АЛЮМІ́НІЕВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ будаўнічыя,
канструкцыі і вырабы з алюмініевых сплаваў ці тэхн. алюмінію. Лёгкія, трывалыя, даўгавечныя, маюць высокія дэкар. якасці, але складаныя ў выкананні роўнатрывалых злучэнняў, асабліва зварных; патрабуюць уліку зніжанага (прыкладна ў 3 разы ў адносінах да сталі) модуля пругкасці алюм. сплаваў. На выраб алюмініевых канструкцый ідуць тонкі ліставы метал і прасаваныя танкасценныя профілі. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйныя і аддзелачныя элементы ў будынках, трансп., спарт. і інш. збудаваннях.
т. 1, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1950—54 у г. Быхаў Магілёўскай вобл. З 1959 камбінат, з 1976 завод, да 1981 галаўное прадпрыемства Быхаўскага вытв. агр. аб’яднання па вытв-сці і прамысл. перапрацоўцы агародніны і садавіны. У 1963—64 і 1992 рэканструяваны і расшыраны. Дзейнічаюць кансервавы, сушыльны, меланжавы, бляшаначны і тарны цэхі. Асн. прадукцыя (1995): агароднінныя і фруктовыя кансервы, крухмал, бляшанкі і метал. накрыўкі.
т. 3, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ,
наземныя і падземныя канструкцыі, якімі пазначаюць і замацоўваюць на мясцовасці геадэзічныя пункты. Наземная частка геадэзічных знакаў на пунктах трыянгуляцыі і паліганаметрыі забяспечвае ўзаемную бачнасць паміж імі і служыць штатывам для ўстаноўкі геад. інструментаў і прадметаў візіравання, мае розную вышыню і канструкцыю (драўляныя слупы, піраміды, туры ў гарах і інш.). Падземная ч. геадэзічных знакаў — бетонныя маналіты з замацаванымі ў іх метал. маркамі — цэнтрамі.
т. 5, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФУЗІ́ЙНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ ахоўныя пакрыцці, створаныя вадка- або газафазным насычэннем (у выніку дыфузіі) паверхні метал. і неметал. вырабаў адным або некалькімі хім. элементамі (борам, хромам і інш.). Выкарыстоўваюцца ў хім. машынабудаванні, авіяц. і касм. тэхніцы і інш.
Д.п. — раўнамерныя па таўшчыні, моцна злучаныя з матэрыялам асновы. Ахоўваюць вырабы ад зносу, стомленаснага разбурэння, акіслення пад уздзеяннем вадкіх і газавых асяроддзяў. Атрымліваюць азатаваннем, барыраваннем, берылізацыяй, нітрацэментацыяй, храміраваннем і інш.
т. 6, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЮЗІ́ (франц. jalousie),
1) аканіцы, шторы з паралельных пласцінак, замацаваных у верт. або гарыз. становішчы на раме (звычайна пад вуглом 45°) ці на шнурках (могуць устанаўлівацца пад любым вуглом). Выкарыстоўваюцца для засцярогі жылых і грамадскіх памяшканняў ад сонечных прамянёў, атм. ападкаў, пылу.
2) Паваротныя метал. створкі, якія ўстанаўліваюцца перад масляным або вадзяным радыятарам сістэмы ахаладжэння аўтамабіля і інш. машын для рэгулявання патоку паветра, што праходзіць праз радыятар.
т. 6, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФО́РНІЙ (лац. Califomium),
Cf, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 98, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 17 ізатопаў з масавымі лікамі 240—256, найб. устойлівы — 251Cf (перыяд паўраспаду 900 гадоў). Атрыманы ў 1950, названы па месцы адкрыцця (штат Каліфорнія. ЗША). Высокатаксічны белы лятучы метал, tпл 900 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу нейтронаў у актывацыйным аналізе, медыцыне, пры пошуку нафты і інш.
т. 7, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ВАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для апрацоўкі метал. загатовак коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Да К.м. адносяцца молаты, крывашыпныя (гл. Кавальска-штамповачны аўтамат) і гідраўлічныя прэсы, ковачныя вальцы (на іх з прутковага матэрыялу робяць дэталі, што не маюць значных выступаў і рэбраў, — гаечныя ключы, зубы барон, лапаткі турбін і інш.), гарызантальна-ковачныя машыны (для гарачай штампоўкі вырабаў з пруткоў і труб у шматручаёвых штампах з раздымнымі матрыцамі) і інш.
т. 8, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕЛІ́РАВАННЕ,
нанясенне на паверхню метал. (часам і неметал.) вырабаў слоя нікелю для аховы іх ад карозіі і ў дэкар. мэтах (наданне паверхні бліскуча-серабрыстага колеру). Таўшчыня нікелевага пакрыцця ад дзесятых долей мікраметра да 20—30 мкм і больш. Робіцца пераважна электралітычным спосабам (гл. Гальванатэхніка), а таксама хім. — аднаўленнем іонаў нікелю з яго солей. Каб паменшыць порыстасць пакрыцця, папярэдне робяць латуніраванне, мядненне або наносяць шматслойнае пакрыццё.
т. 11, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ КАНА́Л,
ізаляваны пераход паміж прыстасаваннямі пнеўмааўтаматыкі, які мае адзін уваход і адзін выхад і забяспечвае перадачу пнеўмасігналаў на адлегласць. У якасці П.к. выкарыстоўваюць гумавыя, пластмасавыя або метал. трубаправоды, што злучаюць паміж сабой пнеўматычныя прыстасаванні і прылады. Пры канструяванні прыстасаванняў з асобных пнеўмаэлементаў П.к. робяць таксама ў пласцінах (пячатных платах), на якіх замацоўваюцца пнеўмаэлементы. Такі мантаж надае прыстасаванням кампактнасць, памяншае працягласць каналаў і павышае іх надзейнасць.
т. 12, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРО́ ў графіцы,
інструмент для малявання ці пісання вадкім фарбавальным рэчывам (туш, бістр, сепія, чарніла). У старажытнасці найчасцей выкарыстоўвалі птушыныя П., якія дазвалялі мякка змяняць таўшчыню лініі і вар’іраваць метады штрыхоўкі; у народаў Усходу пераважалі трысняговыя П. (калам), якія давалі гнуткую, пластычную лінію, энергічны штрых. З 19 ст. пашырыліся метал. П., што даюць тонкую роўную лінію, з 20 ст. — П. рознай формы і таўшчыні.
т. 13, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)