ЗАХО́П ЭЛЕКТРО́ННЫ,

працэс, пры якім ядро спантанна захоплівае электрон з адной з унутраных абалонак атама з адначасовым выпрамяненнем электроннага нейтрына; від бэта-распаду. Абумоўлены слабымі ўзаемадзеяннямі. Адбываецца, калі маса «старога» ядра большая за масу «новага» на велічыню энергіі сувязі электрона, які захопліваецца. Прадказаны яп. фізікамі Х.​Юкава і С.​Саката у 1936 і выяўлены амер. фізікам Л.​Альварэсам у 1938.

т. 7, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЛЕ́ДАВАЛЬНАСЦЬ,

генатыпічная абумоўленасць зменлівасці адзнакі для папуляцыі або групы арганізмаў. Вызначаецца колькасна з дапамогай каэфіцыента. Больш нізкія каэфіцыенты атрымліваюцца для адзнак, якія абумоўліваюць біял. прыстасаванасць арганізмаў (пладавітасць, маса цела пры нараджэнні і інш.). Выкарыстоўваецца ў селекцыі для вызначэння патэнцыяльнай эфектыўнасці адбору (пры высокіх значэннях каэфіцыента эфектыўны масавы адбор), для прагназавання росту прадукцыйнасці парод жывёл, сартоў раслін, штамаў мікраарганізмаў.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЛЬМА (Stenodus leucichthys nelma),

паўпрахадная або прэснаводная рыба сям. сіговых, падвід беларыбіцы. Пашырана ў бас. Паўн. Ледавітага ак.; ад р. Паной на Кольскім п-ве на З да р. Макензі на У (Аляска). Утварае азёрныя жылыя формы (азёры Зайсан, Кубенскае, нарыльскія).

Даўж. да 1,5 м, маса да 50 кг. Луска буйная. Рот вял., на сківіцах дробныя зубы. Драпежнік. Аб’ект промыслу і развядзення.

Нельма.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДА,

адна з найбуйнейшых малых планет (другая пасля Цэрэры). Дыяметр 538 км. Маса 2,5∙10​20 кг, перыяд абарачэння вакол Сонца 4,61 г., вакол восі 7,811 гадз. Вял. паўвось арбіты 2,771 а.а., эксцэнтрысітэт 0,235, нахіл арбіты 34,8°. Бляск у процістаянні 8,0 візуальнай зорнай велічыні. Другая па часе адкрыцця — малая планета № 2 (Г.В Ольберс, 1802). Названа імем стараж.-грэч. багіні Афіны Палады.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКСУ́Н (Coregonus muksun),

паўпрахадная рыба роду сігаў сям. ласосяў. Пашыраны ў апрэсненых і прыбярэжных водах Паўн. Ледавітага ак., нерастуе ў рэках Сібіры. На п-ве Таймыр жыве азёрная форма.

Даўж. да 75 см, маса да 8, зрэдку да 13 кг. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. Корміцца пераважна заабентасам, ракападобнымі, зрэдку рыбай. Нераст не кожны год. Аб’ект промыслу і развядзення.

Муксун.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЮ́СК КАНТАГІЁЗНЫ,

хвароба скуры, пераважна ў дзяцей ва ўзросце да 9 гадоў. Узбуджальнік — вірус Molitoz hominis. Інкубацыйны перыяд ад 10 дзён да некалькіх месяцаў. Прыкметы М.к.: безбалючыя вузельчыкі шчыльнай кансістэнцыі, паўшарападобнай формы, памерамі ад шпілечнай галоўкі да сачавіцы, з маленькай адтулінай у цэнтры. Пры сцісканні папулы пінцэтам выдзяляецца тварожыстая маса. Лячэнне: выцісканне папул і змазванне 10%-ным растворам ёду.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯБХА́ТА»,

назва 1-га індыйскага штучнага спадарожніка Зямлі. Выведзены 19.4.1975 савецкай ракетай-носьбітам з савецкага касмадрома на арбіту з апагеем 619 км і перыгеем 563 км; перыяд абарачэння 96,3 мін. Маса «Арыябхаты» 358 кг. Названы ў гонар індыйскага астранома і матэматыка Арыябхаты. Прызначаны для даследавання ў галіне рэнтгенаўскай астраноміі, рэгістрацыі нейтроннага і гама-выпрамянення Сонца, вымярэння патокаў часціц і радыяцыі ў іанасферы.

ШСЗ «Арыябхата».

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАСФЕ́РА (ад бія... + геасфера),

абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн. маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.​К.​Яфрэмаў (1959).

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХО́Р у атмасферы, віхар,

маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)