HOCH2COOH, галоўны субстрат пры фотадыханні ў большасці раслін. Утвараецца ў адносна вял. колькасці на святле ў хларапластах клетак лісця з фосфаглікалату — прадукту аксігеніравання рыбулоза-1,5-дыфасфату. Гэта рэакцыя каталізуецца ключавым ферментам фотасінтэзу — рыбулоза-1,5-біфасфаткарбаксілазай у выніку канкурэнцыі O2 за цэнтр звязвання CO2 на ферменце. Далей гліколевая кіслата даволі хутка метабалізуе (акісляецца) з утварэннем гліяксілавай к-ты, гліцыну (у пераксісомах), CO2 (у мітахондрыях) і інш.прадуктаў. У выніку расходуецца частка фіксаванага ў працэсе фотасінтэзу вугляроду, што адбіваецца на прадукцыйнасці раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСГА́С,
прадпрыемства лясной гаспадаркі. Складаецца з лясніцтваў. Арганізуе ўлік і рацыянальнае выкарыстанне ляснога фонду, мерапрыемствы па лесаразвядзенні, меліярацыі і аднаўленні лясоў, паляпшэнні іх пароднага складу, павышэнні прадукцыйнасці, ахове лесу ад пажараў, шкоднікаў, хвароб, парубак; па нарыхтоўцы і перапрацоўцы драўніны і інш.прадуктаўлесакарыстання. Пры Л. ствараюць лясныя гадавальнікі, лесапаляўнічыя гаспадаркі, цэхі і ўчасткі па вытв-сці тавараў нар. спажывання. На Беларусі першыя Л. створаны ў 1929. На 1998 дзейнічала 88 Л. агульнай пл. 6,7 млн.га; існуюць таксама Л. навучальна-доследныя, навукова-даследчыя, ваенныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБРАКА́ННЕ,
павелічэнне аб’ёму (масы) цвёрдага цела ў выніку паглынання ім вадкасці ці пары з навакольнага асяроддзя. Характэрнае для палімераў і некаторых неарган. крышт. рэчываў слаістай будовы (напр., мантмарыланіту). Колькасна паказваецца ступенню Н. — адносінамі аб’ёму (масы) узору пасля Н. да яго першапачатковага аб’ёму (масы). Адрозніваюць абмежаванае Н., якое спыняецца пры дасягненні пэўнай мяжы паглынання вадкасці (пары), і неабмежаванае Н., што прыводзіць да растварэння ўзору ў вадкасці (напр., Н. каўчукоў суправаджаецца пераходам у вязкацякучы стан). На практыцы з Н. звязаны варка драўніны, афарбоўка і дубленне скуры, перапрацоўка палімерных матэрыялаў, харч.прадуктаў, прыгатаванне кляёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РЫШ ((Norrish) Рональд Джордж Рэйфард) (9.11.1897, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 7.6.1978),
англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1937 праф.). Навук. працы па кінетыцы хім. працэсаў у газавай фазе (фотахім., дэтанацыя). Распрацаваў метад даследавання быстрых хім. рэакцый і іх кароткажывучых прадуктаў (метад імпульснага фатолізу), стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Дж. Портэрам; 1950), што дазволіла атрымаць спектры паглынання многіх простых свабодных радыкалаў, даследаваць механізм іх ператварэнняў, даказаць існаванне быстрых рэкамбінацыйных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Портэрам, М.Эйгенам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́СНЕВЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя грыбы, што ўтвараюць характэрныя налёты (плесні) на паверхні арган. субстратаў (харч. прадукты, папера, скура, тэкстыль і інш.). Належаць да розных сістэм. груп: ааміцэты, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, сумчатыя грыбы і інш. Каля 250 відаў. Пашыраны ў глебе, раскладаюць арган. рэшткі і прымаюць удзел у іх мінералізацыі. Выклікаюць хваробы раслін, псаванне прадуктаў, разбурэнне прамысл. вырабаў і матэрыялаў.
Для П.г. характэрны паветраны міцэлій, які добра развіваецца на паверхні і ўнутры субстрату. Споры ўтвараюцца на гіфах. Выкарыстоўваюць П.г. для атрымання ферментаў, арган.к-т, антыбіётыкаў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РНЫЯ СМО́ЛЫ,
складаныя поліэфіры, здольныя ў выніку ацвярдзення ператварацца ў нерастваральныя і няплаўкія палімеры. Найб. пашыраны ненасычаныя П.о. — растворы (50—70%-ныя) складаных эфіраў — прадуктаў полікандэнсацыі малеінавай ці фумаравай кіслот з гліколямі, у ненасычаных манамерах (напр., стырол, метылметакрылат, вінілталуол) — растваральніках поліэфіраў.
Ацвярдзенне П.с. адбываецца ў выніку суполімерызацыі поліэфіру і растваральніку (гл.Ацвярдзенне палімераў, Ацвярджальнікі), прыводзіць да ўтварэння трывалых, вода-, кіслота-, масла-, бензінаўстойлівых матэрыялаў з добрай адгезіяй да розных паверхняў і выдатнымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў (гл: Поліэфірныя лакі), кляёў, замазак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ЯЛ ДАТЧ-ШЭЛ ГРУП»
(Royal Dutch-Shell Group),
англа-нідэрландская нафтавая кампанія, адна з найбуйнейшых транснацыянальных нафтавых карпарацый, уваходзіць у Міжнар. нафтавы картэль. Засн. ў 1907 у выніку аб’яднання нідэрл. кампаніі «Роял датч петролеум компані» (1890) і англ. кампаніі «Шэл транспарт энд трэйдынг компані» (1897). Займаецца разведкай і здабычай нафты, газу, вугалю, руд каляровых металаў, перапрацоўкай нафты, вытв-сцю нафта-хім. і хім.прадуктаў. Мае ўласны танкерны флот, 69 нафтаперапрац. з-даў, буйныя нафтахім. камбінаты, 27 н.-д. цэнтраў. Аб’ядноўвае больш за 900 даччыных фірм у 100 краінах свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭРАСКЛЕРО́З (ад грэч. athēra кашка + склероз),
хранічная хвароба крывяносных сасудаў, пры якой на ўнутраных сценках артэрый утвараюцца атэрасклератычныя бляшкі — ачаговыя назапашванні ліпідаў (тлушчападобных рэчываў), складаных вугляводаў, фібрознай тканкі, кампанентаў крыві і кальцыю. У выніку артэрыі трацяць эластычнасць і дэфармуюцца, іх прасвет звужаецца, ламінарны цёк крыві ператвараецца ў турбулентны; пашкоджанне крывяных пласцінак, актывацыя згусальнай і прыгнечанне антызгусальнай сістэм крыві садзейнічаюць узнікненню ў сасудах трамбатычных мас; парушаюцца кровазабеспячэнне, функцыі розных органаў і тканак. Напрыклад, моцны атэрасклероз сасудаў сэрца праяўляецца каранарнай недастатковасцю або інфарктам міякарда, мозга — парушэннямі разумовай дзейнасці, інсультам і паралічам, нырак — стойкай гіпертаніяй, ног — эндартэрыітам аблітэральным і інш. Найчасцей хварэюць на атэрасклероз у сталым і старэчым узросце (мужчыны часцей за жанчын), развіццё атэрасклератычных змен магчыма і з дзяцінства, асабліва пры спадчыннай да яго схільнасці.
Да фактараў рызыкі, што ўплываюць на ўзнікненне атэрасклерозу, адносяць незбалансаванае харчаванне, захворванне на цукр. дыябет, жоўцекамянёвую хваробу, хранічную нырачную недастатковасць, атлусценне арганізма, малую фіз. актыўнасць (гіпакінезія), гіпертэнзію, ужыванне алкаголю, курэнне, змяненні гарманальнага фону ў выніку пастаяннага псіхаэмацыянальнага перанапружання, уплыў некаторых спецыфічных умоў працы і інш. Паводле халестэрынавай гіпотэзы патагенезу атэрасклерозу, якая існуе каля 80 гадоў, цэнтр. месца ў развіцці хваробы адводзіцца парушэнням абмену халестэрыну. У прафілактыцы атэрасклерозу гал. роля належыць здароваму спосабу жыцця, абмежаванню ў ежы прадуктаў з вял. колькасцю халестэрыну і спажыванню большай колькасці прадуктаў, у якіх шмат алею і клятчаткі, выключэнню фактараў рызыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЛІЗ (ад грэч. katalysis разбурэнне),
змяненне скорасці хім. рэакцыі ці яе ўзбуджэнне пад уздзеяннем рэчываў (каталізатараў), якія прымаюць удзел у рэакцыі, але не ўваходзяць у састаў яе прадуктаў. У залежнасці ад таго, паскараецца ці запавольваецца рэакцыя, адрозніваюць К. дадатны і адмоўны. Звычайна тэрмін «К.» адносяць да працэсу паскарэння рэакцыі. Рэчывы, што запавольваюць хім. рэакцыю, наз.інгібітарамі хімічнымі. Паскарэнне рэакцыі пад уздзеяннем прадукту рэакцыі ці аднаго з прамежкавых рэчываў наз.аўтакаталізам. Усе каталітычныя рэакцыі — самаадвольныя працэсы (суправаджаюцца памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы).
Адрозніваюць гамагенны К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў адной фазе) і гетэрагенны (кантактавы) К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў розных фазах і маюць мяжу падзелу). Пры гамагенным К. каталізатар рэгенерыруецца ў канцы рэакцыі, а скорасць гамагенна-каталітычнай рэакцыі звычайна прапарцыянальная канцэнтрацыі каталізатара. Гетэрагенна-каталітычныя рэакцыі адбываюцца ў некалькі стадый: дыфузія кампанентаў да паверхні каталізатара, адсорбцыя і хім. пераўтварэнні на паверхні, дэсорбцыя і адваротная дыфузія прадуктаў рэакцыі, кожная з якіх можа лімітаваць скорасць каталітычнага працэсу. Паводле механізму каталітычныя працэсы падзяляюцца на электронныя (радыкальныя), абумоўленыя пераносам электронаў (акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі; напр., гідрагенізацыя) і іонныя (кіслотна-асноўныя; напр., крэкінг). Выкарыстоўваюць у хім. прам-сці (адносная доля каталітычных працэсаў складае 80—90%). Адыгрывае выключную ролю ў жывых арганізмах (гл.Біякаталіз).
Літ.:
Гейтс Б., Кетцир Дж., Шуйт Г. Химия каталитических процессов: Пер. с англ.М., 1981;
Боресков Г.К. Катализ: Вопр. теории и практики. Новосибирск, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАЗІ́Н (франц. magazin ад араб. сховішча, склады),
1) прадпрыемства рознічнага гандлю, якое выступае як юрыд. асоба. Падзяляюцца на спецыялізаваныя з абмежаваным асартыментам тавараў (хлебныя, агароднінна-садавінныя, малочныя, мэблевыя, кніжныя, абутковыя, гатовага адзення, гасп. і неспецыялізаваныя з больш шырокім асартыментам тавараў. Існуюць мяшаныя прадуктова-прамысл. М. Пашыраны універсальныя М. са спецыялізаванымі секцыямі, М. самаабслугоўвання, салоны-М., М.-аўтаматы; у гандл. цэнтрах М. знаходзяцца ў адным комплексе з прадпрыемствамі грамадскага харчавання і гандлю.
2) Дылерская кампанія, якая займаецца купляй-продажам аблігацый.
3) Будынак, у якім захоўваліся грамадскія запасы прадуктаў (збожжа, крупы, мука, соль і інш.) на выпадак дапамогі людзям, якія апынуліся ў бядзе. Былі пашыраны ў Літве, Польшчы, Расіі, на Украіне. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Будынак прамавугольны ў плане, звычайна з 4—5 уваходамі ў асобныя склады. 3 падоўжнага боку будавалі галерэю на слупах або вял. вынас страхі (в. Старобін Слуцкага р-на Мінскай вобл., 1825). Праз тарцы збудавання рабілі скразны праезд і засекі для прадуктаў па абодва яго бакі (в. Касарычы Глускага р-на Магілёўскай вобл., пач. 19 ст.). Сцены М. ставілі на высокіх мураваных фундаментах ці штандарах (в.Вял. Чучавічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., 19 ст.). Паводле тыпавых праектаў дзярж. М. звычайна будавалі ў комплексе з некалькіх будынкаў, абкружалі іх равамі, агароджамі, будынкамі для аховы (г. Ваўкавыск, 1851).