МІТРЫДА́Т VI ЕЎПА́ТАР (Mithridatēs Eupatōr; 132—63 да н.э.),
цар Пантыйскага царства з 121 (фактычна з 111) да 63 да н.э. Двойчы пасылаў войскі ў Крым, дапамог Херсанесу Таўрычаскаму і Баспорскай дзяржаве ў барацьбе супраць скіфаў. У час 3-га паходу было задушана Саўмака паўстанне і далучаны да Понта Баспор (107 да н.э.). Падначаліў сабе амаль усе грэч. полісы Прычарнамор’я, М. Арменію, Калхіду. Вёў войны з Рымам (т.зв. Мітрыдатавы войны 89—85, 83—81 і 74—63 да н.э.); магчыма, заключыў саюз са Спартаком. Вырашальнае паражэнне пантыйскім войскам нанесла рым. армія Пампея ў бітве на р. Еўфрат у 65 Да н.э. М. VI Е. уцёк у Пантыкапей (сучасны г. Керч). Не атрымаўшы падтрымкі народа і войска для далейшай барацьбы з Рымам, скончыў самагубствам. Паводле звестак ант. аўтараў, М. VI Е. валодаў больш як 20 мовамі, любіў грэч. мастацтва і музыку, быў калекцыянерам, апекаваў філосафаў і паэтаў.
Літ.:
Аппиан. Митридатовы войны // Вестн. древней истории. 1946. № 4;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982. С. 290—321;
Молев Е.А. Митридат Евпатор: Создание Черноморской державы. Саратов, 1976.
кароль польскі і вял. князь літоўскі [1669—73]. З княжацкага роду Вішнявецкіх. Вучыўся ў Празе, Дрэздэне і Вене. Служыў у аўстр. арміі, палкоўнік. У 1663 на чале ўласнага атрада ўдзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. На трон абраны (19.6.1669) пасля адрачэння Яна II Казіміра Вазы, перамогшы кандыдатуры, якія падтрымлівалі Францыя і Габсбургі; за абранне М.В. галасавалі і прадстаўнікі ВКЛ. М.В. меў нязначны ўплыў унутры дзяржавы і быў вымушаны апірацца на розныя магнацкія групоўкі. У час яго панавання ўзмацніўся ўнутр. разлад у Рэчы Паспалітай, 4 з 6 сеймаў былі сарваны. У 1670 пацвердзіў Андросаўскае перамір’е 1667 з Масквой, аднак Кіеў заставаўся ў складзе Расіі. У 1670 узяў шлюб з Элеанорай Марыяй, сястрой аўстр. імператара Леапольда I. Супраць М.В. выступала прафранцузская партыя (т.зв. малькатэнты — незадаволеныя) на чале з вял. каронным гетманам Я.Сабескім і прымасам М.Пражмоўскім. У 1672 утварыліся Голамбская канфедэрацыя шляхты ў абарону караля і Шчабжэшынская супраць яго, аднак унутр. вайна ў дзяржаве была прадухілена нападам на Рэч Паспалітую Турцыі. М.В. памёр у Львове ў час падрыхтоўкі паходу на туркаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял. памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-й пал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й пал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.
А.А.Трусаў.
Да арт.Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.Да арт.Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Сяргей Фёдаравіч) (28.6.1860, г. Чарнігаў, Украіна — 10.1.1933),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР у 1920—31. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), з 1899 праф. гэтага ун-та. Старшыня Археагр. камісіі (1918—29), камісіі па выданні твораў А.С.Пушкіна, дырэктар Пушкінскага дома Ін-та рус. л-ры АНСССР (1925—29) і Б-кі АНСССР (1925—28). Даследаваў падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. ў Расіі, эпоху Пятра I, каланізацыю рас. Поўначы і інш. У гал. працы «Нарысы па гісторыі смуты ў Маскоўскай дзяржаве, XVI—XVII стст.: Спроба вывучэння грамадскага ладу і саслоўных адносін у Смутны час» (1899, перавыд. 1995) разглядаў спробы дасягнуць раўнапраўнай уніі Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, ход вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У 1930 арыштаваны, абвінавачаны ў антысав. дзейнасці і сасланы (1931) на 5 гадоў у Самару, дзе і памёр.
Тв.:
Учебник русской истории. М., 1992;
Русская история. М., 1995;
Полный курс лекций по русской истории. СПб., 1998.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 3. М., 1963;
Рахматуллин М.А. Дело по обвинению академика С.Ф.Платонава // Отечественная история. 1994. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
дзяржаўнае прадпрыемства, перададзенае ў арэнду на аснове арэнднага дагавору паміж дзяржаўнымі органамі і арганізацыяй арандатараў, якая фарміруецца паводле рашэння працоўнага калектыву. Арганізацыя арандатараў з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходу, што збліжае работніка са сродкамі вытворчасці, павышае зацікаўленасць у росце эфектыўнасці прадпрыемства. Важным стымулам з’яўляецца таксама стварэнне на арэндным прадпрыемстве ўласнасці, якая належыць работнікам прадпрыемства на долевай аснове. Арэнда прадпрыемства выгадная і дзяржаве: павялічваюцца яе даходы ў выглядзе арэнднай платы, пашыраецца выпуск прадукцыі, умацоўваецца эканоміка. Арэнднае прадпрыемства з’яўляецца правапераемнікам маёмасных правоў і абавязкаў дзяржаўнага прадпрыемства: пэўны час яно павінна захоўваць вытворчы профіль, выконваць дзяржаўны заказ, заказы на рэалізацыю прадукцыі і інш. У астатнім арэнднаму прадпрыемству даецца самастойнасць: у адпаведнасці са сваім статутам самому выбіраць спосаб кіравання, размяркоўваць (пасля выплаты абавязковых плацяжоў) прыбытак, вызначаць формы і сістэмы аплаты працы, распарадак рабочага дня, парадак прадастаўлення выхадных дзён і адпачынкаў. На пачатку 1995 у розных галінах эканомікі Беларусі каля 3 тысяч арэндных прадпрыемстваў, на якіх працавала 378 тысяч чалавек. У аўтамабільным і рачным транспарце арэндныя прадпрыемствы давалі амаль палавіну, у будаўніцтве і бытавым абслугоўванні — каля 40% прадукцыі. У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд арэндныя прадпрыемствы ствараюць умовы для прыватызацыі пераўтварэннем іх у прадпрыемствы калектыўнай ці прыватнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ НАВУ́КА,
сістэма ведаў пра законы і заканамернасці, спосабы падрыхтоўкі і вядзення ваен. Дзеянняў. Даследуе характар і заканамернасці ўзбр. барацьбы, абагульняе яе вопыт, вывучае законы вайны, працэсы яе падрыхтоўкі і вядзення, распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па будаўніцтве і падрыхтоўцы ўзбр. сіл; вызначае шляхі развіцця новых сродкаў барацьбы, найб. эфектыўныя формы і спосабы вядзення ваен. дзеянняў і прынцыпы ваен. майстэрства. Асн. часткі ваеннай навукі: тэорыя ваеннага майстэрства, тэорыя ваеннага будаўніцтва, тэорыя ваен. навучання і выхавання, тэорыя ваен. эканомікі, а таксама ваенная геаграфія, ваенная гісторыя і ваенна-тэхн. навукі. На развіццё ваеннай навукі ўплываюць дасягненні грамадскіх, прыродазнаўчых, тэхн. і інш.навук. Сумесна з інш. навукамі вывучае таксама праблемы грамадз. абароны. У кожнай дзяржаве ваенная навука мае пэўныя асаблівасці, абумоўленыя грамадска-паліт. ладам, станам эканомікі, геагр. размяшчэннем і нац. асаблівасцямі. Ваенная навука зарадзілася ў часы рабаўладальніцкага ладу. Яе станаўленне адносіцца да канца 18 — пач. 19 ст., калі ў некаторых краінах Зах. Еўропы сталі стварацца значныя па колькасці пастаянныя арміі. Вынікі ваеннай навукі ў Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ваеннай дактрыны, абагульненні гіст. вопыту вядзення вайны і аналізе практычнай дзейнасці войск у мірны час, а таксама на прадбачанне магчымай узбр. барацьбы, формаў і спосабаў яе вядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,
царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус.дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУАЛІ́ЗМ,
светапогляд і лад жыцця, у аснове якога ляжыць прызнанне самакаштоўнасці індывіда, яго правоў і свабод, вызначэнне асабістых інтарэсаў і актыўнай дзейнасці па іх рэалізацыі.
У стараж.-грэч. філасофіі сафісты (Пратагор) абвясцілі чалавека мерай усіх рэчаў, а Платон гэтую ролю адводзіў полісу, дзяржаве. У багаслоўскіх канцэпцыях дамінуючым пачаткам выступае бажаство, а чалавечы індывід — яго бледнай копіяй. У канцэпцыях Адраджэння і Новага часу І. становіцца сінонімам разняволення асобы ад феад. пут, сцвярджэння роўнасці, свабоды і годнасці людзей. Асновы навук.-тэарэт. аргументацыі І. закладзены асветнікамі (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, П.Гольбах, Д.Дзідро, К.Гельвецый, Ж.Ж.Русо і інш), якія даказвалі, што свабода прыватнай уласнасці, ініцыятывы, думкі і дзейнасці чалавека адпавядае яго прыродзе і неад’емным правам. З узнікненнем тэхнагеннай цывілізацыі, бюракратыі ў жыцці зах. грамадстваў узмацняліся антыіндывідуалістычныя тэндэнцыі, маніпуляцыя людзьмі з боку сац. ін-таў, дамінаванне арг-цый над асобай. сацыялізацыі над індывідуалізацыяй. Марксісцкае вучэнне надае прымат грамадству, калектыву над індывідам, І. з’яўляецца крыніцай фарміравання аўтаномнай, ініцыятыўнай асобы. Такая лінія развіцця і паводзін індывіда не процістаіць, а цесна ўзаемадзейнічае з разумнымі формамі калект. дзеянняў, элементамі грамадзянскай супольнасці.
Літ.:
Индивидуализм и солидарность в трактовке западногерманских социал-демократов. М., 1991;
Рэнд А Концепция эгоизма: Пер. с англ. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус.дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц.бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.
Да арт.Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́СТ (ад стараж.-рус. погостити — пабываць у гасцях),
пашыраны ў стараж.-рус., рас. і бел. крыніцах тэрмін, які на працягу 10—20 ст. меў рознае значэнне. Першапачаткова П. называлі сельскія абшчыны на перыферыі Кіеўскай Русі, а таксама цэнтры гэтых абшчын, дзе часова спыняліся князі з дружынамі і вялася «гасцьба» (гандаль). Першае ўпамінанне адносіцца да 947, калі кн.Вольга «устави погосты» ў Наўгародскай зямлі. Паступова П. сталі называць адм.-тэр. адзінкі, якія складаліся з некалькіх паселішчаў, а таксама цэнтр. паселішча гэтай акругі. На чале П. ставілі спец. службовых асоб, што адказвалі за рэгулярны збор даніны. З пашырэннем на Русі хрысціянства ў П. будавалі цэрквы, пры якіх знаходзіліся могілкі. У Рас.дзяржаве падзел на 11. даўжэй за ўсё (да 1775) захоўваўся на ПнЗ краіны. У 15—16 ст. у цэнтр. паветах Расіі П. называлі невял. паселішчы з царквой і могілкамі На Беларусі П. у гэтым значэнні існавалі да пач. 16 ст., потым ператварыліся ў вёскі і мястэчкі, многія з якіх захавалі ў назвах слова «П.» (напр., вёскі Пагост ў Аршанскім, Бярэзінскім, Вілейскім і інш. раёнах, Пагост-Загародскі Пінскага р-на і інш.). У 19—20 ст. слова «П.» ужывалася ў значэнні сельскага прыхода, участка шляху і асабліва часта могілак.