артыкулаў. У творах, набліжаных да нар.-паэт. легендаў і паданняў, паказаў мараль, героіку тагачаснай паўсядзённасці і мінуўшчыны, жыццё, псіхалогію і побыт горцаў, іх барацьбу за свае правы. Праблемы ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і прыроды, любоў да радзімы і народа, услаўленне вольнага, незалежнага чалавека — асноўнае ў паэмах «Алуда Кетэлауры» (1888), «Этэры», «Бахтрыёні» (1892), «Госць і гаспадар» (1893), «Змеяед» (1901) і інш. Паасобныя вершы Важа-Пшавелы на бел. мову пераклалі С.Грахоўскі, М.Хведаровіч.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1958.
Літ.:
Лундберг Е., Гогоберидзе Е. Важа Пшавела. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАСКО́П (грэч. hōroskopos літар. які назірае час),
табліца ўзаемнага размяшчэння планет і зорак на пэўны момент часу для зададзенага месца. Па гараскопе робяцца спробы прадказваць лёс чалавека, рысы яго характару, здароўе, кар’еру і інш. Гараскоп складаюць на канкрэтнага чалавека (індывідуальны), на дзяржаву, горад, прадпрыемства (мунданны), на пачатак якой-н. дзейнасці ці каб атрымаць адказ на пэўнае пытанне (характарны), на які-н. перыяд жыцця чалавека (салярны, планетарны, звязаны з Месяцам і інш.).
Першыя гараскопы складалі ў Вавілоне ў 5 ст. да н.э. Прадказанні першапачаткова мелі агульны характар. Удасканаленне гараскопа вяло да большай канкрэтызацыі. Цікавасць да складання гараскопа патрабавала добрага ведання астраноміі і стымулявала яе развіццё. Гараскоп змяшчае камбінацыю вял. колькасці элементаў (знакаў задыяка, нябесных дамоў, планет, зорак і інш.), якія знаходзяцца ў неперарыўным руху і, зафіксаваныя ў пэўны момант часу, даюць своеасаблівую матрыцу, што даследуецца астролагамі. Гл. таксама Астралогія.