ВАХТА́НГ I Гаргасал

(?—502),

цар Іберыі (Картлі). Змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады. Пры ім перабудаваны Тбілісі для перанясення сюды сталіцы з Мцхеты. Вёў працяглую барацьбу з сасанідскім Іранам за незалежнасць Картлі. У 484 узначаліў вялікае антысасанідскае паўстанне грузінаў і армян. Празваны персамі Гаргасалам — «Воўчай галавой» за тое, што насіў шлем з такой выявай. Забіты ў баі з персамі. Груз. народ склаў пра яго песні і вершы.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРКАЛЯ́РНЫ РОСТ, уставачны рост,

рост раслін у даўжыню ў выніку дзялення клетак утваральнай тканкі (мерыстэмы), якая знаходзіцца ніжэй верхавіны органа (напр., у міжвузеллях сцёблаў злакаў, у аснове ліста). Пры І.р. сцябло расце па ўсёй даўжыні. У розных раслін хуткасць росту сцябла неаднолькавая. Напр., у бамбука прырост парасткаў да 30 см за сут, канчатковай выш. 30 м ён дасягае за некалькі месяцаў, інш. дрэвы — за дзесяткі гадоў.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСКО́ЎСКІ (Іосіф Тарасавіч) (1.4.1901, в. Прудок Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.12.1946),

поўны кавалер ордэна. Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік абароны Каўказа, вызвалення Украіны, Малдовы, Берлінскай аперацыі. Камандзір аддзялення мінамётнай батарэі ст. сяржант Л. вызначыўся: 25.8.1944 у баі за с. Бозіены Катоўскага р-на Малдовы; на тэр. Германіі 4.2.1945 у баі за г. Кюстрын; 28.4—1.5.1945 у баях за Берлін.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́НЬЁ ((Narino) Антоніо Амбросіо) (9.4.1765, Багата — 13.12.1823),

змагар за незалежнасць Калумбіі ад ісп. панавання. Пераклаў і выдаў на ісп. мове Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна. За рэв. дзейнасць у 1795 высланы ў Іспанію. У 1796 уцёк, узначаліў барацьбу Калумбіі за незалежнасць. З 1811 старшыня часовай урадавай хунты Калумбіі. У 1814—21 у ісп. палоне. Пасля вяртання з палону ў 1821 чл. сената, віцэ-прэзідэнт Вялікай Калумбіі.

т. 11, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЫКАРДЫ́Я (ад грэч. bradys павольны + kardia сэрца),

памяншэнне колькасці сардэчных скарачэнняў у мінуту: у дарослых менш за 60 удараў, у дзяцей першага года жыцця менш за 115, у дзяцей 3—5 гадоў менш за 100, пасля 7 гадоў менш за 80 удараў.

Найчасцей брадыкардыя ўзнікае пры запаволенай выпрацоўцы імпульсаў у сінусавым вузле — сінусавая брадыкардыя. Яна назіраецца ў трэніраваных спартсменаў, пажылых людзей як адзін з сімптомаў пры многіх захворваннях: інфекцыі (асабліва ў перыяд папраўкі), інфаркце міякарда і інш. Брадыкардыя адзначаецца пры павышаным унутрычарапным ціску (пры пухлінах мозга, менінгіце, кровазліцці ў галаўны мозг), можа быць сімптомам вегетатыўных дысфункцый пры павышаным тонусе блукаючага нерва. Запаволенне скарачэнняў сэрца (менш за 60 удараў у мін у дзяцей, да 40 — у дарослых) можа быць звязана з сінаурыкулярнай 2:1 або поўнай блакадай. Лячэнне брадыкардыі тэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.

Л.​Р.​Кажарская.

т. 3, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ КАРЫ́СНАГА ДЗЕ́ЯННЯ (ккдз),

характарыстыка эфектыўнасці сістэмы (устройства, машыны) у адносінах да працэсу пераўтварэння або перадачы энергіі, які адбываецца ў гэтай сістэме. Ккдз — безразмерная велічыня η, якая вызначаецца адносінамі карысна выкарыстанай энергіі (Wк), пераўтворанай у работу пры цыклічным працэсе, да сумарнай колькасці энергіі (W), перададзенай сістэме: η = Wк/W.

Для эл. рухавіка Wк — работа на вале рухавіка, якая выконваецца за кошт спажываемай ім эл. энергіі; для рухавіка ўнутр. згарання Wк — работа на вале рухавіка, а W — энергія, якая вылучылася пры поўным згаранні паліва. У выніку розных страт энергіі (з-за вылучэння джоўлевай цеплыні, з-за гістэрэзіса, трэння, непаўнаты згарання паліва і інш.), а для цеплавых рухавікоў таксама з-за другога закону тэрмадынамікі ккдз любой рэальнай устаноўкі заўсёды меншы за 1. Ккдз цеплавых электрастанцый дасягае 0,4, рухавікоў унутр. згарання 0,4—0,5, эл. генератараў 0,95, трансфарматараў 0,98.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ПА СУ́ВЯЗЯХ З СУАЙЧЫ́ННІКАМІ ЗА РУБЯЖО́М, Беларускае таварыства «Радзіма»,

добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1964 (у 1960—64 дзейнічала Бел. секцыя к-та «За вяртанне на Радзіму і развіццё культ. сувязяў з суайчыннікамі»). У 1976 пераўтворана ў Бел. т-ва «Радзіма». Сярод заснавальнікаў Р.Шырма і М.Танк. Асн. кірункі дзейнасці: культ. і эканам. кантакты з аб’яднаннямі землякоў за мяжой і асобнымі суайчыннікамі, перасылка за мяжу л-ры, падручнікаў, кінафільмаў, фотавыставак і інш., арганізацыя курсаў па вывучэнні бел. гісторыі, культуры і мовы, гуманіт. дапамогі ад замежных суайчыннікаў жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986 і інш. Т-ва заснавальнік газ. «Голас Радзімы».

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ І АБМЕЖАВА́ННІ ВЫПРАБАВА́ННЯЎ А́ТАМНАЙ ЗБРО́І 1963,

міжнароднае шматбаковае пагадненне, у якім удзельнічаюць больш за 100 дзяржаў, у т. л. і Рэспубліка Беларусь. Падпісаны у Маскве 5.8.1963 першапачатковымі ўдзельнікамі — Вялікабрытаніяй, ЗША і СССР. БССР падпісала дагавор 8.10.1963, ратыфікавала яго 26.11.1963. Дагавор забараняе праводзіць выпрабавальныя выбухі ядз. зброі і інш. ядз. выбухі ў атмасферы і за яе межамі, у т. л. ў касм. прасторы, пад вадой, у тэр. водах і ў адкрытым моры, і ў інш. асяроддзі, калі такі выбух пацягне за сабой выпадзенне радыеактыўных ападкаў за межамі тэр. дзяржавы, пад юрысдыкцыяй ці кантролем якой гэтыя выбухі праводзяцца.

Ю.​П.​Броўка.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́ЙСТВА,

наўмыснае або неасцярожнае пазбаўленне жыцця чалавека. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь адказнасць за З. настае з 14 гадоў. За наўмыснае З. пры абцяжваючых акалічнасцях (з карыслівымі матывамі, пры выкананні пацярпелым службовага або грамадскага абавязку, цяжарнай жанчыны, учыненае асабліва небяспечным рэцыдывістам ці асобай, якая раней была асуджана за наўмыснае З., і інш.) закон прадугледжвае доўгатэрміновае або пажыццёвае пазбаўленне волі або пакаранне смерцю. Законам прадугледжана крымін. адказнасць за З., учыненае ў стане моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі паводзінамі пацярпелага, пры перавышэнні межаў неабходнай абароны і па неасцярожнасці, пазбаўленнем волі да 5 гадоў або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЗБО́Р, ношка,

збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н. перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)