«БАЗУ́КА»

(англ. bazooka),

першы амер. 60-мм ручны процітанкавы рэактыўны гранатамёт (1942). Маса 6,1 кг, маса гранаты 1,5 кг, макс. скорасць палёту гранаты 90 м/с, прыцэльная далёкасць стральбы 200 м, прабіваў браню таўшч. 90 мм. «Базукай» наз. і інш. процітанкавыя гранатамёты.

«Базука».

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКО́ЛЬД І ДЗІР,

кіеўскія князі ў 2-й пал. 9 ст. Паводле летапісных звестак былі баярамі Рурыка. У 860 узначальвалі першы паход на Канстанцінопаль, вялі барацьбу з печанегамі, улічамі, дунайскімі балгарамі. Учынілі паходы на драўлян, полацкіх крывічоў. Забіты ў 882 наўгародскім князем Алегам.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),

1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.

2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ЛІЧ (Уладзіслаў Іванавіч) (1906—43),

бел. шахматыст, першы на Беларусі майстар спорту СССР па шахматах (1929—35, 1939). Жыў у Віцебску. Пераможца чэмпіянатаў Беларусі (1928, 1934, 1937). Вядомы даследаваннямі ў шахматных дэбютах (сіцыліянская, франц. абароны). Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́РЫУС, α Вялікага Пса,

самая яркая зорка неба, -1,46 візуальнай зорнай велічыні. Свяцільнасць у 28 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 2,7 пк. С. — падвойная зорка; яе кампанент Сірыус Б (у 10 тыс. разоў менш яркі, чым С.) — першы выяўлены белы карлік.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ (Максім Паўлавіч) (25.5.1908, пас. Пуцілаўка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 11.6.1996),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1979), чл.-кар. з 1960, д-р гіст. н. (1946). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1934). Да 1951 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1951 у Ін-це гісторыі АН СССР. Заснавальнік і першы рэдактар (1956—60) час. «История СССР». З 1959 старшыня навук. савета АН СССР па праблеме «Гісторыя сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва ў СССР». У 1982 першы з сав. гісторыкаў заявіў пра нявырашанасць нац. пытання ў СССР. Асн. працы па гісторыі культуры і культ. рэвалюцыі ў СССР. Аўтар кн. «Праблемы тэорыі і гісторыі рэальнага сацыялізму» (1983). Пад яго рэдакцыяй выдадзена хроніка «Культурнае жыццё ў СССР» (1975—81). Дзярж. прэмія СССР 1986.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІК,

правадзейны член Акадэміі навук Беларусі, АН інш. дзяржаў, а таксама некаторых галіновых акадэмій. Выбіраецца на агульным сходзе акадэміі. Існуюць званні ганаровы акадэмік, замежны член і ганаровы член акадэміі. На Беларусі званне акадэміка ўведзена 26.12.1928, калі СНК БССР зацвердзіў першы склад правадзейных членаў Бел. АН.

т. 1, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),

дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.​В.​Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.​А.​Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.​Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.​А.​Гашкевіча.

Літ.:

Гузанаў В. Адысей з Беларусі. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЕ́РЦЫІ ЗАКО́Н,

закон механікі, паводле якога цела пры ўзаемным ураўнаважанні ўсіх сіл, што на яго дзейнічаюць, захоўвае стан спакою або раўнамернага прамалінейнага руху, пакуль прыкладзеныя сілы не вымусяць яго змяніць гэты стан. Адкрыты Г.​Галілеем у 1632, сфармуляваны І.​Ньютанам як першы з Ньютана законаў механікі.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Мікалай Львовіч) (н. 30.12.1948, г. Брэст),

бел. і польскі гісторык. Канд. гіст. н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).

Тв.:

Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.

Л.​П.​Мірачыцкі.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)