КАПЕНГА́ГЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых універсітэтаў Даніі. Дзяржаўны. Засн. ў 1479. Напачатку меў толькі багаслоўскі ф-т. У 1736 створаны юрыд. (у 1848 пашыраны і атрымаў назву дзяржаўна-прававы), у 1788 — філас. і мед. ф-ты, з 1850 — прыродазнаўча-матэматычны. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: тэалагічны, юрыд., сац. навук, гуманіт., мед. біялогіі чалавека, стаматалагічны і інш.; 28 тыс. студэнтаў, 2 тыс. выкладчыкаў. Навучанне бясплатнае, на дацкай мове, некат. курсы выкладаюцца на англійскай. Мае музеі: бат., заал., мінералагічны, гісторыі медыцыны. Б-ка з 1482 (каля 1 млн. тамоў).

В.​М.​Навумчык.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУ́ЛІКАЎ (Пётр Георгіевіч) (вер. 1910, с. Крэпасць Узень Вольскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Брэсцкага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ун-т у Маскве (1934), курсы партактыву пры ЦК ВКП(б) (1937). З кастр. 1939 на парт. рабоце на Беларусі, са студз. 1941 сакратар парт. к-та Брэсцкага чыг. вузла, чл. Брэсцкага гаркома КЛ(б)Б. У жн. 1941 у акупіраваным Брэсце Ж. (падп. псеўд. Пятроў) — ініцыятар стварэння гар. кіруючага парт. цэнтра, які аб’ядноўваў 7 падп. арг-цый (125 чал.). 10.10.1943 акупанты схапілі яго і закатавалі ў турме.

т. 6, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Мікалай Якаўлевіч) (н. 10.3.1923, чыг. ст. Крупкі Мінскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. філас. н. (1982). Скончыў 3-ю Чкалаўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1943), Акадэм. курсы афіцэрскага саставу ВМФ (1951), БДУ (1967). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1944 на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка З. зрабіў 185 баявых вылетаў, збіў 2 самалёты знішчыў каля 20 танкаў, больш за 20 аўтамашын, 43 гарматы, 20 вагонаў. Да 1960 у Сав. Арміі. У 1967—95 выкладчык БДУ, дацэнт (1985).

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ЖАНО́ЧЫЯ ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ У Мінску існавалі 3 такія вучылішчы. 1-е і 2-е пераўтвораны ў 1906 з 3-класных, 3-е — у 1909 з 2-класнага прыходскага вучылішча з рукадзельным аддзяленнем. Утрымліваліся за кошт казны і дапамогі земства. Вучэбная праграма была набліжана да курса мужчынскіх настаўніцкіх семінарый. Пры 1-м вучылішчы дзейнічалі нядзельныя жаночыя курсы пад наглядам Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета; пры 3-м вучылішчы ў 1914 працавала жаночая нядзельная школа Мінскага аддз. Рас. т-ва аховы жанчын. 1-е і 2-е вучылішчы закрыты ў 1916. 3-е — у 1918.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАКАЎ (Васіль Сяргеевіч) (13.2.1895, с. Ірынінскае, цяпер Молакава Маскоўскай вобл. — 29.12.1982),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.-маёр авіяцыі (1940). Скончыў школу марскіх лётчыкаў (1921), курсы ўдасканалення пры Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага (1929). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнічаў у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін» (1934) і экспедыцыі на Паўн. полюс (1937). З 1938 нач. Гал. ўпраўлення Паветр. флоту. У Вял. Айч. вайну (з мая 1943) камандзір авіяц. дывізіі на Зах. і 3-м Бел. франтах. З 1947 у адстаўцы. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937—46.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЖА́НАЎ (Віктар Карпавіч) (н. 15.8.1919, г. Тамбоў, Расія),

расійскі піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). Вучань С.​Фейнберга (фп.) і А.Гедыке (арган). З 1946 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1947 выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1964 праф., з 1985 заг. кафедры), у 1973—78 адначасова праф. Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Выступае як саліст і ансамбліст. Вядзе курсы фп. майстэрства. Аўтар артыкулаў па муз. педагогіцы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў у Маскве (1945), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна ў Варшаве (1949). Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАВА (Варвара Восіпаўна) (29.7.1878, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 20.10.1945),

расійская актрыса. Сястра М.В.Масаліцінава. Нар. арт. Расіі (1933). Скончыла драм. курсы пры Маскоўскім тэатр. вучылішчы (1901). Працавала ў Малым т-ры. У творчасці спалучала глыбокі псіхалагізм, быт. дакладнасць, заснаваную на жыццёвых назіраннях, з яркай выразнасцю знешняга малюнка вобраза. Сярод роляў: Няніла Сідараўна, Манефа, Кукушкіна («З чужога шалу галава кружыцца», «На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), Хлёстава («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Дзямідзьеўна («Нашэсце» Л.​Лявонава). Знялася ў фільмах «Паны Скацініны» (1927), «Навальніца» (1934), «Дзяцінства Горкага» (1938) і «У людзях» (1939; Дзярж. прэмія СССР 1941).

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУРКЕ́ВІЧ (Язэп) (Іосіф Ігнатавіч; 1887, в. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Мінску (1924). Настаўнічаў, выкладаў на Віцебскім вячэрнім рабфаку. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. працаваў у Віцебскім краязнаўчым музеі, у школе. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Віцебскай філіі «Маладняка» і Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1922. Выступаў з апавяданнямі («Здзекі», 1924; «Бранявік», 1925), п’есамі («За калгас», 1930), нарысамі («Сустрэча», 1932), крытычнымі артыкуламі («400 гадоў беларускага друку», 1925; «Літаратурны рух на Віцебшчыне», 1929). Рэпрэсіраваны ў 1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

М.​Л.​Зуеў.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛІПЕ́НКА (Міхаіл Карнеевіч) (н. 3.9.1924, в. Дубраўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейтэнант (1984). Скончыў Куйбышаўскае ваен. вучылішча сувязі (1946), Ваен. акадэмію сувязі (1953) і акад. курсы пры ёй (1972). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Ленінградскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. Сувязіст мал. сяржант П. вызначыўся 2 і 5.10.1943 у час пераправы цераз Дняпро на Пд ад Кіева: удзельнічаў у яго вызваленні. Да 1973 на камандных пасадах у Сав. Арміі, да 1991 на выкладчыцкай рабоце. Аўтар кн, «Сам-насам з вайною» (1999). Ганаровы грамадзянін г. Кіеў.

М.К.Піліпенка.

т. 12, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў Оршы ў 1911—19. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. Мела падрыхтоўчы клас і ўзорнае пач. вучылішча, у якім семінарысткі праходзілі практыку. Навучалася 113 выхаванак (1914). Выкладаліся: Закон Божы, рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, педагогіка, псіхалогія, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, фізіка, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), методыка навуч. прадметаў, ручная праца, рукадзелле, спевы, музыка, сельская гаспадарка, фізічныя практыкаванні і інш. У ліп. 1917 семінарыя рэарганізавана ў сярэднюю пед. навуч. ўстанову для асоб абодвух полаў. З 1918 рыхтавала выкладчыкаў для 1-й ступені адзінай прац. школы. У 1919 пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)