КІНАБА́ЛУ (Kinabalu),

горны масіў на Пн в-ва Калімантан, у Малайзіі. Выш. да 4101 м (найвыш. ў Малайскім архіпелагу). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. Трапічныя вечназялёныя і лістападныя лясы, вышэй 3500 м — хмызнякі і лугі. Фауна: гібон, арангутанг, суматранскі насарог, замбар, барадаты дзік, бантэнг, каля 600 відаў птушак. Нац. парк.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ШКЕ, Нішке-паз, Верэпаз,

у мардоўскай (эрзя) міфалогіі вышэйшы бог, які стварыў неба і зямлю, запусціў у сусв. акіян трох рыб, на якіх трымаецца зямля, насадзіў лясы, стварыў чалавечы род (эрзю), загадаў мужчынам займацца земляробствам, а жанчынам — хатняй работай. Яго малілі аб ураджаі, здароўі людзей і жывёлы, паміналі ў замовах.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ МЕ́СА,

пласкагор’е ў Мексіцы і ЗША, паўн. ч. Мексіканскага нагор’я. Характэрны вялізныя катлавіны (бальсоны), якія ляжаць на выш. 900—1200 м, раздзеленыя адасобленымі горнымі хрыбтамі (адносныя выш. 600—1000 м). У катлавінах пустынная расліннасць, гал. ч. з кактусаў, на схілах гор — рэдкастойныя хваёвыя і дубовыя лясы. Здабыча поліметалаў, золата.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГУ́Н-ТАЙГА́, Мунгун-Тайга,

горны масіў на ПдЗ Рэспублікі Тыва, Расія. Выш. да 3970 м. Складзены з крышт. сланцаў і пясчанікаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. На паўн. схіле горныя тундры і лугі, на паўд. — высакагорныя стэпы і камяністыя тундры. У далінах месцамі лістоўнічныя лясы. Вяршыні пад ледавікамі (агульная пл. каля 44 км²).

т. 10, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Я БЕ́РАГ,

участак паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на в-ве Новая Гвінея, паміж зал. Астралейб і п-вам Хуен (дзяржава Папуа — Новая Гвінея). Даўж. каля 300 км. Трапічныя лясы, плантацыі каўчуканосаў. Названы ў гонар рас. вучонага М.М.Міклуха-Маклая, які праводзіў тут этнагр. даследаванні ў 1871—72, 1876—77 і 1883.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РНХАЛЬМ (Bornholm),

востраў на ПдЗ Балтыйскага м., тэр. Даніі. Пл. 588 км². Нас. 47,2 тыс. чал. (1994). Складзены ў паўн. ч. з гранітаў, у паўднёвай — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў. Паверхня — узвышаная раўніна выш. да 162 м. Дзюны. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, лугі. Рыбалоўства, рыбаперапрацоўка. Жывёлагадоўля. Вытв-сць керамікі. Турызм. Адм. ц. і гал. порт — Роне.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНКУ́ВЕР (Vancouver),

востраў у Ціхім ак., самы вял. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі, у складзе Канады. Пл. 32,2 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 2200 м. Берагі фіёрдавыя. Клімат умераны марскі, вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча вугалю і жал. руды. Нац. парк Пасіфік-Рым. Гал. горад і порт — Вікторыя. Названы ў гонар Дж.Ванкувера.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЛІВА́Н, Джэбель-эш-Шаркі,

платопадобны горны масіў у Сірыі і Ліване. Даўж. каля 100 км. Выш. да 2814 м (г. Эш-Шэйх). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў. На стромкіх зах. схілах, павернутых да ўпадзіны Бекаа, пашыраны міжземнаморскія лясы і вечназялёныя хмызнякі, на ўсходніх — паўпустыні. Праз Антыліван праходзіць аўтамаб. шаша і чыгунка Дамаск—Бейрут.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАЗА́НЬ-АЎТАРА́НСКАЯ РАЎНІ́НА, Алазань-Агрычайская даліна,

у Грузіі і Азербайджане, уздоўж паўд. падножжа В. Каўказа, па далінах рэк Алазань і Агрычай. Цягнецца на 200—225 км, шыр. ад 20 да 40 км, выш. да 450 м. Характэрны пераважна ўзараныя стэпы, дубовыя і альховыя лясы, сады. Грузінская ч. Алазань-Аўстрыйскай раўніны наз. Кахецінскай раўнінай. Раён вінаградарства.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАСЕ́МІЦКАЯ ДАЛІ́НА (Yosemite Valley),

даліна р. Іасеміты-Крык (прыток р. Мерсед), на зах. схілах хр. Сьера-Невада (ЗША, штат Каліфорнія). Даўж. каля 11 км, шыр. 800—1600 м, глыб. да 1500 м. Стромкія схілы складзены з гранітаў, з адбіткамі ледавіковай апрацоўкі. Густыя хваёвыя лясы. Шматлікія вадаспады, у т. л. Іасеміцкі. Частка Іасеміцкага нац. парку.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)