РЭЖЫ́М (франц. régime ад лац. regimen кіраванне),

1) дзяржаўны лад, метад кіравання.

2) Устаноўлены распарадак жыцця (працы, адпачынку, ежы, сну).

3) Сукупнасць правіл, мерапрыемстваў, норм для дасягнення якой-н. мэты (напр., рэжым эканоміі).

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. abstructio перашкода, забарона),

від пратэсту, метад барацьбы, дзеянні, учынкі асоб ці калектываў, накіраваныя на зрыў якога-небудзь мерапрыемства, прапановы. Найб. пашырана ў парламентах — доўгія прамовы, якія не маюць дачынення да справы.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВІ́ЦКІ (Андрэй Ігнатавіч) (13.6.1904, в. Светазер’е Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1992),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук БССР (1959—61), д-р тэхн. н. (1958), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Горацкі с.-г. ін-т (1925). З 1931 ва Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі ў Мінску, з 1948 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. Устанавіў залежнасць выпарэння тарфяной глебы ад кліматычных і інш. фактараў, распрацаваў метад вызначэння часу наступлення перадпасяўнога перыяду і метад разліку перадпасяўнога сцёку, прынцыпы асушальнай меліярацыі, прапанаваў новы падыход да ўстанаўлення норм (інтэнсіўнасці) асушэння балот.

Літ.:

Библиография научных трудов члена-корреспондента АН БССР А.​И.​Ивицкого. Мн., 1979.

А.І.Івіцкі.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТРУ́ЧВАННЕ,

абеззаражванне насення і пасадачнага матэрыялу ад узбуджальнікаў грыбковых, бактэрыяльных, вірусных хвароб з дапамогай спец. хім. сродкаў (гл. Пратравы). Выкарыстоўваюць сухое, мокрае і паўсухое П.

Сухое П. — апудрыванне парашкападобнымі прэпаратамі. Яго недахопы — невял. ступень прыліпання пратравы да насення, небяспека распылення. Мокрае П — апрацоўка вадкімі прэпаратамі, з далейшымі тамленнем і прасушваннем. Працаёмкі метад, выкарыстоўваецца для невял. партый каштоўнага насення. Паўсухое П. — нанясенне парашкападобных пратручвальнікаў на ўвільготненае насенне ці апрацоўка суспензіямі; найб. перспектыўны метад.

Найб. эфектыўнае П. — за 5—8 мес да сяўбы ці пасадкі. Насенне пратручваюць на адкрытай пляцоўцы (не бліжэй як за 200 м ад жылых і жывёлагадоўчых памяшканняў). Пратручанае насенне нельга выкарыстоўваць у ежу і на корм жывёле.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАСТРУКТУ́РНЫ АНА́ЛІЗ, рэнтгенаўскі структурны аналіз,

сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры рэчыва з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Па дыфракцыйнай карціне вызначаюць размеркаванне электроннай шчыльнасці рэчыва, а па ёй — род атамаў і іх узаемнае размяшчэнне.

Для крышталічных матэрыялаў Р.а. дазваляе ўстанавіць каардынаты атамаў з дакладнасцю 0,01—0,1 нм, вызначыць характарыстыкі іх цеплавых ваганняў. Дыфракцыйная карціна залежыць ад атамнай будовы доследнага аб’екта, характару і даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення. Найб. распаўсюджаныя метады Р.а. — Лаўэ метад, Дэбая—Шэрэра метад. З дапамогай Р.а. даследуюцца структуры крышталёў, вадкасцей, бялковых малекул, вырашаюцца пытанні фізікі цвёрдага цела: прэцызійнае вызначэнне формы і памераў элементарнай ячэйкі, вывучэнне тэкстуры матэрыялаў, вызначэнне фазавага складу рэчываў па размяшчэнні і інтэнсіўнасцях ліній на рэнтгенаграмах і інш.

А.​У.​Шэлег.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭНА́Ж у медыцыне, дрэніраванне,

лячэбны метад, пры якім ствараецца магчымасць пастаяннага адтоку вадкасці з полых органаў, поласцей цела, ран і абсцэсаў. Выкарыстоўваюць гумавыя, пластмасавыя ці шкляныя трубкі з адтулінамі, а таксама марлевыя і гумавыя палосы.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАКІМАГРА́ФІЯ (ад рэнтген+ + грэч. kyma хваля + ...графія) рэнтгеналагічны метад даследавання, які дазваляе рэгістраваць на рэнтгенаўскай плёнцы рухі органаў (сэрца, вял. сасудаў, страўніка, дыяфрагмы і інш.). Робіцца пры дыягностыцы некат. захворванняў, напр., анеўрызмы аорты, інфаркту міякарда і інш.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЫНГАСКАПІ́Я [ад грэч larynx (laryngos) гартань + ...скап(ія)],

метад даследавання гартані спец. інструментамі. Адрозніваюць Л. непрамую (люстраную), прамую і фібравалаконную. Непрамую Л. робяць з дапамогай гартаннага люстэрка, крыніцы святла і лобнага рэфлектара, прамую з дапамогай ларынгаскопа, фібравалаконную — прыборамі з выкарыстаннем фібравалаконнай оптыкі (святлаводаў).

П.​А.​Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАТЭРАПІ́Я,

метад фізіятэрапіі, заснаваны на выкарыстанні ў лекавых мэтах пераменнага нізкачастотнага магнітнага поля. Мясц. ці агульнае ўздзеянне магнітным полем мае супрацьзапаленчы, абязбольваючы і спазмалітычны эфект. М. выкарыстоўваюць пры хваробах апорна-рухальнага апарата, органаў стрававання, мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)