ДЭМАГРА́ФІЯ (ад грэч. dēmos народ + ...графія),

навука аб народанасельніцтве і заканамернасцях яго развіцця. Па матэрыялах статыстыкі вывучае: рух і развіццё насельніцтва (нараджальнасць, смяротнасць, прырост, міграцыйныя працэсы, прагноз яго колькасці, складу, размеркавання, шлюбнасць, сям’ю, дзярж. і грамадскія ступені ўплыву на дэмаграфічныя працэсы); насельніцтва і эканам. развіццё (суадносіны эканам. і дэмаграфічнага росту, праблемы і крытэрыі занятасці, дэмаграфічныя праблемы выкарыстання прац. рэсурсаў, іх прафес. і кваліфікацыйны склад, эканам. ўмовы развіцця і ўзнаўлення насельніцтва); насельніцтва і прыродныя рэсурсы і інш. Падзяляецца на дэскрыптную (апісвае насельніцтва на аснове стат. звестак), эканамічную і сацыяльную (даследуе сувязі паміж дэмаграфічнымі, эканам. і сац. працэсамі), гістарычную (гісторыя развіцця народанасельніцтва), матэматычную (апісвае дэмаграфічныя працэсы і структуры з дапамогай матэм. мовы), патэнцыяльную (агульную колькасць чалавека-гадоў, якія належыць пражыць людзям, што ўваходзяць у пэўную сукупнасць), вайсковую (вайсковы патэнцыял краіны ў сувязі з эканам. і тэхн. патэнцыялам, яго выкарыстанне ў мірны і ваен. час) і інш. Цесна звязана з этнаграфіяй, экалогіяй, біяметрыяй, генетыкай народанасельніцтва і інш. Праз метады стат., матэм. і ўласна дэмаграфічныя Д. распрацоўвае тэорыю ўзнаўлення насельніцтва, дэмаграфічныя прагнозы, абгрунтоўвае дэмаграфічную палітыку. Найб. поўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца перапіс насельніцтва.

Пачынальнікам навукі Д. лічыцца Дж.​Граўнт (1620—74). Вялікі ўклад у развіццё Д. зрабілі англ. (У.​Пеці, Т.​Р.​Мальтус, Г.​Спенсер), ням. (І.​П.​Зюсмільх, В.​Лексіс, Г.​Ф.​Кнап, Р.​Р.​Кучынскі), франц. (А.​Дэпарсьё, Ж.​Бертыльён), амер. (Р.​Пірл, А.​Дж.​Лотка), галанд. (В.​Керсебом), швед. (П.​В.​Варгенцін), бельг. (А.​Кетле), рас. (Д.​Бернулі, М.​В.​Ламаносаў, Л.​Эйлер, І.​Ф.​Герман, К.​Ф.​Герман, В.​І.​Грабеншчыкоў, В.​Я.​Бунякоўскі, Г.​В.​Пляханаў, М.​В.​Птуха, С.​А.​Навасельскі) вучоныя.

На Беларусі дэмаграфічныя даследаванні пачаліся ў 1880-я г. (праводзілі медыкі-гігіеністы Л.​І.​Галынец, А.​А.​Бекарэвіч, В.​В.​Кошалеў, С.​М.​Урванцоў). У савецкі час аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923 і 1926, натуральны рух насельніцтва, асаблівасці яго ўзнаўлення, пытанні сям’і і шлюбу і інш. (С.​Слупскі, Д.​М.​Паслаўскі, С.​Я.​Вальфсон, Б.​Я.​Смулевіч). У 1960—70-я г. гал. цэнтрам вывучэння дэмаграфічных пытанняў стаў НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. Дэмаграфічнымі пытаннямі займаюцца Камітэты па народанасельніцтве і міграцыі; міграцыйная служба, НДІ і аддзелы дэмаграфіі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу, Мін-ве працы, Нац. АН. Праблемы Д. даследуюць А.А.Ракаў, С.А.Польскі, Л.П.Шахоцька, Л.​І.​Спіжанкоў, Б.​А.​Манак, М.​Р.​Юркевіч, А.​Н.​Пешкава, Г.​Ц.​Максімаў, І.​В.​Насонава і інш.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

паменшаныя абагульненыя адлюстраванні зямной паверхні на плоскасці, якія паказваюць размяшчэнне, стан і сувязі розных прыродных і грамадскіх з’яў, іх змены ў часе, развіцці і перамяшчэнні. Складаюцца з геагр. элементаў, абумоўленых тэмай і прызначэннем карты. На свабодных месцах геаграфічных картаў размяшчаюць графікі і тэксты, што дапамагаюць пры выкарыстанні (умоўныя знакі, легенда), графікі для вымярэння адлегласцей і інш. Ад інш. адлюстраванняў зямной паверхні (аэраздымкаў, малюнкаў і інш.) адрозніваюцца матэм. законам пабудовы карты (картаграфічныя праекцыі), спосабам графічнага адлюстравання рэчаіснасці (умоўныя знакі) і генералізацыяй картаграфічнай. Выдаюцца як самаст. творы, разам з манаграфічнай л-рай аб прыродзе, часам складаюць серыю — атласы геаграфічныя. Класіфікуюцца паводле зместу, маштабу, тэр. ахопу, прызначэння.

Паводле зместу адрозніваюць агульнагеагр. і тэматычныя карты. Агульнагеаграфічныя карты адлюстроўваюць рэльеф, гідраграфію, расліннасць, населеныя пункты, шляхі зносін, дзяржавы і адм. граніцы. У гэты раздзел уваходзяць і тапаграфічныя карты. Тэматычныя карты паказваюць на фоне асн контураў зямной паверхі дадатковыя элементы і з’явы, што часта не маюць на зямной паверхні бачных контураў (ападкі, працягласць вегетац. перыяду, нахілы рэк і інш.), унутр. асаблівасці (салёнасць вод). Яны падзяляюцца на карты прыроды — агульныя фіз.-геагр., геал., геафіз., метэаралагічныя, кліматычныя, глебавыя, рэльефу (геамарфалагічныя, гіпсаметрычныя, батыметрычныя, марфаметрычныя), расліннасці, жывёльнага свету, гідралагічныя, ландшафтнага і прыроднага раянавання і інш. (гл. карты да арт. Геабатанічнае раянаванне, Геахімічнае раянаванне, Геамарфалагічнае раянаванне), карты сацыяльна-эканамічныя адлюстроўваюць грамадскія з’явы (насельніцтва, адукацыю, ахову здароўя і інш.), эканамічныя карты — становішча і развіццё гаспадаркі (прам-сці. сельскай і лясной гаспадаркі, транспарту, прыродных рэсурсаў і інш.). Паводле тэмы геаграфічныя карты падзяляюцца на галіновыя, або прыватныя (асобных галін прам-сці, т-ры, с.-г. і інш.), агульныя (агульнакліматычныя і інш.) і комплексныя; залежна ад ступені абагульнення — на аналітычныя і сінтэтычныя (сінаптычныя карты і інш.). Геаграфічныя карты бываюць буйнамаштабныя, або тапаграфічныя (1:10 000, 1:25 000, 1:50 000, 1:100 000 і 1:200 000), сярэднемаштабныя, або аглядна-тапаграфічныя (1:300 000, 1:500 000, 1:1 000 000), дробнамаштабныя, або аглядныя (драбней за 1:1 000 000). Паводле тэр. ахопу падзяляюцца на сусветныя, мацерыкоў, а таксама акіянаў, дзяржаў, абласцей і раёнаў; паводле прызначэння — на навук., даведачныя, турысцкія, дарожныя, навігацыйныя і інш.

Геаграфічныя карты ствараюцца з дапамогай здымкі (тапаграфічнай, аэрафотатапаграфічнай, касмічнай, спецыяльнай) або камеральным шляхам у выніку апрацоўкі разнастайных крыніц. Выкарыстоўваюцца як даведнікі на мясцовасці, дапаможнікі навучання, пры вырашэнні нар.-гасп., вайсковых і навук. задач. На Беларусі геаграфічныя карты складаюць і друкуюць на Мінскай картаграфічнай ф-цы, у картографа-геадэзічным аб’яднанні Белгеадэзія і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),

арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял. сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс. чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв. сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел. рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.

А.​Л.​Бабіцкі.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,

рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.​Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦКсак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.​Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.​Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач. жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.​Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.

Літ.:

Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;

Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;

Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.

А.​П.​Салькоў.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ,

сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне здароўя кожнага грамадзяніна і насельніцтва ў цэлым. Арыентуецца на забеспячэнне належнага стану асяроддзя, у якім жыве чалавек, стварэнне спрыяльных умоў працы, быту і адпачынку для яго актыўнага даўгалецця, своечасовае аказанне паўнацэннай мед. дапамогі хворым, папярэджанне ўзнікнення і пашырэння хвароб сярод насельніцтва. Аб’ядноўвае меры заканад., паліт., сац.-эканам., культ.-асветнага, навук., мед., сан.-гігіенічнага, прафілакт.-нарматыўнага, кадравага і інш. характару. Робіць уплыў на сац. і эканам. дабрабыт насельніцтва, на вынікі вытв. дзейнасці, дэмаграфічную сітуацыю і якасць народанасельніцтва. Узровень развіцця аховы здароўя залежыць ад сац.-эканам. працэсаў у грамадстве, яго дзярж. будовы і палітыкі.

Сістэма аховы здароўя ў эканам. развітых краінах уключае 3 асн. блокі: дзярж. мед. забеспячэнне, кантроль і дапамога; грамадскія формы забеспячэння аховы здароўя; мед. страхаванне. Адпаведна фарміруюцца і крыніцы фінансавання аховы здароўя: з дзярж. бюджэту, адлічэнняў ад даходаў прадпрымальнікаў, страхавых узносаў насельніцтва, дабрачынных ахвяраванняў. Арганізацыйную структуру аховы здароўя складаюць службы: кіравання, падрыхтоўкі кадраў (гл. Медыцынская адукацыя) і навук. забеспячэння (гл. Медыцына), аказання лячэбна-прафілакт. дапамогі насельніцтву, сан.-эпідэміял. абслугоўвання, фармацэўтычнай вытв-сці і забеспячэння насельніцтва лек. прэпаратамі, прафілакт. і дапаможнымі вырабамі мед. прызначэння (гл. Аптэка), буд-ва і аснашчэння мед. устаноў матэрыяламі, абсталяваннем, тэхн. сродкамі і інш.

На Беларусі заканад. базу аховы здароўя складаюць палажэнні Канстытуцыі і законы (гл. Заканадаўства аб ахове здароўя). Асн. прынцыпы дзярж. палітыкі ў дачыненні да аховы здароўя: даступнасць кваліфікаванай мед. дапамогі і фармацэўтычнага забеспячэння насельніцтва; прафілактычная накіраванасць; прыярытэтнае і льготнае мед. абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей, маці інвалідаў, сац. маламаёмных грамадзян; падкантрольнасць дзейнасці ўсіх мед. работнікаў і ўстаноў органам аховы здароўя; адказнасць, эканам. зацікаўленасць і роўныя магчымасці ў забеспячэнні належнага стану здароўя грамадзян; удзел грамадскасці і кожнага грамадзяніна ў ахове здароўя. Да функцый аховы здароўя адносяцца таксама: аказанне хуткай медыцынскай дапамогі і неадкладнай медыцынскай дапамогі, мед.-сан. абслугоўванне і рэабілітацыя сацыяльна небяспечных хворых, донарства і трансплантацыя органаў і тканак, санітарна-курортнае лячэнне санаторна-курортнае лячэнне, мед. экспертыза, кансультаванне і інш. На пач. 1994 на Беларусі 5,8 тыс. амбулаторна-паліклінічных устаноў, больш за 200 станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, каля 840 бальнічных устаноў, больш за 230 зубапратэзных майстэрняў, 4 мед. ін-ты, 18 мед. вучылішчаў, ін-т удасканалення ўрачоў, ін-т павышэння кваліфікацыі фармацэўтычных і мед. работнікаў сярэдняга звяна, каля 150 цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, 1200 аптэк, 60 санаторыяў, больш за 40 тыс. урачоў і каля 110 тыс. мед. работнікаў сярэдняга звяна. Асобны кірунак у ахове здароўя — Ахова здароўя дзяцей і падлеткаў.

Э.​А.​Вальчук.

Да арт. Ахова здароўя. Санаторый «Радон» (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобл.).
Да арт. Ахова здароўя. У лячэбных установах г. Мінска.

т. 2, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТРЫНІТА́РЫІ (ад анты... + лац. trinitas тройца),

прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.

Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.​Бляндрата, П.​Альтыяці, В.​Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.​Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.​Бекеш, С.​Лован, Ф.​Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.​Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.​Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;

Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;

Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. T. 24.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ГРАБ (Zagreb),

горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар. гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.

Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл. Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.

Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.​Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.​Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.

Літ.:

Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;

Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Заграб.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПАЛЕО́Н I,

Напалеон Банапарт (Napoléon Bonaparte; 15.8.1769, Аяча, в-аў Корсіка, Францыя — 5.5.1821), французскі дзярж. дзеяч і палкаводзец, першы консул Франц. Рэспублікі [1799—1804] імператар французаў [1804—14, 1815]. Скончыў Брыенскае ваен. вучылішча (1784), вучыўся ў Парыжскай ваен. школе (1784—85). З 1785 у арміі, афіцэр артылерыі. Падтрымаў Французскую рэвалюцыю 1789—99. За ўмела арганізаванае ўзяцце (снеж. 1793) захопленага мяцежнікамі і англічанамі г. Тулон атрымаў чын брыгаднага генерала. Па даручэнні Канвента 5.10.1795 задушыў раялісцкі мяцеж у Парыжы, за што прызначаны галоўнакамандуючым Унутр. арміяй. З сак. 1796 галоўнакамандуючы «Італьян. арміяй». Італьянскі паход Банапарта 1796—97 прынёс яму славу лепшага палкаводца Рэспублікі і таленавітага дыпламата. У 1798—99 узначальваў Егіпецкую экспедыцыю 1798—1801. 9—10.11.1799 здзейсніў дзярж. пераварот, які ўсталяваў у Францыі рэжым консульства. У 1802 абвешчаны пажыццёвым консулам, у 1804 — імператарам. З мэтай умацавання новай бурж. манархіі Н.I стварыў імперскае дваранства і пышны імператарскі двор. Ва ўнутр. палітыцы кіраваўся інтарэсамі буржуазіі і заможнага сялянства. У 1804, 1808 і 1810 пры ўдзеле Н.I распрацаваны і выдадзены Грамадз., Камерцыйны і Крымін. кодэксы — т.зв. «Кодэксы Напалеона», што рэгулявалі грамадскія адносіны, ахоўвалі непарушнасць прыватнай маёмасці, стваралі ўмовы для развіцця свабоднай канкурэнцыі і прам-сці. У ходзе напалеонаўскіх войнаў значна пашырыў сваю імперыю. Але не здолеў перамагчы свайго гал. праціўніка — Вялікабрытанію, з якой Францыя знаходзілася ў стане вайны з 1793 (за выключэннем 1802—03). Спробы Н.I ізаляваць Вялікабрытанію шляхам кантынентальнай блакады не мелі поспеху. 24.6.1812 Н.І пачаў вайну супраць Рас. імперыі (гл. Вайна 1812). У шэрагу аперацый на тэр. Беларусі (гл., напр., Бярэзінская аперацыя 1812) асабіста кіраваў войскамі і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Каб заручыцца падтрымкай магнатаў і шляхты Літвы і Беларусі і для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі, зацвердзіў Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага. Ухіліўся ад пацвярджэння акта Генеральнай канфедэрацыі 1812 аб аднаўленні Польскага каралеўства як унітарнай дзяржавы, хоць не пагадзіўся і на стварэнне асобнай Літ. канфедэрацыі. У выніку вайны 1812 яго «Вялікая армія» была разгромлена, што выклікала ўздым антыфранц. руху ў залежных ад Н.I краінах. Пасля паражэнняў у кампаніі 1813—14 і заняцця ў сак. 1814 войскамі антыфранц. кааліцыі Парыжа адрокся ад трона (6.4.1814). Саюзнікі-пераможцы захавалі за Н.I тытул імператара і аддалі яму ва ўладанне в-аў Эльбу. Выкарыстаўшы незадаволенасць французаў рэстаўрацыяй улады Бурбонаў, Н.І высадзіўся 1.3.1815 на Пд Францыі і да 20.3.1815 аднавіў сваю ўладу (гл. «Сто дзён»). Пасля паражэння пры Ватэрлоо 18.6.1815 зноў адрокся ал трона (22.6.1815). Арыштаваны англічанамі, сасланы на в-аў Св. Алены, дзе і памёр.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Тарле Е.В. Наполеон. Мн., 1992;

Яго ж. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992;

Людвиг Э. Наполеон: Пер. с нем. М., 1998.

П.​А.​Тупік.

Напалеон I.

т. 11, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДНЁНЫЯ ГАРАДЫ́,

гарады-пабрацімы, гарады розных краін, якія маюць пагадненні аб пабрацімстве і супрацоўніцтве ў эканам., культ., гуманітарнай сферах, праводзяць сярод насельніцтва дзейнасць па ўмацаванні даверу, узаемаразумення, па абмене вопытам гар. самакіравання, камунальнага гаспадарання і інш. Пачатак руху П.г. пакладзены ў гады 2-й сусв. вайны: у 1942 два гарады, якія асабліва пацярпелі ад яе наступстваў, — Ковентры (Вялікабрытанія) і Сталінград (СССР) — прынялі рашэнне ўстанавіць дружалюбныя адносіны з мэтай развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту сваіх грамадзян. У канцы 1950-х г. рух параднення гарадоў атрымаў міжнар. прызнанне і афіц. статус. У крас. 1957 у франц. г. Экс-ле-Бен на ўстаноўчым кангрэсе заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў (СФПГ). У адпаведнасці са Статутам Федэрацыі асн. мэта руху — развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і паліт. сістэмы. Вышэйшы орган СФПГ — Ген. асамблея, раз у 3 гады склікаюцца кангрэсы, бягучую работу каардынуе Выканаўчы савет. У складзе СФПГ дзейнічаюць спецыялізаваныя грамадскія арг-цыі: Сусветны сакратарыят моладзі гарадоў-пабрацімаў, «Добраахвотнікі супрацоўніцтва» і інш. Па ініцыятыве СФПГ з 1963 апошняя нядзеля красавіка адзначаецца як Сусв. дзень П.г. З 1967 калект. членам СФПГ стала Асацыяцыя па сувязях сав. і замежных гарадоў, створаная ў СССР у 1964. Пры садзейнічанні Асацыяцыі 289 гарадоў б. СССР сталі пабрацімамі 530 гарадоў у 71 краіне свету. У пач. 1990-х г., калі былыя сав. рэспублікі сталі незалежнымі дзяржавамі, Асацыяцыя П.г. СССР набыла новы статус і перайменавана ў Міжнар. асацыяцыю «Параднёныя гарады». У Рэспубліцы Беларусь парадненне гарадоў пачалося ў 1950-я г. У 2000 31 бел. горад падтрымліваў сувязі са 119 гарадамі 24 краін свету, у т. л. 16 маюць пабрацімаў у ФРГ, 8 — у Польшчы, 8 — у Францыі, 18 — у Балгарыі. 35 бел. гарадоў устанавілі пабрацімскія сувязі з рас. гарадамі (сак. 2000). У 1990-я г. найб. эфектыўныя сувязі мелі: Мінск з Нотынгемам (Вялікабрытанія, з 1957), Бангалорам і Сендаем (Індыя, Японія, з 1973), Ліёнам і Луандай (Францыя, Ангола, з 1976); Жодзіна з Венісьё (Францыя, з 1967); Магілёў з Віёрбанам (Францыя, з 1973); Орша з Воз-ан-Вленам (Францыя, з 1973); Салігорск з Ла-Луўерам (Бельгія, з 1975); Віцебск з Франкфуртам-на-Одэры і Зялёнай Гурай (Германія, Польшча, з 1969); Гомель з Клермон-Феранам (Францыя, з 1976) і Абердзінам (Вялікабрытанія, з 1990); Гродна з Беластокам (Польшча, з 1960) і Ліможам (Францыя, з 1976); Баранавічы з Хейнала (Фінляндыя, з 1977); Полацк з Фрыдрыхсгафенам (Германія, з 1994) і інш. Для каардынацыі работы ў 1993 створана Бел. асацыяцыя П.г.

В.​В.​Брыгадзіна, Н.​С.​Іванова.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)