ФАШЫ́ЗМ (італьян. fascismo ад лац. fascio пучок, звязка, аб’яднанне),
1) палітычная плынь праваэкстрэмісцкага характару і адпаведны ёй таталітарны рэжым.
2) Ідэалогія, заснаваная на ваяўнічым антыдэмакратызме і нацыяналізме, кульце расавай перавагі. Першыя фаш. арг-цыі ў форме дружын б. франтавікоў (fasci di combattimento) з’явіліся ў Італіі ў 1919. У 1921 створана нац. фаш. партыя, а ў 1922 уладу ў Італіі захапіў фаш. рэжым на чале з Б.Мусаліні (гл. Паход на Рым 1922). У Германіі станаўленне Ф. звязана з дзейнасцю нацыянал-сацыялісцкай партыі, правадыром (фюрэрам) якой у 1921 стаў А.Гітлер, і якая ў 1933 прывяла апошняга да ўлады (гл. Нацызм). У 1920—30-я г. фаш. рэжым усталяваўся таксама ў Балгарыі, Партугаліі, Венгрыі, Румыніі, Славакіі і інш. краінах. Узнікненне і пашырэнне Ф. было абумоўлена шэрагам прычын: нязгодай з вынікамі Версальскага мірнага дагавора 1919, бояззю распаўсюджання сацыялізму, пагаршэннем сац.-эканам. становішча ва ўмовах крызісу 1920—30-х г. і інш. Напад фаш. Германіі на Польшчу ў вер. 1939 паклаў пачатак другой сусветнай вайне 1939—45, у якой загінула каля 62 млн. чал., у т. л. больш за 2,5 млн. жыхароў Беларусі.
Найб. характэрныя рысы фаш. паліт. рэжыму: адмаўленне ад дэмакр. сістэмы як формы дзярж. ладу на карысць дыктатуры; татальны масавы тэрор, шавінізм і ксенафобія; сцвярджэнне асаблівай місіі адпаведнага («выбранага») народа і апраўданне выкарыстання ім сілы для вырашэння сваіх геапаліт. інтарэсаў; насаджэнне культу пэўнага харызматычнага лідэра. Усталяванне фаш. рэжыму суправаджаецца ліквідацыяй дэмакр. сац. ін-таў, забаронай дзейнасці інш. паліт. партый і рухаў. Для Ф. характэрна наяўнасць значнай сац. базы, для пашырэння якой выкарыстоўваюцца многія сацыяліст. лозунгі: ліквідацыя існуючых класавых адрозненняў і беспрацоўя; абяцанне годнай аплаты працы; стварэнне сеткі даступных спарт.-рэкрэацыйных устаноў і г.д.
Ідэалаг., сац. і паліт. платформа Ф. знайшла сваё канцэнтраванае ўвасабленне ў праграмных кнігах Гітлера «Мая барацьба» (т. 1—2, 1925—26) і Мусаліні «Дактрына фашызму» (1932). Прэтэндуючы на гіст. абгрунтаванне сваіх поглядаў, ідэолагі Ф. імкнуцца абапірацца на вучэнні і тэорыі мінулага: «моцнай улады» Н.Макіявелі, «грамадства-дзяржавы» Т.Гобса, «няроўнасці чалавечых рас» і «нардызму» Ж.А.Габіно, «Звышчалавека» Ф.Ніцшэ, тэорыю эліт В.Парэта, ідэі Г.Гегеля, О.Шпенглера і інш. Прычым з іх тэарэт. спадчыны Ф. адбірае толькі тое, што адпавядае яго мэтам і прыдатнае для ўздзеяння на масавую свядомасць. Таму ідэалогія Ф. не ўяўляе сабою цэласнай светапогляднай сістэмы, яна эклектычна спалучае розныя элементы сацыял-дарвінізму, этнацэнтрызму, элітарызму, расізму, антысемітызму, антыкамунізму. Ва ўмовах слабасці або адсутнасці дэмакр. ін-таў і механізмаў улады захоўваецца магчымасць узнікнення разнастайных рухаў фаш. тыпу і пераўтварэння Ф. ў сур’ёзную пагрозу для сучаснага грамадства. Гл. таксама Неафашызм.
Літ.:
Тольятти П. Лекции о фашизме: Пер. с итал. М., 1974;
Ширер У. Взлет и падение Третьего рейха: Пер. с англ. М., 1991;
Энциклопедия Третьего рейха. М., 1996;
Zmierczak M. Spory o istotę faszyzmu: Dzieje i krytyka. Poznań, 1988;
Steinweis A. Art, ideology and economics in Nazi Germany. Chapel Hill, 1993.
С.А.Яцкевіч.
т. 16, с. 338