ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш. Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл. Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.

Літ.:

Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.

Я.І.Юхо.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУТАЛЕ́ВІЧ (Вадзім Андрэевіч) (н. 4.7.1922, в. Малое Хонава Магілёўскага р-на),

бел. юрыст, гісторык, сацыёлаг. Д-р юрыд. н. (1974), праф. (1987). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах тэорыі дзяржавы і права, гісторыі нац.-дзярж. буд-ва ў Беларусі і бел. нац. руху, пытаннях сістэматызацыі і кадыфікацыі заканадаўства, канстытуцыйным праве і інш. Член Канстытуцыйнага прававога савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Аўтар манаграфіі «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (т. 1—2, 1975—79), прац па гісторыі адм.-тэр. падзелу Беларусі, адзін з аўтараў даведніка «Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне БССР» (т. 1—2, 1985—87).

Тв.:

На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

О конституционном суде, законности, референдуме. Мн., 1996;

История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.

В.А.Круталевіч.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯЁЎСКІ ((Maciejowski) Вацлаў Аляксандр) (1792, г. Кальварыя-Забжыдоўская Малапольскага ваяв., Польшча — 10.2.1883),

польскі славяназнавец, гісторык культуры і права. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, Вроцлаве, Берліне, Гётынгене. Праф. рымскага права Варшаўскага ун-та (1819—31). Удзельнік паўстання 1830—31. У 1836—49 праф. класічнай філалогіі ў рымска-каталіцкай Духоўнай акадэміі ў Варшаве. У сваіх творах праводзіў ідэі агульнаслав. культ. адзінства. У працы «Гісторыя славянскіх заканадаўстваў» (т. 1—4, 1832—35; выд. перапрацавана, т. 1—6, 1856—65) даследаваў пытанні агульнасці слав. права. Выдаў зборнік крыніц па слав. праве «Помнікі гісторыі, пісьменства і заканадаўства славян» (т. 1—2, 1839). Аўтар прац «Пачатковая гісторыя Польшчы і Літвы...» (1846), «Польскія і літоўскія летапісы і хронікі» (1850), «Польскае пісьменства з найдаўнейшых часоў да 1830 г.» (т. 1—3, 1851—52), «Яўрэі ў Польшчы, Русі і Літве» (1878).

Дз.У.Караў.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУНІЦЫПАЛІТЭ́Т (ням. Munizipalität ад лац. municipium самакіравальная абшчына),

1) сукупнасць выбарных органаў мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама ніжэйшая адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах. Тэрмін «М.» вядомы з часоў Стараж. Рыма, дзе так наз. гарады, якія мелі права самакіравання. У сярэднявеччы гэты інстытут атрымаў развіццё ў магдэбургскім праве. Сучасная структура муніцыпальных органаў складаецца з выбарных устаноў (саветаў, сходаў) і выканаўчага апарата, якія ўзначальвае мэр, бургамістр, староста. М. займаецца мясц. пытаннямі, што маюць важнае значэнне для насельніцтва: жыллёвыя і быт. паслугі, мед. абслугоўванне, школьная адукацыя, санітарыя, мясц. служба правааховы грамадскага парадку, пажарная служба, дарогі і г.д. М. правамоцны займацца гасп. дзейнасцю, мець ва ўласнасці жылыя будынкі, кватэры, зямельныя ўчасткі, устанаўліваць мясц. падаткі і зборы за карыстанне рознымі дабротамі і выгодамі, выдаваць ліцэнзіі. М. таксама называецца будынак, дзе размяшчаецца яго выканаўчы апарат.

2) Самакіравальная абшчына з правам юрыд. асобы.

В.А.Кадаўбовіч.

т. 11, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,

заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц. звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.

Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.

Літ.:

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

І.А.Юхо.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБАТА́НТЫ (ад франц. combattant воін, баец),

у міжнародным праве асобы, якія ўваходзяць у склад узбр. сіл ваюючых дзяржаў і прымаюць удзел у ваен. дзеяннях. К. з’яўляюцца: асабовы склад сухапутных, ваенна-марскіх і ваенна-паветр. сіл; партызаны, асабовы склад апалчэння і добраахвотніцкіх атрадаў, калі яны маюць на чале асобу, адказную за сваіх падначаленых, пэўны, бачны здалёку знак адрознення, выконваюць у сваіх дзеяннях правілы вядзення вайны, адкрыта носяць зброю ў час ваен. сутыкнення, а таксама ў час, што папярэднічае яму; экіпажы гандл. марскіх суднаў і самалётаў грамадз. авіяцыі, калі яны пераабсталяваны ў ваенныя. Сучаснае міжнар. права разглядае ў якасці К. байцоў, якія ўдзельнічаюць у нац.-вызв. войнах. У выпадку, калі насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі пры набліжэнні непрыяцеля не паспела сфарміравацца ў рэгулярныя часці, але бярэцца за зброю, таксама прызнаецца К. Захопленыя варожым бокам К. карыстаюцца рэжымам ваеннапалоннага. Найб. поўны прававы статус К. вызначаецца ў адпаведных міжнар. канвенцыях.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТАРЫЯ́Т сістэма органаў і службовых асоб, на якіх ускладзена засведчанне здзелак, афармленне спадчынных правоў і ажыццяўленне інш. дзеянняў, накіраваных на юрыд. замацаванне грамадз. правоў і папярэджанне іх магчымага парушэння. На Беларусі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам «Аб дзяржаўным натарыяце» ад 30.4.1974 Н. прызначаны ахоўваць законнасць і прадухіляць правапарушэнні ў галіне цывільна-прававых адносін. Натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць натарыусы, якія працуюць у дзярж. натарыяльных канторах або займаюцца прыватнай практыкай. У выпадку адсутнасці ў населеным пункце Н. натарыяльныя дзеянні ажыццяўляюць службовыя асобы органаў выканаўчай улады, упаўнаважаныя на выкананне такіх функцый. Натарыяльныя дзеянні ад імя Беларусі на тэр. іншых дзяржаў ажыццяўляюць консульскія ўстановы краіны за мяжой. Заканадаўства прадугледжвае права Н. і ўстаноў, якія яго замяняюць, і службовых асоб сведчыць натарыяльныя здзелкі, сапраўднасць подпісаў на дакументах і дакладнасць копій з іх, выдаваць пасведчанні аб праве на спадчыну, выконваць інш. дзеянні. За выкананне натарыяльных дзеянняў, як правіла, спаганяецца дзярж. пошліна.

І.С.Шахрай.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАРА́ННЕ ў праве,

прадугледжаная законам мера крымінальна-прававога ўздзеяння, якая назначаецца паводле прыгавору суда. Ужываецца да асобы, прызнанай вінаватай ва ўчыненні злачынства, з прадугледжаным заканадаўствам пазбаўленнем або абмежаваннем правоў і свабод гэтай асобы. Мае на мэце аднаўленне сац. справядлівасці і папярэджанне ўчынення новых злачынстваў. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь існуюць асн. і дадатковыя П. Да асн. адносяцца грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы, абмежаванне па ваен. службе, арышт, абмежаванне свабоды, накіраванне ў дысцыплінарную часць (для ваеннаслужачых), пазбаўленне волі, пажыццёвае зняволенне і як выключная мера — смяротная кара. Апрача асн. П., да асоб, якія ўчынілі злачынствы, могуць ужывацца і дадатковыя П., як пазбаўленне воінскага або спец. звання, канфіскацыя маёмасці. Грамадскія работы, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю могуць ужывацца не толькі ў якасці асноўнага, але і дадатковага П.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,

раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.

Г.А.Маслыка.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАЧЫ́НСТВА,

у крымінальным праве Рэспублікі Беларусь забароненае законам грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на асобу, канстытуцыйны лад дзяржавы, уласнасць, а таксама на інш. аб’екты, якія ахоўваюцца законам. Неабходнай прыкметай З. з’яўляецца наяўнасць віны (наўмыснасць або неасцярожнасць дзеяння). Не з’яўляюцца З. дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна маюць прыкметы якога-н. З., але з-за сваёй малазначнасці не ўяўляюць сабой грамадскай небяспекі. Грамадска небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымін. законам, г. зн. не было процізаконным, проціпраўным. Сукупнасць названых прыкмет (віны і проціпраўнасці) утварае склад З. Адсутнасць любой з іх выключае паняцце З.

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь асобна вылучае паняцце цяжкае З. — наўмыснае дзеянне, якое ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку (іх пералік змешчаны ў агульнай частцы крымін. кодэкса). У адпаведнасці з сучаснай крымін. дактрынай краіны асаблівая частка кодэкса падзяляе З. паводле аб’екта пасягання на дзярж., супраць уласнасці, супраць асобы, супраць грамадскай бяспекі і грамадскага парадку, супраць правасуддзя, воінскія З. і інш.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)