БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Засн. ў 1962. Аснова т-ва — пярвічныя арганізацыі, якія аб’ядноўваюць каля 3 млн. членаў (1995). Задачы т-ва: прапаганда ведаў аб прыродзе і яе ахове, далучэнне грамадзян да актыўнай дзейнасці па ахове прыроды, павелічэнні яе багаццяў, азеляненні нас. пунктаў, выхаванне экалагічнай свядомасці, беражлівых адносін і любві да прыроды і да роднага краю. Далучаецца да сусв. арг-цыі па ахове навакольнага асяроддзя «Грынпіс», супрацоўнічае з Беларускім «Фондам Сораса». Друкаваны орган — час. «Родная прырода».

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ПА́НА З ХЛО́ПАМ», «Размова пана з хлопам» («Як маешся, Сцяпане...»),

ананімны вершаваны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. антыпрыгонніцкага зместу. Упершыню апубл. М.Федароўскім у кн. «Люд беларускі» (т. 3, ч. 2, 1903). Відаць, «Гутарка...» з’явілася пасля скасавання паншчыны, бо селянін на пытанне пана, чаму яго жонка не прыходзіць у двор, дзе добра плацяць за работу, адказвае: «Ужо панскі хлеб дакучыў, як нас пан добра мучыў». Твор адрозніваецца ад традыц. бел. гутарак.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДЗЕ́НКА (Аляксандр Аляксандравіч) (13.4.1899, г. Адэса, Украіна — 1.5.1934),

расійскі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929). У 1925—29 узначальваў «Вытворчы калектыў студэнтаў-кампазітараў Маскоўскай кансерваторыі». Аўтар хар. твораў на рэв. тэмы «На дзесятай вярсце», «Вуліца хвалюецца». Найб. папулярныя яго песні на словы М.​Асеева («Конніца Будзённага», «Першая конная», «Вінтовачка»), Дз.​Беднага («Нас пабіць, пабіць хацелі»), А.​Жарава, М.​Святлова і інш. Аўтар опер «1919 год» (1931) і «1905 год» (1935, разам з Б.​Шэхцерам), зборніка для фп. песень народаў Паўн. Каўказа.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Уваходзіў з 1776 у склад Полацкай губерні, з 1796 — Беларускай губерні, з 1802 — Віцебскай губерні. Цэнтр — г. Гарадок. Пл. 3107,3 кв. вярсты, нас. 112 033 чал. (1897). Падзяляўся на 21 воласць (1897). У студз.лют. 1919 у складзе БССР, пасля ў складзе Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. 15.2.1923 павет скасаваны, яго тэр. падзелена паміж Полацкім, Невельскім і Веліжскім пав. Віцебскай губ.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛІРЫ́ЙСКІЯ ПРАВІ́НЦЫІ,

васальныя ад Францыі дзярж. аб’яднанні славенскіх і харвацкіх зямель, а таксама вобласць Карынтыя і г. Трыест у 1809—14. Створаны Напалеонам I з мэтай злучыць па сушы Францыю з Турцыяй. Назва ад плямён ілірыйцаў, якія іх насялялі ў старажытнасці. Узначальваліся франц. ген.-губернатарам. Пл. 55 тыс. км², нас. 1483 тыс. (1812). Адм. ц.г. Любляна. Улады правялі шэраг рэформ, якія паспрыялі развіццю капіталізму. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 І.П. адышлі да Аўстрыі і заставаліся пад яе панаваннем да 1918.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРАСА́О (Curaęao),

востраў у Карыбскім м., у групе Падветраных астравоў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы), каля паўн. берагоў Паўд. Амерыкі. Уладанне Нідэрландаў. Пл. 462 км². Нас. 146,1 тыс. чал. (1990), у асн. негры. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 372 м). Берагі на З і Пд акружаны каралавымі рыфамі, маюць зручныя гавані. Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў 500 мм за год. Ксерафільная хмызняковая расліннасць. Буйныя з-ды па перапрацоўцы нафты з Венесуэлы. Гал. горад — Вілемстад. К. адкрыты ў 1499 ісп. мараплаўцам А. дэ Ахедам.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙТЭ (Leyte),

востраў у Філіпінскім архіпелагу. Пл. 7,2 тыс. км². Даўж. з Пн на Пд 183 км. Нас. (з бліжэйшымі астравамі) каля 3 млн. чал. (1977). Рэльеф пераважна нізкагорны, ёсць патухлыя вулканы (г. Лобі, выш. да 1350 м). Складзены з пясчанікаў, сланцаў і каралавых вапнякоў, на У з алювіяльных адкладаў. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Ападкаў да 2000 мм за год. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы. Нац. паркі — Махагнао-Волькана, Куапніт-Балінсасаяо. Вырошчваюць какосавыя пальмы, цукр. трыснёг. Гал. горад і порт — Таклобан.

т. 9, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка ў 1919—26 у РСФСР. Утворана 26.4.1919. Цэнтр — г. Гомель. Уключала Аршанскі, Быхаўскі, Гомельскі, Горацкі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі пав. скасаванай Магілёўскай губерні, Рэчыцкі пав. Мінскай, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі, Суражскі—Чарнігаўскай губ. Нас. 2361,7 тыс. чал. (1921), 1355,6 тыс. чал. (1925). 3.3.1924 Быхаўскі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, частка Рэчыцкага пав. вернуты ў склад БССР. 8.12.1926 Гомельскі і астатняя частка Рэчыцкага пав. перададзены ў склад БССР. Клінцоўскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі далучаны да Бранскай губ. 8.12.1926 г. скасавана.

т. 5, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РЫ АРХІПЕЛА́Г (Parry Islands),

група астравоў на Пн Канады, у цэнтр. частцы Канадскага Арктычнага архіпелага. Пл. каля 100 тыс. км². Найбуйнейшыя а-вы: Мелвіл (43 тыс. км²), Прынс-Патрык (15,8 тыс. км²), Батэрст (18,2 тыс. км²). Рэльеф пераважна нізінны, на паўд. астравах — горныя хрыбты, выш. 1067 м на в-ве Мелвіл. Клімат арктычны, ападкаў каля 150 мм за год. Палярныя пустыні. Нас. пункты — Моўлд-Бей (на в-ве Прынс-Патрык) і Рэзальют (на востраве Карнуоліс). Названы імем англ. даследчыка У.Э.Пары.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЁЛАК ГАРАДСКО́ГА ТЫ́ПУ,

гарадскі населены пункт, які адрозніваецца ад горада пераважна меншай колькасцю жыхароў. Звычайна выконвае прамысл., трансп., адм., курортныя, навук. і інш. функцыі. Вылучаюць: гарадскі пасёлак, курортны пасёлак, рабочы пасёлак. На Беларусі П.г.т. ўтвораны ў 1938 з вял. мястэчак і некаторых сёл. Крытэрыі аднясення нас. пунктаў да пэўнай катэгорыі замацаваны ў Законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998. На Беларусі (2000) 109 П.г.т., у т. л. 92 гарадскія, 16 рабочых, 1 курортны (Нарач).

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)