ПЕ́РШЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 2—3.2.1919 у Мінску. Скліканы Часовым рабоча-сялянскім савецкім урадам Беларусі. Прысутнічалі 230 дэлегатаў з рашаючым і 44 з дарадчым голасам: ад Гродзенскай (11 дэлегатаў), Мінскай (121), Магілёўскай (10) губ., Вілейскага пав. Віленскай губ. (125), а таксама 7 дэлегатаў ад бежанцаў. Разгледжаны пытанні аб адносінах да сав. рэспублік, аб бягучым моманце, аб межах Сав. Беларусі, аб КанстытуцыіБССР, заслухана справаздача Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада Беларусі, праведзены выбары ЦВКБССР. У рабоце з’езда ўдзельнічаў старшыня ВЦВК Я.М.Свярдлоў, які абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». З’езд прыняў «Дэкларацыю аб устанаўленні федэратыўнай сувязі паміж БССР і РСФСР», вызначыў тэр.БССР у складзе Мінскай і Гродзенскай губ.; Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. адышлі да РСФСР. Адначасова было прызнана неабходным аб’яднаць БССР з Літ. ССР. З’езд прыняў 1-ю Канстытуцыю БССР (гл.Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919), у адпаведнасці з якой найвыш. ўлада ў рэспубліцы належала з’езду Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі ўладу ажыццяўляў Цэнтр. выканаўчы к-т (ЦВК), адказны перад Усебел. з’ездам Саветаў. З’езд зацвердзіў герб і флаг БССР. У склад абранага з’ездам ЦВКБССР увайшло 50 чал. (45 камуністаў, 2 бундаўцы, 2 члены Паалей-Цыёна і 1 меншавік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад.канстытуцыіВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,
1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».
2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз.канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЫ́ЙНАЯ МО́ВА,
мова, што выкарыстоўваецца для ўрадавых і інш. дзелавых патрэб. У сацыялінгвістыцы паняцце «афіцыйная мова» ўжываецца ў проціпастаўленні паняццю нацыянальная мова. І калі апошняя скіравана на ідэнтыфікацыю нацыі, згуртаванне народа ў адзіную нацыю, прызначэнне афіцыйнай мовы хутчэй утылітарнае, чым сімвалічнае. Неабходнасць выкарыстання абодвух тэрмінаў выклікана гіст., паліт., этнічнымі і інш. фактарамі, што вызначаюць моўную сітуацыю ў пэўнай краіне.
На практыцы абодва тэрміны ўжываюцца не строга, а ў адпаведнасці з паліт. мэтамі ўрада. Так, у Парагваі гуарані і ісп. мовы аб’яўлены нацыянальнымі, але іспанская — афіцыйная мова. У Танзаніі наадварот: нац. мова — суахілі, а суахілі і англ. — афіцыйныя мовы. У краінах, што лічаць сябе моналінгвальнымі (аднамоўнымі), — адна і тая ж мова служыць для абедзвюх мэтаў. У полілінгвальных (шматмоўных) дзяржавах адна з моў можа быць аб’яўлена нац. па паліт. меркаваннях — для замацавання нацыянальнасці (напр., іўрыт у Ізраілі, інданезійская ў Інданезіі). Але калі такая мова не ў стане задавальняць усе камунікатыўныя патрэбы краіны (урада) у знешніх і ўнутр. зносінах, пэўная мова прымаецца ў якасці афіцыйнай мовы (напр., арабская ў Ізраілі, французская ў Заіры, Чадзе). Афіцыйную мову выкарыстоўваюць у выпадку, калі выбар нац. мовы праблематычны (напр., у Індыі 14 нац. рэгіянальных моў прызнаны афіцыйнымі мовамі побач з англ. і хіндзі).
Значымасць нац. або афіцыйнай мовы можа быць замацавана ў юрыд. актах і дакументах (канстытуцыі, спец. законе аб мовах і інш.), ёй можа быць нададзены статус дзяржаўнай мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.
Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); Канстытуцыя БССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВКБССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР.
З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ.буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВКБССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Я.А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр.канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
гістарычна вызначаная грамадская форма прысваення (індывідуумам або калектывам) зямлі. Адлюстроўвае вытв. адносіны паміж людзьмі ў сувязі з выкарыстаннем зямлі як натуральнай умовы ўсякай вытв-сці і гал. сродку вытв-сці ў сельскай і лясной гаспадарцы. Першай гіст. формай З.у. была абшчынная ўласнасць на зямлю, сродкі яе апрацоўкі і гатовы прадукт. Рабаўладальніцкая форма З.у. ўключала абшчынную, храмавую, дзярж., прыватную (індывід.). У сярэднія вякі пераважала феадальная З.ў. Для таварнай формы грамадскай вытв-сці характэрна прыватная капіталіст. форма З.ў., для сацыяліст. — грамадская, калектыўная, агульнанародная.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 нетры, вада, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі (1990) грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на атрыманне зямельных участкаў і пажыццёвае ўладанне (з перадачай у спадчыну) імі: для вядзення сял. гаспадаркі — да 50 га, дачнага буд-ва і індывід. садаводства — па 0,1 га, для буд-ва і абслугоўвання жылога дома ў гарадах і пасёлках гар. тыпу — 0,05—0,15 га, у сельскіх населеных пунктах — 0,15—0,25 га. Для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі дазваляецца мець 1 га зямлі (памеры ўчасткаў устанаўліваюцца мясц. органамі ўлады). Паводле закона Рэспублікі Беларусь «Аб праве ўласнасці на зямлю» (1993) прыватная зямельная ўласнасць дазваляецца для вядзення ўсіх відаў асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян, дзярж. — захоўваецца для вядзення таварнай сельскай гаспадаркі (калгасы, дзяржгасы, фермерскія гаспадаркі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАФАШЫ́ЗМ,
ідэалогія і дзейнасць паліт. рухаў і партый, якія пасля 2-й сусв. вайны выступаюць з пазіцыі мадэрнізаванага фашызму, рэакцыя крайніх паліт. плыней на актыўнае ўключэнне народаў у сац.-паліт. працэсы, на паскарэнне навук.-тэхн. рэвалюцыі з мэтай падпарадкавання гэтых працэсаў і выкарыстання энергіі нар. мас для дасягнення (або ўтрымання) паліт. улады ў асобнай дзяржаве. Не адмаўляецца і ідэя сусв. панавання. Выяўляецца ў паліт. жыцці асобных краін і ў міжнар. маштабе. У сац.-паліт. плане Н. выконвае функцыю запаснога, рэзервовага варыянта ўтрымання дзярж. ўлады, якая ў крытычнай сітуацыі (унутрыпаліт. або знешнепаліт. крызіс) можа страціць апору ў грамадстве. Таму неафаш. групоўкі, аб’яднанні, партыі дзейнічаюць у многіх дэмакр. краінах Еўропы і Амерыкі, дзе карыстаюцца падтрымкай фін. капіталу, прамысл. буржуазіі і буйных землеўладальнікаў. Н. ў форме яўных і тайных «цэнтраў» і «інтэрнацыяналаў» функцыянуе таксама па-за нац. межамі. Ідэалогія Н. будуецца на сац. дэмагогіі і эклектыцы: сцвярджэнні аб вернасці канстытуцыі, парламенцкім ін-там, дэмакр. правам у ёй пераплятаюцца з нацыяналіст. ідэямі і элементамі расавай тэорыі (варожасць да «каляровых» імігрантаў, выхадцаў з азіяцкіх і слав. краін, спасылкі на цывілізацыйна-культ. еўропа- ці амерыканацэнтрызм і г.д.). Асаблівасць Н. — імкненне перахапіць і выкарыстаць у сваіх інтарэсах некаторыя папулярныя лозунгі дэмакр. ідэйна-паліт. плыней (барацьба з карупцыяй, злачыннасцю, беспрацоўем, спекуляцыяй, амаральнасцю). У сваёй практычнай дзейнасці неафашысты маюць прыхільнасць да выкарыстання тэрору для дасягнення паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,
рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Да арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЫМІНА́ЦЫЯ (ад лац. discriminatio адрозніванне),
абмежаванне або пазбаўленне грамадзянскіх, паліт. і інш. правоў і свабод з-за нац., расавай прыналежнасці, полу, веравызнання, паліт. поглядаў і г.д. У гісторыі краін свету Д. практыкавалася даволі часта. Адначасова дэмакр. сілы вялі барацьбу супраць Д. У ЗША вынікам Грамадз. вайны паміж Поўначчу і Поўднем 1861—65 было абвяшчэнне раўнапраўя неграў і яго юрыд. замацаванне ў форме паправак да Канстытуцыі. Прыкладамі жорсткай Д. шматлікіх груп грамадзян на глебе расізму былі Германія (1933—45), Радэзія і Паўд.-Афрыканская Рэспубліка, дзе расісцкі рэжым праіснаваў да пач. 1990-х г. (гл.Апартэід). Міждзярж. супрацоўніцтва для пераадолення Д. і абароны асн. правоў чалавека і грамадзяніна прывяло да афіц. асуджэння дыскрымінацыйнай практыкі на дзярж. узроўні і скасавання адкрыта дыскрымінацыйных заканад. актаў. Найб. агульныя антыдыскрымінацыйныя прынцыпы сфармуляваны ў Дэкларацыі правоў чалавека 1948. Пашыранымі відамі Д. з’яўляюцца пазбаўленне выбарчых правоў, звальненне з работы, адмова ў грамадзянстве ці візе на ўезд або выезд, ушчамленне правоў бежанцаў, імігрантаў і інш. Асаблівае месца займае Д. жанчын у прац., паліт. і інш. грамадскай дзейнасці. У міжнар. адносінах Д. азначае абмежаванне суверэннай роўнасці пэўных дзяржаў як суб’екта міжнар. права шляхам выкарыстання інш. дзяржавамі эканам. і паліт. мер, якія не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам міжнар. адносін. Праявай дыскрымінацыйнай палітыкі з’яўляецца стварэнне дзяржавамі закрытых арг-цый з мэтай абароны сваіх рынкаў ад тавараў інш. дзяржаў, свабоднага перамяшчэння працоўнай сілы і г.д. Праблема ўсебаковага пераадолення Д. ва ўсіх галінах міжнар. і грамадскага жыцця пакуль застаецца адной з глабальных праблем сучаснага чалавецтва.