МЯЛКІ́Х (Сяргей Міхеевіч) (21.5.1877, Масква — 7.7.1952),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Чл.-кар.АН Беларусі (1940). Д-рмед.н. (1934), праф. (1922). Засл. дз. нав. Беларусі (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). З 1922 заг. кафедры БДУ, з 1930 — Мінскага мед. ін-та, адначасова ў Наркамаце аховы здароўя Беларусі (1937—41) і дырэктар Ін-та тэарэт. і клінічнай медыцыны АН Беларусі (у 1940—41 і 1944—52). Навук. працы па злаякасных анеміях і пухлінах, малярыі, лейкозах, прафілактыцы і лячэнні туберкулёзу пнеўматораксам.
Тв.:
Колибациллярный сепсис (колибациллез). Мн., 1938;
Прымяненне люмінесцэнтнага метаду даследавання мачы для дыягностыкі злаякасных пухлін // Весці АНБССР. 1950. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГУБЕ́РНСКІ ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т,
вышэйшы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў 1918—20.
Створаны 10.12.1918 у Мінску па ініцыятыве Паўн.-Зах.абл.к-та РКП(б). Старшыня І.І.Рэйнгольд. Меў аддзелы: ваенны, фінансаў, зямельны, СНГ, працы, харчавання, асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння, юстыцыі, ЧК і інш. Вёў работу па стварэнні на вызваленай ад герм. акупантаў тэр. губерні рэўкомаў і Саветаў, устанаўліваў і падтрымліваў рэв. парадак і законнасць. 7.1.1919 скасаваны ў сувязі з утварэннем БССР, аддзелы зліліся з камісарыятамі рэспублікі. 25.2.1919 адноўлены паводле пастановы ЦВКБССР у сувязі з утварэннем Літ.-Бел. ССР. Дзейнасць пашырыў і на Вілейскі пав. Віленскай губ. Старшыня І.С.Саваціеў. Рыхтаваў скліканне з’езда Саветаў Мінскай губ. 29.4.1919 скасаваны ў сувязі з пераездам урада Літ.-Бел. ССР з Вільні ў Мінск, аддзелы зліліся з наркаматамі, функцыі перайшлі да Савета абароны, СНК і інш.цэнтр. органаў рэспублікі. 26.7.1919 зноў адноўлены у Бабруйску ў сувязі з акупацыяй большасці тэр. Беларусі польск. войскамі, скасаваннем Савета абароны і згортваннем работы СНКЛіт.-Бел. ССР. Старшыня Р.В.Пікель. У жн. 1919 спыніў дзейнасць у сувязі з акупацыяй губерні польскімі войскамі. Створаны зноў 9.7.1920 у сувязі з пачаткам вызвалення Мінскай туб. ад польск. войск. Старшыня А.Р.Чарвякоў. Вёў работу па стварэнні органаў сав. улады на вызваленай тэр., забеспячэнні харчаваннем і абмундзіраваннем Чырв. Арміі, аднаўленні прам-сці і сельскай гаспадаркі, па нарыхтоўцы і размеркаванні харчавання, аказанні дапамогі сем’ям чырвонаармейцаў, рабіў захады да адкрыцця школ, наладжвання аховы здароўя. Спыніў існаванне ў сувязі з прыняццем 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь і ўтварэннем Ваен.-рэв.к-таБССР. На базе аддзелаў рэўкома створаны камісарыяты ВРКБССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РНЫ ЦІСК,
ціск паветра на паверхню Зямлі і на ўсе прадметы ў атмасферы. Вымяраецца барометрам, фіксуецца барографам. Сярэдняя велічыня на ўзроўні мора 1013,25 мілібар (мб), што адпавядае 760 мм ртутнага слупа, ці 1013,25 гектапаскалям (гПа). З вышынёй атмасферны ціск змяншаецца (у прыземным слоі паветра прыблізна на 1 гПа на кожныя 8 м). Ваганні атмасфернага ціску бываюць перыядычныя — сутачныя, гадавыя (выклікаюцца нераўнамернасцю награвання і ахаладжэння зямной паверхні), неперыядычныя (найчасцей звязаны з цыклонамі і антыцыклонамі). Розніца ў атмасферным ціску з’яўляецца прычынай ветру. Рэзкія змены ціску неспрыяльныя для здароўя людзей. На Беларусі за апошнія 100 гадоў самы высокі паказчык ціску ў 1037,1 гПа адзначаны ў Гомелі (люты 1972), самы нізкі — 942,9 гПа — у Мінску (снеж. 1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЯ СМЯРО́ТНАСЦЬ,
смяротнасць дзяцей да 1 года на 1 тыс. жыванароджаных; адзін з найважнейшых паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Узровень Дз.с. бывае нізкі (да 30%), сярэдні (30—50%) і высокі (больш як 50%). Найб. паказчык Дз.с. — першыя 27 дзён — неанатальная смяротнасць (ранняя — першы тыдзень жыцця і позняя — 8—27 дзён), у наступныя 11 месяцаў — постнеанатальная Дз.с. Перынатальная Дз.с. — мёртванароджаныя, ці Дз.с. у першыя 7 сутак (паказчыкі: да 10—15 % — нізкі, 15—25 — сярэдні, больш як 25% — высокі). Перынатальную Дз.с. падзяляюць на антэнатальную (да родаў), інтранатальную (пры родах) і постнатальную (першы тыдзень). Асн. прычына перынатальнай Дз.с. ў апошнія дзесяцігоддзі — асфіксія, расстройствы дыхання. прыроджаныя анамаліі развіцця. Розніца ўзроўню нараджальнасці і смяротнасці вызначае паказчык натуральнага прыросту насельніцтва. На Беларусі Дз.с. складае 12,5% (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЕ́ЎЧЫК (Захар Кузьміч) (18.2.1895, в. Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 6.1.1975),
бел. вучоны ў галіне гігіены і санітарыі. Чл.-кар.АМНСССР (1953), д-рмед.н. (1945), праф. (1934). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923). У 1925—31 у Нар. камісарыяце аховы здароўя Беларусі. З 1924 у БДУ, Мінскім мед. ін-це (у 1943—53 дырэктар, у 1954—71 заг. кафедры). Гал. рэдактар час. «Здравоохранение Белоруссии» (1955—68). Навук. працы па пытаннях гігіены, планіроўкі і добраўпарадкавання нас. пунктаў, жыллёва-камунальнай гігіене, сан. ахове атм. паветра, вады, глебы.
Тв.:
Практыкум па эксперыментальнай (агульнай) гігіене. Мн., 1931;
Актуальные вопросы гигиены села (разам з Дз.П.Бяляцкім) // Вестн. АМНСССР. 1964. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,
міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т. л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв.арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар.арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЙНЯРО́ВІЧ (Іосіф Навумавіч) (н. 28.11.1909, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1973). Скончыў Дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1934). З 1926 аператар кінахронікі, у 1946—90 рэжысёр-аператар кінастудыі «Беларусьфільм». У Вял.Айч. вайну здымаў франтавую і партыз. хроніку (Дзярж. прэмія СССР 1943), якая ўвайшла ў фільмы «Наша Масква» (1941), «Дзень вайны» (1942), «Народныя мсціўцы» (1943), «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944), выкарыстана ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). Рэж.-аператар фільмаў: «Балада пра маці» (1965), «Генерал Пушча» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі 1968), «Права на бессмяротнасць» (1976), «На трывожных скрыжаваннях» (1980); рэжысёр фільмаў: «Пра маці можна расказваць бясконца», «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (абодва 1975), «Неўміручы подзвіг Мінска» (1978), «Добрага вам здароўя» (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАХНАЛО́ГІЯ (ад грэч. arachnē павук + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае павукападобных. Вылучылася ў самастойную дысцыпліну ў сувязі з вял. пашырэннем павукападобных у свеце, стратамі, якія яны наносяць сельскай гаспадарцы, а таксама з небяспечнасцю для здароўя чалавека і жывёл ядавітых павукападобных, розных відаў кляшчоў — узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб. Распрацоўка тэарэт. асноў арахналогіі звязана з імёнамі рус. вучоных М.А.Халадкоўскага, Я.М.Паўлоўскага, А.А.Бялыніцкага-Бірулі, У.М.Беклямішава. На Беларусі развіваецца з 1920-х г.; найб. ўвага аддаецца вывучэнню кляшчоў (гл.Акаралогія). Навукова-даследчая работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (заалогіі, лесу), НДІэксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, ВНУ. Вывучаюцца відавы склад, экалогія і ўплыў антрапагенных фактараў на згуртаванне павукападобных. Распрацоўваюцца практычныя мерапрыемствы па ахове чалавека, жывёл і раслін ад шкодных павукападобных і выкарыстанні карысных відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПЕ́КА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
стан прыроднай сістэмы, пры якім у поўнай меры дзейнічаюць механізмы падтрымання яе жыццяздольнасці і самарэгулявання. Забяспечвае адсутнасць пагрозы парушэння экалагічнага балансу пад уплывам антрапагеннага ўздзеяння на прыроднае асяроддзе, прадухіленне экалагічных аварый і катастроф, станаў і працэсаў, якія могуць выклікаць гэтыя здарэнні. Бяспека экалагічная павінна адпавядаць існуючым ці прагназуемым экалагічным умовам па ахове здароўя насельніцтва і мэтам забеспячэння працяглага ўстойлівага сац.-эканам. развіцця грамадства. Разглядаецца ў глабальных, рэгіянальных, лакальных і ўмоўна кропкавых абмежаваннях. Бяспека экалагічная ў адносінах да стыхійных бедстваў і прыродных катастроф аналізуецца ў рамках канцэпцыі прыроднай рызыкі (верагоднасць небяспечных вынікаў таго або інш. рашэння). Бяспека экалагічная тэхн. аб’ектаў забяспечвае адсутнасць на працягу зададзенага часу сітуацый, небяспечных для людзей, навакольнага асяроддзя і гасп. дзейнасці. Бяспека складаных тэхн. сістэм вымяраецца здольнасцю гэтых сістэм мінімізаваць такія фактары.