ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),

паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ЛЬНІЦТВА КА́РТЫ Адлюстроўваюць сац. і эканам. характарыстыкі насельніцтва. Адрозніваюць геаграфічныя Н.к.

(размяшчэнне і шчыльнасць насельніцтва, патэнцыялы поля рассялення, тыпы паселішчаў і рассялення і інш.),

дэмаграфічныя карты (склад насельніцтва паводле полу і ўзросту, яго натуральны і мех. рухі і г.д.), сацыяльна-эканамічныя карты (прац. рэсурсы і іх выкарыстанне, сац. склад, узровень жыцця і інш.), этнаграфічныя карты.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РГАН (ад грэч. organon прылада, інструмент),

1) частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю (напр., корань, сцябло ў раслін; сэрца, печань у жывёл і чалавека).

2) Установа, арганізацыя, што выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця (напр., заканадаўчы, судовы, фінансавы О.).

3) Перыядычнае друкаванае выданне.

4) У пераносным сэнсе — сродак чаго-небудзь.

т. 11, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРБАНТО́ВІЧ (Анатоль Станіслававіч) (13.5.1941, в. Ордаць Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.3.1970),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у газ. «Піянер Беларусі» і час. «Бярозка». Друкаваўся з 1959. Аўтар зб-каў паэзіі «Азбука» (1966), «Міннае поле» (1968), «Пярсцёнак» (1971), у якіх змешчаны вянкі санетаў «Васілёк», «Курганы», «Салдат», балады, лірычныя вершы пра маладосць, хараство жыцця, каханне.

т. 14, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМІ́Я (ад франц. anomie адсутнасць закону),

стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.​Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.​Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.​Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРБЕ́РАВА (Ніна Мікалаеўна) (8.8.1901, С.-Пецярбург — 1993),

руская пісьменніца. У 1922 разам з мужам У.Хадасевічам эмігрыравала. Жыла ў Парыжы, літ. супрацоўнік газ. «Последние новости», дзе апублікавала цыкл апавяданняў «Біянкурскія святы» (1928—40). У 1950 пераехала ў ЗША, выкладала рус. мову ў Іельскім і інш. ун-тах; праф. л-ры. Раманы «Апошнія і першыя: раман з эмігранцкага жыцця» (1930), «Валадарка» (1932), «Без канца» (1938) пра лёс салдат і афіцэраў белай гвардыі. Аўтар кніг «Чайкоўскі, гісторыя адзінокага жыцця» (1936, СПб., 1993), «Барадзін» (1938), аўтабіягр. кнігі «Курсіў мой» (на англ. мове, 1969, на рус. мове 1972; 2 выд., т. 1—2, 1988), рамана «Жалезная жанчына» (1981, М., 1991) пра неардынарнае жыццё рус. эмігранткі, даследавання «Людзі і ложы: Рускія масоны XX ст.» (1986). Пісала вершы, крытычныя артыкулы пра творчасць Хадасевіча, У.​Набокава, рус. сав. літаратуру.

Тв.:

Стихи, 1921—1983. Нью-Йорк, 1984;

Повести. М., 1992;

Рассказы в изгнании. М., 1994.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́МЕЛЬСГАЎЗЕН ((Grimmelshausen) Ганс Якаб Крыстафель фон) (каля 1621, г. Гельнгаўзен, Германія — 17.8.1676),

нямецкі пісьменнік. Перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48, быў яе ўдзельнікам. З 1667 стараста ў г. Рэнхен, дзе напісаў усе свае творы. Самы вядомы з іх — сац.-філас., гратэскна-сатыр. раман «Сімпліцысімус» (1-е выд. 1669, найб. поўнае 1671). Яго гал. герой Сімпліцый («прастак») увайшоў у галерэю вечных вобразаў сусв. л-ры. Раман — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця Германіі і ўсёй Еўропы ў гады Трыццацігадовай вайны, прасякнуты антываен. пафасам і трывожным роздумам пра лёс чалавечай цывілізацыі, ідэямі духоўнага стаіцызму. Працягам «сімпліцыяны» сталі раманы «Прастаку насуперак, або Дзіўнае апісанне жыцця махляркі і прайдзісветкі Кураж», «Шпрынгінсфельд» (абодва 1670), «Дзівоснае птушынае гняздо» (1672). У яго спадчыне раманы на гіст. і біблейскія сюжэты («Цнатлівы Іосіф», 1667), фантаст. («Першы абібок», 1670, і «Свет навыварат», 1673). На бел. мову раман «Сімпліцысімус» пераклаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — Сімпліцысімус. Мн., 1997;

Рус. пер. — Симплициссимус. М., 1976.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ТАРКА,

мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.​Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.​Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.

М.​А.​Лазарук.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫЕНГО́Ф (Анатоль Барысавіч) (6.7.1897, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.6.1962),

расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1918. Тэарэтык імажынізму (зб. арт. «Буян-Востраў. Імажынізм», 1920). У творах 1920-х г. вобраз паэта-паяца, прадстаўніка багемы і адначасова шукальніка праўды, бунтара, прарока (паэт. зб-кі «Вітрына сэрца», 1918; «Вершамі фанабэрствую», 1920; «Распуснічаю з натхненнем», «Хмаралёт», абодва 1921; вершаваная гіст. трагедыя «Змова дурняў», 1922, і інш.). Познія вершы адметныя засяроджанасцю, драм. успрыняццем жыцця. Прозе М. ўласцівы кантрастныя вобразы, буйныя планы, сцверджанне высокага праз нізкае. Аўтабіягр. «Раман без хлусні» (1927) пераважна пра сяброўства з С.​Ясеніным. Аўтар раманаў «Цынікі» (1928), «Голены чалавек» (1930), п’ес «Блазан Балакіраў» (1940), «Суд жыцця» (1948), «Нараджэнне паэта» (1951, пра М.​Лермантава), успамінаў «Маё стагоддзе, мае сябры і сяброўкі» (нап. 1956, выд. пад назвай «Маё стагоддзе, мая маладосць, мае сябры і сяброўкі», 1988), кінасцэнарыяў і інш.

Тв.:

Циники. М., 1990;

Бритый человек. М., 1991;

Неизвестный Мариенгоф: Избр. стихи и поэмы 1916—1962 гг. СПб., 1996.

А.​В.​Спрынчан.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУШЭ́ВІЧ (Марцін) (псеўд. Адзін з літоўскіх грамадзян; 11.11. 1714, в. Ельня Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 21.11.1773),

грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст, перакладчык. Вучыўся ў Камянцы, Драгічыне, Брэсце, Варшаве. З 1739 брэсцкі гар. пісар, з 1752 стольнік, у 1763—64 гал. дарадчык К.​Радзівіла, у 1767 ген. сакратар Радамскай канфедэрацыі, з 1768 кашталян брэсцкі. На польск. мову пераклаў «Сатыры» Гарацыя (Вільня, 1784), да якіх далучыў тры арыгінальныя вершаваныя «Дадаткі». Аўтар «Успамінаў» (т. 1—4, Варшава, 1876), дзе апісаў побыт і норавы брэсцкай шляхты, міжусобную барацьбу Радзівілаў з Чартарыйскімі, некаторыя падзеі мясц. літ. жыцця. Пісаў вершы на польск. і лац. мовах з выпадку розных падзей, сеймікавыя прамовы. У яго поглядах адбіліся ідэі ранняга Асветніцтва. На бел. мову «Дыярыуш жыцця майго...» пераклаў В.​Арэшка.

Тв.:

Diariusz życia mego... Т. 1—2. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дыярыюш жыцьця маяго... // Спадчына. 1996.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)