ДНЯПРО́ЎСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

аб’ядноўвае шматлікія ізаляваныя радовішчы на тэр. Днепрапятроўскай, Запарожскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай абл. Украіны. Пл. каля 150 тыс. км²; распасціраецца пераважна па правабярэжжы р. Дняпро на 680 км пры шыр. да 150 км. Вугляноснасць басейна звязана з палеагенавымі адкладамі, якія залягаюць на крышт. пародах Украінскага масіву. Разведаныя запасы вугалю 2,4 млрд. т.

Наяўнасць вуглёў вядома з 16 ст. Інтэнсіўнае асваенне з 1946. Магутнасць вугляноснай тоўшчы да 55 м, глыб. залягання ад 5 да 160 м. Вуглі бурыя, тэхн. групы Б1. Цеплыня згарання на рабочае паліва 9,2 МДж/кг. Здабыча вядзецца разрэзамі і шахтамі. Цэнтр — г. Александрыя.

т. 6, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎНІК (Teucrium),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. На Беларусі пераважна ў паўд. раёнах (у далінах рэк Дняпро, Прыпяць, Сож) трапляецца Д. часночны (T. scordium). Расце ў прыбярэжных хмызняках, утварае зараснікі. Як дэкар. расліна ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Д. усходні (T. orientale).

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Лісце кароткачаранковае, суцэльнае або перыста-расчлянёнае. Кветкі дробныя, сінія, пурпуровыя, радзей белыя і жоўтыя, у несапраўдных кальчаках, сабраных у гронка-, коласападобныя ці галоўчатыя суквецці. Плод — чатырохарэшак. Меданосныя, эфіраалейныя, таніданосныя, харч. (вострапрыпраўныя) і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Дуброўнік часночны.

т. 6, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАМЧУ́ЖЫН»,

рачны манітор Дняпроўскага атрада Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях летам 1941. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Меў на ўзбраенні 7 гармат і 3 кулямёты, экіпаж 72 чал. З 27.11.1936 у складзе Дняпроўскай ваен. флатыліі, удзельнічаў у паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). З 8.7.1940 у Дунайскай ваен. флатыліі. У пач. Вял. Айч. вайны абараняў вусце Дуная. У канцы ліп. 1941 пераведзены на Дняпро. Прыкрываў пераправы і адыход сав. войск на левы бераг Дняпра на Пд ад Кіева, каля гарадоў Ржышчаў і Канеў. Узарваны экіпажам 12.8.1941 пасля няўдалай спробы прарыву з Чаркасаў да Краменчуга.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАБЯРЭ́ЖНАЯ УКРАІ́НА,

гісторыка-геаграфічная назва часткі Украіны на левым беразе р. Дняпро, далучанай да Расіі паводле Андросаўскага перамір’я 1667 і «Вечнага міру» 1686 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай; наз. таксама гетманшчынай. Уключала тэр. сучасных Чарнігаўскай, Палтаўскай, левабярэжнай ч. Кіеўскай і Чаркаскай абласцей, Кіеў з невял. раёнам вакол яго на правым беразе Дняпра і паўн. ч. Днепрапятроўскай вобл. Да 1781 тут (акрамя Кіева і яго наваколля) існавала аўт. кіраванне з адм. падзелам на «палкі» і «сотні» (да 1722 і ў 1750—64 яго ўзначальваў гетман). У 1781 уведзены агульнарас. адм. падзел. Гл. таксама раздзел гісторыя ў арт. Украіна. У наш час назва Л.У. ўжываецца толькі як геагр. паняцце.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПА,

рака ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 577 км². Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Вуглы Рагачоўскага р-на. Асн. прытокі: р. Гліна і р. Прудоўка (злева). Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1—3,5 км. Схілы адкрытыя, выш. 6—10 м. Пойма ў вярхоўі перарывістая, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. да 3 км. Рэчышча на 36 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 8—10 м. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,4 м³/с.

Ліпа.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВА́,

рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. і Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 498 км². Пачынаецца з воз. Заазерскае ў Бялыніцкім р-не. Асн. прыток — р. Клявіца (справа). Цячэ па паўд.-ўсх. схілах Бярэзінскай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у нізоўях невыразная. Схілы сярэдне стромкія, слабапарэзаныя, выш. да 8 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 км. Шыр. ракі ў межань 6—8 м. Берагі вельмі стромкія і абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎРУ́К (Алесь) (сапр. Сінічкін Аляксандр Дзмітрыевіч; 19.8.1910, г. Сянно Віцебскай вобл. — 23.8.1942),

бел. паэт. Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1938). Загінуў у баях пад Сталінградам. Друкаваўся з 1926. У зб-ках «Ручаіны» (1936), «Дняпро выходзіць з берагоў» (1938) аптымістычны пафас, рамантыка прац. будняў, эстэтычная завершанасць. Апяваў героіку грамадз. вайны, рэв. подзвіг («Чапаеў», «Рагачоўскі сшытак», «Песня пра дукорскіх партызан»). Паэма «Крывёю сэрца» (1938) пра барацьбу з фашызмам у Іспаніі. З А.​Ушаковым напісаў для дзяцей паэмы «Пра майго таварыша», «Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада» (абедзве 1939), лібрэта аперэты «Зарэчны барок».

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1987.

А.Жаўрук.

т. 6, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Ян Уладзіслаў) (26.6.1640—23.5.1703),

вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.

Тв.:

Бел. пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРГАНІЗА́ЦЫЯ ТО́ТА»,

паўваенная спецыялізаваная арг-цыя ў фаш. Германіі ў 1938—45 (назва ад прозвішча яе заснавальніка — нацыста інжынера Ф.​Тота). У 2-ю сусв. вайну займалася буд-вам і рамонтам шашэйных дарог, мастоў, аэрадромаў, умацаванняў і іншых ваен. аб’ектаў, у т. л. на акупіраванай Беларусі. Летам 1941 падраздзяленні «Арганізацыі Тота» рухаліся за наступаючымі ням. войскамі, аднаўлялі разбураныя камунікацыі, выкарыстоўваючы працу ваеннапалонных і цывільнага насельніцтва. У 1943—44 арг-цыя ўдзельнічала ў стварэнні герм. стратэгічнага абарончага рубяжа — «Усходняга вала» па лініі р. Нарва—Пскоў—Віцебск—Орша—сярэдняе цячэнне р. Дняпро — рэкі Сож і Малочная. Падраздзяленні «Арганізацыі Тота» існавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Слуцку і ў інш. нас. пунктах.

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДКАЎ (Іван Іванаў) (9.3.1926, в. Жываўцы Міхайлаўградскай акр., Балгарыя — 6.8.1990),

балгарскі пісьменнік, перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1975). Скончыў Сафійскі ун-т (1951). З 1968 гал. рэдактар выд-ва «Балгарскі пісьменнік». Аўтар паэт. зборнікаў «Дняпро цячэ пад маім акном» (1960), «Азарэнне» (1970), «Танец кіпарысаў» (1975), раманаў «Кавалак хлеба для падарожніка» (1970), «Вячэрняя размова з дажджом» (1972), «Бывай, Акропаліс» (1973), «Рыфы далёкіх зорак» (1981). На балг. мову перакладаў творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча і інш. У перакладзе Г.​Бураўкіна, Гілевіча, А.​Разанава выйшла кніга выбр. лірыкі Давыдкава «Крокі вернасці» (1970), у перакладзе У.​Анісковіча — раман «Белы конь за акном» (1981).

У.​І.​Анісковіч.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)