ПЕРШАБЫТНААБШЧЫ́ННЫ ЛАД,

у марксісцкай тэорыі 1-я ў гісторыі фармацыя грамадска-эканамічная, якая ахоплівае перыяд ад з’яўлення першачалавека да ўзнікнення ўласнасці і класавага грамадства. Гл. Першабытнае грамадства.

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРАТЫ́ЧНАЕ АДХІЛЕ́ННЕ ў тэорыі імавернасцей,

мера рассейвання выпадковай велічыні, роўная квадратнаму кораню з дысперсіі. У матэм. статыстыцы выкарыстоўваецца як мера якасці стат. ацэньвання і наз. квадратычнай памылкай (хібнасцю).

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙНБЕРГ ((Weinberg) Стэвен) (н. 3.5.1933, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1972). Скончыў Карнельскі ун-т (1954). З 1957 праф. розных ун-таў ЗША, з 1973 — Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, тэорыі гравітацыі, касмалогіі. Незалежна ад А.Салама прапанаваў адзіную мадэль слабага і эл.-магн. ўзаемадзеяння (тэорыя Вайнберга—Салама), выказаў гіпотэзу глюонаў. заклаў асновы кіральнай дынамікі — новага кірунку ў тэорыі элементарных часціц. Нобелеўская прэмія 1979.

Тв.:

Гравитация и космология. М., 1975;

Единые теории взаимодействия элементарных частиц // Успехи физ. наук. 1976. Т. 118, вып. 3;

Первые три минуты. М., 1981.

С.Вайнберг.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Павел Сяргеевіч) (7.5.1896, г. Нагінск, Расія — 16.11.1982),

сав. матэматык; заснавальнік навук. школы па тапалогіі. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1929). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917), з 1929 праф. там жа. Навук. працы па тапалогіі, тэорыі мностваў і тэорыі функцый сапраўднай пераменнай. Стварыў тэорыю бікампактных прастораў, метады камбінаторнага (алгебраічнага) даследавання мностваў і прастораў, тэорыю размернасці. Віцэ-прэзідэнт Міжнар. матэм. асацыяцыі (з 1958). Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Комбинаторная топология. М.; Л., 1947;

Введение в общую теорию множеств и функций. М.; Л., 1948;

Введение в теорию групп. 2 изд. М., 1951.

П.С.Аляксандраў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НІУС ((Arrhenius) Свантэ Аўгуст) (19.2.1859, маёнтак Вейк, каля Упсалы, Швецыя — 2.10.1927),

шведскі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Член Каралеўскай Шведскай АН (1901), замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1903), ганаровы акадэмік АН многіх краін, у т. л. СССР (1926). Скончыў Упсальскі універсітэт (1878). З 1905 дырэктар Нобелеўскага інстытута. Навуковыя працы па тэорыі раствораў электралітычнай дысацыяцыі, даследаванняў па хімічнай кінетыцы (ураўненне Арэніуса), а таксама па астраноміі, астрафізіцы, біялогіі (дастасаванне фізіка-хімічных законаў да біялагічных працэсаў), тэорыі касмічнага паходжання жыцця на Зямлі. Нобелеўская прэмія 1903.

Літ.:

Соловьев Ю.И. Сванте Аррениус, 1859—1927. М., 1990.

С.А.Арэніус.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПАДКО́ВЫ ПРАЦЭ́С, імавернасны працэс, стахастычны працэс,

працэс змены ў часе стану некаторай прыроднай ці тэхнічнай сістэмы ў адпаведнасці з імавернаснымі заканамернасцямі. Характарыстыкі выпадковага працэсу ў кожны момант часу — выпадковыя велічыні з пэўным размеркаваннем імавернасцей.

Тыповыя прыклады выпадковага працэсу: броўнаўскі рух, турбулентны рух вадкасцей і газаў, распаўсюджванне радыёхваль, рух трансп. патокаў, міграцыі жывёл, змены складу біяцэнозаў і інш. Пры апісанні і аналізе выпадковага працэсу выкарыстоўваюцца метады рашэння дыферэнцыяльных і інтэгра-дыферэнцыяльных ураўненняў (гл. Маркаўскі працэс), метады функцыянальнага аналізу і інш. Пры дапамозе тэорыі выпадковага працэсу вырашаецца большасць задач масавага абслугоўвання тэорыі.

Дз.​У.​Сінькевіч.

т. 4, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭ́ВАНС ((Jevons) Уільям Стэнлі) (1.9.1835, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 13.8.1882),

англійскі эканаміст, статыстык і філосаф-логік. Праф. логікі, філасофіі і паліт. эканоміі ў Манчэстэры (1866—76) і Лондане (1876—80). Заснавальнік матэм. школы ў паліт. эканоміі, адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. З эканам. прац найб. вядомая «Тэорыя палітычнай эканоміі» (1871). Гал. праблему эканам. навукі бачыў у вывучэнні спажывання, асн. законам якога лічыў закон убываючай карыснасці. Даследаваў праблемы грашовага абарачэння, індэкса цэн, тэорыі эканам. цыклаў, матэм. логікі і інш. Стварыў адну з першых лагічных машын (1869), звязаў тэорыю лагічнай індукцыі з тэорыяй імавернасці.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯДА́ (Андрэй Аляксеевіч) (н. 18.7.1946, в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне камп’ютэрнай алгебры, інфарматыкі і кібернетыкі. Д-р фіз.-матэм. н. (1990). Скончыў БДУ (1969), дзе і працаваў. З 1978 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ. Навук. працы па тэорыі, метадах, праграмна-алгарытмічных і апаратных сродках арганізацыі паралельных вылічэнняў. Распрацаваў новы кірунак у тэорыі мадулярных выліч. структур (МВС) — мінімальна залішнія МВС. Дзярж. прэмія СССР 1991.

Тв.:

Модулярные структуры конвейерной обработки цифровой информации. Мн., 1992 (разам з І.​Ц.​Пакам);

Высокоскоростные методы и системы цифровой обработки информации. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭЛЯ́ЦЫЯ, ў матэматычнай статыстыцы,

статыстычная ці імавернасная залежнасць паміж велічынямі, з’явамі, падзеямі, якая не мае строга функцыянальнага характару. Выкарыстоўваецца ў імавернасцей тэорыі, кібернетыцы і інш., а таксама для выяўлення стат. і імавернасных заканамернасцей у фізіцы, хіміі, тэхніцы.

Узнікае, калі залежнасць адной прыкметы ад другой ускладняецца наяўнасцю звычайна невядомых выпадковых фактараў, напр., пры стат. апісанні дынамічнай сістэмы. У тэорыі імавернасці К. паміж 2 выпадковымі падзеямі выяўляецца ў тым, што імавернасць адной з іх пры наяўнасці другой адрозніваецца ад безумоўнай імавернасці. Колькаснай мерай К. з’яўляецца каэфіцыент карэляцыі (для выпадковых велічынь) ці карэляцыйная функцыя (для выпадковых працэсаў). Гл. таксама Матэматычная статыстыка.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕРА ЭФЕ́КТ,

утварэнне звязаных пар часціц у выраджанай сістэме ферміёнаў. Вядзе да звышцякучасці часціц, якая для зараджаных часціц выяўляецца як звышправоднасць. Прадказаны ў 1956 Л.Н.Куперам. Пакладзены ў аснову сучаснай мікраскапічнай тэорыі звышправоднасці.

Паводле тэорыі Купера, ферміёны з процілегла накіраванымі імпульсамі пры адсутнасці знешніх палёў могуць аб’ядноўвацца ў пары (купераўскія пары) з-за ўзаемадзеяння шляхам абмену віртуальнымі фанонамі, якое мае характар прыцяжэння. Купераўскія пары маюць цэлалікавы спін і з’яўляюцца базонамі, што не абмяжоўвае лік часціц у пэўным энергетычным стане. Малая велічыня энергіі сувязі электронаў у парах абумоўлівае існаванне нізкатэмпературнай звышправоднасці металаў і звышцякучасці вадкага гелію-3.

Л.​І.​Камароў.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)