ЛА́О, лаосцы,
група народаў, асн. насельніцтва Лаоса (2,95 млн. чал.). Жывуць таксама на Пн і ПнУ Тайланда (15 млн. чал.), у інш. краінах Індакітая.
Агульная колькасць 18 млн. чал. (1992). Гавораць на лаоскай мове. Вернікі — будысты.
т. 9, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ІТА (Malaita),
вулканічны востраў у Ціхім ак., у складзе дзяржавы Саламонавы Астравы. Пл. 4,1 тыс. км². Насельніцтва — меланезійцы, 86 тыс. ж. (1990). Выш. да 1303 м. Пакрыты вільготна-трапічным лесам. Плантацыі какосавай пальмы. Гал. горад — Аукі.
т. 9, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з лютага 1942 да лютага 1944 на тэр. Ваўкавыскага, часткова Поразаўскага і Свіслацкага р-наў, уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Налічвала больш за 90 чал., складалася з пярвічных падп. ячэек, якія дзейнічалі ў Ваўкавыску, вёсках Карпаўцы, Каты, Краснае Сяло, Пекары, Петакі, Севашкі, Трунцы Ваўкавыскага, Грыцкі, Задворанцы, Раманаўцы Свіслацкага, Грынявічы і Міхайлы Поразаўскага р-наў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, зрывалі планы акупантаў па рабаванні насельніцтва і вывазе моладзі ў Германію, учынялі дыверсіі, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты. У лютым 1944 гітлераўцы арыштавалі 19 патрыётаў, астатнія працягвалі барацьбу, некаторыя пайшлі да партызан. У в. Карпаўцы помнік падпольшчыкам.
т. 4, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРААЗІЯ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, на якіх гаворыць частка насельніцтва Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, шэрагу астравоў у Індыйскім акіяне. Уключае 8 груп моў: семанг-сакай (асліянская) — распаўсюджаны на п-ве Малака (Малайзія) і ў Паўд. Тайландзе; в’етнамская-мыонг — гал. чынам у В’етнаме (у т. л. сучасная в’етнамская мова) і часткова ў Лаосе; мон-кхмер — на тэр. Камбоджы, М’янмы (б. Бірма), В’етнама, Лаоса і Тайланда; палаунг-ва — уздоўж граніц Кітая, Тыбета, Бутана, на тэр. В’етнама, Лаоса, Тайланда і М’янмы; нікабарскай мовы — на Нікабарскіх а-вах; мовы кхасі — у Індыі і Бангладэш; моў мунда — карыстаецца ч. насельніцтва Індыі; мовы нагалі — штат Мадх’я-Прадэш (Індыя). Кхмерская, монская і в’етнамская мовы — старапісьменныя, астатнія — бяспісьменныя або маладапісьменныя (кхасі, санталі).
т. 2, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІВАНО́Ў»
(«Iwanow»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага р-наў Магілёўскай вобл. 25—26.8.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 700-га ахоўнага палка, узводаў жандармерыі, сапёрнага і музычнага, аператыўнай групы, спец. аўтакалоны для вывазу нарабаванай маёмасці і с.-г. прадукцыі. Мэта аперацыі: разгром партыз. фарміраванняў у раёне в. Дулебы, захоп ураджаю і вываз насельніцтва з вёсак Баравіца, Дулебы, Заброддзе, Задор’е, Курганне, Несцяроўка, Печы, Рубеж, Уюноўка, размешчаных на Пд ад шашы Беразіно—Бялынічы. У ходзе аперацыі сустрэчнымі баямі партыз. атрады палкоў 113, 121 і 208-га разграмілі аўтакалону, нанеслі адчувальныя страты карнікам. Аперацыя правалілася, партызаны абаранілі насельніцтва ад рабавання і знішчэння.
У.І.Пасэ.
т. 7, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў Сярэднім Паволжы ў 1438—1552. Вылучылася з Залатой Арды. Гал. горад — Казань. Дзярж. рэлігія — іслам. Насельніцтва — казанскія татары (асн. нашчадкі волжскіх балгар), мары, чувашы, удмурты, мардва, башкіры. Ядро К.х. складала тэрыторыя вакол Казані, населеная татарамі; інш. народы захоўвалі сваіх князёў і традыц. вераванні. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, у гарадах існавала развітое рамяство; значную ролю адыгрываў гандаль. У 1487—1521 К.х. — васал Масквы. З 1521 трапіла пад уплыў Крымскага і Астраханскага ханстваў і Нагайскай Арды, з 1524 — васал Турцыі. Войскі ханства з 1520-х г. узмацнілі рабаўнічыя набегі на рус. землі. Пасля Казанскіх паходаў 1545—52 К.х. спыніла існаванне, яго тэрыторыя далучана да Расіі.
т. 7, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛХІ́ДСКАЕ ЦА́РСТВА,
палітычнае ўтварэнне на ПдЗ Закаўказзя ў 6—2 ст. да н.э. Засн. стараж.-груз. плямёнамі колхаў. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, былі развіты металургія жалеза, апрацоўка лёну, дрэва, ювелірнае, керамічнае і інш. рамёствы, чаканіліся сярэбраныя манеты (калхідкі). Існавалі гандл.-рамесныя пункты гар. тыпу і гарады. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. К.ц. знаходзілася ў залежнасці ад Персіі. У 4 ст. да н.э. правіцель К.ц. Куджы ўзначаліў рух за аб’яднанне стараж.-груз. плямён у адзіную дзяржаву. У 2 ст. да н.э. заваявана Пантыйскім царствам, у 1 ст. да н.э. — Рымам. На мяжы 1—2 ст. н.э. на месцы К.ц. ўзнікла царства Лазіка, якое паступова падпарадкавала і насельніцтва паўн. Калхіды.
т. 7, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПЯРО́ВІЧ (Галіна Іванаўна) (н. 8.3.1948, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),
бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1982). Скончыла БДУ (1971). З 1974 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе этнакульт. гісторыю беларусаў 20 ст., асн. тэндэнцыі, заканамернасці і перспектывы развіцця традыц.-быт., маст. культуры, самасвядомасці бел. народа, сучасныя этнадэмаграфічныя, этнасац. і этнакульт. працэсы. Аўтар манаграфіі «Міграцыя насельніцтва ў гарады і этнічныя працэсы» (1985), сааўтар прац «Этнічныя працэсы і спосаб жыцця» (1980), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Этнаграфія беларусаў: Гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» і «Палессе. Матэрыяльная культура» (абедзве 1988), «Грамадскі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі» (1993), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» (1996).
т. 8, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДА КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пн еўрап. ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш. Асн. заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).
У.П.Ксяндзоў.
т. 9, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫЛО́ВІЧ (Ганна Мікалаеўна) (н. 23.9.1938, в. Загор’е Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1979). Скончыла БДУ (1966). З 1957 артыстка Дзярж. нар. хору Беларусі. З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, промыслы і рамёствы. Аўтар кн. «Беларускае народнае ткацтва» (1981), сааўтар прац «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (1979), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі» (1995), «Беларусы» (М., 1998).
Л.А.Суднік.
т. 9, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)