ФІЛАСО́ФІЯ ЖЫЦЦЯ́,

1) «практычная філасофія», філасофія, арыентаваная на распрацоўку праблем сэнсу, каштоўнасці і мэты жыцця, пашырэнне этычных і прагматычных прынцыпаў паводзін. Да прадстаўнікоў Ф.ж. адносяць многіх дасакратыкаў (асабліва Эмпедокла) і стоікаў, М. дэ Мантэня, Ф. дэ Ларошфуко, ням. натурфілосафаў 16—17 ст. (Парацэльс, Я.​Б.​Гельмант), ірацыяналістаў 18 ст. (І.​Г.​Гаман і інш.), Ф.В.​І.​Шэлінга і інш. 2) Кірунак у зах.-еўрап. філасофіі канца 19—пач. 20 ст., у якім зыходным з’яўляецца паняцце «жыццё» як першасная рэальнасць, не тоесная ні духу, ні матэрыі. Узнікненне Ф.ж. выклікана імкненнем абгрунтаваць беспадстаўнасць рацыяналізму і абвергнуць прынцыпы метадалагізму і гнасеалагізму, што панавалі ў філасофіі на мяжы 19—20 ст. (пазітывізм, неакантыянства). Ідэйным папярэднікам Ф.ж. быў А.Шапенгаўэр, які сутнасцю свету лічыў «жыццё» як волю, што выяўляецца ва ўсіх падзеях Сусвету. Як цэласнае светаразуменне Ф.ж. аформілася ў працах Ф.Ніцшэ і А.Бергсона, якія сцвярджалі, што ў аснове свету ляжаць адпаведна «воля да ўлады» ці «жыццёвы парыў». У канцэпцыях В.Дзільтэя, О.Шпенглера, Г.​Зімеля, і інш. «жыццё» выступае як культ.-гіст. вопыт цывілізацыі, дзякуючы якому выяўляецца яе непаўторнасць, унікальнасць. У тэорыі пазнання Ф.ж. арыентуецца на прынцыпы інтуітывізму і лічыць адпаведнымі формамі «жыццепазнання» інтуіцыю, міф, сімвалічнае і маст. пазнанне і інш. У тлумачэнні чалавечай гісторыі Ф.ж. прытрымліваецца прынцыпу культ.-гіст. плюралізму, стрыжнем якога выступаюць абгрунтаванне унікальнасці, своеасаблівасці асобных народаў і культур і адхіленне аб’ектыўных законаў у гіст. працэсе. Ідэі Ф.ж. развіваліся і інтэрпрэтаваліся ў экзістэнцыялізме, персаналізме, прагматызме і інш. кірунках зах.еўрап. філасофіі 20 ст.

Літ.:

Кутлунин А.Г. Немецкая философия жизни. Иркутск, 1986;

Ницше Ф. Соч.: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1990;

Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Зиммель Г. Избранное: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1996;

Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Т. 4. СПб., 1997;

Риккерт Г. Философия жизни: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКФУРЦКАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у ням. філасофіі і сацыялогіі ў 1930—70-х г.; адзін з варыянтаў неамарксізму. Склалася ў пач. 1930-х у г. Франкфурце-на-Майне (Германія) з цэнтрам у Ін-це сац. даследаванняў (у 1934—39 у Жэневе і Парыжы, у 1939—49 у ЗША). Гал. прадстаўнікі — Т.​Адорна, В.​Беньямін, Г.​Маркузе, Э.​Фром, Ю.​Хабермас, М.​Хоркхаймер. У філас.-сацыялагічнай «крытычнай тэорыі грамадства», запазычанай імі ў К.​Маркса, крытычны падыход да буржуазнай культуры спалучаецца з ідэямі гегелеўскай дыялектыкі і псіхааналізу З.​Фрэйда. Лічылі, што развіццё навукі і новай тэхналогіі аказвае рэпрэсіўнае ўздзеянне на культуру, прыводзіць да адчужэння чалавека ад грамадства, адрыву сац. адносін ад прыродных і канфлікту паміж імі, штурхае чалавецтва да «новага тыпу варварства» («Дыялектыка асветы» Адорна і Хоркхаймера, 1947). Пастаяннае імкненне да панавання над усімі і ўсім, маніпуляцыя свядомасцю мас і яе падпарадкаванне пануючай эліце прыводзяць да ўзнікнення «аўтарытарнай асобы» як сац.-псіхал. перадумовы фашызму (калект. праца «Аўтарытарная асоба», 1950). Г.​Маркузе сцвярджаў, што ва ўмовах «аднамернага грамадства» з панаваннем рацыяналізму, масавай культуры, масавым падманам і немагчымасцю якой-н. апазіцыі сам чалавек, яго мысленне таксама становяцца аднамернымі («Аднамерны чалавек», 1964). Члены Ф.ш. зыходзілі з таго, што створаныя ў імя марксізму паліт. сістэмы нясуць такую ж адказнасць за дэгуманізацыю чалавечага існавання, як і тыя, што створаны капіталізмам; такая пазіцыя прывяла да ўзнікнення руху «новых левых», які асабліва актыўна дзейнічаў у 1960—70-х г. Выкарыстаная Ф.ш. метадалогія і канкрэтныя вынікі навук. даследаванняў паўплывалі на развіццё сац. філасофіі, псіхалогіі, сацыялогіі, культуралогіі ў ФРГ, ЗША, Францыі, Італіі і інш. краінах.

Літ.:

Рассел Б. История западной философии: Пер. с англ. 3 изд. М., 2000;

Маркузе Г. Одномерный человек: Пер. с англ. М., 1994;

Фромм Э. Бегство от свободы;

Человек для себя: Пер. с англ. Мн., 1998;

Оливер М. История философии: Пер. с англ. Мн., 1999;

Современная западная философия. Мн., 2000.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 16, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,

сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл. Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял. манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг. баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш. спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс. руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн. Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт. Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн. Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн. Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.

Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.​Ф.​Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.

Літ.:

Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;

Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;

Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;

Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;

Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;

Гумилев Л.Н. От Руси до России. М., 1997.

І.​Б.​Канапацкі, Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХААКІЯ́НСКІЯ КАМПА́НІІ 1941—45,

ваенныя дзеянні паміж узбр. сіламі Японіі і ЗША і іх саюзнікамі на Азіяцка-Ціхаакіянскім тэатры другой сусв. вайны 7.12.1941—2.9.1945 за захоп стратэг. ініцыятывы і панаванне ў гэтым рэгіёне ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Вылучаюцца 3 кампаніі: 1941—42, 1942—43, 1944—15.

Першая Ц.к. (7.12.1941—ліст. 1942) пачалася нечаканым нападам яп. узбр. сіл на гал. амер. ваен.-марскую базу Пёрл-Харбар і інш. базы і аэрадромы ЗША і Вялікабрытаніі на Ціхім ак. Пазней яп. армія захапіла Малаю, Сінгапур, Філіпіны, Інданезію, Бірму (М’янму), в-аў Гуам і інш. тэр. (3800 тыс. км² з нас. 150 млн. чал.), выйшла на подступы да Аўстраліі і т.ч. дамаглася часовага панавання на Ціхім ак., аднак не дасягнула поўнай перамогі. 5—8.5.1942 у марской бітве ў Каралавым моры амер. ВМС дамагліся першага поспеху ў вайне. Пазней японцы пацярпелі буйное паражэнне каля атола Мідуэй, дзе 4—6.6.1942 адбылася бітва авіяносных злучэнняў. Апошняй значнай падзеяй гэтай кампаніі сталі ўпартыя баі ў жн.—ліст. 1942 паміж амер. і яп. флатамі і арміямі ў р-не Саламонавых а-воў (Са́ва, Гуадалканал і інш.), у ходзе якіх японцы, нягледзячы на некат. тактычныя перамогі, страцілі стратэгічную ініцыятыву. Другая Ц.к. (снеж. 1942 — снеж. 1943) стала пераломнай у вайне на карысць саюзнікаў; выявілася перавага саюзнікаў у авіяцыі і сілах флоту, у т. л. ў авіяносцах. Летам 1943 саюзнікі пачалі наступальныя дзеянні і да канца года занялі а-вы Гілберта, Саламонавы (акрамя в-ва Бугенвіль), частку Новай Гвінеі і Новай Брытаніі, вызвалілі Алеуцкія а-вы і інш. Ваен. дзеянні ў Кітаі і Бірме насілі абмежаваны характар. У трэцюю Ц.к. (чэрв. 1944 — пач. вер. 1945) саюзнікі канчаткова авалодалі стратэг. ініцыятывай і пачалі выкананне спланаваных дэсантных аперацый з мэтай захопу астравоў і стварэння на іх плацдармаў для наступлення. У пач. 1944 амер. войскі авалодалі Маршалавымі і Марыянскімі а-вамі, ч. Каралінскіх а-воў, нанеслі паражэнне яп. флоту ў бітве за в-аў Лейтэ. Да канца 1944 саюзныя войскі вызвалілі ч. Паўн. Бірмы, пад іх кантролем апынуліся найважнейшыя марскія камунікацыі Японіі. У кастр. 1944 — ліп. 1945 саюзнікі занялі Філіпінскія а-вы, у студз.—ліп. 1945 — шэраг раёнаў Кітая і Бірмы, у чэрв. 1945 — в-аў Акінава і планавалі высадку на яп. астравы. 6 жн. 1945 амер. ВПС скінулі атамную бомбу на г. Хірасіма, 9 жн. — на г. Нагасакі (паводле меркавання некат. спецыялістаў, ваен. неабходнасці ў выкарыстанні ядз. зброі не было). Аднак Японія яшчэ мела буйныя сілы (каля 7,2 млн. чал., каля 100 караблёў і больш за 10 тыс. самалётаў). 9.8.1945 у вайну супраць Японіі ўступіў СССР (гл. Савецка-японская вайна 1945), узбр. сілы якога за кароткі тэрмін разграмілі Квантунскую армію (гл. Маньчжурская аперацыя 1945). 2.9.1945 Японія капітулявала. У ходзе Ц.к. адбылося 20 марскіх баёў і бітваў, каля 50 дэсантных аперацый, у час якіх асабліва выявілася важная роля авіяносцаў, падводнага флоту, авіяцыі; упершыню выкарыстаны радыёлакатары, напалм, рэактыўныя самалёты і інш., а ў апошнія дні — ядз. зброя. Страты Японіі склалі каля 1,85 млн. чал., да 200 караблёў, 131 падводная лодка; ЗША — 160 тыс. чал., 93 караблі, 56 падводных лодак.

Літ.:

От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;

Бунич И.Л. Второй Перл-Харбор;

Лорд У. День позора. СПб., 1999;

Хаттори Т. Япония в войне, 1941—1945: Пер. с яп. [2 изд.). СПб., 2000;

Яковлев Н.Н. От Перл-Харбора до капитуляции: (Война на Тихом океане, 1941—1945 гг.). М., 1965;

Далл С. Боевой путь Императорского японского флота: Пер. с англ. Екатеринбург, 1997;

Шерман Ф. Война на Тихом океане: Авианосцы в бою: Пер. с англ. М.; СПб., 2002;

Крейг У. Падение Японии: Пер. с англ. Смоленск, 1999;

Футида М., Окумия М. Сражение у атолла Мидуэй: Пер. с яп. СПб., 2001;

Борковский М. Мидуэй, 1942: Пер. с пол. М., 2002;

Иванов Ю.Г. Камикадзе: пилоты-смертники: Яп. самопожертвование во время войны на Тихом океане. Смоленск, 2001;

Вольны А. Окинава, 1945: Пер. с пол. М., 2002;

Морисон С.Э. Американский ВМФ во второй мировой войне: Восходящее солнце над Тихим океаном, дек. 1941 — апр. 1942: Пер. с англ. СПб., 2002;

Агава Х. Адмирал Ямамото: Путь самурая, разгромившего Перл-Харбор, 1921—1943: Пер. с яп. М., 2003.

Ю.​В.​Бажэнаў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 17, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУ́РАЎ Кірыла Трафімавіч (7.4.1914, в. Рудня-Прыбыткоўская Гомельскага р-на — 19.12.1989),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум (1933), ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1947). З 1933 тэхнік, нач. Камарынскага раённага дарожнага аддзела. У 1936—39 у Чырв. Арміі, палітаддзеле Бел. чыгункі. З 1939 заг. аддзела Гомельскага абкома, сакратар Гомельскага гаркома, 1-ы сакратар Брэсцкага абкома ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце: палітрук роты, камандзір батальёна, інструктар палітаддзела 21-й арміі (падпалкоўнік). З вер. 1942 да канца 1943 М. на акупіраванай тэр. Беларусі: прадстаўнік ЦШПР у партыз. злучэннях Мінскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Брэсцкай абл., чл. Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б, сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1943—47 2-і, 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З кастр. 1947 у апараце ЦК КП(б)Б. З 1949 2-і, 1-ы сакратар Мінскага гаркома, з 1950 1-ы сакратар абкома партыі. З ліп. 1953 Старшыня Савета Міністраў БССР. З ліп. 1956 1-ы сакратар ЦК КПБ. У 1965—78 1-ы нам. Старшыні Савета Міністраў СССР. З 1986 Старшыня Усесаюзнага савета ветэранаў вайны і працы, чл. Міжнар. федэрацыі барацьбітоў супраціўлення, з 1987 чл. ВЦСПС. Чл. ЦК у 1949—66, Бюро ЦК у вер. 1952 — снеж. 1962, Прэзідыума ЦК КПБ у снеж. 1962 — крас. 1965. Чл. ЦК у 1956—81, канд. у чл. Прэзідыума ЦК з 1957, чл. Прэзідыума ЦК з 1965, чл. Палітбюро ЦК КПСС у 1966—78. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—67, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1950—53 і 1956—65. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—79 і з 1989, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1958—66. У 1956—65 чл. Ваен. савета БВА. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Тв.:

О 20-летии со дня освобождения Советской Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков. Мн., 1964;

Незабываемое. 2 изд. Мн., 1987.

К.Т.Мазураў.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІЯ ПЕРАГАВО́РЫ 1939 аб заключэнні дагавора пра ўзаемадапамогу. Адбыліся ў Маскве 12—25.8.1939 паміж ваен. дэлегацыямі

(місіямі) СССР (кіраўнікі дэлегацыі нарком абароны К.Я.Варашылаў і нач. Генштаба РСЧА Б.М.Шапашнікаў),

Вялікабрытаніі (адм. Р.​Дракс) і Францыі (ген. Ж.​Думенк) ва ўмовах пагрозы развязвання 2-й сусв. вайны нацысцкай Германіяй. Ініцыіраваны сав. урадам пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі (сак. 1939), папярэднія кансультацыі бакоў праходзілі ў крас.—ліп. 1939. Да лета 1939 брыт. ўрад адмаўляўся заключыць прапанаваны Сав. Саюзам Траісты пакт аб узаемадапамозе, гарантаваць у выпадку герм. агрэсіі бяспеку прыбалт. дзяржаў, якія межавалі з СССР, не прымаў інш. сав. праекты; франц. ўрад у асн. пагадзіўся з сав. прапановамі. У чэрв.—жн. Вялікабрытанія адначасова вяла тайныя перагаворы з Германіяй (гл. Лонданскія перагаворы 1939). У канцы ліп. 1939 брыт. і франц. ўрады пагадзіліся на перагаворы ў Маскве сваіх ваен. прадстаўнікоў (прыбылі 11 жн.) для выпрацоўкі канкрэтных захадаў па ўзаемадзеянні ўзбр. сіл бакоў. На перагаворах ключавым было пытанне аб праходжанні сав. войск для ўдзелу ў адбіцці магчымай герм. агрэсіі праз тэр. саюзных Вялікабрытаніі і Францыі Польшчы і Румыніі, бо СССР не меў агульнай мяжы з Германіяй. Брыт. і франц. ўрадам не ўдалося атрымаць згоду польск. і рум. ўрадаў на пропуск сав. войск. 21 жн. Думенк атрымаў радыёграму Э.Даладзье аб прызнанні Францыяй права на праходжанне войск СССР праз Польшчу, аб чым ён 22 жн. паведаміў Варашылаву. Сав. ўрад з-за адсутнасці рэакцыі Вялікабрытаніі і Польшчы палічыў франц. адказ малазначным, 23 жн. прыняў прапанову Германіі і заключыў з ёй дагавор аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Узаемныя падазронасць і недавер бакоў перагаворнага працэсу завялі М.п. ў тупік (апошняя сустрэча трох дэлегацый адбылася 25 жн.), што ў значнай меры садзейнічала развязванню Германіяй другой сусветнай вайны 1939—45.

Літ.:

Ширер У. Англо-французские переговоры с Советским Союзом летом 1939 г. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992.

т. 10, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938 па Чэхаславакіі.

Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г. Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.​Гітлер) і Італіі (Б.​Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.​Чэмберлен), Францыі (Э.​Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.​Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.

Літ.:

Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;

Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;

Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;

Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;

Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЛЬКЕ (Rilke) Райнер Марыя (4.12.1875, Прага — 29.12.1926),

аўстрыйскі пісьменнік. У 1886—92 вучыўся ў ваен. школах, у Гандлёвай акадэміі ў Лінцы. У 1895—97 вывучаў л-ру, гісторыю, мастацтва, філасофію ў Пражскім, Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. Аўтар зб-каў вершаў «Жыццё і песні» (1894), «Ахвяры ларам» (1896), «Вянчаны снамі» (1897), «Перад калядамі» (1898), «Мне на свята» (1900), «Кніга вобразаў» (1902), «Часаслоў» (ч. 1—3, 1899—1903, поўнае выд. 1905), «Новыя вершы» (ч. 1—2, 1907—08), паэт. цыклаў «Дуінскія элегіі» і «Санеты Арфею» (абодва 1923), драм. і празаічных твораў, у т. л. рамана «Запіскі Мальтэ Лаўрыдса Брыге» (1910), мастацтвазнаўчых прац і інш. Пісаў таксама на франц. і рус. (захавалася 8 вершаў) мовах. У яго паэзіі рус., укр., італьян. і інш. матывы, яна адметная маст. універсалізмам, спалучэннем неарамант. і імпрэсіянісцкіх тэндэнцый з сімвалісцкімі і экспрэсіянісцкімі. У творах Р. праблемы чалавека і Бога, жыцця і смерці, мастака і мастацтва, вечнага і мінучага. Перакладаў з рус., франц., англ. моў. Яго канцэпцыя «новай рэчавасці» знайшла працяг у бел. паэзіі (А.​Разанаў). На бел. мову яго вершы перакладалі А.​Зарыцкі, В.​Сёмуха, М.​Сяднёў.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты Арфею. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1974;

Лирика. М., 1981;

Записки Мальте Лауридса Бригге: Роман. Новеллы. Стихотворения в прозе. Письма. М., 1988;

Ворпсведе. Огюст Роден. Письма. Стихи. М., 1994;

Часослов: Стихотворения. М., 2000.

Літ.:

Березина А.Г. Поэзия и проза молодого Рильке. Л., 1985;

Карельский А.В. Жалоба и хвала: (Лирика Р.​М.​Рильке) // Карельский А.В. От героя к человеку: Два века западно-европейской лит. М., 1990;

Хольтхузен Г.Э. Р.​М.​Рильке...: Пер. с нем. Челябинск, 1998;

Лявонава Е.А. Паблізу воблакаў і ветру: Штрыхі да філас.эстэт. партрэта Р.​М.​Рыльке // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;

Яе ж. А.​Разанаў і еўрапейская філасофска-літаратурная традыцыя «рэчаўнасці» // Там жа;

Тычына М. З даверам да зямнога // Крыніца. 1997. № 12;

Кісліцына Г. Рыльке-орфік // Там жа;

Станкевіч Ю. Рускі Рыльке // Там жа.

Е.​А.​Лявонава.

Р.М.Рыльке.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАЎ Віктар Цімафеевіч (25.10.1936, г. Магілёў — 31.10.1996),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). З 1959 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1991—96 маст. кіраўнік майстэрні рэжысуры ігравога кіно Бел. АМ. Дэбютаваў дакумент. нарысамі «Наш Салігорск» і «Гомельскія танцоры» (1959), «Беларусь сацыялістычная» і «Слаўны шлях» (1960) і ігравымі навеламі «Камбуд» (1961, альманах «Апавяданні пра юнацтва»), «Зорка на спражцы» (1962, фільм «Маленькія летуценнікі»). Дзяцінства, апаленае вайной, у лірыка-паэтычных фільмах «Праз могілкі» (1964, паводле П.​Ніліна; рашэннем ЮНЕСКА ў 1994 уключаны ў лік. лепшых 100 фільмаў свету), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967) і «Сыны ідуць у бой» (1969, паводле А.​Адамовіча). Тэма сувязі ваен. і пасляваен. пакаленняў у фільмах «Час яе сыноў» (1974), «Пункт адліку» (1979, прыз на 13-м Усесаюзным кінафестывалі, 1980), «Меншы сярод братоў» (1985). Бел.-польскай барацьбе з фашыстамі прысвечаны фільм «Пераправа» (1987, сумесна з Польшчай). Увага да першакрыніцы, сугучнасць з вобразамі «Запісак паляўнічага» І.​Тургенева ў тэлефільме-экранізацыі «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971). Дзецям адрасаваны тэлефільм «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1973, паводле С.​Маршака). Хараство бел. прыроды, высакароднасць нар. характараў увасоблены ў экранізацыі «Палескай хронікі» І.​Мележа — кінастужках «Людзі на балоце» (1981, Дзярж. прэмія СССР 1984; гал. прыз на 15-м Усесаюзным кінафестывалі, 1982; прызы Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах, Чэхія, 1982; у Маніле, Філіпіны, 1983), «Подых навальніцы» (1982); у тэлефільмах «Апейка» (1982), «Блізкае і далёкае» (1984). Актуальным праблемам сучаснасці прысвечаны фільмы «Уваскрэсная ноч» (1976, паводле А.​Петрашкевіча), «Высокая кроў» (1990), «Чорны бусел» (1993, прыз Міжнар. кінафестывалю у г. Нові-Сад, Югаславія). У стужцы «Шляхціц Завальня...» (1990, паводле Я.​Баршчэўскага) старадаўняя Беларусь паказана ў жанры фантастычных легенд і паданняў. У 1976—81 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гудкова Л. В.​Туров. М., 1984;

Бондарева Е. От сердца — к сердцу. Мн., 2001.

В.​Ф.​Нячай.

В.Ц.Тураў.

т. 16, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАПАТАЛО́ГІЯ (ад фіта... + паталогія),

навука пра хваробы раслін, спосабы і метады аховы ад іх. Агульная Ф. вывучае біялогію ўзбуджальнікаў хвароб, прычыны і ўмовы ўзнікнення, заканамернасці развіцця і пашырэння хвароб, іх масавых успышак (эпіфітоцый), пытанні імунітэту і каранціну раслін, распрацоўвае прыёмы і сродкі папярэджвання, узнікнення і развіцця хвароб. Звязана з мікалогіяй, батанікай, мікрабіялогіяй, генетыкай, анатоміяй і фізіялогіяй раслін. Спецыяльная Ф. вывучае асобныя хваробы раслін і звязана з аграхіміяй, глебазнаўствам, раслінаводствам і інш.

Хваробы раслін упершыню класіфікаваў франц. батанік Ж.​Турнефор у пач. 18 ст. У 2-й пал. 18 ст. (даследаванні А.​Ц.​Болатава ў Расіі, А.​Тымета ў Францыі, Ф.​Фантана ў Італіі) даказана патагеннасць галаўні, спарынні, іржаўчыны. У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоны А. Дэ Бары і рас. М.​С.​Варонін вызначылі, што прычынай многіх хвароб з’яўляюцца грыбы. З канца 19 ст. Ф. як комплексная навука вывучае хваробы, што выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі і інш.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Ф. вядуцца з 1923 на Бел. станцыі аховы раслін, пазней у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, Горацкім с.-г. ін-це, Ін-це біял. навук; пасля Вял. Айч. вайны — у Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, БДУ, БСГА, у н.-д. ін-тах земляробства, бульбаводства і плодаагародніцтва, у Бел. лесатэхн. ін-це і інш. (працы В.​Ф.​Купрэвіча, М.​А.​Дарожкіна, С.​М.​Тупяневіча, А.​Л.​Амбросава). З 1971 Бел. ін-т аховы раслін — асн. навук. цэнтр па пытаннях с.-г. Ф. Праводзяцца даследаванні па вывучэнні і ўдакладненні відавога складу ўзбуджальнікаў хвароб раслін, асаблівасцей іх біялогіі, дынаміцы пашырэння і развіцця хвароб, іх шкоднасці і інш.

Літ.:

Федоров Н.И., Усеня В.В., Гаврилова Л.А. и др. Белорусская научная школа по охране и защите леса — 75 лет развития // Лесной науке в Беларуси — 75 лет: Юбил. сб. науч. тр. Ин-та леса Нац. АН Беларуси. 1997. Вып. 47;

Интегрированные системы защиты сельскохозяйственных культур от вредителей, болезней и сорняков. Барановичи, 1998;

Буга С.Ф. Развитие фитопатологических и микологических исследований в Беларуси // Ахова раслін. 2001. №1.

С.​Ф.​Буга.

т. 16, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)