АСФІ́КСІЯ (грэч. asphyxia літар. адсутнасць пульсу),
паталагічны стан, што ўзнікае ў арганізме ад рэзкага недахопу кіслароду і лішку вуглекіслаты. Асфіксія механічная ўзнікае ад спынення доступу паветра ў лёгкія, асфіксія таксічная — ад дзеяння розных хім. рэчываў. Пры асфіксіі ўзнікаюць задышка і галавакружэнне, пачашчаецца пульс, павышаецца крывяны ціск, зацямняецца свядомасць, трацяцца адчувальнасць і рэфлексы, спыняюцца дыханне і сардэчная дзейнасць. Неадкладныя меры: штучнае дыханне, лякарствы, якія ўзбуджаюць дыхальны і сасудзісты цэнтры.
т. 2, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРАФІ́Я (ад грэч. atrophia завяданне),
памяншэнне памераў органа ці тканкі, якое суправаджаецца паніжэннем або спыненнем іх функцыі. Адрозніваюць атрафію фізіялагічную (узроставая інвалюцыя вілачкавай залозы ў юнацтве, палавых залоз, касцей, мышцаў, скуры, унутраных органаў у старасці) і атрафію паталагічную, што бывае пры хваробах.
Атрафія ўзнікае ад памяншэння прытоку крыві да тканкі ці органа, пашкоджання нерваў пры траўмах ці запаленнях, ад працяглага бяздзеяння тканкі, парушэння дзейнасці залоз унутранай сакрэцыі, дзеяння мех. фактараў.
т. 2, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ІЛЬДО́Ў,
рух ільдоў у вадаёмах пад уздзеяннем вятроў і цячэнняў. Ад дзеяння сілы вярчэння Зямлі адбываецца адхіленне лёду ад напрамку ветру ў сярэднім на 30° управа ў арктычных і ўлева ў антарктычных шыротах. Скорасць ветравога Д.і. у 50 разоў меншая за скорасць ветру. На характар Д.і. уплываюць берагі, астравы, водмелі. Больш павольна, чым ледзяныя палі, дрэйфуюць айсбергі. Магутныя халодныя цячэнні (Лабрадорскае, Перуанскае) выносяць палярныя льды ва ўмераныя, радзей субтрапічныя шыроты.
т. 6, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФАСГЕ́Н, трыхлорметылхлоркарбанат,
эфір хлорвугальнай к-ты, CCl3OC(O)Cl. Бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, мае пах прэлага сена, tкіп 128 °C, шчыльн. 1664 кг/м³ (20 °C). Узаемадзейнічае з воднымі растворамі шчолачаў, аміяку, амінаў (гэтыя рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі Д.). Аказвае раздражняльнае і моцнае ўдушлівае дзеянне: смяротная канцэнтрацыя 1 мг/л пры экспазіцыі 5 мін, скрыты перыяд дзеяння 6—8 гадз. У 1-ю сусв. вайну выкарыстоўваўся як атрутнае рэчыва.
т. 6, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ МАНО́МЕТР, дыфманометр,
прылада для вымярэння рознасці (перападу) ціску вадкіх і газападобных рэчываў, узроўню вадкасці, а таксама расходу вадкасці, пары, газу па перападзе ціску. Бываюць прамапаказвальныя, самапішучыя і бясшкальныя (з эл. або пнеўматычнай перадачай паказанняў); паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць вадкасныя (вымераны ціск ураўнаважваецца слупком вадкасці) і мех. (ціск ураўнаважваецца сіламі пругкасці мембраны, спружыны, сільфона). Асн. тэхн. характарыстыкі: перапад ціскаў і найб. статычны ціск, на які разлічана прылада. Гл. таксама Расхадамер.
т. 6, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЫ́Н, ізапрапілавы эфір метыл фторфасфонавай кіслаты,
атрутнае рэчыва нервова-паралітычнага дзеяння. Вельмі таксічны. Асабліва хутка выклікае пашкоджанне арганізма пры інгаляцыі (міёз, цяжкасць дыхання). Лятальная таксічная доза (умоўна) 0,1 мг мін/л.
Вадкасць без колеру і паху, tкіп 151,5 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1094 кг/м³ (20 °C). Змешваецца ва ўсіх адносінах з вадой і арган. растваральнікамі. Гідралізуецца воднымі растворамі шчолачаў, аміяку і амінаў (рэакцыі выкарыстоўваюць для дэгазацыі З.).
т. 6, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛЬВА́ТЭРНАЯ КАЛО́НА,
строй караблёў (суднаў), пры якім яны ідуць адзін за адным у адной лініі на ўстаноўленай паміж імі адлегласці. Выкарыстоўваецца пры плаванні па фарватэрах, праз мінныя загароды і інш. Трансп. судны ў гады 1-й і 2-й сусв. войнаў звычайна станавіліся ў некалькі паралельных К.к. У эпоху паруснага флоту К.к. была асн. баявым парадкам злучэння караблёў і наз. лініяй баталіі, а тактыка іх дзеяння — лінейнай тактыкай.
т. 8, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НЦА ПРА́ВІЛА, Ленца закон,
асноўнае правіла (закон), якое вызначае напрамак індукцыйнага току. Устаноўлена Э.Х.Ленцам у 1834 як удакладненне закону электрамагнітнай індукцыі.
Паводле Л.п. індукцыйны ток, які ўзнікае ў замкнёным контуры пры змене знешняга магн. патоку, мае такі напрамак, што створаны ім магн. паток праз плошчу, абмежаваную контурам, імкнецца кампенсаваць тую змену знешняга магн. патоку, якая выклікае індукцыйны ток. Л.п. з’яўляецца вынікам дзеяння закону захавання энергіі ў эл.-магн. з’явах.
т. 9, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГНІ́ЧАНАСЦЬ АСТА́ТКАВАЯ,
намагнічанасць, што астаецца ў фера- ці ферымагнітных матэрыялаў пасля спынення дзеяння магн. поля. Залежыць ад магн. уласцівасцей матэрыялу і ад характару папярэдніх уздзеянняў на яго магн. поле. Найб. Н.а. ў высокакаэрцытыўных матэрыялаў (гл. Намагнічванне, Гістэрэзіс). Значэнне Н.а. канкрэтных узораў залежыць ад іх формы. Паменшыць Н.а. ці пазбавіцца ад яе можна награваннем матэрыялу, мех. уздзеяннем на яго ці дзеяннем магн. поля. Мае шырокае практычнае выкарыстанне (гл. Магніт, Палеамагнетызм).
т. 11, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́НКА ПАСТАЯ́ННАЯ, квант дзеяння,
адна з фундаментальных фізічных пастаянных, якая ўваходзіць у законы квантавай фізікі. Уведзена М.Планкам (1900) пры выяўленні квантаванасці энергіі выпрамянення і ўстанаўленні закону размеркавання энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела (гл. Планка закон выпрамянення). Найб. дакладнае значэнне П.п. атрымана на аснове Джозефсана эфекту. h = 6,626176(36)∙10−34 Дж∙с. У тэарэт. разліках найчасцей выкарыстоўваецца прыведзеная П.п. h = h/2π = 1,0545887(57)∙10−37 Дж∙с.
т. 12, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)