ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКА́РКА, бухарка (Coenorrhinus),
род насякомых сям. трубакрутаў атр. жукоў. 11 відаў. Пашыраны ў Еўропе (акрамя Пн), Іране, Турцыі, у Прыморскім краі; на Беларусі — усюды. Найб. вядома букарка пладовая (C. pauxillus).
Даўж. цела 1,8—3 мм. Надкрылы цёмна-сінія з метал. бляскам, укрыты валаскамі і падоўжнымі кропкавымі баразёнкамі. Галава-трубка моцна выгнутая. Лічынка даўж. да 3 мм, светла-жоўтая з цёмнай галавой, бязногая, выгнутая. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 2,5—3 мм. Зімуюць жукі ў глебе. Вясной яны праколваюць хабатком пупышкі, бутоны і лісце яблыні, грушы, слівы, радзей айвы, вішні, чаромхі і інш., выядаюць завязь, тычынкі, маладое кволае лісце, якое засыхае і ападае; таксама шкодзяць раслінам і лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
унутраная ч.Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 км (з Пн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІФІ́НІЯ,
гістарычная вобласць на ПнЗ М.Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Назва ад фракійскага племя фінаў (або віфінаў), якое прыйшло з Еўропы каля 700 да н.э. У 8—7 ст. да н.э. на ўзбярэжжы Віфініі былі заснаваны грэч. калоніі Астак, Гераклея і інш. У 7—6 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Лідыі, у 6—4 ст. да н.э. — Ахеменідам. У 297 да н.э. абвешчана незалежнай дзяржавай. Цар В.Нікамед I [280 ці 278 — каля 255 да н.э.] пашырыў межы Віфініі і заснаваў у 264 да н.э. сталіцу Нікамедыю. З 74 да н.э.рым. правінцыя, адыгрывала значную ролю ў эканам. і культ. жыцці Рым. імперыі, потым Візантыі. У 14 ст.н.э. захоплена туркамі-асманамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБІ́НСКІ ((Dembiński) Генрык) (16.1.1791, в. Стшалкаў Келецкага ваяв., Польшча — 13.6.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Вене, служыў у войску герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у кампаніях войск Напалеона. У час паўстання 1830—31 капітан, пасля палкоўнік, генерал брыгады. Пад Райградам разбіў рус. атрад ген. Ф.В.Остэн-Сакена (29.5.1831). Летам 1831 уступіў на тэр. Беларусі, але неўзабаве адышоў у Польшчу. Нам. галоўнакамандуючага, потым губернатар Варшавы і галоўнакамандуючы польскім войскам. Здаў Варшаву рус. войскам. Пасля паражэння паўстання жыў за мяжой, служыў у егіпецкай арміі. Удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848—49, галоўнакамандуючы рэв. арміяй. Пасля паражэння рэвалюцыі жыў у Турцыі, Францыі. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў Сярэднім Паволжы ў 1438—1552. Вылучылася з Залатой Арды. Гал. горад — Казань. Дзярж. рэлігія — іслам. Насельніцтва — казанскія татары (асн. нашчадкі волжскіх балгар), мары, чувашы, удмурты, мардва, башкіры. Ядро К.х. складала тэрыторыя вакол Казані, населеная татарамі; інш. народы захоўвалі сваіх князёў і традыц. вераванні. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, у гарадах існавала развітое рамяство; значную ролю адыгрываў гандаль. У 1487—1521 К.х. — васал Масквы. З 1521 трапіла пад уплыў Крымскага і Астраханскага ханстваў і Нагайскай Арды, з 1524 — васал Турцыі. Войскі ханства з 1520-х г. узмацнілі рабаўнічыя набегі на рус. землі. Пасля Казанскіх паходаў 1545—52 К.х. спыніла існаванне, яго тэрыторыя далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922—23.
Адбылася 20.11.1922—24.7.1923 у г.Лазана (Швейцарыя). Склікана па ініцыятыве Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22, удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Японіі, Турцыі, ЗША (апошнія прадстаўляў назіральнік). Быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор 1923, прынята канвенцыя аб чарнаморскіх пралівах (у абмеркаванні ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі СССР і Балгарыі), якая прадугледжвала дэмілітарызацыю праліваў, дапускала праход праз Басфор і Дарданелы гандл. і ваен. (з некаторымі абмежаваннямі) суднаў любой краіны. Канвенцыя не была ратыфікавана ў СССР, яна перагледжана на Мантро канферэнцыі 1936. Астатнія 15 дакументаў, падпісаных на канферэнцыі, тычыліся больш прыватных пытанняў, у т. л. вяртання палонных, узаемнага абмену грэч. і тур. насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯТА́Р ((Liotard) Жан Эцьен) (22.12. 1702, г. Жэнева, Швейцарыя — 12.6. 1789),
швейцарскі мастак. Майстар пастэльнага партрэта. Вучыўся ў Жэневе ў Д.Гардэля, у Парыжы ў Ж.Б.Масэ. Працаваў у Турцыі, Галандыі, Вене, Лондане, Жэневе. У пастэлях, малюнках і мініяцюрах спалучаў дэталёва-ілюзорную дакладнасць выявы з імкненнем да перадачы характару мадэлі. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю ліній, тонкім пераліваннем святлаценю і суадносін тонаў: «Шакаладніца» (1743—45), «Турчанка з рабыняй», «Аўтапартрэт у турэцкім строі» (1744), «Граф Ф.Альгароці» (1745), «Граф Морыц Саксонскі» (каля 1748—52), «Мэры Ганінг, графіня Ковентры» (каля 1754), «Мадам д’Эпінэ» (1759) і інш. Аўтар «Трактата аб прынцыпах і правілах жывапісу» (1781).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААРЫ́ (сапр.Аджамян) Гурген Рыгоравіч
(14.8.1903, г. Ван, Турцыя — 16.7.1969),
армянскі пісьменнік. Засл. дз. культ. Арменіі (1965). У 1915 з інш. бежанцамі перасяліўся з Турцыі ў Расію. У 1937—56 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны. Друкаваўся з 1917. Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Тытанік» (1924), «Пара выспявання пладоў» (1930), «Давільня» (1960), кн. апавяданняў «Пра каханне, рэўнасць і садоўнікаў Ніцы» (1929), гіст. рамана «Сады гараць» (1966), кн. мемуараў «Чарэнц-намэ» (1968) і інш. У аўтабіягр. трылогіі («Дзяцінства», 1929; «Юнацтва», 1930; «На парозе маладосці», 1955) — трагічны лёс зах. армян у пач. 20 ст. Быў знаёмы з Я.Купалам. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў М.Гіль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАТУ́РКІ,
удзельнікі ліберальна-канстытуцыйнага руху ў Асманскай імперыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Рух М. пачаўся са стварэння ў 1889 навучэнцамі ваен.-мед. вучылішча ў Стамбуле тайнай арг-цыі «Яднанне і прагрэс», якая ставіла на мэце ўсталяванне ў імперыі канстытуцыйнага ладу, спрыянне развіццю краіны шляхам выкарыстання дасягненняў еўрап. цывілізацыі. М. ўзначалілі Младатурэцкую рэвалюцыю 1908. На аснове арг-цый «Яднанне і прагрэс» была створана аднайм. партыя, якая атрымала б.ч. месц у парламенце, скліканым восенню 1908. У час 1-й сусв. вайны ўсталявалі ў краіне сваю дыктатуру (трыумвірат: Энвер-паша, Талаат-паша, Джэмаль-паша). Пасля паражэння Турцыі ў вайне партыя М. забаронена, а іх лідэры ўцяклі за мяжу.