ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,
саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т. л. бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.
З.І.Гіяргідзе.
т. 6, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДРАГЕ́ЛЬСТВА, мудрагелістая мова,
пазбаўленая сэнсавага значэння мова, у якой адносіны паміж тым, што абазначае, і тым, што абазначаецца, або не існуюць, або ўстанаўліваюцца адвольна і кожны раз нанава. Трапляецца ў стараж. магічных тэкстах, фальклоры (заклінанні, дражнілкі), у штодзённай мове (у экспрэсіўнай функцыі).
У рус. футурыстаў (тэрмін «М.» прапанаваў В.Хлебнікаў) — эксперым. паэт. мова, якая будуецца на гукаперайманнях, адвольных гукаспалучэннях і алагічных словапераўтварэннях. У лінгвістаў і паэтаў, якія групаваліся вакол час. «ЛЕФ», праблема М. была звязана з дэклараваннем «лінгвістычнай тэхналогіі», свядомай «пераробкі» літ. мовы. Для футурыстаў М было своеасаблівай лабараторнай работай па выяўленні выразных магчымасцей слова. Пэўны водгук тэорыя футурыстаў знайшла ў бел. л-ры. У асобных творах 1920-х г. прагучала думка пра неабходнасць аднаўлення мовы бел. паэзіі з арыентацыяй на М. Тэрмін «М.» часта ўжываецца для абазначэння незмястоўнага эксперыментатарства. Мудрагелістасць выказвання можа быць сінонімам вобразнай ускладненасці.
т. 11, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),
1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш. дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.
2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЛО́МБ (франц. aplomb літар. раўнавага) у харэаграфіі, упэўненая, свабодная манера выканання; уменне захоўваць у раўнавазе ўсе часткі цела. Тэрмін «апломб» ідзе ад прыёмаў віртуознай тэхнікі танца 18 ст. — «рабіць апломб» значыла заставацца ў раўнавазе на паўпальцах некалькі тактаў; у 1-й трэці 19 ст. — устойлівасць на кончыках пальцаў.
т. 1, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ЖАННЕ МАЯСТА́ТУ (ображенье маестату; ад лац. majestas вялікасць, гонар),
юрыдычны тэрмін часоў ВКЛ, які азначаў замах на дзярж. ўладу; у шырокім сэнсе слова — дзярж. здрада, замах на гонар і годнасць вял. князя, распаўсюджанне лжывых, ганебных чутак пра яго. У адпаведнасці з артыкуламі Статута ВКЛ 1588 абражанне маястату каралася смерцю.
т. 1, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),
1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.
2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.
т. 1, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАГО́Г (грэч. dēmagōgos літар. правадыр народа),
у Старажытнай Грэцыі, асабліва ў Афінах, кіраўнік паліт. групоўкі дэмакр. кірунку, які вёў за сабой народ. У канцы 5—4 ст. да н.э. тэрмін «Д.» набыў адмоўны сэнс і стаў абазначаць паліт. дзеяча, які імкнецца здабыць сабе папулярнасць шляхам падману і хлусні.
т. 6, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́НДЫ (лац. Calendae ад calare клікаць),
у старажытнарымскім календары першы дзень кожнага месяца. У адпаведнасці з традыцыяй гэты дзень абвяшчалі жрацы, якія склікалі (адсюль назва) народ. Лік дзён па К. вялі толькі рымляне, таму выраз «адкласці да грэч. К.» азначае адкласці назаўсёды. Ад слова «К.» ўзнік тэрмін Каляндар.
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКО́СНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
устойлівыя геахімічна пераўтвораныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку сумеснай дзейнасці жывых арганізмаў і абіягенных працэсаў. Да біякосных рэчываў адносяцца вада, атмасфера, тарфы, сапрапелі, каменныя вуглі, нафта, гаручы газ і сланцы, рыфы каралавага паходжання і інш. Утрымліваюць энергію, акумуляваную біясфернай экасістэмай. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926).
т. 3, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],
прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.
т. 5, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)