частка паверхні намагнічанага цела, на якой нармальная кампанента вектара намагнічанасці адметная ад нуля. М.п., з якога выходзяць сілавыя лініі, наз.паўночным (N) ці дадатным, у які ўваходзяць гэтыя лініі — паўднёвым (5) ці адмоўным. Назвы М.п. уведзены, зыходзячы з напрамку ўстанаўлення стрэлкі магн. компаса ў магн. полі Зямлі: паўн. полюс стрэлкі паварочваецца ў бок геагр. Поўначы (гл.Магнітныя полюсы Зямлі). Аднайменныя М.п. адштурхоўваюцца, разнайменныя — прыцягваюцца.
Магнітныя полюсы (N і S) намагнічанага стальнога стрыжня (лініі са стрэлкамі — магнітныя сілавыя лініі; яны замыкаюцца ў навакольнай прасторы стрыжня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РА (ад назвы астравоў Мадэйра),
моцнае віно з белых ці ружовых сартоў вінаграду, прыгатаванае зброджваннем мязгі ці сусла. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 3—7% цукру; колер ад светла-залацістага да колеру чырвонага золата. Асаблівасць атрымання — працэс мадэрызацыі: віно вытрымліваюць некалькі месяцаў пры кантакце з паветрам у бочках на сонечных пляцоўках ці ў спец. памяшканнях, якія абаграюцца (напр., М. высокай якасці вытрымліваюць б мес. пры т-ры 40—50 °C). З’яўляецца аперытывам і аказвае працяглае танізоўнае дзеянне. Найлепшыя сарты: «Масандра» (Украіна), «Ашакан», (Арменія), «Анага» (Грузія), «Лучафэрул» (Малдова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯНТУ́З (звычайны) (Lota lota),
адзіная прэснаводная рыба сям. трасковых атр. траскападобных. Пашыраны ў рэках і азёрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Нар.назвы калека, мень, мянёк.
Даўж. да 1,7 м, маса да 32 кг (на Беларусі да 5 кг). Спінных плаўнікоў 2. Цела ўкрыта дробнай цыклоіднай луской. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСУ́Л,
горад на Пн Ірака. Адм. ц. мухафазы Найнава. Пабудаваны ў 7 ст. арабамі на месцы стараж. крэпасці. Нас. 879 тыс.ж. (1998). Порт на правым беразе р. Тыгр. Трансп. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: тэкст. (у т. л.вытв-сць мусліну — ад назвы М.), харч., гарбарна-абутковая, нафтаперапр., металаапр., цэментная. У раёне М. здабыча нафты (Айн-Зала). Ун-т. Арх. помнікі 12—13 ст., у т. л. мячэць Джамі аль-Кабір (або ан-Нуры) і мінарэт (12 ст.). Мусульм. музей асірыйскага і парфянскага мастацтва. Паблізу М. руіны стараж.г.Ніневія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕРКУ́РЫЙ»,
серыя першых амерыканскіх аднамесных касм. караблёў для палётаў па каляземнай арбіце, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў.
«М.» мелі форму ўсечанага конуса, макс. маса (у палёце) 1,36 т, аб’ём кабіны 1,5 м³. Разлічаны на палёт па балістычнай траекторыі і арбітальны палёт з пасадкай на ваду. Першы арбітальны палёт «М.» вакол Зямлі здзейснены 20.2.1962 (Дж.Глен, «М.-6»), Усяго здзейснена 10 палётаў, у т. л. 6 пілатуемых (1961—63): А.Шэпард і В.Грысам — па балістычных траекторыях, Глен, М.Карпентэр, У.Шыра, Г.Купер — арбітальныя палёты. Пілатуемыя «М.» мелі ўласныя назвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛСПІРТАВЫ́Я ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, якія атрымліваюць фармаваннем з водных раствораў полівінілавага спірту. Асн.гандл.назвы: вінол, віналон, вінілон, куралон, м’юлон.
Моцныя, зноса- і атмасфераўстойлівыя, гіграскапічныя, мала электрызуюцца, хімічна стойкія, добра афарбоўваюцца. маюць добрую адгезію да пластыкаў і гумы. Для надання водаўстойлівасці П.в. ацэталіруюць (гл.Ацэталі) пераважна фармальдэгідам ці бензальдэгідам. Выкарыстоўваюць для вырабу розных тканін (адзежных, бялізнавых, кашульных) і трыкатажу, канатаў, рыбалоўных сетак, арміравання пластыкаў, водарастваральныя (не ацэталіраваныя) — як сувязнае ў вытв-сці паперы, кардону, нятканых матэрыялаў, дапаможны (растваральны) кампанент пры вырабе гіпюру і інш. ажурных тканін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХЛІ́НЫ, новаўтварэнні,
паталагічныя лакальныя або дыфузныя разрастанні тканак арганізма чалавека і жывёл. Узнікаюць у выніку размнажэння якасна змененых клетак, атыповыя ўласцівасці якіх у адносінах дыферэнцыроўкі, характару росту і інш. працэсаў перадаюцца пры іх дзяленні. Самая вял. частата развіцця і разнастайнасць форм П. назіраецца ў чалавека. Вывучэннем прычын і механізмаў узнікнення П., іх біял. уласцівасцей, распрацоўкай дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі займаецца анкалогія. Анкалагічныя захворванні займаюць 2-е месца сярод прычын смерці дарослых і дзяцей. П. ўзнікаюць пад уздзеяннем шматлікіх унутр. (гарманальныя і імунныя парушэнні, перадпухлінныя захворванні і інш.) і знешніх прычын (іанізавальнае і ультрафіялетавае апрамяненне, анкагенныя рэчывы, курэнне, мех. траўма і інш.). Назвы асобных відаў П. паходзяць ад назвы тканак, з якіх яны развіваюцца, з дадаткам канчатка-ома. Адрозніваюць дабра- і злаякасныя П. (вылучаюць таксама прамежкавыя паміж імі). Дабраякасныя маюць выразныя межы, растуць павольна, у выніку навакольныя тканкі адсоўваюцца і сціскаюцца; небяспекі для арганізма звычайна не выклікаюць. Злаякасныя П. праяўляюцца ў форме рака ці саркомы. Асобна вылучаюць злаякасныя П. сістэмы крыві — лейкозы і лімфомы. Яны не маюць выразных межаў, хутка растуць, разбураюць навакольныя тканкі, выклікаюць метастазы з утварэннем пухлінных вузлоў. Пасля выдалення злаякасных П. часта ўзнікаюць рэцыдывы. Большасць П. развіваецца доўгі час без сімптомаў (да 10—20 г. і больш), часта на фоне перадпухлінных хвароб (напр., эрозія шыйкі маткі). Лячэнне: хірург., прамянёвае і хіміятэрапія. П. раслін выклікаюцца грыбамі, бактэрыямі, вірусамі, насякомымі, уздзеяннем нізкіх т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ (ад лац. articulus артыкул, раздзел),
1) невялікі (бывае і значны памерам) навуковы, публіцыстычны або літ.-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе.
2) У праве — асобная самаст. частка нарматыўнага акта, у якой найчасцей змешчана адна юрыд. норма, адно абавязковае правіла. На Беларусі падзел нарматыўных актаў на паасобныя артыкулы практыкаваўся са старажытнасці, але тэрмін «артыкул» стаў ужывацца ва «Уставе на валокі» 1557, а потым і ў Статутах 1566 і 1588. З часам і асобныя законы пачалі называць артыкуламі.
3) У бухгалтарскім уліку і фін. планах — раздзел, які змяшчае назвы крыніц прыбытку і мэтавага прызначэння фінансавых затрат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж. Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОД,
мелкае месца на ўсю шырыню ракі, возера або балота, па якім можна перайсці ці пераехаць з аднаго берага на другі. У старажытнасці, да буд-ва мастоў, праз брод праходзілі дарогі. Гразкі брод звычайна ўмацаваны грэбляй. Мае значэнне ў ваен. справе пры фарсіраванні водных перашкод. Пазначаецца на тапаграфічных картах з указаннем глыбіні і грунту. На рэках Беларусі брод нярэдка супадае з перакатамі, на азёрах — з водмелямі. Выкарыстоўваецца для перагону свойскай жывёлы на зарэчныя пашы, для заезду на аддаленыя сенажаці. Ад тэрміна «брод» утвораны многія тапонімы — назвы населеных пунктаў (у Беларусі каля 40), рэк, азёраў, урочышчаў.