падзел тэрыторыі на раёны рознай сейсмічнай актыўнасці; ацэнка і карціраванне патэнцыяльнай сейсмічнай небяспекі. Даныя С.р. выкарыстоўваюцца пры сейсмастойкім буд-ве, прагнозе землетрасенняў і вырашэнні інш. задач на сейсмічна небяспечных тэрыторыях. Засн. на базе комплекснага аналізу гіст. звестак пра землетрасенні, сучаснай сейсмічнай актыўнасці, геолага-тэктанічнай будовы тэрыторыі і геафіз. даных. На картах С.р. вылучаюць зоны розных глыбінь узнікнення магчымых ачагоў землетрасення (найб. небяспечныя землетрасенні з ачагамі на глыб. 3—50 км), з макс. магнітудамі землетрасенняў (Mmax ≥ 8,1; 8 > M ≥ 7,1; 7 > M ≥ 6,1), з інтэнсіўнасцю 9, 8, 7, 6, 5 і менш балаў. Маштабы карт ад 1:5 000 000 да 1:100 000. Праводзіцца таксама сейсмічнае мікрараянаванне для гарадоў і асобных пунктаў буд-ва. На Беларусі ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі складзена схема сейсматэктанічнага раянавання, дзе вылучаны зоны магчымых землетрасенняў інтэнсіўнасцю больш за 5 балаў (маштаб 1:1 000 000; аўтары Р.Г.Гарэцкі, А.М.Бабарыкін, В.М.Бурак і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІ́ЛАВІЦКІ ПАЛА́ЦАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-палацавай архітэктуры 2-й пал. 19 ст. ў г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны на месцы замка 17 ст. Мае рысы рамантызму і эклектыкі. Уключаў 2 палацы, шэраг гасп. пабудоў, парк пейзажнага тыпу (захаваўся фрагментарна). Цэнтр. будынак — 2-павярховы прамавугольны ў плане палац (не захаваўся) з эркерамі, атыкам, раскрапаваны пілястрамі і карнізамі, завершаны невял. бельведэрам. У палацы быў зімовы сад, багаты архіў (захаваліся дакументы ўладальнікаў маёнтка Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў), вял.б-ка. калекцыя твораў выяўл. мастацтва, сярод якіх карціна В.Ваньковіча «Адам Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828). Другі палац — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з эркерамі, завершаны 2-схільным дахам. На паркавым фасадзе 3-павярховы вежападобны аб’ём. Уваход на гал. фасадзе вылучаны 3-павярховым рызалітам з 2 фланкіруючымі гранёнымі вежачкамі, завершаны невысокімі шатрамі і шпілямі. Вежа паркавага фасада ўпрыгожана рустам, валютамі, складаным абрамленнем акна 3-га яруса, завершана атыкам, зубцамі.
Ю.А.Якімовіч.
Смілавіцкі палацавы комплекс. Фрагмент галоўнага фасада новага корпуса палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРКО́НІЙ (лац. Zirconium),
Zr, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат.н. 40, ат.м. 91,224. Прыродны Ц. — сумесь 5 стабільных нуклідаў з масавымі лікамі 90—92,94 і 96, найб. пашыраны 90Zr (51,46%). У зямной кары прыблізна 2∙10−2% па масе. Упершыню вылучаны ў 1789 ням. хімікам М.Г.Клапратам у выглядзе дыаксіду з мінералу цыркону (адсюль назва).
Бліскучы серабрыста-шэры метал. Існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Zr і кубічнай β-Zr. Шчыльн. 6510,7 кг/м³, tпл 1855 °C. Кампактны Ц. пры пакаёвай т-ры вельмі каразійнаўстойлівы, што абумоўлена ўтварэннем тонкай трывалай плёнкі цырконію дыаксіду. Устойлівы да ўздзеяння мінер.к-т і шчолачаў. Пры награванні раствараецца ў плавікавай і канцэнтравай сернай к-тах, царскай гарэлцы; узаемадзейнічае з галагенамі (утварае тэтрагалагеніды), азотам і інш. неметаламі. Атрымліваюць пры перапрацоўцы асн. мінералаў — цыркону і бадэлеіту. Выкарыстоўваюць як канстр. матэрыял у ядз. энергетыцы, кампанент сплаваў для вырабу хім. апаратаў, хірург. інструментаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНО́МІЯ (ад грэч. oikonomia загадванне гаспадаркай), сталовы маёнтак,
від дзярж. зямельнага ўладання ў ВКЛ для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Вылучаны з каралеўскіх уладанняў на падставе соймавай канстытуцыі 1589 «Ардынацыя аб каралеўскіх прыбытках Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі з 16 ст. існавалі Берасцейская эканомія, Гродзенская эканомія, Кобрынская эканомія, Магілёўская Э. (гл. ў арт.Магілёўская воласць), у 18 ст. — таксама Віцебская, Пінская і Слонімская Э.; у Літве — Аліцкая і Шавельская Э. Мелі ўласную гасп. адміністрацыю, падзяляліся на губерні, войтаўствы, ключы, лясніцтвы. Кіраваліся надворным (гаспадарскім) падскарбіем ВКЛ, які са згоды сойма мог здаваць частку Э. або яе даходы (з мыта, прапінацыі, пошты і г.д.) у заставу або пажыццёвае трыманне аселай шляхце. Для кантролю за станам Э. праводзіліся люстрацыі, у час якіх складаліся інвентары. Для павелічэння сваіх прыбыткаў каралеўскі двор імкнуўся ператвараць у Э. і інш.дзярж. ўладанні, што неаднойчы забараняў сойм. Пасля далучэння ВКЛ да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. Э. перайшлі ў царскую казну, некаторыя падараваны прыватным асобам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЕ БАРО́КА,
арх.-маст. сістэма, якая склалася ў манум. культавай архітэктуры ВКЛ у сярэдзіне 18 ст. Як самастойны стыль вылучаны і распрацаваны ў 1930-я г. ў мастацтвазнаўстве Зах. Беларусі. Арх. помнікі віленскага барока вызначаюцца вытанчанасцю прапорцый, скульпт. пластычнасцю фасадаў і інтэр’ераў, маляўнічасцю сілуэта, утворанага шмат’яруснымі ажурнымі вежамі і фігурнымі атыкавымі франтонамі. Выкарыстанне прынцыпаў віленскага барока ў архітэктуры уніяцкіх храмаў вызначыла не толькі іх пластычныя, але кампазіцыйныя асаблівасці ў выніку спалучэння раманскіх і візант.маст. уплываў, сімволікі каталіцкай і правасл. царквы, літургічных патрабаванняў. Лепшыя ўзоры віленскага барока на Беларусі: уніяцкія храмы — Полацкі Сафійскі сабор, Барунскі манастыр базыльян, Беразвецкі кляштар базыльян, Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў, Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў, касцёл базыльян у в. Вольна Баранавіцкага р-на, Спаса-Праабражэнскі сабор у Магілёве, касцёлы ў Гродне, Оршы, Слоніме і інш. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць І.К.Глаўбіца.
Т.В.Габрусь.
Да арт.Віленскае барока. Сафійскі сабор у Полацку.Да арт.Віленскае барока. Фрагмент фасада касцёла базыльян у в. Вольна Баранавіцкага раёна.Да арт.Віленскае барока. Царква кляштара базыльян у в. Беразвечча Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,
буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г.Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав. У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г.дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 у Рас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ. У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛА́ЧСКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
зона палеазойскай складкавасці ўздоўж паўд.-ўсх. ускраіны Паўночна-Амерыканскай платформы. Сфарміравалася ў выніку праяўлення таконскай (сярэдні ардовік — сілур), акадскай (ранні — сярэдні дэвон) і алеганскай (карбон — ранняя перм) фазаў складкавасці. З канца палеазою і ў мезазоі падвяргалася моцнай эрозіі, у позняй юры перакрывалася морам, на працягу мелавога перыяду і кайназойскай эры паўторна спадзіста прыўзнята. Складзена з магутных тоўшчаў вапнякоў, кварцавых пяскоў, гліністых сланцаў, граўвакаў, з вулканічных і вывергнутых парод. Большая частка Апалачскай складкавай вобласці прымеркавана да Апалачаў, другая апушчана пад прыбярэжныя раўніны і шэльф Атлантычнага ак., трэцяя выходзіць на паверхню ў гарах Уошыта на тэр. Арканзаса і Аклахомы і на невял. участках у Тэхасе (Маратон) і ў Мексіцы. З ПнУ на ПдЗ падзяляецца на 3 сегменты з рознай арагенічнай гісторыяй: Ньюфаўндленд-Квебекскі, Пенсільванска-Тэнесійскі і Уошыта-Маратонскі. У межах сегментаў вылучаны правінцыі: Апалачскае плато, правінцыя Далін і Хрыбтоў, правінцыя Блакітнага хрыбта, Підмант і інш. Амаль усе структурныя элементы Апалачскай складкавай вобласці паралельна выцягнуты па дузе, павернутай выпукласцю да цэнтра мацерыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́РКІэлементаў,
лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасці хім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах або інш.геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў або геахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.М.Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.Я.Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.І.Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.Л.Фогт і В.М.Гольдшміт, амер. Г.С.Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.П.Вінаградаў і інш. На Беларусі К. займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст. аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗАЛО́ГІЯ (ад грэч. nosos хвароба + ...логія),
навука, якая вывучае медыка-біял. асновы, этыялогію і патагенез хвароб чалавека і жывёл з мэтай іх універсальнай класіфікацыі. Вылучае назалагічныя адзінкі, або назалагічныя формы (у медыцыне іх больш за 20 тыс.), з пэўнымі прычынай (гал. крытэрый), тыповымі вонкавымі праявамі (сімптамакомплексам), спецыфічнымі структурна-функцыян. парушэннямі ў органах і тканках і механізмам развіцця (могуць выкарыстоўвацца і інш. крытэрыі). Звязана з паталогіяй, мікрабіялогіяй, цыталогіяй, біяхіміяй, генетыкай, малекулярнай біялогіяй і інш. Вызначае падыходы ў дыягностыцы, лячэнні, прафілактыцы.
Зараджэнне Н. як навукі звязана з працамі італьян. вучонага Дж.Марганьі (1-я навук. класіфікацыя хвароб, 1761) і франц. вучонага М.Біша. У 2-й пал. 19 ст., з развіццём паталаг. анатоміі і бактэрыялогіі, клінічны крытэрый групавання хвароб (сімптомы або сіндромы) дапоўнены марфалагічным і этыялагічным. У канцы 19 ст.вылучаныасн. назалагічныя формы. Уклад у развіццё Н. зрабілі К.Бернар, Р.Вірхаў, Л.Пастэр, І.П.Паўлаў, Л.Полінг, А.Дз.Спяранскі, І.В.Давыдоўскі, кан. вучоны Г.Селье і інш.
Літ.:
Царегородцев Г.И., Кротков Е.А., Боголюбов В.М. О понятии нозологической формы заболевания // Терапевтич. архив. 1976. Т. 48, № 1.