ТО́РВАЛЬД КО́ДРАНСАН (Thorvalde Kodransson; ? — пасля 1002),
ісландскі падарожнік і місіянер 10 ст., адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі. У час знаходжання ў Саксоніі прыняў хрысціянства. За спробу пашырыць яго на радзіме быў асуджаны да выгнання. Аднак у 1000 хрысціянства ў Ісландыі было прынята ў якасці афіц. рэлігіі. У гэты ж год Т.К. выправіўся ў Святую зямлю, адкуль вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле ісландскай сагі, «памёр на Русі, недалёка ад Полацка (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве св. Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым». Невял. сага (татра) «Пра Торвальда Вялікага Падарожніка» ўдакладняе гэтыя звесткі і дадае, што магіла Т.К. «пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве св. Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Паводле той жа крыніцы, Т.К. быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візант. імператара. Месцазнаходжанне «высокай гары ў Дрофне» дакладна не лакалізавана. Звесткі пра Т.К. пацвярджаюць існаванне ў 9—10 ст. цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСГРАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя газападобнымі адходамі і пылам прамысл. прадпрыемстваў шляхам трансгранічнага пераносу, якое ахоплівае тэр. некалькіх краін або кантынентаў. На Беларусі адзначаецца з сярэдзіны 20 ст. (назіранні вядуцца з 1980). Краіна знаходзіцца ў неспрыяльных умовах з-за перавагі зах. і паўд.-зах. пераносу. Паводле мадэльных разлікаў на тэр. Беларусі штогод асядае 180—190 тыс.т серы (з іх 84—86% трансгранічнай), 60—70 тыс.т акісленага азоту (89—94% трансгранічнага), 150—170 тыс.т. адноўленага азоту (38—65% трансгранічнага), больш за 400 т свінцу (80% трансгранічнага). Асн. спосаб прадухілення Т.з. — змяншэнне колькасці шкодных выкідаў у атмасферу ва ўсіх краінах. На гэта накіраваны «Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вял. адлегласці» (1979; скарачэнне выкідаў дыаксідаў серы і аксідаў азоту), «Канвенцыя па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1998; скарачэнне выкідаў цяжкіх металаў, асабліва свінцу, кадмію, ртуці, і стойкіх арган. забруджвальнікаў — пестыцыдаў, прамысл. хімікатаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,
з’явы, што ўзнікаюць у праводзячых асяроддзях пры адначасовым дзеянні магн. поля і градыента т-ры. Абумоўлены ўздзеяннем магн. поля на накіраваны рух носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) пад дзеяннем градыента т-ры.
Магн. поле адхіляе звязаныя з. пераносам часціц эл. ток і паток цеплаты ад першапачатковага напрамку (гл.Лорэнца сіла). У выніку паяўляюцца складальныя эл. току і цеплавога патоку ў напрамку, перпендыкулярным магн. полю. Адрозніваюць Т.з. папярочныя і падоўжныя ў залежнасці ад таго, у якім напрамку — перпендыкулярным ці паралельным першапачатковаму градыенту т-ры адпаведна — яны вымяраюцца. Да Т.з. належаць: Нернста—Этынгсгаўзена эфект, Рыгі—Ледзюка эфект (папярочны — узнікненне тэмпературнага градыента, падоўжны — змена цеплаправоднасці з-за ўзнікнення дадатковага цеплавога патоку) і інш. Вывучэнне Т.з. дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю аб носьбітах зараду ў паўправадніках; на ім заснавана дзеянне пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў электрычную.
Літ.:
Аскеров Б.М. Электронные явления переноса в полупроводниках. М., 1985;
Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМО́ЎНАЕ АСУДЖЭ́ННЕ,
адна з мер крымінальна-прававога ўздзеяння, прадугледжаная крымінальным правам Рэспублікі Беларусь. Калі пры назначэнні пакарання асобе, якая ўпершыню асуджаецца за злачынства да пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў або да накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць, суд з улікам характару і ступені грамадскай небяспечнасці ўчыненага і асобы вінаватага, інш. акалічнасцей справы прыйдзе да пераканання, што мэты крымін. адказнасці могуць быць дасягнуты без адбыцця назначанага пакарання праз ажыццяўленне кантролю за паводзінамі асуджанага, ён можа пастанавіць аб умоўным непрымяненні назначанага пакарання з абавязковым указаннем у прыгаворы матываў прынятага рашэння. У гэтым выпадку суд пастанаўляе не прыводзіць у выкананне назначанае пакаранне, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну асуджаны не ўчыніць новага злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязацельствы. Выпрабавальны тэрмін назначаецца ад 1 да 3 гадоў. Калі ўмоўна асуджаны ў перыяд адтэрміноўкі не даказаў свайго імкнення выправіцца ці ўчыніў новае злачынства, ён можа быць накіраваны для адбыцця назначанага пакарання з улікам пакарання за новае злачынства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НГЕРН ФОН ШТЭ́РНБЕРГ Раман Фёдаравіч (10.1.1886, в-аў Хійумаа, Эстонія — 5.9.1921),
адзін з кіраўнікоў барацьбы супраць сав. улады ў Забайкаллі і Манголіі. З прыбалт. ням. роду, барон. Ген.-лейт. (1919). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1908). Служыў у Забайкальскім казацкім войску. Удзельнік 1-й сусв. вайны, за крымінальнае злачынства асуджаны на 3 гады крэпасці, але вызвалены пасля Лют. Рэвалюцыі 1917. Часовым урадам накіраваны ў Забайкалле, дзе камандаваў конна-азіяцкай дывізіяй, на чале якой у 1920 накіраваўся ў Манголію. У лют. 1921 заняў Ургу (цяпер Улан-Батар), атрымаў ад манг. знаці тытул «вана» (князя) і пасаду галоўнакамандуючага ва ўрадзе, стаў фактычным дыктатарам Манголіі. У маі 1921 уварваўся на тэр. Далёкаўсх. рэспублікі. У ходзе Манг. аперацыі 1921 атрады У. фон Ш. былі разгромлены Чырв. Арміяй сумесна з манг.рэв. войскамі. 21.8.1921 У. фон Ш. выдадзены манголамі партыз. атраду П.Я.Шчацінкіна і паводле прыгавору Сіб.рэв. трыбунала расстраляны.
Літ.:
Юзефович Л. Самодержец пустыни: Феномен судьбы барона Р.Ф.Унгерн-Штернберга. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВЫ КАНТРО́ЛЬ,
форма дзяржаўнага кантролю, які ажыццяўляецца ў працэсе ўтварэння, размеркавання і выкарыстання фондаў грашовых сродкаў у нар. гаспадарцы. Яго асн. прызначэнне: з дапамогай фін. форм і метадаў забяспечыць праверку законнасці і правільнасці, а таксама эфектыўнасці выкарыстання грашовых фондаў дзяржавы, прадпрыемстваў, арг-цый і ўстаноў. Ф.к. з’яўляецца адным з інструментаў гасп. механізма і выкарыстоўваецца ў ходзе складання і выканання фін. планаў і каштарысаў, праверкі эфектыўнасці выкарыстання ў кіраўніцтве эканомікай таварна-грашовых адносін і эканам. рычагоў (цана, прыбытак, бюджэт і інш.). Гал. прынцыпы Ф.к.: галоснасць, рэгулярнасць, усеагульнасць, рэзультатыўнасць. Па формах правядзення Ф.к. падзяляецца на папярэдні, бягучы і Наступны. Папярэдні Ф.к. ажыццяўляецца перад афармленнем фінансава-гасп. аперацый і накіраваны на папярэджанне парушэнняў законаў і нерацыянальнага расходавання сродкаў. Бягучы Ф.к. праводзіцца ў час афармлення аперацый па паступленні даходаў, расходаванні грашовых сродкаў і матэрыяльных каштоўнасцей і інш.; наступны Ф.к. — пасля правядзення гасп.-фін. аперацый. Асн. метады Ф.к.: падліковыя праверкі бухгалтарскіх балансаў і справаздач, аналіз гасп. дзейнасці, сустрэчныя праверкі, інвентарызацыя таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, рэвізіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭХАНО́ЎСКІ Цэлясцін Міхайлавіч (1835, в. Горлава Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.1.1906 або 1907),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64, урач. Скончыў Маскоўскі ун-т (1857). У час вучобы ўваходзіў у нелегальную студэнцкую арг-цыю «Огул». З 1857 працаваў урачом у Гродне. З 1861 у складзе Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, з вясны 1863 паўстанцкі грамадзянскі начальнік г. Гродна: вербаваў людзей у паўстанцкія атрады, набываў абмундзіраванне, распаўсюджваў газеты і пракламацыі. 30.7.1863 арыштаваны, прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена 20 гадамі катаржных работ у Сібіры. Пакаранне адбываў на буд-ве Кругабайкальскага паштовага тракту. У 1866 тэрмін катаргі скарочаны напалову, Ц. пераведзены на Аляксандраўскі вінакурны з-д. У 1868 вызвалены ад катаргі і накіраваны на пасяленне ў Іркуцкую акругу. З 1872 урач Аляксандраўскага з-да, аказваў мед. дапамогу зняволеным. Пасля адбыцця пакарання ў 1883 на радзіму не вярнуўся. Быў чл.т-ва ўрачоў Зах. Сібіры.
Літ.:
Ігнатовіч Ф. Целясцін Цэханоўскі // Праз смугу стагоддзяў. Мм., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮБІНГЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА,
1) кірунак у нямецкай пратэстанцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Першы перыяд у яе гісторыі (1777—97), звязаны з дзейнасцю К.Г.Штора, І.Ф.Флата і інш., быў накіраваны супраць рацыяналізму. У 1830 узнікла т.зв. новая Ц.ш. (Ф.К.Баўр, Э.Цэлер, А.Швеглер і інш.), асн. задача якой заключалася ў выкарыстанні метадаў гіст. навукі для даследавання гісторыі хрысціянства і яго помнікаў. Прадстаўнікі гэтага кірунку ўпершыню зрабілі дэталёвы аналіз асн.стараж. помнікаў хрысц. л-ры, у першую чаргу — Евангелляў, Новага запавету і інш.; яны імкнуліся вызваліць літ. крыніцы ранняга хрысціянства ад шматлікіх скажэнняў, выявілі некат. супярэчнасці паміж Евангеллямі і недакладнасць царк.-кананічнай храналогіі, удакладнілі гіст. даты Евангелляў.
2) Кірунак у нямецкай каталіцкай тэалогіі, які развіваўся ва ун-це г. Цюбінген. Яго прадстаўнікі (І.А.Мёлер. І.Кун, К.І.Гефеле і інш.) распрацавалі ідэалогію старакаталіцкай царквы, якая ўтварылася пасля 1-га Ватыканскага сабора (1869—70) і не прызнавала вярх. улады папы рымскага над царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСПАДА́РЧАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць прававых нормаў, якія вызначаюць парадак кіравання гасп. дзейнасцю, рэгулююць гасп. адносіны, што складваюцца паміж рознымі арг-цыямі і іх падраздзяленнямі, і накіраваны на забеспячэнне рацыянальнага і эфектыўнага гаспадарання. Нормы гаспадарчага права змешчаны ў актах гасп. заканадаўства, якое вызначае прынцыпы, формы і метады гаспадарання, прававое становішча суб’ектаў гаспадарання і органаў гасп. кіравання, сістэму гаспадарчых дагавораў і інш. абавязацельстваў, адказнасць у гасп. адносінах і інш.Асн. крыніцамі гаспадарчага права Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца яе Канстытуцыя, законы аб прадпрыемствах, кааперацыі, маёмасці, прадпрымальніцкай дзейнасці, аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, банкаўскай справе, аб эканам. неплацежаздольнасці і банкруцтве, аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзярж. уласнасці, аб абароне правоў спажыўцоў і інш. У гаспадарчае права сумесна з агульнымі нормамі і правіламі выкарыстоўваюцца і нормы канкрэтнага характару (нормы-заданні, рэкамендацыі, ведамасныя інструкцыі і інш.), якія выдаюцца ўрадам і органамі гасп. кіравання, рашэнні гасп. судоў па канкрэтных спрэчках суб’ектаў гаспадарання і інш. Забеспячэнне іх выканання дасягаецца пэўнымі санкцыямі, якія прымяняюць у выпадках парушэння нормаў, а таксама мерамі матэрыяльнага заахвочвання і ў арганізац. парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ Аляксандр Мікалаевіч (23.7.1826, г. Багучар Варонежскай вобл., Расія — 5.10.1871),
рускі фалькларыст, этнограф, гісторык, літаратуразнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1848). Служыў у Гал. архіве Мін-ва замежных спраў (1849—62). Выключнае значэнне мае яго зб. «Народныя рускія казкі» (вып. 1—8, 1855—63; т. 1—3, 7-е поўнае выд. 1985—86). У ім змешчаны таксама бел. (11) і ўкр. тэксты. Бел. тэксты надрукаваны і ў яго зб. «Народныя рускія легенды» (М., 1859; Лондан, 1860), канфіскаваным па даносе духавенства. Ананімна ім выдадзены ў Швейцарыі зб. «Рускія запаветныя казкі» (1872 і 1878), накіраваны супраць духавенства і памешчыкаў. У рукапісе зб. Афанасьева «Народныя рускія казкі не для друку. 1857—1862» (Ін-трус. л-ры, Спб.) таксама ёсць бел. і ўкр. тэксты. Праца Афанасьева «Паэтычныя погляды славян на прыроду» (т. 1—3, 1865—69) упершыню на матэрыяле фальклору і этнаграфіі раскрыла некаторыя асаблівасці стараж. светапогляду славян, спрыяла станаўленню міфалагічнай школы ў рус. фалькларыстыцы, мела ўплыў на працы некат. бел. фалькларыстаў.
Літ.:
Азадовский М.К. История русской фольклористики. Т. 2. М., 1963;
Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914.