знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 кмпад акіянамі (мінім.пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 кмпад кантынентамі (макс.пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс.км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл.Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
комплекс узаемазвязаных агратэхн., меліярац. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў па эфектыўным выкарыстанні зямлі. Забяспечвае расшыранае ўзнаўленне ўрадлівасці глебы, атрыманне ўсё большых ураджаяў і выключае негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць С.з. прымітыўныя (лядна-агнявая, аблогавая, лесапольная і інш.), экстэнсіўныя (папарныя) і інтэнсіўныя. На Беларусі з канца 3-га — пач. 2-га тысячагоддзяў да н.э. была пашырана лядна-агнявая С.з. (лес высякалі, дрэвы спальвалі, а зямлю выкарыстоўвалі пад ворыва); урадлівасць глебы зніжалася і аднаўлялася толькі пад уплывам прыроднай расліннасці. Аблогавая С.з. ўзнікла пры скарачэнні плошчы вольных зямель, неабходнасці вяртання старых участкаў, якія зноў выкарыстоўвалі пад пасевы, а потым запускалі падаблогу. Пазней, пры выкарыстанні лесапольнай С.з., плошча ўзараных зямель была павялічана, тэрмін аблогі і лесаполля скараціўся, урадлівасць не аднаўлялася. У час феадалізму панавалі экстэнсіўныя С.з. Папарная С.з. прадугледжвала чаргаванне культур — папар, азімыя, яравыя. У канцы 19 ст. ўзнікла і пашыралася травапольная С.з. (гал. недахоп — увядзенне ўсюды бабова-збожжавых сумесей і змяншэнне пасеваў збожжавых культур). Сучасныя інтэнсіўныя С.з. (палепшаная, пладазменная, з кармавымі севазваротамі і інш. спецыялізаваныя) уключаюць севазвароты з травасеяннем, культ.лугаводства з перыядычным перазалужэннем лугоў, апрацоўку глебы з чаргаваннем плужных і бясплужных апрацовак, рацыянальнае ўжыванне арган. і мінер. угнаенняў, вапнаванне глебы, барацьбу з хваробамі, шкоднікамі і пустазеллем, рэгуляванне воднага рэжыму глеб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з харэагр. і аркестравай груп і мае на мэце прапаганду харэагр. фальклору, развіццё нар.-сцэнічнага танца. У рэпертуары танцы, тэматычныя харэагр. кампазіцыі, сюжэтныя пастаноўкі з элементамі тэатралізацыі. Першы прафес. ансамбль танца — Ансамбль народнага танца Расіі (1937). На Беларусі найб. вядомыя калектывы падобнага тыпу: Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча (1926—30), танц. калектыў пад кіраўніцтвам А.Рыбальчанкі (з 1936), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (з 1959), харэагр. ансамблі «Харошкі», «Чараўніцы» і інш., шматлікія самадз. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗІЛО́ВІЧ (Ігнат Мартынавіч) (1841, Валынская губ. — 9.9.1863),
удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус (1859). Служыў падпаручнікам Екацярынаслаўскага палка (Масква). Належаў да рэв. арг-цыі, падтрымліваў цесныя сувязі з паплечнікам К.Каліноўскага Л.Звяждоўскім. У крас. 1863 уцёк з часці і разам са Звяждоўскім выехаў на Магілёўшчыну. Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аршанскім пав. 26.4.1863 атрад разбіты пад Пагосцішчамі. Будзіловіч схоплены на полі бою і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Оршы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ЧНЫ ЛІЧЫ́ЛЬНІК,
прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў; цвердацелая іанізацыйная камера. Прынцып дзеяння К.л. заснаваны на ўзнікненні пад уздзеяннем выпрамяненняў прыкметнай электраправоднасці дыэлектрыкаў. Пры праходжанні праз крышталь (напр., сульфіду кадмію) іанізавальныя часціцы выклікаюць у ім утварэнне носьбітаў зараду (электронаў і дзірак), якія пад уздзеяннем знешняга эл. поля рухаюцца да адпаведных электродаў. Асобная іанізавальная часціца выклікае ў ланцугу К.л. кароткачасовы імпульс, які пасля ўзмацнення рэгіструецца лічыльнай прыладай. Гл. таксама Паўправадніковы дэтэктар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́КАЛАЧ,
старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1127, у Іпацьеўскім — пад 1128: «Новгородци придоша со Мстиславичем со Всеволодом к Неколочю» (у Іпацьеўскім летапісе к Неклочю). Да гэтага часу Н. не лакалізаваны. На мысе Гарадзішча на воз. Некалач (у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. каля в. Бор) рэшткаў стараж. населенага месца не выяўлена. Мяркуюць, што названы ў летапісах геагр. пункт — воз. Некалач, на Пн ад Полацка, адкуль бярэ пачатак р. Палата (Невельскі р-н Пскоўскай вобл. Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮ́ЦЫІ (лац. polluo, pollutio пэцканне, забрудненне),
міжвольнае семявывяржэнне, не звязанае з палавым актам. Бывае ў начны і дзённы час. Начныя П. — нармальная фізіял. з’ява, у падлеткаў сведчаць пра дасягненне імі пэўнага этапу палавога выспявання. У дарослых мужчын бываюць пры палавым устрыманні. Дзённыя П. падзяляюцца на адэкватныя і неадэкватныя. Адэкватныя бываюць пад уздзеяннем сексуальна-эратычнага ўзбуджэння (напр., ласкі, пацалункі), неадэкватныя ўзнікаюць пад уплывам несексуальных раздражняльнікаў станоўчага і адмоўнага характару (весялосць, хваляванне, страх і інш.). Дзённыя неадэкватныя П. патрабуюць спец. лячэння.