КАМО́РА 1) гаспадарчая пабудова або памяшканне для захоўвання збожжа, прадуктаў харчавання; сховішча найб. каштоўнай маёмасці.
2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай у канцы 15—18 ст. — мытня, дом, дзе ацэньваўся тавар, які правозілі купцы і інш. гандляры, і спаганялася мыта. К. ставілі на ўсіх гал. гандлёвых шляхах, а іх аддзяленні (прыкаморкі) — на другарадных дарогах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАРЭ́ЙКА (Serinus canaria),
дэкаратыўная птушкасям. ўюрковых (Fringillidae), атр. вераб’інападобных (Passeriformes). У дзікім стане пашырана на Канарскіх а-вах (адсюль назва). З’яўляецца родапачынальніцай пакаёвай К. У Еўропу завезена ў канцы 15 ст. Выведзена шмат парод, якія адрозніваюцца спевам і экстэр’ерам.
Даўж 12—14 см. Колер апярэння ў дзікіх К. зверху шэра-зялёны, знізу жоўта-зялёны, у самцоў больш яркі. Гл. таксама Уюрок канарэечны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯБІЯЛО́ГІЯ (ад крыя... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае дзеянне нізкіх і звышнізкіх т-р (ад 0 °C амаль да абс. нуля) на біял. аб’екты і працэсы. Навук. асновы закладзены ў канцы 19 ст. П.І.Бахмецьевым. Устанаўлівае ніжнія тэмпературныя межы жыцця, даследуе пашкоджвальнае дзеянне адмоўных т-р і распрацоўвае спосабы абароны клетак і тканак ад замярзання, высвятляе механізмы адаптацыі арганізмаў да холаду. Гл. таксама Крыятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГАЎТАКА КАМЕ́ТА,
камета, адкрытая чэшскім астраномам Л.Когаўтакам на здымках неба ў 1973. Візуальна назіралася ў канцы 1973 — пач. 1974 (бляск у перыгеліі дасягнуў -3 візуальнай зорнай велічыні). Мела 3 хвасты, у т. л. 1 анамальны, накіраваны да Сонца. У К.к. выяўлены спектральныя лініі вады, зарэгістравана радыёвыпрамяненне малекул метылцыяну, цыяністага вадароду і этылавага спірту. К.к. рухаецца па гіпербалічнай арбіце і пакіне Сонечную сістэму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НАстратэгічная,
аператыўнае аб’яднанне вайск. атрадаў Сав. Расіі ў 1918. Уведзена Вышэйшым ваен. саветам у сак. 1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі, устаноўленай паводле Брэсцкага міру 1918 (ад Фінскага зал. да Курска). Падзялялася на ўчасткі атрадаў. Атрады, што займалі лінію на тэр. Беларусі, уваходзілі ў Заходні ўчастак атрадаў заслоны. У канцы 1918 — пач. 1919 участкі атрадаў сталі базай для ўтварэння армій і франтоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА, Няміза,
рака ў Мінску, правы прыток р. Свіслач (бас.р. Дняпро). Даўж. каля 5 км. У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. заключана ў падземны калектар. Пачынаецца на ПдЗ горада, працякае пад зямлёй у раёне ўсх. часткі праспекта Жукава, вуліц Чыгуначная, Грушаўская, Разінская, Рамізніцкая, праспекта Дзяржынскага, з паўд. боку Тэатра музкамедыі, пад вуліцамі Мяснікова і Няміга, упадае ў Свіслач насупраць Траецкага прадмесця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВЭЙ, Тоба Вэй, Юань Вэй,
адна з дынастый, якія кіравалі Паўн. Кітаем у час Паўднёвых і Паўночных дынастый (386—535). Засн. Тоба Гуем — правадыром племя тоба з племяннога саюза сяньбі, які заваяваў Пн Кітая ў канцы 4 ст. Пры П.В. ў Кітаі пашырыўся будызм. У 534—535 дзяржава П.В. распалася на 2 царствы: Усх. Вэй (534—550) і Зах. Вэй (535—557).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СКу медыцыне,
унутраны і вонкавы серпападобныя храсткі каленнага сустава. Размешчаны паміж сустаўнымі паверхнямі сцегнавой і вял. галёначнай касцей. Мае выгляд трохграннай пласцінкі з перыферычным патоўшчаным краем, зрослым з сустаўнай капсулай і вольным краем. Канцы абодвух М. прымацаваны да міжмышчалкавага ўзвышша вялікагалёначнай косці. Прымае на сябе значную ч. нагрузкі, якая перадаецца праз сустаў, удзельнічае ў жыўленні і змазцы сустава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАЛТЭ́РЫУМ (ад грэч. psalterium перабіраю струны),
агульная назва старажытных і сярэдневяковых шматструнных шчыпковых інструментаў (пераважна тыпу цытры). Мелі плоскі трох- ці чатырохвугольны, часцей трапецападобны корпус. Гукі здабывалі пальцамі ці плектрам. П. — інструменты ўсх. паходжання: канун у арабаў, сантур у персаў і інш. У Еўропе П. выйшаў з ужытку ў канцы 16 ст. Сучасныя інструменты, роднасныя П., — гуслі, цымбалы, кантэле і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—18 ст. ў г. Ляхавічы. Мураваны замак пабудаваны ў канцы 16 ст. гетманам Янам Хадкевічам замест невял. драўлянага замка. Займаў узвышэнне на левым беразе р. Ведзьма. Прамавугольны ў плане
(175 × 220 м),
абкружаны ровам, які жывіла вадой падпёртая плацінай рака. Земляны вал замка ў кожным куце пераходзіў у вял. бастыён развітой канфігурацыі з брустверамі, байніцамі для стралкоў і артылерыі. Пры кожным бастыёне быў каземат, дзе захоўвалі зброю, боепрыпасы і амуніцыю. Бастыёны злучаліся сістэмай падземных хадоў. Земляныя ўмацаванні былі абмураваны каменем і цэглай. Драўляны мост на палях, перакінуты цераз вадзяны роў, вёў у мураваную 4-ярусную браму замка з праездам у 1-м ярусе. Насупраць уваходу ў глыбіні замкавага двара стаяў 2-павярховы мураваны палац, рыты дахоўкай, а злева ад уваходнай брамы — арсенал. Уздоўж курцін на дзядзінцы размяшчаліся драўляныя будынкі службаў і казармаў. Л.з. адносіўся да адной з мадыфікацый новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы, пашыранай у Еўропе ў канцы 16 ст., і лічыўся самым моцным з падобных збудаванняў ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Зімой 1595—96 Л.з. беспаспяхова штурмавалі казацкія загоны, у 1648—54 тройчы безвынікова асаджалі паўстанцы-сяляне і ўкр. казакі. У жн. — вер. 1655 замак не здолелі ўзяць рус. войскі на чале з А.М.Трубяцкім. Працяглую аблогу і неаднаразовыя штурмы войск рус. ваяводы І.А.Хаванскага вытрымаў замак вясной—летам 1660. Найб. разбурэнні прычынены замку ў Паўн. вайну 1700—21. У канцы 18 ст. замак страціў ваен. значэнне і паступова заняпаў. Археал. даследаванні Л.з. праводзіў М.М.Чарняўскі (1986).