ВОГНЕТРЫВА́ЛЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна чорнай металургіі, спецыялізаваная на вытв-сці шамотных, дынасавых, магнезітавых, алюмасілікатных, вугляродзістых і інш. вырабаў і вогнетрывалых матэрыялаў. З мінер. сыравіны, якая мае вогнетрываласць не ніжэй за 1580 °C, вырабляецца цэгла (фасонная і буйнаблочная) і нефармаваныя матэрыялы мертэлі — парашкі, пластычныя масы і вадкія сумесі. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць вогнетрывалыя гліны, кварцыты, магнезіт, баксіты, даламіты, а таксама сінтэзаваныя або ўзбагачаныя пылападобныя адходы і шламы вытв-сці абразіваў, каталізатары сінт. каўчуку, адходы нафтахім. прам-сці. Прадукцыя вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці выкарыстоўваецца пры буд-ве і эксплуатацыі цеплавых агрэгатаў у металургічнай, цэментнай галінах і энергетыцы (пры пабудове доменных, мартэнаўскіх, коксавых і награвальных, шклаварных і тунэльных пячэй), для футэроўкі сталеразліўных і чыгунавозных каўшоў, вырабу гарачатрывалага бетону, тыгляў, рэтортаў і інш.

Прыродныя вогнетрывалыя матэрыялы (гліну, кварцавы пясок, талькавы камень і інш.) выкарыстоўвалі з даўніх часоў. Шамотныя матэрыялы ў Расіі пачалі вырабляць з сярэдзіны 18 ст., дынасавыя і магнезітавыя — з канца 19 ст., калі ўзніклі першыя спецыялізаваныя з-ды на Украіне (Часаваярскі, 1887, цяпер у Данецкай вобл.) і на Урале. У 1913 у Расіі выраблена 582 тыс. т вогнетрывалых матэрыялаў. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць Расіі мае 14 прадпрыемстваў па вытв-сці крэменязёмістых, алюмасілікатных і перыклаззмяшчальных вогнетрывалых матэрыялаў і вырабаў і 3 рудаўпраўленні, выпускаецца больш за 3 млн. т прадукцыі (1992). Найб. прадпрыемствы на Урале (камбінат «Магнезіт» у Чэлябінскай вобл.), у Падмаскоўі, Варонежскай вобл., Сібіры. Развітую вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць маюць Украіна і Казахстан. Сярод вядучых вытворцаў вогнетрывалых матэрыялаў у свеце ЗША, Канада, Японія, Германія, Расія і інш.

Большая ч. вогнетрывалых матэрыялаў (60%) выкарыстоўваецца ў чорнай і каляровай металургіі, агульная патрэба ў іх, адносна колькасці, неабходнай для выплаўкі 1 т сталі, вагаецца ад 25 да 100 кг. Вогнетрывалыя вырабы і матэрыялы атрымліваюць шляхам выпілоўвання з горных парод, ліццём, прасаваннем, трамбаваннем, плаўленнем. Сучасная вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць выкарыстоўвае новыя віды сыравіны (напр., храмітавую, алівінавую, цырконіевую, тытаніт, алюміній, алюмамагнезіяльную шпінель і інш.), пашырае вытв-сць малаадходных, энергазберагальных матэрыялаў.

Спажыўцамі прадукцыі вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасці на Беларусі з’яўляюцца прадпрыемствы энергетыкі (ЦЭЦ і інш.), цэментнай прам-сці і металургіі (Беларускі металургічны завод і інш.). Сваёй галіны краіна не мае, патрэба ў вогнетрывалых матэрыялах задавальняецца за кошт імпарту, пераважна з Украіны. За апошнія дзесяцігоддзі разведана сыравінная база, на якой магчыма развіццё вытв-сці шамотных вырабаў агульнага прызначэння (каалін), легкаважнай вогнетрывалай цэглы (трэпелы, апокі і крэменязёмістыя мергелі з цэалітамі), керамічных і вогнетрывалых вырабаў (пірафіліты).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГРАФІЧНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

Як адна з галін апрацоўчай прамысловасці і састаўная частка выдавецка-паліграфічнага комплексу спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш.

На Беларусі яе развіццё пачалося з дзейнасці Ф.​Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, П.​Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі друкарні адкрыты ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзены 232 назвы кніг тыражом 212 тыс. экз. У 1920 у БССР было 76 паліграфічных прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦК КПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). У 1940 на Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграфічныя прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат.

У Рэспубліцы Беларусь паліграфічную дзейнасць ажыццяўляюць 257 прадпрыемстваў і арганізацый розных форм уласнасці. Дзярж. сектар прадстаўлены 110 прадпрыемствамі камунальнай і рэсп. форм уласнасці. Выпуск друкаванай прадукцыі ажыццяўляюць 14 устаноў адукацыі, 99 акц. прадпрыемстваў розных відаў, 20 сумесных і замежных прадпрыемстваў, 45 прыватных унітарных прадпрыемстваў і 9 індывід. прадпрымальнікаў.

Найб. дзярж. паліграфічныя прадпрыемствы: «Выдавецтва «Беларускі Дом друку», Мінская фабрыка каляровага друку, Мінская друкарская фабрыка Дзяржзнака, Маладзечанская друкарня «Перамога», гомельскія фабрыка «Палесдрук» і выдавецка-паліграфічнае прадпрыемства «Сож», Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А.​Т.​Непагодзіна, Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня, абласныя друкарні ў Гродне, Віцебску і Магілёве, Полацкае унітарнае прадпрыемства «Спадчына» імя Ф.​Скарыны. Сярод акц. т-ваў найб. аб’ёмамі вытворчасці вылучаюцца ААТ «Паліграфічны камбінат імя Я.​Коласа», «Чырвоная зорка» і «Брэсцкая абласная друкарня». Актыўна працуюць на рынку паліграфічных паслуг сумесныя прадпрыемствы «Уніфлекс», «Флексограф», сумеснае ААТ «Поліпрынт», замежныя прадпрыемствы «Інтэрнешнл Транс Кэпітэл», «Прынткорп» і «Друк сервіс». Паліграфічныя прадпрыемствы Беларусі друкуюць прадукцыю дзярж. выдавецтваў «Беларусь», «Беларуская навука», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Вышэйшая школа»; недзярж. выдавецтваў «Харвест», «Сучасны літаратар», «Папуры» і інш.; выдавецкіх прадпрыемстваў «Беларускі кнігазбор», «Беллітфонд», «Кніга», «Тэхналогія», «Чатыры чвэрці» і інш.; каля 400 ведамасных прадпрыемстваў і арганізацый, якія маюць права выдавецкай дзейнасці.

У 2003 усімі паліграфічнымі прадпрыемствамі рэспублікі выпушчана 4141,3 млн. фарба-адбіткаў і 2027,6 млн. аркушаў-адбіткаў друкаванай прадукцыі; у 2000 было адпаведна 4154,5 млн. фарба-адбіткаў (гл. табл. 1). Найб. ўдзельную вагу складае кніжна-часопісная прадукцыя (46% ад агульнага аб’ёму выпушчанай прадукцыі). Выпушчана 931,3 млн. экз. 4-палосных газет, прыведзеных да фармату А2, што на 19,6% больш, чым у 2000. Гл. таксама раздз. Друк, тэлебачанне і радыёвяшчанне.

Літ.:

Ничипорович С.А. Развитие издательско-полиграфического комплекса Беларуси в условиях становления рыночных отношений. Мн., 2001;

Ананич Л.С.*, Воробьев В.П. Информационное пространство Беларуси. Мн., 2003;

Ничипорович С.А., Кулак М.И., Неверов А.В. Управление издательско-полиграфическим комплексом: организационно-экономические аспекты. М., 2003.

М.​М.​Брашко.


Дынаміка агульнага выпуску паліграфічнай прадукцыі ў 2000 і 2003
2000 2003
Млн. фарба-адбіткаў Млн. аркушаў-адбіткаў Млн. фарба-адбіткаў Млн. аркушаў-адбіткаў
Кніжна-часопісная 2274,9 1577,5 1899,4 1233,5
Фарбава-выяўленчая 1209,6 267,1 1547,3 340,8
Бланачная 390,4 313,3 437,2 299,0
Іншая 279,6 179,5 257,3 154,2
Усяго: 4154,5 2337,4 4144,2 2027,5

т. 18, кн. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКАМО́ЛЬНА-КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прам-сці па перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Адна са старэйшых галін харчовай прамысловасці Беларусі.

Да пач. 20 ст. ў Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы (вадзяныя млыны і ветракі) з 1—2 рабочымі. Большасць сялян вырабляла муку і крупы ў хатніх умовах з дапамогай жорнаў, ступы і інш. Першы вял. на той час вадзяны шасціпастаўны млын пабудаваны ў 1826 у фальварку Забалоцце Аршанскага пав. (працавала 18 чал., збожжа прывозілі пераважна водным шляхам па Дняпры з Украіны). У 1860 у Беларусі дзейнічалі 1834 мукамольныя прадпрыемствы (вадзяныя, ветраныя, конныя і паравыя млыны), на якіх працавала 2730 рабочых, выраблялася 2956 тыс. пудоў мукі. У 1920—30-я г. прадпрыемствы М.-к.п. рэканструяваны, пабудаваны механізаваныя млыны, у т. л. млынкамбінаты у Гомелі, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слуцку. У 1940 выраблена мукі 873,1 тыс., круп 50,8 тыс. т. У пасляваенны час М.-к.п. развівалася на новай тэхн. аснове, што дало магчымасць пастаўляць яе ў інш. рэспублікі.

У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 1934 прадпрыемствы і вытворчасці М.-к.п. У 1997 выпрацавана мукі 1372,5 тыс., круп 97,3 тыс. т. Вял. млынкамбінаты працуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Полацку, Калінкавічах, Рэчыцы, Асіповічах, Баранавічах, Лідзе, Пінску, Клімавічах, Слуцку, Брэсце і інш.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Мукамольна-крупяная прамысловасць. Гомельскі млынкамбінат.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРФО́РА-ФАЯ́НСАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць фарфоравыя, фаянсавыя і інш. вырабы тонкай керамікі. Уключае вытв-сць гасп., тэхн. і маст. фарфору, буд. фаянсу, паўфарфору і маёлікі, хіміка-лабараторнага посуду. Асн. яе сыравінай з’яўляюцца каалін, палявы шпат, кварцавы пясок, пластычная гліна, бентаніт. Ф.-ф.п. найб. развіта ў Германіі, Японіі, Кітаі, Вялікабрытаніі, Францыі. На Беларусі працуюць 2 прадпрыемствы Ф.-ф.п. У 1951 на базе прадпрыемства, што вырабляла кафлю, пачаў працаваць фарфора-фаянсавы з-д, які вырабляў кубкі, збаны, вазы. З 1962 наз. Мінскі фарфоравы завод (яго філіял дзейнічае ў г. Клецк). З-д выпускае фарфоравы посуд (чайныя, кававыя і сталовыя сервізы, заварныя і даліўныя чайнікі, кубкі), вазы, статуэткі, сувеніры, электратэхн. фарфор, радыёкераміку, вогнетрывалыя вырабы. З 1968 працуе Добрушскі фарфоравы завод, прадукцыя якога — сервізы, дэкаратыўныя талеркі, цукарніцы, дзіцячыя наборы і інш. Сыравіна для вытв-сці завозіцца пераважна з Украіны (каалін, пластычныя гліны, кварцавы пясок) і Расіі (каалін і палявы шпат). Вытв-сць фарфора-фаянсавага посуду на Беларусі ў 1990 склала 29 млн. шт., у 1995—21 млн. шт. і ў 2000—29 млн. шт. Асн. частка прадукцыі выкарыстоўваецца на Беларусі, часткова вывозіцца.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Фарфора-фаянсавая прамысловасць. В.​Леантовіч. Чайна-кававы сервіз «Матылёк». 1973. Мінскі фарфоравы завод.

т. 16, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭЛЮЛО́ЗНА-ПАПЯРО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці па вырабе цэлюлозы, паперы (пісчай, газетнай, чарцёжнай, святлоадчувальнай, туалетнай, папяроснай, упаковачнай і інш.), кардону і прадукцыі з іх (тары, блакнотаў, сшыткаў, сурвэтак і інш.). Сыравіна — драўніна, салома, трыснёг і інш. Прадукцыя Ц.-п.п. выкарыстоўваецца амаль ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Найб. развіта ў ЗША, Фінляндыі, Швецыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі, Расіі і інш.

На Беларусі першыя папяровыя прадпрыемствы з’явіліся ў 18 ст. У 1850 было 10 мануфактур (600 рабочых). З сярэдзіны 19 ст. на выраб паперы выкарыстоўвалася драўніна. З 1872 дзейнічаюць Добрушская папяровая фабрыка, у 1881 — Мінская шпалерная фабрыка. У 1900 дзейнічала 75 папярова-друкарскіх мануфактур і 25 ф-к. У 1913 выпушчана 21,3 тыс. т паперы і 5,3 тыс. т кардону. Пасля Вял. Айч. вайны разбураныя прадпрыемствы Ц.-п.п. адноўлены. У 2002 Ц.-п.п. уключала больш за 20 прадпрыемстваў, найб. буйныя — Добрушская папяровая ф-ка «Герой працы», Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат, Слонімскі кардонна-папяровы завод, Шклоўская папяровая фабрыка, Барысаўская папяровая ф-ка «Дзяржзнак», Маладзечанская кардонная ф-ка «Раёўка». Выкарыстоўваецца мясц. і прывазная (з Расіі, ЗША і інш.) сыравіна, пераважна цэлюлоза. Выраб цэлюлозы (2001) склаў 51 тыс. т, паперы — 51,5 тыс. т, кардону — 165 тыс. т. Асн. ч. прадукцыі спажываецца ў рэспубліцы. Экспарт паперы для шпалер (2000) склаў 28,4 тыс. т (у Расію, Латвію, Літву). Імпарт немелаванай паперы і кардону (2000) у Беларусь — 65 тыс. т (з Расіі, Вялікабрытаніі, Літвы, Фінляндыі, Германіі).

П.​І.​Рогач.

Да арт. Цэлюлозна-папяровая прамысловасць. Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы».

т. 17, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

група галін па вытворчасці матэрыялаў, вырабаў, дэталяў і канструкцый для ўсіх відаў будаўніцтва. Прадстаўлена цэментнай прамысловасцю, сценавых матэрыялаў прамысловасцю, нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасцю, мяккіх дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў прамысловасцю, зборных жалезабетонных і бетонных канструкцый і вырабаў прамысловасцю, азбестацэментнай прам-сцю, керамічнай прамысловасцю, вытв-сцю мясц. вяжучых, цеплаізаляцыйных матэрыялаў, порыстых запаўняльнікаў, буд. матэрыялаў з палімернай сыравіны і інш. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць цесна звязана са здабыўной, энергет., металургічнай, металаапр., хім. і інш. галінамі.

Са старажытнасці вядомы абпаленая цэгла, дахавая чарапіца, керамічная плітка, ганчарныя водаправодныя трубы, бутавы камень, гіпсавыя і вапнавыя вяжучыя матэрыялы. З’яўленне ў пач. 19 ст. портландцэменту забяспечыла выкарыстанне бетону і жалезабетону. У сучаснай будаўнічых матэрыялаў прамасловасці павышаецца ўдз. вага рэсурсазберагальных матэрыялаў і тэхналогій, якія ўплываюць на змяншэнне масы і павелічэнне цеплазберагальных уласцівасцей пабудоў, пашыраецца выпуск эфектыўных вырабаў і вытв-сць новых матэрыялаў і канструкцый на аснове палімернай, мясц. і другаснай сыравіны.

Па вытв-сці цэменту, аконнага шкла, зборных жалезабетонных канструкцый і дэталей, буд. цэглы адно з першых месцаў у свеце займае Расія. Высокаразвітую будаўнічых матэрыялаў прамысловасць маюць ЗША, Германія, Вялікабрытанія, Францыя, Японія, якія выкарыстоўваюць у вял. аб’ёмах металапракат, алюміній, сінт. смолы і пластмасы. У гэтых краінах значную ўдз. вагу мае вытв-сць маналітнага бетону і жалезабетону, выкарыстанне якіх у некалькі разоў большае, чым зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, што спрыяе зніжэнню кошту, паляпшэнню арх. выразнасці і надзейнасці збудаванняў. Па вытв-сці цэменту вылучаюцца (1993, млн. т): Кітай (359,8), Японія (88,1), ЗША (73,8), Індыя (56,2). Сусветная вытв-сць цэменту 1,18 млрд. т (1993). У будаўнічых матэрыялаў прамысловасці вядучую ролю адыгрываюць буйныя кампаніі: «Корнінг», «Амерыкан стандарт», «Оўэнс-Ілінойс» і інш. ў ЗША, «Тармак» у Вялікабрытаніі, «Сен-Габэн» у Францыі.

На Беларусі з даўніх часоў выраблялі цэглу (з 12 ст. захавалася цагляная Гродзенская Барысаглебская царква), шкло, кафлю. З узнікненнем сілікатна-буд. вытв-сці ў пач. 19 ст. пераважалі дробныя прадпрыемствы (у 1900 дзейнічала 679). У 1913 найб. быў Ваўкавыскі цэментны з-д. У савецкі перыяд рост капітальнага буд-ва ва ўсіх галінах гаспадаркі выклікаў развіццё будаўнічых матэрыялаў прамысловасці, асабліва ў 1920—40. Былі пабудаваны цэментны з-д у Крычаве, шклозавод у Гомелі, расшырана вытв-сць цэглы ў Клімавічах, Оршы, Віцебску, Гомелі, Магілёве і інш. У час Вял. Айч. вайны прадпрыемствы галіны былі разбураны, у 1945 выпушчана толькі 15% ад аб’ёму прадукцыі 1940.

У пасляваен. перыяд у Беларусі створаны высокамеханізаваныя з-ды і камбінаты па вырабе зборнага жалезабетону (у абл. цэнтрах, Бабруйску, Оршы, Светлагорску, Баранавічах), арміраваных камянёў і дробных сценавых блокаў з ячэістага і шчыльнага сілікатабетону (Магілёў, Гродна, Смаргонь), мяккіх дахавых матэрыялаў (Асіповічы), нярудных буд. матэрыялаў (Мікашэвічы), даламітавай мукі (Віцебск), керамічных плітак і сан.-тэхн. вырабаў з буд. фаянсу (Мінск), асвоена вытв-сць мінер. ваты і вырабаў з яе, канструкцый і вырабаў на аснове вапны і гіпсу, порыстых запаўняльнікаў, цеплаізаляцыйных матэрыялаў і інш. Найб. прадпрыемствы: «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Крычаўцэментнашыфер», «Гомельбудматэрыялы», «Смаргоньсілікатабетон», «Кераміка», «Керамін», «Забудова», Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Дах», «Даламіт», «Граніт», «Гомельшкло», Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, Радашковіцкі завод мастацкай керамікі і інш. У 1994 выраблена 1487,9 тыс. т цэменту, сценавых матэрыялаў (млн. шт. умоўнай цэглы) 2406,3, у т. л. 1460,4 буд. цэглы, 2680,4 тыс. м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 56,1 тыс. м² мяккага дахавага крыцця, 164,9 млн. шт. умоўных плітак шыферу азбестацэментнага, 6,9 млн. м² аконнага шкла, 5552,4 тыс. м² пліткі керамічнай. Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць Беларусі дае 4,6% агульнага аб’ёму прадукцыі (1994), у ёй дзейнічае больш за 1300 прадпрыемстваў, занята 79,4 тыс. чал. Беларусь экспартуе дахавыя матэрыялы, абліцовачную керамічную плітку і інш.

Л.​І.​Тулупава.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНТЭТЫ́ЧНЫХ ФАРБАВА́ЛЬНІКАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. фарбавальнікаў і прамежкавых прадуктаў для іх вытв-сці. Узнікла ў 1856, калі У.​Г.​Перкін атрымаў мавеін (анілінавы фарбавальнік) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Першапачаткова наз. анілінафарбавай. Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Японіі, Вялікабрытаніі.

Асн. сыравіна для вытв-сці фарбавальнікаў — араматычныя вуглевадароды, што атрымліваюць з каменнага вугалю і нафты — бензол, талуол, ксілолы, нафталін, антрацэн і інш., таксама неарган. злучэнні — кіслоты, шчолачы, солі і інш. Сінт. фарбавальнікі выкарыстоўваюцца для розных матэрыялаў (бавоўны, лёну, хім. валокнаў, скуры, футра і інш.), а таксама ў кіна-, фотапрам-сці, медыцыне, аналітычнай хіміі, лазернай тэхніцы і інш.

В.​П.​Сідоранка.

т. 14, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯРУ́ДНЫХ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, спецыялізаванай на здабычы, драбленні і абагачэнні буд. каменю, здабычы друзу, жвіру, буд. пяску. На Беларусі як прамысл. галіна пачала фарміравацца пасля Вял. Айч. вайны з буд-вам спецыялізаваных прадпрыемстваў. Аб’ядноўвае больш за 350 прадпрыемстваў, найбуйнейшыя з іх Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт», Заслаўскі і Аршанскі драбільна-сартавальныя з-ды, Смаргонскі драбільна-сартавальны гідрамеханізаваны ’з-д. Аснова сыравіннай базы — радовішчы пясчана-жвіровага матэрыялу і буд. каменю. Прадукцыя выкарыстоўваецца як напаўняльнік для вытв-сці бетону, жалезабетону, пры буд-ве і рамонце чыгункі, дарог з цвёрдым пакрыццём, меліярац. сістэм і інш. Гл. таксама Адкрытая распрацоўка радовішчаў, Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

Да арт. Нярудных будаўнічых матэрыялаў прамысловасць. Здабыча граніту на Мікашэвіцкім радовішчы.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЧО́ВЫХ КАНЦЭНТРА́ТАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вырабе сумесей з высушаных расл. (агародніны. фруктаў, збожжавых) і жывёльных (мясных, малочных, рыбных) прадуктаў з дабаўленнем тлушчу, цукру, прыпраў для хуткага прыгатавання гатовых страў.

Выпускаюць харч. канцэнтраты для прыгатавання першых (супы з агародніны, гарохавыя, малочныя), другіх (кашы, агародніна-мясныя рагу. амлеты). трэціх (кісялі. сухія распушчальныя напіткі) страў, дэсерты (жэле, мусы, крэмы), мучныя паўфабрыкаты (тарты, кексы, пячэнне), сухія сняданкі (мюслі, кукурузныя, рысавыя. пшанічныя палачкі, кольцы і інш., аўсяныя шматкі «Геркулес»), араматычныя прыправы (расфасаваныя перац, кардамон, сумесі араматычных траў, соусы) і інш.

На Беларусі 25 прадпрыемстваў Х.к.п. (2000). Найб. буйное — Лідскі завод харчовых канцэнтратаў. Ёсць падсобныя прадпрыемствы ў Мінску, Гродне, Віцебску, Гомелі. Камянцы. Ваўкавыску, Крупках. Краснаполлі і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 16, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчасмакавай прамысловасці, якая выпускае розныя віды гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў. Найбольш буйнымі вытворцамі лікёра-гарэлачных вырабаў у свеце з’яўляюцца Расія, Украіна, Польшча, ФРГ, Югаславія, Францыя і інш.

На Беларусі Л.-г.п. адна са старэйшых. У 1820-я г. ў 5 бел. губернях Расіі выраблялася 17,1% гарэлкі ад агульнай вытв-сці. У 1913 на спіртагарэлачную галіну прыпадала 44,3% валавой прадукцыі і 52,5% рабочых харчасмакавай прам-сці. У 1998 вытв-сцю лікёра-гарэлачных вырабаў займалася 68 прадпрыемстваў. Іх вытв. магутнасці складалі 20 млн. дал за год, загрузка абсталявання складала ўсяго 63—65%. На долю прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці, якія выпускалі алкагольную прадукцыю прыпадала 25% аб’ёму вытв-сці гарэлкі і 14% лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1997 вытв-сць гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў склала 12,7 млн. дал, з якіх 2,1 млн. дал было накіравана на экспарт у асноўным у Расію. Імпарт гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у 1997 склаў 411 тыс. дал, з іх з краін далёкага замежжа — 297 тыс. дал і краін СНД — 114 тыс. дал (Расія, Азербайджан).

Самым буйным прадпрыемствам Л.-г.п. з’яўляецца Мінскі вінна-гарэлачны завод «Крышталь», дзе штогод вырабляецца больш за 4 млн. дал лікёра-гарэлачных вырабаў 40 найменняў і 1,8 млн. дал этылавага рэктыфікаванага спірту, у т. л. і самых высакаякасных спіртоў «Люкс» і «Супер-Люкс». Сярод найб. вядомых гарэлкі з-да «Крышталь»: «Белая Русь», «Крышталь-100», «Усяслаў Чарадзей»; лікёры «Папараць-кветка», настойкі горкія «Белавежская асобая», «Лошыцкая», «Калядная», «Застольная» і інш. Сярод буйных прадпрыемстваў галіны: Клімавіцкі лікёра-гарэлачны з-д (14 найменняў гарэлкі, 9 найменняў горкіх настоек, бальзам «Клімавіцкі»), лікёра-гарэлачныя з-ды ў Віцебску, Брэсце, Гомелі і Гродне. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Пружаны, Ілава і інш.). Сярод бел. бальзамаў найб. вядомы «Беларускі», «Брэсцкі», «Чорны рыцар». Прадпрыемствы Л.-г.п. неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі дыпломы, медалі і прызы «За лепшую якасць прадукцыі».

П.​І.​Рогач.

Да арт. Лікёра-гарэлачная прамысловасць. Цэх разліву гарэлкі і гарэлачных вырабаў на Мінскім вінна-гарэлачным заводзе «Крышталь».

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)