1) від паралелепіпеда (звычайна нахілены), грані якога з’яўляюцца роўнымі ромбамі. Па крайняй меры 2 вяршыні Р. такія, што ўсе прылеглыя да іх вуглы роўныя паміж сабой. Паралелепіпед з’яўляецца Р. тады і толькі тады, калі ён мае вось сіметрыі 3-га парадку; гл.Сіметрыя.
2) Р. у геалогіі — простая форма крышталёў трыганальнай сінганіі (6-граннік з гранямі ў выглядзе ромбаў). Такую форму маюць крышталі шэрагу мінералаў (кальцыт, магнезіт, радахразіт, смітсаніт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́НЗАР (ад лац. tensus напружаны, нацягнуты),
матэматычны аб’ект, які абагульняе паняцці скаляра, вектара і матрыцы. Тэрмін з’явіўся ў механіцы ў сярэдзіне 19 ст. пры апісанні пругкіх дэфармацый цел. У кожнай сістэме каардынат задаецца пэўнай сукупнасцю лікаў (кампанентаў), якія ўзяты ў пэўным парадку і змяняюцца паводле спец. законаў пры пераходзе ад адной сістэмы каардынат да другой. Напр., у 3-мернай прасторы Т. задаецца 3r лікамі, дзе лік r — ранг Т. Аперацыі над Т. вывучае тэнзарная алгебра (гл.Тэнзарнае злічэнне).
2) Змяненне з карыслівай мэтай якасці прадметаў збыту ў бок іх пагаршэння пры захаванні знешняга выгляду.
3) Падробка, падробленая рэч, што выдаецца за сапраўдную. Крымінальнае права Рэспублікі Беларусь, акрамя такога небяспечнага віду Ф., як фальшываманецтва, вылучае таксама і інш. яе разнастайнасці, якія праследуюцца ў законным парадку (напр., Ф. сродкаў вымярэння, падробка знакаў паштовай аплаты, праязных і інш. дакументаў, падробка штампаў, пячатак, бланкаў і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДДЗЯ́,
службовая асоба, якая ўваходзіць у склад пэўных судовых органаў і выконвае функцыі правасуддзя.
У ВКЛ С. былі ўраднікі велікакняжацкай адміністрацыі (цэнтральнай і мясц.); выбраныя ў вызначаным парадку члены аддзеленых ад адміністрацыі судоў; феадалы ў адносінах да залежнага насельніцтва, найб. паважаныя сяляне-гаспадары (копныя мужы, старцы) — члены самага старажытнага копнага суда. Галоўным С. у дзяржаве лічыўся вялікі князь. Разам з панамі-радай ён выконваў функцыі правасуддзя ў вышэйшым велікакняжацкім судзе. Вял. князь (кароль) разам з сенатарамі з’яўляўся С. соймавага суда, у склад якога выбіраліся і некалькі соймавых паслоў. С. камісарскага суда прызначаліся вял. князем або інш. пастаяннымі С. з прадстаўнікоў Рады ВКЛ ці велікакняжацкай адміністрацыі Членаў Вышэйшага апеляцыйнага суда — Трыбунала Вялікага княства Літоўскага — выбірала на дэпутацкіх сойміках шляхта. Членаў земскага суда (С., падсудка, пісара) выбірала шляхта павета на элекцыйных сойміках. З чатырох вызначаных ёю кандыдатаў (на кожную пасаду) вял. князь зацвярджаў пажыццёва аднаго. Такі ж парадак існаваў і пры выбарах С. падкаморскага суда — падкаморыяў. На перыяд бескаралеўя ствараліся каптуровыя суды, членамі якіх былі С. павятовых судоў; гродскага, земскага, падкаморскага і некат. інш. ўраднікі. С. гродскага суда (замкавага) былі службовыя асобы мясц. адміністрацыі, а таксама прадстаўнікі мясц. шляхты; з 1566 са шляхціцаў прызначаліся С. і пісар. Для гараджан і феадальна-залежных людзей С. былі феадалы і іх ураднікі (гл.Вотчынны суд), а таксама асобы мясц.дзярж. і гасп. адміністрацыі. У гарадах ВКЛ, якія атрымалі магдэбургскае права, ствараліся бурмістраўска-радзецкія суды і войтаўска-лаўніцкія суды. С. палюбоўнага суда (кампрамісарскага) выбіраліся бакамі, якія вялі справу. С. канфедэрацкіх судоў — канфедэратамі. С. судоў духоўных былі прадстаўнікі духавенства, якія выбіраліся капітулам.
У Рэспубліцы Беларусь, паводле Закона «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995, С. з’яўляюцца асобы, надзеленыя ва ўстаноўленым законам парадку паўнамоцтвамі па ажыццяўленні правасуддзя. С. ўсіх судоў Рэспублікі Беларусь валодаюць адзіным статусам. Асаблівасці статуса асобных катэгорый С. вызначаюцца законамі рэспублікі. С. можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, не ўчыняў ганьбуючых яго ўчынкаў, мае стаж работы па юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Пры ажыццяўленні судовай улады С. павінен няўхільна выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, быць справядлівым і непрадузятым. Пры выкананні сваіх абавязкаў, а таксама ў неслужбовых адносінах С. павінен пазбягаць усяго, што прыніжае аўтарытэт судовай улады, годнасць С. Ён не можа займацца якой-н. іншай дзейнасцю (акрамя навук. ці педагагічнай, не звязанай з заняццем штатных пасад), быць дэпутатам, ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, належаць да паліт. партый і масавых рухаў. С. ўсіх судоў нязменныя. Яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў іншы суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы С. не могуць быць спынены інакш, як у парадку і на падставах, устаноўленых законам. С. з’яўляецца недатыкальным і не можа быць прыцягнуты да крымін. адказнасці без згоды органа, які яго выбраў ці прызначыў. Выбраныя і прызначаныя на пасаду С. прыносяць прысягу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУРАВЕ́СНІК»
(«Sturmvogel»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1940 Заключана 22.6.1940 паміж фаш. Германіяй і франц. урадам маршала А.Ф.Петэна ў 2-ю сусв. вайну там жа, дзе і Камп’енскае перамір’е 1918. Паводле яго прагерм. ўрад Петэна (гл. таксама «Вішы») пагадзіўся на поўнае спыненне ваен. дзеянняў супраць Германіі на тэр. Францыі, акупацыю ням.-фаш. войскамі каля 2/3тэр. Францыі (уключаючы Парыж), раззбраенне і дэмабілізацыю франц. арміі і флоту (акрамя часцей па падтрымцы парадку) і інш. У ліст. 1942 фаш. Германія парушыла ўмовы К.п. і акупіравала ўсю Францыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЁЛАК ГАРАДСКО́ГА ТЫ́ПУ,
гарадскі населены пункт, які адрозніваецца ад горада пераважна меншай колькасцю жыхароў. Звычайна выконвае прамысл., трансп., адм., курортныя, навук. і інш. функцыі. Вылучаюць: гарадскі пасёлак, курортны пасёлак, рабочы пасёлак. На Беларусі П.г.т. ўтвораны ў 1938 з вял.мястэчак і некаторых сёл. Крытэрыі аднясення нас. пунктаў да пэўнай катэгорыі замацаваны ў Законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998. На Беларусі (2000) 109 П.г.т., у т. л. 92 гарадскія, 16 рабочых, 1 курортны (Нарач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РХАЎКА (Bovista),
род базідыяльных грыбоў парадку дажджавіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца на адкрытых месцах, сярод травы, радзей у лясах з чэрв. па вер. П. чарнеючая (B. nigrescens) і свінцова-шэрая (B. leumbea).
Пладовыя целы — шарападобныя, дыям. да 6 см. Абалонка (перыдый) двухслойная, вонкавы слой напачатку белы, потым шараваты, унутраны — танкаскурысты свінцова-шэры ці чорны. Мякаць (глеба) белая, потым аліўкава-бурая, парошыстая. Споры шарападобныя, з доўгім прыдаткам. У маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЯРО́ТНАЯ КА́РА,
у заканадаўствах многіх краін свету вышэйшая мера крымінальнага пакарання. У крымінальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь — выключная мера пакарання расстрэл). Прадугледжана за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучальныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях (арт. 59 КК). С.к. не можа быць прызначана: асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў; жанчынам; мужчынам, якія дасягнулі да дня пастанаўлення прыгавору 65 гадоў. С.к. ў парадку памілавання можа быць заменена пажыццёвым зняволеннем. Альтэрнатывай С.к. па справах той жа катэгорыі з’яўляецца пажыццёвае зняволенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЫЦА, старарэчча, старык,
участак былога рэчышча, які поўнасцю ці часткова аддзяліўся ад ракі. Утвараецца ў выніку прарыву ракой шыйкі меандра або пры драбленні рэчышча на рукавы ў выніку яго блукання на алювіяльнай пойме. Мае падкова ці дугападобную, радзей прамалінейную форму. Найб. спрыяльныя ўмовы ўтварэння С. у рачных далінах з добра развітым свабодным меандраваннем рэчышча, плоскім шырокім дном і стабільным падоўжным профілем ракі, блізкім да профілю раўнавагі. На Беларусі найб. колькасць С. у далінах р. Прыпяць і яе прытокаў першага парадку.