Кайнэ (разнавіднасць стараж. грэч. мовы) 4/73

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Мунда (мовы) 1/165, 573; 7/285

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЖАГАЎ (Сяргей Іванавіч) (22.9.1900, пас. Каменнае Цвярской вобл., Расія — 15.12.1964),

расійскі мовазнавец, лексікограф. Д-р філал. н. (1953), праф. (1961). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). Вучань В.У.Вінаградава і Л.У.Шчэрбы. З 1952 у Ін-це рус. мовы АН СССР. Выкладаў у маскоўскіх ун-це, пед. ін-це, ін-це філасофіі, л-ры і мастацтва, на Вышэйшых курсах мастацтвазнаўства пры Ін-це гісторыі мастацтваў у Ленінградзе і інш. Асн. працы па лексікалогіі, лексікаграфіі, гісторыі рус. літ.-мовы, праблемах культуры мовы, сацыялінгвістыцы, мове твораў пісьменнікаў. Адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка рускай мовы» (пад рэд. Дз.​М.​Ушакова, т. 1—4, 1935—40). Аўтар «Слоўніка рускай мовы» (1949, 23-е выд. 1991; з 1992 «Тлумачальны слоўнік рускай мовы» Ожагава і Н.​Ю.​Шведавай; 4-е выд. 1998). Рэдактар «Арфаграфічнага слоўніка рускай мовы» (1956), слоўнікаў-даведнікаў «Рускае літаратурнае вымаўленне і націск» (1955), «Правільнасць рускай мовы» (1962) і інш.

С.І.Ожагаў.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).

2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб. стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.​Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.​Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.​Ф.​Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.​І.​Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.​Я.​Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.​М.​Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.​П.​Навіцкага, 1871—72).

Літ.:

Старабеларускія лексіконы /Склад. А.​А.​Яскевіч. Мн., 1992.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНГВІСТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

слоўнік, у якім даецца апісанне значэння, ужывання, паходжання, марфемнай будовы, вымаўлення, напісання слоў. Бываюць адна-, двух- і шматмоўныя (гл. Двухмоўны слоўнік). У аднамоўных тлумачэнне значэння слоў даецца сродкамі той самай мовы. Л.с. ўключаюць і тлумачаць усю агульнаўжывальную лексіку мовы (нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі сучаснай літ. мовы; гл. Тлумачальны слоўнік), лексіку твораў таго ці інш. пісьменніка (гл. Слоўнік мовы пісьменніка), лексіку, абмежаваную ў выкарыстанні носьбітамі пэўнай тэрыторыі, гаворкі (гл. Дыялектны слоўнік), лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гіст. перыяду (гл. Гістарычны слоўнік) або словы, запазычаныя з інш. моў (гл. Іншамоўных слоў слоўнік). Л.с. могуць быць прысвечаны высвятленню паходжання слоў той ці інш. мовы або некалькіх роднасных моў адначасова (гл. Этымалагічны слоўнік), правапісу (гл. Арфаграфічны слоўнік), сінанімічным адносінам слоў у лексічнай сістэме мовы (гл. Сінонімаў слоўнік), сістэматызацыі і апісанню ўстойлівых зваротаў мовы (гл. Фразеалагічны слоўнік), марфемнай будове слоў (гл. Марфемны слоўнік). У сукупнасці ўсе Л.с. служаць мэтам апісання і нармалізацыі слоўнікавага складу мовы.

П.​У.​Сцяцко.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРА́ЛЬНАЯ ЛЕ́КСІКА,

лексіка, якая абслугоўвае ўсе стылі мовы. Складае аснову слоўнікавага складу вуснай і пісьмовай мовы. Да Н.л. адносяцца словы розных часцін мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, займеннікі, лічэбнікі (усе), злучнікі і інш., акрамя выклічнікаў. Н.л. не мае стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкі і служыць фонам стылістычнай кваліфікацыі лексікі, што ў лексікаграфіі абазначаецца спец. паметамі (разм., кніжн., навук. і інш.). Нейтральныя словы суадносяцца са словамі інш. стыляў мовы: «біць» і размоўнае «таўчы», «лупіць»; «ваенны» і ўстарэлае, высокае «ратны». Паміж Н.л. і лексікай, замацаванай за пэўнымі стылямі мовы, не існуе рэзкай мяжы. Мнагазначныя словы ў адным значэнні могуць выступаць як нейтральныя, у другім — як замацаваныя за пэўным стылем мовы; у кантэксце нейтральныя словы набываюць пэўную стылістычную ці экспрэсіўную афарбоўку: «Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся сесці і тры доўгія кіламетры стагнаў: — Тут сярод ночы сядзеш-пакукуеш» (І.​Шамякін).

Літ.:

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

А.​А.​Гіруцкі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЗІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група). Пашырана пераважна ў Карачаева-Чэркесіі, а таксама ў Адыгеі. Мае 2 дыялекты: тапанцкі (аснова літ. мовы) і ашхарскі, блізкі да абхазскай мовы. Ад абхазскай мовы адрозніваецца фанетыкай, наяўнасцю ўказальных займеннікаў, парадкавых і кратных лічэбнікаў, выкарыстаннем паслялогаў, формамі часу і ладу ў дзеясловах і інш. Для абазінскай мовы характэрны шматлікія запазычанні з кабардзіна-чэркескай мовы. Пісьменства створана ў 1932—33 на лац. аснове, з 1938 пераведзена на рус. графіку.

Літ.:

Сердюченко Г.П. Язык абазин. М., 1955.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЕР ((Hujer) Олдржых) (25.11.1880, Пацержыцы, Чэхія — 4.6.1942),

чэшскі мовазнавец. Член Чэш. каралеўскага навук. т-ва, Чэш. АН (1924). Праф. Карлава ун-та ў Празе (1924). Даследаваў слав. мовазнаўства і гісторыю чэш. мовы дапісьмовага перыяду: «Славянскае іменнае скланенне» (1910), «Развіццё чэхаславацкай мовы» (1934). У працы «Уводзіны ў гісторыю чэшскай мовы» (3-е выд., 1946) разглядаў праблемы адносін слав. моў да балцкіх, працэс вылучэння праслав. мовы з індаеўрапейскай, асн. рысы фанетыкі, граматыкі і слоўнікавага складу агульнаіндаеўрап. мовы. Адзін з заснавальнікаў (1922) і рэдактараў час. «Slavia» («Славія»).

Р.​М.​Малько.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАНЬКО́Ў (Арцём Яфімавіч) (н. 29.1.1924, в. Саламір’е Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1986), праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У 1960—92 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1992 заг. кафедры бел. мовы пры прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы ў галіне лексікі, дыялекталогіі, гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфіі «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: Сацыялінгвістычны нарыс» (1982). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994); «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 1988—89), тлумачальных слоўнікаў бел. і рус. моў для сярэдняй школы.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНЯЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, экстралінгвістыка,

галіна мовазнаўства, якая даследуе праблемы, што знаходзяцца на памежжы з інш. навук. дысцыплінамі (параўнальная ўнутраная лінгвістыка). Праблемы сутнасці і паходжання мовы, яе сувязь з навакольным асяроддзем і чалавекам вырашаюцца сумесна з філасофіяй, пытанні развіцця мовы і моўных змен — разам з гісторыяй. Пры раскрыцці характару суадносін мовы і мыслення, мовы і ўнутр. свету чалавека З.л. ўзаемадзейнічае з логікай і псіхалогіяй. Функцыянаванне мовы ў грамадстве, яе надіндывід. прырода вывучаюцца ў кантакце з сацыялогіяй. З навукамі негуманітарнага цыкла З.л. вырашае праблемы аўтам. апрацоўкі моўнай інфармацыі (з кібернетыкай); імаверны характар мовы і складаная прырода яе сістэмнасці разглядаюцца сумесна з матэматыкай, пытанні суадносін мовы і інш. знакавых сістэм — разам з семіётыкай. Пры вывучэнні жывой мовы (нар. гаворак, якія пашыраны на пэўнай тэрыторыі і маюць свае адметныя рысы) З.л. кантактуе з геаграфіяй і інш. Як правіла, на мяжы З.л. і інш. навук узнікаюць новыя дысцыпліны: лінгвістычная філасофія, гіст. мовазнаўства, псіхалінгвістыка, сацыялінгвістыка, лінгвасеміётыка, матэматычная лінгвістыка, лінгвістычная геаграфія і інш.

Літ.:

Якобсон Р.О. Избранные работы: Пер. с англ., нем., фр. М., 1985.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)