ТАВА́РНАЯ ГАСПАДА́РКА,
тып гаспадаркі (вытворчасці, эканомікі), дзе выраб прадукцыі, выкананне работ ці паслуг арыентаваны на рынак, а сувязь паміж вытворцамі і спажыўцамі ажыццяўляецца праз куплю-продаж тавараў. Гл. таксама Таварная вытворчасць.
т. 15, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЯРЦІ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, на ўсх. ускраіне г. Слонім, у бас. р. Іса. Пл. 0,5 км². Даўж. 0,75 км, найб. глыб. 8 м. Пл. вадазбору 1,2 км². Праз возера цячэ р. Іса.
т. 1, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРО́ТНАЯ ПАСЛЯДО́ЎНАСЦЬ, рэкурэнтная паслядоўнасць,
паслядоўнасць, кожны член якой, пачынаючы з некаторага нумара, вызначаецца праз пэўную колькасць папярэдніх членаў. Напр., арыфметычная прагрэсія, геаметрычная прагрэсія. Выкарыстоўваецца пры рашэнні многіх практычных задач (гл. Набліжанае вылічэнне).
т. 7, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТА́НЬ,
пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.
Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл. Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.
Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.
Ю.А.Якімовіч.
т. 7, с. 556
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш. Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.
Літ.:
Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;
Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Алексеев П.В., Панин А.В. Философия. М., 1996.
Т.І.Адула.
т. 12, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК фізічных велічынь,
сукупнасць асноўных і вытворных адзінак некаторай сістэмы фізічных велічынь. За асн. (незалежныя) выбіраюцца адзінкі, якія лёгка ўзнаўляюцца ў выглядзе дакладных эталонаў (напр., метр, секунда). Вытворныя адзінкі вызначаюцца праз асн. з дапамогай матэм. суадносін, якія выражаюць фіз. законы ці паказваюць сувязь паміж фізічнымі велічынямі.
Звычайна выбіраецца паслядоўнасць суадносін, у якой кожны наступны выраз мае толькі адну новую фіз. велічыню. Гэта дазваляе вызначыць кожную вытворную адзінку праз сукупнасць раней вызначаных адзінак, а ў выніку — праз асн. адзінкі сістэмы. Першая С.э. — метрычная сістэма мер (асн. адзінкі метр і кілаграм), у сярэдзіне 19 ст. К.Ф.Гаўс і В.Э.Вебер стварылі адну з абсалютных сістэм адзінак (міліметр, міліграм, секунда), прынцып пабудовы якой увасоблены пры ўвядзенні СГС сістэмы адзінак. У 1901 італьян. вучоны Дж.Джорджы прапанаваў С.а. МКС (метр, кілаграм, секунда), якая разам з С.а. МКСА (1 м, 1 кг, 1 с, ампер) і МКСК (1 м, 1 кг, 1 с, кельвін) стала асновай для стварэння Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Гл. таксама Натуральная сістэма адзінак.
Літ.:
Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;
Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1989;
Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.
А.І.Болсун.
т. 14, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕЙЦА́РСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
пераход рас. войск на чале з А.В.Суворавым з Паўн. Італіі праз Альпы ў Швейцарыю і Аўстрыю 21.9—8.10.1799 у час вайны 2-й антыфранц. кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і інш.) супраць Францыі. У адпаведнасці з англа-аўстр. стратэг. планам пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 яго войскі (21,5 тыс. чал., у т. л. 4,5 тыс. аўстрыйцаў) былі накіраваны ў Швейцарыю, каб адтуль пасля злучэння з рас. корпусам ген. А.М.Рымскага-Корсакава (24 тыс. чал.) і аўстр. войскамі наступаць на Францыю. Сувораў пайшоў у Швейцарыю самым кароткім шляхам — праз Альпы, якія лічыліся амаль непраходнымі для войск. З цяжкімі баямі ён авалодаў перавалам Сен-Гатард і Чортавым мостам (праз р. Рэйс) і выйшаў да Люцэрнскага воз., дзе даведаўся пра разгром франц. арміяй ген. А.Масены корпуса Рымскага-Корсакава і акружэнне сваіх войск утрая пераўзыходзячымі франц. сіламі. Ратуючы сваю армію ад разгрому, Сувораў павёў яе на У. Ён спалучаў абыходы з франтальнымі ўдарамі, выбіў франц. атрады з шэрагу перавалаў, пераадолеў бездарожны хрыбет Панікс і вывеў свае гал. сілы (15 тыс. чал.) разам з 2800 палоннымі у Аўстрыю. Ш.п. — выдатны прыклад паспяховых манеўраных баявых аперацый у гарах супраць пераўзыходзячых сіл праціўніка.
Літ.:
Данилов А. «Русский штык прорвался сквозь Альпы!» // Армия. 1999. № 5.
М.Г.Нікіцін.
т. 17, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАТАВА́ННЕ, барбатаж,
прапусканне пад ціскам газу ці пары праз вадкасць у барбацёры. Выкарыстоўваецца ў прам-сці і лабараторнай практыцы для награвання вадкасці перагрэтай парай, перамешвання агрэсіўных вадкасцяў, паглынання газу і парападобных рэчываў растваральнікамі.
т. 2, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯ́Н НЯБЕ́СНЫ,
вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз зеніт, надзір і полюсы свету. Падзяляе нябесную сферу на 2 часткі: усходнюю і заходнюю. Свяцілы, якія перасякаюць М.н., знаходзяцца ў найвышэйшым ці найніжэйшым становішчы.
т. 10, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)